Урбаністыка

Дзе купацца ў Бабруйску гэтым летам?

Фота: 1387.io

Ну што, надвор’е ў Бабруйску ўжо зусім хутка стане гарачым! Самы час нагадаць табе, дзе ў такія дні можна бяспечна ахалодзіцца, адпачыць каля вады і дзе дазволена купацца.

А для чаго мне наогул дазвол, каб купацца, запытаешся ты? Справа ў тым, што афіцыйныя пляжы штогод праходзяць праверку санітарных службаў ды ратавальнікаў, дно ачышчаюць ад небяспечных прадметаў, аб якія можна параніцца, напрыклад. А таксама на такіх пляжах, як правіла, пазначаецца небяспечная глыбіня, а таксама ёсць ратавальныя пасты.

У Бабруйску два афіцыйныя пляжы знойдзеш на Бярэзіне: №1 “Цэнтральны”, вул. Войкава (каля санаторыя імя Леніна); №2, вул. Зара (6-ы мікрараён). Яшчэ адзін пляж размешчаны на возеры каля санаторыя “Шыннік”. А таксама прайшлі праверку некаторыя азёры ў Туголіцы (іх можна знайсці на спецыяльнай мапе).

 

А калі купанне ў адкрытых вадаёмах – не твой варыянт, звярні ўвагу на гарадскія басейны

Басейн у “ТЭХАСе” (вул. Сікорскага-11) будзе працаваць усё лета штодня, без выхадных, ад 8.00 да 22.00 (апошні сеанс а 20.45).

У ліпені будзе працаваць былы “Лясны” басейн каля санаторыя “Шыннік” (цяпер ён носіць імя Ігара Бокага). Рэжым працы: штодня, ад 8.00 да 14.00, ад 15.00 да 21.00 (апошні сеанс а 19.55). Санітарны дзень: апошні чацвер месяца. Звярні ўвагу, што пэўны час гэты басейн не будзе працаваць у жніўні, яго зачыняць на прафілактычнае абслугоўванне.

Басейн у школе № 34 (вул. Гогаля-194) будзе працаваць штодня, але па розным раскладзе: з панядзелка па пятніцу ад 11.00 да 22.00, у суботу ад 8.00 да 21.00, у нядзелю ад 9.00 да 21.00.

Басейн у школе № 35 (бульвар Прыбярэзінскі-59) таксама працуе штодня, графік наступны: з панядзелка па пятніцу ад 9.00 да 22.00, у суботу ад 9.00 да 21.00, у нядзелю ад 9.00 да 21.00. Санітарны дзень: другі панядзелак месяца.

І яшчэ адзін басейн знойдзеш у фітнес-клубе “Дняпровец” (вул. Гарэліка-33). Ён працуе штодня ад 8.00 да 21.00; апошні сеанс 20.00

Фота: 1387.io

Пераправа праз Бярэзіну

А калі будзеш шпацыраваць у раёне Лукавай гары, можна пераплыць раку на маторцы. Расклад працы пераправы: штодня, акрамя серады (гэта выходны) ад 7.00 да 19.00, перапынак ад 9.00 да 15.00. Звярні ўвагу, што ў графіку могуць быць змены, за даведкай можна звяртацца ў ратавальную станцыю № 2 па нумары 72-72-92. Кошт пераправы – 2 рублі.

Цікавае

Спецпраекты