“Аперацыя на воку была на 95% складаней, чым планавалася, але я бачу ім”. Спыталі ў бабруйцаў, ці вераць яны ў цуды

 

Святлана, дызайнерка:

Веру ў цуды, бо яны здараюцца у маім жыцці амаль штодня. І, калі мне нешта патрэбна, абставіны складаюцца такім чынам, што здзяйсняюцца нават самыя, на першы погляд, неверагодныя жаданні! Нібыта нехта адчыняе дзверы.

Так было не заўседы, толькі пасля таго, як я сама пачала ўспрымаць жыцце, як цуд.

Калядны час для мне асаблівы, абавязкова загадваю жаданні, і нават пішу ліст Дзеду Марозу. Бо, жаданні мае ён выконвае! Дзякуй яму за ўсе, што здзейсніў з майго спісу!

Вядома, я не заўсёды ставілася так да жыцця. Але са мной здарылася хвароба, якая змяніла ўспрыманне таго, што сапраўды ёсць галоўным – а што не.

Гэта не цяжка, я не раблю ніякіх намаганняў, каб радавацца жыццю зараз.

 

Максім, дырэктар дабрачыннай арганізацыі:

Я веру ў цуды. Святы Мікола нікога не пакідае ў самоце ці горы. А час Калядаў асаблівы, бо спраўджваюцца ўсе запаветныя мары.

 

 

Алена, кандытарка:

Вы ж бачыце, якія “цуды” вакол нас…

Асабіста я веру ў лепшае. Калі б не верыла, было б зусім цяжка…

Веру ў тое, што ўсе нашы Беларусы (менавіта так, з вялікай літары – Беларусы) выйдуць на волю, а ўсе хто з’ехаў – вернуцца.

 

КАСЦЯН, музыка

Я веру ў цуды. Жыццё, само па сабе, гэта ўжо вялікі цуд, а таксама ўсё, што вакол нас. Проста мы ўсе прывыклі і ўжо не заўважаем гэтага.

Але не варта чакаць, калі з табой штось цудоўнае адбудзецца, лепш самому ствараць гэта: элементарная дапамога людзям або жывёлам – гэта хоць і маленькі, але ўжо цуд.

Для мяне цяпер самы вялікі цуд – гэта тое, што мы ствараем з маім гуртом TANKAS. І справа тут нават не ў тым, што я люблю тое, чым займаюся, а ў тым, што ўвесь працэс стварэння песень нават для мяне з’яўляецца нейкай магіяй – ніколі не ведаеш, што атрымаецца на выхадзе і як пройдзе гэты шлях.

Для мяне гэта вялікі цуд – мець магчымасць ствараць і тварыць.

У пераднавагоднім часе ёсць пэўная магія, несумненна. Нават у паветры лунае свая атмасфера. Бо як можа быць па іншаму: мільёны людзей заміраюць у чаканні гэтых святаў, ды напаўняюць атмасферу сваёй энергетыкай.

Я загадваю жаданні, ніколі не страчваю гэтай магчымасці. Але гэта, хутчэй, не просьба чагосьці нерэальнага, а канвертаванне сваіх жаданняў у рэальныя мэты. Ты агучваеш, што хочаш, і ставіш перад сабой шэраг задач, як гэтага дамагчыся. Хутчэй, гэта такі эфект плацэба ва ўласнай матывацыі.

 

 

Ірына, касметолаг:

Я веру ў цуды, чараўніцтва, ва ўсе самае цудоўнае. Наш мозг уладкаваны так, што ўва што верыш, тое і здзяйсняецца!

Я зычу кожнаму знайсці ў сабе гармонію і веру ў цуды, больш марыць пра лепшую будучыню і менш жыць мінулым – што было, тое прайшло. У мінулага я вучуся жыць у будучыні, і правільна марыць.

Памятаеце, калі мы вучылася ў школе, то марылі аб ручцы, што сцірае чарнілы, і – калі ласка, сёння ёсць такія ручкі ў продажы. Мы ўсе аб гэтым марылі і вось, жаданне спраўдзілася. Ці гэта не цуд?

Марце, марце, марце – і ўсё здзейсніцца!

У мяне ж часцей здараюцца маленькія цуды, звязаныя з жаданнямі. Напрыклад, я мела басаножкі, у якіх хадзіла на возера загараць, і вось – яны пачалі рвацца. Паглядзела на іх і думаю: “Трэба набыць новыя”. Праз тыдзень паехала да дачкі ў госці, а яна мне кажа: “Купіла сабе басаножкі, а яны мне нешта падціскаюць, у цябе ж нага вузейшая, забірай сабе”. Вось і думайце. Гэта цуд, выкананне жадання ці збег абставінаў?

Я для сябе вырашыла, што цуд!

 

 

Андрэй, супрацоўнік турфірмы:

Я веру ў цуды. Але не ад людзей, ад Госпада. Дзякуй Яму – было шмат такіх выпадкаў, калі было ясна бачна: ёсць вышэйшыя сілы, якія могуць стварыць цуд.

Са мной таксама здараліся цуды рознага кшатлту. У асноўным я гэта звязваю з працай, калі штосьці ўдала арганізавалася, нават негледзячы на перашкоды.

А вось наконт калядных цудаў… Ведаеце, я ўжо так ачарсцвеў за апошнія гады, што не да казачак. У такія рэчы не ўдумваюся і не веру ў калядныя цуды.

Тое ж і з жаданнямі. Апошнія гады перастаў іх загадваць, менавіта таму, што перастаў верыць у адметнасць гэтага часу. Канчаткова спусціўся на зямлю. Новы год таксама перастаў быць важным святам, бо жыццё не змяняецца, час не змяняецца. Ты ўсё чакаеш зменаў – а іх няма. Без нас саміх гэтыя цуды не здзейсняцца.

Таму для мяне Новы год – проста рытуал. Магчыма, калі ёсць дзеці, гэтае свята падаецца весялейшым, але для мяне яно проста “механічнае дзеянне”. Адзначыў, бо так трэба, прычым просценька – і ўсё на гэтым.

 

 

Ларыса, настаўніца:

Веру ў цуды, нават больш, адчула іх на сабе!

Мяне ўдарыла ў дзяцінстве карусель “Лодачка” ў галаву, я адляцела на пяць метраў, але ўстала і пайшла катацца далей… Аперацыя на адным воку была на 95% складаней, чым планаваў доктар, але ўсё скончылася добра і я бачу ім.

Таксама я некалі склала мапу жаданняў, і ўсё здзейснілася, акрамя аднаго. Спадзяюся, што і яно здзейсніцца.

Яшчэ прыгадваецца, як я зарэгістравалася на сайце знаемстваў па мэйлу ад незнаёмай жанчыны. Сярод розных кандыдатаў, якім спадабалася маё фота, апынуўся і мой будучы муж. Былі таксама іншыя выпадкі, якія толькі цудам і можна назваць.

Таму жаданні я загадваю. Да 2020 года загадвала адно жаданне, каб быў мір у свеце і не было войн. А ў тым годзе загадала асабістае і ў наступным… Адрэфлексавала, і цяпер думаю, што ўсё жахлівае ў свеце праз тое, што я пераключылася ў жаданнях на сябе. Таму аб тым, якое ў мяне будзе жаданне і на Раство і на Новы год – не складана здагадацца!

 

 

Арцём, вядучы мерапрыемстваў:

Кожную навагоднюю ноч я загадваю жаданні. Здзейснілася жаданне толькі аднойчы ў жыцці, калі ў 7-м класе я загадаў кампутар, а мне яго купілі! На той момант гэта рэальна здавалася цудам, таму што бацькі да апошняга не распавядалі нічога, захоўвалі таямніцу.

Таму я працягваю загадваць жаданні кожны год, бо раптам яшчэ раз атрымаецца?

Ну а самы галоўны цуд са мной здарыўся ў мінулым годзе… Цяпер гэтаму “цуду” 2 месяцы і завуць яго Олівер!