У нашым тэксце – пра булінг у школе, згвалтаванне ў летніку і першага агрэсара ў жыцці сямігадовай дзяўчынкі. Дзяліцеся сваімі меркаваннямі ў інстаграм.
Ілюстрацыйнае фота: Keenan Constance /pexels.com
Міхаліна, 41 год: «Больш у школьнае пекла я не вярнулася»
– Пра школьныя ўспаміны хочацца не ўзгадваць.
Я была шэрай панчохай, вучылася сярэдне, любіла маляваць, а вось у мастацкую школу хадзіла, не, ляцела на заняткі. Усё таму, што ў сярэдняй школе не склаліся адносіны з аднакласнікамі, у нас у прынцыпе клас не вельмі дружны быў, і падзяляўся на выдатнікаў і не вельмі.
У нас была паралель з 5-ці класаў, то бок 9 а, б, в, г, д. Я ўжо дакладна і не памятаю, чаму хлапчукі з «д» класа ўвесь час да мяне чапляліся, то ногі мае худыя, то тварам не выйшла, то апранутая не па модзе.
Праз тое, што заняткі праходзілі ў розных класах, сустракаліся мы на перапынках даволі часта. І гэта быў кашмар для мяне, існае пекла, не хацела выходзіць з класа лішні раз…
Булілі мяне часта, я б сказала, што яны ў школу толькі за гэтым і хадзілі, самасцвярджаліся.
У школьныя праблемы я бацькоў не прысвячала, усё сама вывозіла, як модна гэта цяпер казаць. Маім выратаваннем была мастацкая школа, і дзённік, куды я запісвала ўсе свае думкі.
Пасля дзявятага класа я паступіла і больш у школьнае пекла не вярнулася.
Я цяпер мама, у мяне два сыны, адзін з іх падлетак. Трымаю руку на пульсе, ведаю з кім ён мае зносіны, ва ўсім гэта падтрымліваю. Адчуваю, калі ёсць праблемка, стараюся даведацца, у чым справа, часта распавядаю пра свой падлеткавы ўзрост, чытаю шмат літаратуры (балазе цяпер з гэтым праблем няма).
На жаль, булінг быў, ёсць і будзе. Ён не толькі сярод дзяцей – у працоўных калектывах таксама прысутнічае.
Ілюстрацыйнае фота: RODNAE Productions /pexels.com
Арына, 34 гады: «Па чутках, бацька збіў яго да рэанімацыі, калі даведаўся»
– Гэта гісторыя здарылася ў 90-я, у летніку пад Бабруйскам, у нашым атрадзе.
Аднойчы адзін з хлопчыкаў падышоў да важатых і прызнаўся, што па начах яго і некалькіх яшчэ гвалцяць іншыя хлопцы.
Прызнаўся ён таму, што верхавод усяго гэтага з’ехаў да сястры на вяселле, на некалькі дзён. Ён быў галоўным прыгажунчыкам у атрадзе і ўсе дзяўчынкі па ім млелі.
Як аказалася, ён падгаварыў двух таварышаў, яны гвалцілі суседзяў па атрадзе па начах. Мы пасля прыгадвалі, што ў тае палаце сапраўды часта было шумна. І калі вы думаеце, што слова «гвалт» гэта перабольшанне, то не: запіхвалі ў рот шкарпэтку, двое трымалі, а трэці ўсё рабіў (пра тых, што трымалі, не памятаю).
І вось гэты прыгажунчык вярнуўся і тут жа быў выгнаны з лагера. Па чутках, бацька збіў яго да рэанімацыі, калі даведаўся. Дваіх саўдзельнікаў да канца змены перасялілі ў нежылую палату без рамонту. Важатыя гэтым дваім увялі «карныя» меры – напрыклад, бегаць вакол корпуса. Але бацькі іх так і не забралі.
На дыскатэцы нашаму атраду кожны вечар прысвячалі песню «Голубая луна», а мы радаваліся і чакалі гэты момант з нецярпеннем. Памятаю, як прыехалі нашы бацькі, і мы, не менш радасна, ім усё расказалі. Тады мы не разумелі, чаму іх твары так перакасіла.
Звярніце ўвагу на два моманты. Першы – адсутнасць разглядаў гэтай справы на ўзроўні закона. Другі – тое, з якой лёгкасцю і весялосцю мы тады гэта ўспрымалі! Часы змяніліся, цяпер такое ўявіць немагчыма (гвалт – так, самасуд і замоўчванне – складаней).
Але дзеці працягваюць нараджацца і расці ў свеце розных людзей. Як мама і педагог я вельмі прашу слухаць іх і чуць! Нават калі дзеці самі не разумеюць, што нясуць.
Ілюстрацыйнае фота: cottonbro studio /pexels.com
Злата, 39 год: «Ён душыў і шэптам загадваў не крычаць»
– Мне 7 год, мы толькі пераехалі жыць у іншы раён, у якім я пачала хадзіць у другі клас. У нашым пад’ездзе на першым паверсе жыў хлопчык Саша, калі не памыляюся, ён хадзіў у 5-6 клас, ці быў яшчэ больш дарослы – ва ўсялякім выпадку ў маёй памяці ён застаўся, як старшакласнік. Знешне ён нагадваў мне Кашчэя (здаецца, пра сябе я так яго і звала) – худы, нейкі бляклы, як моль.
Не памятаю, у які момант гэты Саша пачаў мяне пераследаваць, але я страшна баялася вяртацца са школы дахаты. Ён штодня чакаў у пад’ездзе, а пасля шчыльна прыціскаў мяне тварам да сцяны і так трымаў, ці біў кулакамі па партфелі.
Ён цяжка дыхаў і маўчаў, і я выдатна памятаю гэтае пачуццё панікі і моцнае жаданне, каб хоць хто-небудзь увайшоў у пад’езд і гэта спынілася. Доўгі час я баялася расказаць дарослым, бо хлопец пагражаў, што яшчэ мацней паб’е ці заб’е…
І калі нарэшце я адважылася, з ім сур’ёзна паразмаўлялі, прычым гэты Саша сказаў ім: «Я вашу дзяўчынку кахаю», чым яшчэ і павесяліў іх.
Наступны дзень быў самы вусцішны ў маім дзіцячым жыцці. Я вярталася са школы з упэўненасцю, што мне канец. Побач узводзілі дом, і я стаяла за будаўнічым плотам, зазірала ў двор – ці няма там яго? І ў гэты момант ён ззаду паляпаў мяне па плячы і сказаў: «Ідзі, малая, больш я цябе чапаць не буду». На дзіва, сваё слова ён стрымаў, а яшчэ праз нейкі час мы зноў пераехалі.
Гісторыя амаль паўтарылася, калі мне было 15. На мяне наўпрост на прыступках пад’езда ззаду напаў невядомы, і спрабаваў адцягнуць у бок падвала. Ён душыў мяне і шэптам загадваў не крычаць, бо іначай заб’е (дарэчы, яго голас я памятаю дагэтуль). Я вярталася з тэатра, таму была ў боціках сястры, і нейкім цудам прыгадала, што трэба біць абцасам ніжэй каленак, калі цябе схапілі ззаду – так і зрабіла. Ён прыбраў адну руку з шыі і я закрычала, а праз момант убачыла, што ў кватэры на першым паверсе загарэлася святло. Нападнік адштурхнуў мяне наперад, і пабег. Я ўпала на прыступкі, але хутка ўзнялася і праз лічаныя секунды, як мне падалося, была ў кватэры на 6-м паверсе.
Напэўна, я не збіралася нічога расказваць маме, таму што калі яна спрасіла напалоханым голасам: «Што здарылася?!», адказала: «Нічога». «Тады што ў цябе з нагамі?» – запыталася яна, і я ўпершыню заўважыла, што калготкі парваныя, а каленкі разбітыя да мяса.
Я дагэтуль ненавіджу заходзіць па вечарах у пад’езды адна.
І я часта думаю пра тое, наколькі збольшага несур’ёзна ставіліся ў часы майго дзяцінства і юнацтва да гвалту: «Ён цябе б’е? Значыць – любіць!» З жахам прыгадваю, як спакойна расказвалі знаёмыя дзяўчаты пра тое, што іх хтосьці згвалціў пад пагрозамі: «Давай мірна, сілай больш балюча будзе». Яны расказвалі пра гэта, як пра нешта будзённае, як пра тое, што можа здарыцца з кожнай.
Пра нейкія асабістыя межы, павагу да нежадання іншага чалавека быць з табой – і размовы не было. Усё прыйшлося спазнаваць праз уласны, часам вельмі горкі, вопыт. Пра гэта – важнае, не расказвалі нам у школе, і не расказваюць дагэтуль.
І дзеці, да гэтага часу, рэдка прызнаюцца дарослым, што сталі ахвярамі гвалту. Магчыма таму, што не давяраюць, бо на іх зноў накрычаць: «сама вінаватая», «трэба здачы даваць», «будзь мужыком» і таму падобнае.
Альбо яны проста запалоханыя і не ведаюць пра тое, што расказваць трэба, нават неабходна.
У любым выпадку, усё вядзе да страхаў, з якімі мы не ўмеем спраўляцца, і таму нам так цяжка навучыць спраўляцца з імі іншых. А культура гвалту і замоўчвання, якая нікуды не знікла і наадварот – толькі ўзмацнілася – імкліва пагашае сітуацыю.
Таму так важна як мага часцей нагадваць дзецям, што мы іх любім не за добрыя адзнакі ці поспехі ў спорце, а безумоўна. І што яны могуць нам давяраць і расказваць усё, што з імі адбываецца.