«Гісторыя – важны складальнік жыцця любога бабра». Гістарычны Бабёр адказвае на пытанні

Чаму Леніна не прыбіраюць з плошчы? Ці трэба вырабляць зефір для баброў са смакам апілак? А што, калі зрабіць у горадзе бабровую кавярню? – распавядае Гістарычны Бабёр!

Вы не чакалі, а мы ўзялі і абсалютна неіранічна (амаль) паразмаўлялі з Гістарычным Бабром – персанаж з тыктока адказаў на самыя розныя пытанні пра жыццё бабра ў чалавечым свеце, гісторыю і мемы. 

чалавек у чырвонай кашулі і жэлетцы ў вобразе бабра ў лесе са статуэткай бабра

Фота 1387.io

Чаму ты вырашыў распавядаць людзям гісторыю? 

— Так атрымалася, што з самога дзяцінства мне было цікава, дзе я жыву, што мяне аточвае, і неяк так я прыйшоў да таго, што гісторыя – важны складальнік жыцця любога бабра і, напэўна, любога чалавека. 

Наколькі можна давяраць бабру ў гістарычных пытаннях, а раптам ты ўсё выдумляеш?

— Любому гісторыку, незалежна ад яго віду і паходжання, вельмі важна даследваць некалькі розных крыніц – так я і раблю. Таму, думаю, што мой навуковы падыход не моцна адрозніваецца ад таго, які выкарыстоўваюць людзі.  

Якая са скульптур бабра ў Бабруйску табе найбольш падабаецца?

— Насамрэч, я люблю іх усе. Нават самыя, як то кажуць людзі, крынжовыя. Таму што любы бабёр – гэта адпавяданне нашай існасці. І хачу заўважыць, што шмат з іх надзеленыя чалавечымі рысамі: а то мне часта кажуць, што я не сапраўдны бабер. А вось паглядзіце на бабруйскія скульптуры – яны ўсе падобныя на мяне.

Ці павінны на гербе горада быць Бабёр? 

— Нагадаю, што ў Бабруйску быў герб з бабром – невялічкі час, у 90-я. Але той бабёр быз дзіўнаваты: з хвастом у выглядзе шыны. Супраць шынаў нічога не маю, але грызці іх непрыемна, усё ж такі хімія. Таму я, Гістарычны Бабёр, б дадаў нейкага іншага бабра, які, напрыклад, грызе карабельныя мачты. Караблі ў нас ужо не робяць, хаця завод па вытворчасці з дрэва ёсць. Ці бабёр, які будуе нешта з дрэва, – вось гэта было б даволі моцна. 

чалавек у чырвонай кашулі і жэлетцы ў выяве бабра ў лесе з гербам бабруйска

Фота 1387.io

Што думаеш наконт спецыяльнай кавярні для сапраўдных баброў у Бабруйску?

— Цікавая ідэя. Я раней не задумваўся, але гэта магло б быць файнае месца, дзе бабры абменьваліся б сваімі ведамі пра тое, што яны вывучаюць, ці сваімі навінамі. Часам у нас адбываюцца такія міжсабойчыкі каля бабруйскіх рэчак (а я нагадаю, што іх у Бабруйску ажно чатыры, а не дзве). Але, канечне, у кавярні было б зручней так збірацца. Трэба яшчэ, каб гэта было бяспечнае месца, бо бабры апошнім часам становяцца ахвярамі паляўнічых. 

У свеце ёсць кавярні з капібарамі, куды людзі прыходзяць па каву і могуць насалодзіцца такой пухнатай кампаніяй. А калі б з’явіліся кавярні з бабармі, як табе?

— Я думаю, што гэта было б добра, але ёсць важная заўвага: ціскаць бабра можна толькі тады, калі ён сам захоча. А так, думаю, што такая кавярня стала б нагодай дапамагаць бабрам, бо яны могуць трохі перастарацца са сваімі плацінамі. І вось калі плаціны разбурылі і бабрам няма чым заняцца, няма што есці – ёсць кавярня. Таму гэта добры бізнэс-праект.

Якая ў цябе любімая вуліца ці месца ў Бабруйску? 

— Я люблю вялікую колькасць вуліц, таму што яны ўсе унікальныя. Але, мабыць, назаву Камсамольскую, таму што яна сабой спалучае яшчэ некалькі маіх любімых вуліц. Напрыклад, маленечкую вуліцу Першамайскую, дзе знаходзіцца трыкатажная фабрыка і дзе ёсць розныя прыкольныя камяні (і прыкольныя елкі там растуць). Ці вуліцу Чангарскую – былую Альхоўскую, то бок названую ў гонар дрэва, а дрэвы мы любім. Ці вялікую вуліцу Савецкую, па якой ездзяць тралейбусы. Ці Сацыялку – самую, так скажам, распіяраную, дзе знаходзіцца мой сябар Бабёр Самуілавіч. Таму, хай гэта будзе вуліца Камсамольская.

«Гісторыя – важны складальнік жыцця любога бабра». Гістарычны Бабёр са статуэткай бабра

Фота 1387.io

Які твой любімы гістарычны персанаж(ка)? 

Складанае пытанне, але хай гэта будзе Тадэвуш Касцюшка. Бо ён, як і бабры, шмат працаваў над будаўніцтвам розных фартэцый. Ён не будаваў іх непасрэдна, а распрацоўваў. Сюды ж можна дадаць Апермана, які прыклаў руку да нашай бабруйскай крэпасці. Таму ўсе інжэнеры ды архітэктары, якія гістарычна паўплывалі на будаўніцтва нейкіх канструкцый – гэта мае куміры. 

Ці не крыўдуеш, што дасюль няма спецыяльнага зефіра для баброў, са смакам апілак, напрыклад?

— Ну, я не крыўдую таму што галоўныя спажыўцы зефіру ўсё ж такі людзі. Бабрам зефір не вельмі карысны, канешне, калі ён не з апілак. Але тут больш пытанне, я разумею, бізнэсу. Усё ж такі мы бабруйскія і бізнэс важная рэч, а ў баброў не так шмат грошаў каб за такі зефір плаціць. Магчыма, калі адчыніцца тая кавярня з бабрамі, тады яны змогуць сабе дазволіць такі ўнікальны від зефіра. І тады я абсалютна не супраць.

Хто твой іміджмейкер? І ці плануеш ты мяняць іміджы?

— Пакуль я сам свой іміджмейкер. Канечне, у мяне бываюць думкі неяк аднавіць гардэроб. Час ад часу я працую над сваёй поўсцю, каб яна была больш бліскучая. Вы можаце бачыць у кадры, што часам я адрозніваюся – то поўсць больш карычневая, то цямнейшая, гэта яшчэ з сезонамі году звязана, то лінька, то яшчэ якая трасца. Але маштабных зменаў я пакуль не планую. Ці вам не падабаецца мой выгляд?

А калі б ты пабачыў на вуліцы чалавека ў шубе з бабровай футры, што б ты зрабіў?

— Я б вельмі расстроіўся. Не думаю, што я б кінуўся грызці косткі гэтаму чалавеку, бо ўсё ж такі я міралюбівы бабёр і супраць гвалту. Але, думаю, у нас адбылася бы вельмі сур’ёзная размова.  

Прызнайся, колькі дрэваў знішчыў у ваколіцах Бабруйску?

— Прызнаюся, што ў юнацтве быў за мной такі грэх. Але зараз у Бабруйску і без мяне хапае тых, хто знішчае дрэвы. Таму я за тое, каб дрэвы садзіць. А знішчаць толькі тыя, якія гэтага патрабуюць, напрыклад, хворыя. 

чалавек у чырвонай кашулі і жэлетцы ў выяве бабра ў лесе грызе галінку

Фота 1387.io

Які момант з гісторыі Бабруйску трэба ведаць кожнаму беларусу?

— Вельмі важна, каб людзі ведалі, што да крэпасці ў нас быў ажно цэлы замак. І што Бабруйск шмат разоў паліілі. Бо, шчыра кажучы, я да свайго дарослага ўзросту гэтага не ведаў. Чамусьці ў бабрынай школе мы гэтага не вывучалі, займаліся будоўляй плацінаў – і ўсё. Таму, калі я пачаў цікавіцца гісторыяй, то даведаўся, што Бабруйск быў вельмі цікавым месцам – і гэта варта ўсім ведаць.

Чаму Леніна не прыбіраюць з плошчы?

— Пытанне нават філасоўскае. Гісторыя з Леніным адбывалася адносна не так даўно — у гістарычным паняцці. Для жыцця бабра гэта канешне было даўнавата. Таму я б яго не прыбіраў, а зрабіў з яго нейкі арт-аб’ект. Бо гісторыя такая рэч, у якой варта ведаць усе яе часткі, нічога не выкрэсліваць, а прымаць іх крытычна. Таму Леніна я б неяк відазмяніў і дадаў пра яго больш інфармацыі.

Ці варта было б замест Леніна паставіць вялічэзны помнік Бабру?

— Можа быць. Самы велічэзны бабёр у свеце – гэта было б моцна. Ці варта яго ставіць замест Леніна? Тут трэба падумаць. Магчыма, я б яго паставіў у іншым месцы, але з гэтым трэба вызначыцца, правесці аналіз: адкуль лепей за ўсё было б бачна вялічэзнага бабра?

чалавек у чырвонай кашулі і жэлетцы ў выяве бабра ў лесе задумаўся

Фота 1387.io

Які эпізод/гісторыя твая самая любімая, а пра што было складана распавесці?

— Самы любімы – пра назву нашага гораду. Таксама цікавыя былі пра мову нашага горада і пра тое, што Бабруйск ледзь не знішчылі. Вельмі люблю яшчэ гісторыі пра розных персанажаў і персанажак. На дзіва, цяжка мне было здымаць пра «каня Раманоўскага». Відэа невялізнае, але неяк усё не атрымлівалася, вельмі шмат дубляў страціў на яго.

Пытанне пра гендэр баброў: чаму яны ўсе мужчыны? Ці бываюць жанчыны? Ці небінарныя? І як яны выглядаюць?

— Канечне, ёсць і бабры і бабрыхі, і яны розныя. Хаця звычайныя бабры знешне будуць не вельмі адрознівацца. А вось ужо бабры антрапаморфныя, як я, яны больш адрозніваюцца візуальна. Але вельмі складана знайсці бабрыху такога кшталту, як я. Але я ад гэтага не пакутую, бо мяне так захапіла гісторыя, што сумаваць няма часу.

Небінарных бароў я пакуль не сустракаў, але не выключаю, што яны існуюць. Асабліва сярод антрапаморфных баброў. Але таму што нас не так шмат і мы рэдка сустракаемся ў прыродзе, складана даведацца, які гэта бабёр.

чалавек у чырвонай кашулі і жэлетцы ў выяве бабра ў лесе з галінкаў сур'ёзны

Фота 1387.io

Ці памятаеш ты мем «У БАбруйск жывотнае», як да яго ставішся?

— Я яго застаў яшчэ зусім маленькім. На маю думку, а што дрэннага ў жывёлах (як там па-расейску сказана – жывотных)? Нічога. І ў прынціпе любыя істоты – чалавекі гэта ці бабры – усе жывёлы, правільна? А ехаць у Бабруйск – гэта заўсёды добра ідэя, гэтым жа можна і падняць нашую турыстычную моц, так бы мовіць. 

Ведаеш такі мем, калі хтосьці бачыць бабра, то крычыць яму «Курва бобер»? Ці звяртаюцца да цябе так?

— Звяртаюцца, бо гэты мем даволі новы, нашмат навейшы, чым «У БАбруйск жывотнае». Як толькі мяне бачаць, то  2 з 3-х чалавекаў абавязкова скажуць: «курва бобер». Ці крыўдаваць мне на гэта (нагадаю, што ўсё ж адно з гэтых словаў – лаянка)? Думаю, не. Бо гэта дадае папулярнасці маёй справе. І калі мне пішуць такія каментары – гэта таксама прасоўвае мой канал. Таму, дзякуй кожнаму каментатару і каментатарцы. 

А каб сачыць за новымі прыгодамі і незвычайнымі гісторыямі ад Гістарычнага Бабра – падпісвайся ў TikTok

 

«Гісторыя – гэта падзеі, якія ствараюць людзі». Дзяўчына з Бабруйску вядзе гістарычны тыкток для падлеткаў, які падабаецца і дарослым.