Дзіцячыя пляцоўкі Бабруйска: як выглядаюць і ці бяспечныя? Даследаванне

Дзе ў Бабруйску бавяць час і гуляюць твае дзеці? На якія пляцоўкі ты з імі ходзіш? Ці хапае гульнявых зонаў, ці якасныя яны?

Дзіцячыя пляцоўкі Бабруйска. Калаж: 1387

Мы, каманда “1387”, разам з ютуб-каналам “Падмуркі Бабруйска” вырашылі даследаваць дзіцячыя пляцоўкі нашага гораду. Мы перакананыя: іх стан – важны паказнік якасці жыцця і ўзроўню інклюзіўнасці ў грамадстве, таго, як гарадскія ўлады клапоцяцца пра розныя групы насельніцтва.

Дзіцячыя пляцоўкі – абавязковая частка камфортнага гарадскога асяроддзя. Гэта месца для мульцісэнсарнага навучання, де дзеці пазнаюць свет і заводзяць сяброў.

Дзіцячыя пляцоўкі павінны знаходзіцца ў крокавай даступнасці, быць цікавымі для дзяцей, чыстымі і бяспечнымі.

Ці адпавядаюць бабруйскія пляцоўкі гэтым патрабаванням? У якім яны ўвогуле стане? Сучасныя ці яшчэ з савецкіх часоў? Ці хапае ў нашым горадзе ўвогуле месцаў, дзе можна пагуляць з дзіцём?

Цягам апошніх гадоў мы бачылі ўрачыстае адкрыццё гульнявых і спартыўных зонаў для дзяцей у розных раёнах горада. Ці якасныя яны? Ці падабаюцца вашым дзецям? А што можна сказаць пра матэрыялы, з якіх яны зробленыя (гэта паўсюдны пластык ці штосьці больш экалагічнае?), дызайн і колеры? Ці прыдатныя пляцоўкі для дзяцей з інваліднасцю і асаблівымі патрэбамі?

Калі тэма дзіцячых пляцовак актуальная для цябе, калі ты хочаш, каб час, праведзены на іх тваімі дзецьмі быў бяспечным, цікавым і карысным, запоўні нашую ананімную анкету. Гэта зойме ў цябе не больш за 5 хвілін і дапаможа нам зразумець, што патрэбна Бабруйску, каб стаць лепшым для ўсіх яго жыхароў.

Вынікі даследавання мы апублікуем у нашых сацсетках.