Яшчэ адно месца ў Бабруйску, куды можна прыйсці з экскурсіямі – фабрыка мастацкіх вырабаў. Для таго, каб бліжэй пазнаёміцца з светам народных рамёстваў, трэба аформіць папярэднюю заяўку. Чытай у сакавіцкіх пазітыўных навінах, куды яшчэ можна пайсці на экскурсію ў Бабруйску.
А вось, напрыклад, якія сувеніры вырабляюць на фабрыцы – бусел, бабёр ды цмок з саломкі.
Як піша BOBR.BY, на фабрыцы таксама праводзяць экспрэс майстар-класы з мастацкай саломкай.
Наагул саломапляценне – вельмі важная рэч у культуры Беларусі. Не дарэмна ж яно – у спісе Сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. І паказаць свету прыгажосць гэтага рамяства стала яшчэ прасцей, з дапамогай паштовых марак!
Іх, дарэчы, надрукавалі ў Бабруйску. Дызайн серыі «Саломапляценне» распрацавала Марына Віткоўская. Набыць маркі можна на «Белпошце» ад студзеня.
А гэтая навіна з шэрагу – і пазітыўная і сумная адначасова:
На 17-м тэатральным форуме «М.@rt.кантакт» у Магілёве быў адзіны спектакль на беларускай мове – мюзікл «Несцерка» ад бабруйцаў.
Адзначаецца, што гэты спектакль – для сямейнага прагляду, з казачна-міфалагічным сюжэтам і народнымі героямі. А цэнтральная фігура, прайдзісвет Несцерка, вядомы камедыйны персанаж беларускага фальклору, што трапляе ў розныя сітуацыі, з якіх выходзіць з гумарам, а таксама дапамагае людзям.
У Бабруйску «Несцерку» можна будзе паглядзець 18 траўня, а 18.00, у тэатры імя Дуніна-Марцінкевіча. Кошт квіткоў ад 10 да 15 рублёў.
Былы МакДоналдс, а цяпер Mak.by, адкрыў мабільны рэстаран і плануе заехаць у Бабруйск. Даты не называюцца, бо пакуль фудтрак працуе ў тэставым рэжыме ў Мінску.
Але папраўдзе бургеры і бульба фры даўно не штось грандыёзнае для Бабруйска. Іншая справа – калі падʼесці іх можна проста ў гарадскім парку адпачынку (хто там марыў пра лепшы выбар фастфуду ў парку?:) І ў новым сезоне тут адкрылася новая, летняя кавярня «Royal Food», якая прапануе фры, шаўрму, бургеры ды іншае. Мяса тут, дарэчы, гатуюць на грылі.
Яшчэ адна нагода наведаць парк – адкрыццё сезону атракцыёнаў, якое абвясцілі ў гэтыя дні.
А напрыканцы – навіна для тых, хто жадае пачаць новае жыццё і кінуць нарэшце курыць. Ад нядаўняга часу зрабіць гэта ў Бабруйску можна з дапамогай іголкаўколвання.
Дапамагае справіцца з залежнасцю Валянціна Аверкава, якая мае больш за 30-гадовы вопыт у гэтай справе. Працуе доктарка ў санаторыі імя Леніна, дзе нядаўна і вырашылі прапанаваць паслугу не толькі кліентам установы, як было раней, а наогул – усім жадаючым.
Кажуць, калі сапраўды ёсць моцнае жаданне кінуць курыць, іголкаўколванне дапамагае з 100-працэнтным эфектам.
А ў цябе атрымалася даць рады нейкім шкодным звычкам? Дзяліся станоўчым вопытам і сваімі пазітыўнымі навінамі ў нашым інстаграме!