А ты бачыў(ла) інтэрактыўную мапу манументальнага мастацтва ў Беларусі?
На ёй ужо пазначаныя чатыры кропкі з Бабруйска: пано ў тэхніцы мазаіка на чыгуначным вакзале “Бярэзіна”, аўтавакзал (некалькі пано ў змешанай тэхніцы), страчанае мазаічнае пано на былой футравай фабрыцы, керамічнае пано ў лазні № 2. Пра тое, як працуе мапа, і якая яе асноўная мэта, нам расказала Кацярына Рускевіч, гістарыня мастацтваў і адна з стваральніц Monumental.by.
Што сабой уяўляе мапа манументальнага мастацтва?
- На Monumental.by збіраюць творы манументальнага мастацтва ў тэхніцы мазаіка, сграфіта, кераміка, вітраж, барэльеф, гарэльеф, энкаўстыка, роспіс, маркетры, змяшаная тэхніка, аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя.
- Таксама творы мастацтва можна шукаць паводле тэматыкі: рэвалюцыя 1917 і Другая сусветная вайна, ідэалогія і сімвалічнае, космас, спорт, рабочыя і сяляне, Ленін і рэвалюцыя, нацыянальнае / арнамент / сімвалы, гістарычная і гістарычныя персоны, прырода / жывелы, дзеці / піянеры, абстракцыя, навука, народныя казкі / міфы і легенды, лірычнае.
- Ёсць магчымасць адшукаць творы і па імёнах аўтараў, па матэрыяле, гадах стварэння.
- А яшчэ — праверыць, ці можна ўбачыць твор, бо ён можа размяшчацца на закрытай тэрыторыі.
- Чорным колерам на мапе пазначаныя ўжо страчаныя працы.
- Пад кожным аб’ектам ёсць кароткая інфармацыя: матэрыял, стыль, тэматыка, каардынаты і г.д.
— Monumental.by — спроба папулярызаваць, зафіксаваць і звярнуць увагу на важную частку мастацкай і лакальнай гісторыі, — тлумачыць Кацярына Рускевіч. — У Беларусі, у адрозненні ад іншых краін постсавецкай прасторы такой мапы не было. Звярнуць увагу на працы. Бо часам складваецца ўражанне, што раз на тыдзень знікае яшчэ адзін вітраж або роспіс. Таму сярод фота рэальных аб’ектаў мы размясцілі “тое, як гэта было раней”. Але па-добраму трэба ствараць музей ды захоўваць працы.
Яшчэ адна місія, пра якую кажа суразмоўца — вяртанне імёнаў мастакоў.
— Нам вядома, у асноўным, некалькі прозвішчаў. Аднак мастакоў — аўтараў выдатных прац, было значна больш, — заўважае Кацярына.
Да стварэння мапы валанцёры збіралі фота аб’ектаў ў фэйсбук-суполцы Belarusian Soviet Monumental ART. Cаму мапу зрабілі валанцёры з Беларусі, а Кацярына дадала туды спіс аб’ектаў, фота і тэксты.
Адзін з аб’ектаў на мапе – пано ў бабруйскай лазні № 2
— У пэўны момант, калі набралася ўжо больш за некалькі сотняў аб’ектаў, стала зразумела, што па краіне складваюцца пэўныя маршруты. Напрыклад па прыпынках, або з невялікімі дамамі культуры. Матэрыял трэба было зафіксаваць, бо са старонак фэйсбуку і акаўнтаў у Instagram не заўсёды зручна браць інфармацыю. Цяпер, дзякуючы мапе можна пракласці маршрут і выбраць аб’екты, — кажа суразмоўніца. — Як такой каманды ў нас няма, як і падтрымкі. Ёсць некалькі неабыякавых людзей, што ездзяць па краіне і фатаграфуюць. Шмат чаго нам дасылаюць хлопцы, захопленыя гісторыяй архітэктуры. Першая частка матэрыялаў была сабраная яшчэ пяць гадоў таму.
Дарэчы, стаць валанцёрам(кай) і дапамагчы развіваць такі карысны праект, можаш і ты! Стваральнікі Monumental.by будуць удзячныя фотаздымкам ды інфармацыі пра аб’екты.
—Нягледзячы на тое, што сабрана каля 1 000 аб’ектаў — складваецца ўражанне, што іх на самай справе значна больш. Некаторыя фота, як заўважна па мапе, не вельмі добрай якасці і будзе выдатна, калі нам дашлюць нармальныя фотаздымкі, — дадае Кацярына.
Таксама мы пацікавіліся ў даследніцы, чым ёй, як адной з стваральніц інтэрактыўнай мапы манументальнага мастацтва, цікавы Бабруйск?
— Па-першае тут было адзінае не абласное аддзяленне Саюза мастакоў, гэта заслуга Сямёна Абрамава. Вельмі шкада, што яго мазаіку на лякарні знішчылі. Гэта жахлівая непавага з боку адміністрацыі да мастака, які так шмат зрабіў для горада. Па-другое, у горадзе атрымалася гарманічнае манументальнае афармленне: вуліца Мінская, працы на каледжы і стадыёне і г. д.. Па-трэцяе, манументальны жывапіс Бабруйска, гэта не толькі мазаікі. У горадзе захаваліся роспісы Эдуарда Белагурава — яшчэ аднаго таленавітага мастака з Бабруйска, цудоўны шамот у паліклініцы і ў лазні, — адзначае Кацярына Рускевіч.
Хочаш пабачыць больш бабруйскіх мазаік, а таксама пачытаць вялікую гутарку з Кацярынай Рускевіч пра манументальнае мастацтва? Зазірні таксама ў наш віртуальны Музей.