«Якія правы жанчын? Мы ж чароўныя прынцэсы!» 8 сакавіка – (не) свята вясны, кветак і прыгажосці

 

Напярэдадні 8 сакавіка мы пацікавіліся ў знаёмых дзяўчат і жанчын, ці збіраюцца яны святкаваць, і калі так – якім чынам? І атрымалі такія адказы:

  • «Выходны. Буду спаць да абеду. І ўсё».
  • «Працаваць збіраюся».
  • «Буду на працы. Гандаль у святочныя дні – самая прыбытковая справа».
  • «Не збіраюся адзначаць. Нiчога асабістага: проста не люблю святы».
  • «Буду на працы ў кветкавай краме. Карацей – святкаваць на працы ды віншаваць жанчын з правам выходзіць на працу ў гэты дзень».

Але, вядома, гэтыя адказы зусім не сведчаць пра тое, што ніхто не святкуе. Для кагосьці ж усе гэтыя торцікі і шарыкі набываюцца, ды ў вялізнай колькасці. Недарэмна гендарныя святы – 23 лютага і 8 сакавіка, лічацца аднымі з самых прыбытковых, а дадай сюды яшчэ і Дзень закаханых, Вялікдзень, Радаўніцу… Першая палова года багатая на даты, у якія прынята штось тэматычнае набываць – булкі, кветкі, яйкі. Між тым пералічаныя святы, нават рэлігійныя, для большасці носяць рытуальную функцыю. Так прынята.

 

 

І калі вы думаеце, што 8 сакавіка завалены цюльпанамі толькі ў Беларусі, то вы вельмі памыляецеся. У суседняй Польшчы ў гэты дзень адзначаюць «Дзень жанчын», і кветак прадаецца не менш, чым на Валянцінаў дзень. У Літве таксама, нават калі няма відавочных заклікаў віншаваць, то рэклама ўсё роўна «ненавязліва» на першы план выводзіць тавары для жанчын. Але – у гэтых краінах, у адрозненні ад Беларусі, 8 сакавіка – працоўны дзень.

«Ёсць адчуванне, што 8 сакавіка – свята пра грошы. Кожны год, ужо гадоў з 10, у мяне толькі адно пытанне: у які момант гэта стала святам пра кветкі? Бо ну якія правы жанчын? Мы ж чароўныя прынцэсы, а гэта свята вясны і прыгажосці! І асобны дзякуй тым, хто «а мне мой на восьмае айфон падараваў», – іранізуе яшчэ адна наша суразмоўца.

 

 

Наагул – тэма кветак скразная ў абмеркаваннях гэтай даты:

«Мы нібыта збіраемся адзначаць. Але як па мне – вельмі спрэчнае свята. У сэнсе, чаму кветкі цяпер, а не рэгулярна? Чаму ўсё роўна каля пліты стаіць жанчына, а не мужчына яе песціць? Пры чым зноў жа, рэгулярна. Увогуле думак шмат на гэты конт», – разважае бабруец.

Маем, што маем, і за гэтымі акіянамі кветак не бачым сапраўднай сутнасці свята, якое першапачаткова з’явілася, як Дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за жаночыя правы і эмансіпацыю.

«Ат! Зноў вы са сваім фемінізмам!» – скажа хтось незадаволена. І будзе сярод такіх незадаволеных нямала жанчын. «Я дзяўчынка, я не хачу нічога вырашаць…» і далей па спісе. Кшталту – штаны носіце, на выбары ходзіце, чаго вам яшчэ не хапае? А яшчэ, не дай бог, пачняце сябе «дырэктаркамі» ды «фатографкамі» называць – катастрофа!

«Новаствораныя не люблю і не выкарыстоўваю», «яны робяць дасягненні жанчыны заўважнымі». Даведаліся, як бабруйчанкі ставяцца да фемінітываў

Сапраўды, для кагосьці цалкам норм быць «упрыгожваннем стала» раз на год, ці пяць. А часам бачыш: жанчына гадуе дзяцей адна, працуе на двух працах плюс лецішча, і пры гэтым заяўляе пра сваю нянавісць да тэмы фемінізму. Усё перакручана дагары нагамі, і ў такім свеце мы жывем, і нават не здзіўляемся гэтым супярэчнасцям. Бо так прынята. Ты цягнеш дзве сумкі з крамы, набітыя прадуктамі, працуеш на заводзе – але ты «слабы пол». Не высыпалася год, няма часу ці грошай схадзіць у цырульню – але ты «прыўкрасны пол» – то і адпавядай, і ногі не забудзь пагаліць, а то што ты як… мужык.

“Нам сказалі: з рэгуламі ў манастыр не заходзіць”. Гісторыі пра “чырвоныя жыгулі” і сродкі гігіены

Яшчэ адзін довад, якім імкнуцца заткнуць жанчын, калі цюльпаны не спрацавалі – «цяпер не час». «Зараз жа пандэмія, не да правоў жанчын – пачакай!» «Ты бачыш, што ў краіне робіцца? Не час!» «Вайна ідзе. Не час пра вашыя правы размаўляць». Але праблема ў тым, што гэты «час» не надыдзе ніколі, пакуль мы самі не вырашым, што вось – ён прыйшоў, хто б што не казаў.

 

 

– 8 сакавіка для мяне – гэта дзень барацьбы жанчын за свае правы і эмансіпацыю. Менавіта з гэтым мяне віншуюць тата і муж кожны год, а я віншую знаёмых мне жанчын, – кажа Сэм, феміністка. – Насамрэч, я ніяк яго не адзначаю. Калі ёсць сілы, распавядаю ў сацсетках пра гісторыю гэтага дня, але ніякіх «святкаванняў» з торцікам ды шампанскім не ладжу.

Як ставішся да традыцыі дарыць жанчынам кветкі і рабіць кампліменты ў гэты дзень?

– Да такой традыцыі стаўлюся неадназначна, таму што для многіх партнёраў гэта адзіны дзень, калі яны ўзгадваюць, што побач ёсць партнёрка, якой могуць быць прыемныя кампліменты, кветкі, ці нейкая іншая ўвага. Такія падаруначкі могуць быць і ў іншыя дні, а не толькі 8 сакавіка.

Ці трэба, на твой позірк, адмяніць 8 сакавіка як свята?

– Адмяняць не варта, але варта змяніць напрамак гэтага дня. Не святкаваць прыгажосць, вясну і ўсё тое, што святкуецца ў гэты дзень зараз многімі людзьмі, а падымаць нейкія важныя для жанчын, як для супольнасці, пытанні. Напрыклад, праблема хатняга гвалту, невысокая аплата працы жанчын, шкляная столь (немагчымасць вырасці да пэўнай пасады), права распараджацца сваім целам і г.д.

Зразумела, што яны не вырашацца за адзін дзень, але прыцягнуць увагу, падвесці нейкія вынікі і атрымаць матывацыю для далейшай барацьбы варта.

Як ты думаеш, чаму ў Беларусі 8 сакавіка не асацыюецца з правамі жанчын, а замацаваўся як «дзень прыгажосці»?

– Гэта вельмі цікавае пытанне, на якое ў мяне няма пэўнага адказу. Гэта можа быць звязана з тым, што ў свой час барацьбу за права жанчын на сябе ўзяла ўлада савецкага звязу і з часам гэта стала не выгадна. Першапачаткова партыі былі патрэбныя ўсе, як мага больш людзей, каб пабудаваць тое, што яны хацелі, пасля вайны жанчыны былі патрэбныя, таму што мужчын не хапала, але з часам роля жанчыны ў патрыярхальным постсаўковым свеце звялася да сэрвісу.

Уся ўлада ў мужчын, а вам жанчыны – вось кветачкі, падарунак і зрабіце нам паесці. Гучыць сумна, і менавіта з гэтым стаўленнем да жанчыны, як да сэрвісу, і трэба змагацца зараз у Беларусі.

 

 

Пра што гэтае свята для цябе? Для нас – пра павагу да сябе, як да дзяўчатак, дзяўчат, жанчын. Пра вольны выбар – дзе вучыцца, з кім жыць, кім сябе адчуваць, як называць, выглядаць, мець дзяцей ці не… Спіс даволі доўгі.

Маеш меркаванне ці ідэі святкавання 8 сакавіка? То пішы ў наш інстаграм.

 

Цікавае

Спецпраекты