Нядаўна мы заўважылі ў адным з мясцовых паблікаў каментары з рэакцыямі на самавызначэнне гераіні матэрыяла, якая «ажаночыла» назву сваёй прафесіі. Большасць з водгукаў была негатыўнай, яе саромілі і смяяліся. Нам стала цікава пачуць больш аргументаваныя меркаванні ад бабруйчанак, ты можаш пазнаёміцца з імі проста цяпер і падзяліцца сваімі думкамі ў нашым інстаграм.
Ілюстрацыйнае фота: Iqx Azmi
Марагарыта, 23 гады, працуе ў галіне турызму:
– Я кансерва, для мяне фемінітывы – дзіва і цуд. Разумею, што мова – жывы арганізм і ўсё змяняецца з цягам часу, але пакуль з сабой нічога зрабіць не магу. Мне здаецца, калі ты прафесіянал і спецыяліст, няма розніцы, як звяртаюцца. Істота без полу. У той жа час, ніколі не сутыкалася з прыгнётам альбо дыскрымінацыяй на гэтай глебе (як і мае сяброўкі), мабыць таму не лічу гэта вялікай праблемай.
Здаецца, што, з аднаго боку, гэта і ёсць дыскрымінацыя – разважаць аб гэтым, спрабаваць нешта давесці. Не лічу гэта самай вялікай праблемай у сусвеце. З іншага боку, разважанні ў грамадстве аб гэтым існуюць, то бок дзе дым, там і полымя. Атрымліваецца, канфлікт нейкі існуе.
Але калі жанчына адразу ўжыла ў дачыненні да сабе фемінітыў, звярнуся да яе такім жа чынам.
Чаму грамадства, у асноўным, ставіцца да фемінітываў адмоўна? Ну, яшчэ з савецкіх часоў, падаецца, жанчыны працавалі і зараблялі аднолькава з мужчынамі, як я ведаю (што не дакладна). Канешне, рознага кшталту кіраўнікі часцей за ўсё былі мужчынамі… Але ў нашай прасторы сярод іх сустракаліся і жанчыны. Нават не гледзячы на тое, што некаторыя з іх, акурат праз сацыялістычныя погляды, і абіраліся. Жаночае выбарчае права таксама з’явілася значна раней, чым у астатніх краінах.
Нават і ў сучаснай гісторыі ніякі прыгнёт, у большасці выпадкаў, не адчуваецца. Таму, праблема не выглядае відавочнай для грамадства. І мозгу нашаму зручней усё рабіць, як ён прызвычаіўся. Гэта ўжо звыклыя маўленчыя канструкцыі.
Карацей, тэма цікавая для разважанняў! Разумею, што я шмат дзе сама сябе аспрэчваю, але пакуль мае думкі на гэты конт менавіта так і выглядаюць.
Тацяна, 36 гадоў, адукатарка, даследніца нацыянальных культур:
– Я вельмі станоўча стаўлюся да фемінітываў, выкарыстоўваю іх і добра стаўлюся да таго, калі фемінітывы ўжываюць у дачыненьні да мяне.
Мяркую, што адмоўна беларусы ставяцца да гэтай зьявы праз расейскамоўны менталітэт.
Расейская мова даволі патрыярхальная і пад ейным уплывам, мажліва, некаторым цяжка прыняць «новую» рэчаіснасьць, дзе нават моўныя сродкі падкрэсьліваюць важнасьць прысутнасьці абодвух палоў.
Ілюстрацыйнае фота: Vlada Karpovich
Ніка, 44 гады, працуе ў галіне адукацыі:
– Новаздабытыя, не традыцыйныя фемінітывы – не люблю і не выкарыстоўваю. Лічу іх штучнымі. Мне блізкая кропка гледжання Цвятаевай, якая называла сябе паэтам і тлумачыла, чаму яна не «поэтесса» (і гэта пры тым, што «поэтесса» – слова, што прыжылася ў рускай мове).
У дачыненні да мяне фемінітывы не выкарыстоўваюць. Мабыць таму, што я, пры першай жа спробе гэта зрабіць, пазначаю сваю пазіцыю па гэтым пытанні. Раблю гэта прама і недвухсэнсоўна.
Грамадства ставіцца да фемінітываў, у асноўным, адмоўна, таму што, мабыць, на падсвядомым узроўні адзначае, счытвае іх штучнасць. І не бачыць аргументаў на карысць іх стварэння і прымянення.
Вядома, што фемінітывы хочуць злучыць, нібыта, з фемінізмам. Але сапраўдны фемінізм – гэта пра іншае.
Юлія, 40 год, маркетолаг:
– Я замяняю большасць назоўнікаў мужчынскага роду – на жаночы. Але ўсё адно стараюся, каб іх было як мага менш. Бо я сама пакуль не вельмі прывыкла да фемінітываў, часам нават словы кшталту «прафесарка» могуць рэзаць вока.
У рускай мове няма такіх нормаў, таму людзям нязвыкла ўспрымаць фемінітывы. Таму я стараюся іх выкарыстоўваць, але асцярожна, дазавана.
У сацсетках пакуль не было негатыву, але ў рэальным жыцці часам пасмейваюцца з таго, як я называю жанчын ды іх род дзейнасці.
Таццяна, 50 год, вандроўніца, аматарка культуры:
– Ніколі не задумвалася на гэтую тэму. Але. Калі ёсць жанчына, значыць, і называць яе прафесію і сацыяльную прыналежнасць прасцей менавіта з жаночымі канчаткамі. Іншая справа – што праз ранейшы, даволі строгі падзел абавязкаў паміж жанчынамі і мужчынамі, ва ўсіх сферах, існуюць моўныя стэрэатыпы. Вось, здаецца, іх і трэба пераадольваць тым, хто не любіць змяняцца.
Прасцей за ўсё мне ў беларускай мове карыстацца фемінітывамі. Паэтка, доктарка, лекарка. У расейскай мове гэта выглядае не зусім натуральна – для мяне.
Я нармальна стаўлюся, калі ў адносінах да мяне выкарыстоўваюць фемінітывы. Але аднойчы пачула ад жанчыны на рускай мове ў свой бок «инвалидка!» – і гэта вельмі разанула слых. Хоць заўсёды нават да слова «інвалід» спакойна ставілася. Але менавіта гэтае «інвалідка» гучала непрыемна.
Мяркую, адмоўнае стаўленне ў грамадстве – гэта інертнасць мыслення. Бо, мова сфармавалася даўно, мы карыстаемся ёю з дзяцінства, і ў галаве ёсць пэўныя нейронныя сувязі, якія кажуць: «Менавіта так правільна казаць». Называць доктарам і жанчыну, і мужчыну. Усе змены залежаць ад кожнага чалавека асабіста, ад яго мыслення.
Мы не пачнем карыстацца фемінітывамі адразу, для гэтага патрэбная вялікая праца – з тым, што ў галовах людзей.
Ілюстрацыйнае фота: Jessy Mesme
Мілена, 61 год, шые і стварае прыгожыя рэчы:
– Калi б я размаўляла па-беларуску ўвесь час сама, i астатнiя навокал, то звяртацца да жанчын “доктарка”, “мастачка” было б арганiчна. Але так як я размаўляю па-руску, як і маё асяроддзе, то зваротак “докторка” гучыць ужо неяк не так, па-іншаму.
Сафія, 32 гады, кіраўніца праектаў:
– Я станоўча стаўлюся да фемінітываў, і стараюся сама імі карыстацца. Не магу сказаць, што на 100 працэнтаў іх выкарыстоўваю ў паўсядзённым і працоўным жыцці, але там, дзе разумею, што людзі станоўча да гэтага паставяцца – 100 працэнтаў скарыстаюся фемінітывамі.
У працоўных момантах не заўсёды магу выкарыстоўваць, але паступова прывучаю калег, калі кажу «прафесарка», «лектарка», «спецыялістка» і пакрысе назіраю, што яны прызвычайваюцца. Сваёй сяброўцы, напрыклад, тлумачыла, што яна псіхалагіня, як і ўсе яе калегі, а ў школе ў нас – дырэктарка.
Важна карыстацца фемінітывамі, бо яны робяць дасягненні і працу жанчыны бачнымі. Дзякуючы ім мы бачым, як шмат жанчыны робяць у сацыяльным развіцці грамадства, у развіцці асобных сфераў, колькі дасягаюць у плане прафесіяналізму, колькі сярод іх экспертак меркаванняў.
І чым больш будзе фемінітываў, тым больш рэальнае ўцягванне ў сацыяльныя сферы жыцця – а не толькі «кухня, дзеці, царква» – будзе паказваць, што насамрэч жанчыны шмат робяць. І тады да нас будуць ставіцца сур’ёзна, успрымаць нашае меркаванне, будзе сцірацца гэтая стыгма: «жанчына – кепская кіроўца, супрацоўніца, кіраўніца» і гэтак далей.
Па-другое, павага да жанчын будзе ў працоўным асяродку.
Я абсалютна згодная са сцверджаннем, што грамадства, у большасці, успрымае негатыўна фемінітывы. Бо я гэта бачу. А грамадства любыя перамены ўспрымае негатыўна. Калі прыгледзецца, што б не змянялася – яно пройдзе праз агрэсію і адмаўленне грамадскасці. І толькі пасля, пакрысе, гэта ідзе ва ўжытак. Гэта даволі працяглы і няпросты працэс.
А чаму жанчыны негатывяць? Дзякуй за гэта мізагініі. Бо доўгі час жанчын трымалі ў парадыгме, што «жанчына жанчыне вораг і суперніца». Таму зараз любое паляпшэнне якасці жыцця жанчын кепска ўспрымаецца, праз патрыярхат.
Важны момант: калі нават не кранацца тэмы фемінітываў, мова – вельмі нестатычная з’ява. Я слухала падкаст прафесаркі-сацыялінгвісткі, у якім яна расказвала, што мова – гнуткая сфера, што пастаянна змяняецца. Пад уплывам лічбавай рэвалюцыі, тэхналагічнай. І так будзе заўсёды! Напрыклад, пяць год таму мы не выкарыстоўвалі слова «дэдлайн», якое ну ніяк не тычыцца жаночага ці мужчынскага. Мы не казалі «быць у рэсурсе, быць у моманце, сітком, стрымінг». І шмат іншага прыйшло новага.
Свет змяняецца. Зараз умацоўваецца пазіцыя жанчыны, і на гэта робіцца акцэнт. На тое, каб на кіруючых пасадах былі жанчыны, каб яны былі ва ўладзе. І гэта файна! Жанчыны больш займаюцца навукай, тэхналогіямі. І таму мяняецца мова. Не таму жанчыны становяцца заўважнымі, што да іх прымяняюць фемінітывы – а наадварот. Адбыліся гэтыя перамены – мова зрэагавала. Так і мусіць быць.
Самае цікавае, што людзі карыстаюцца фемінітывамі, але дагэтуль лічаць, што гэта зло. Ну, тады не выкарыстоўвайце словы «мама, сястра, сцюардэса, настаўніца». Кажыце: «Я прыйшоў да настаўніка на бацькоўскі сход». Але ў жыцці ўсё не так. Большасць кажа: «Настаўніца майго сына», а гэта фемінітыў.
З фемінітывамі ёсць свае цяжкасці, пра якія трэба казаць. Напрыклад, не заўсёды разумееш, як сфармаваць іх з асобных словаў мужчынскага роду. Я з такім сутыкалася некалькі разоў. Проста не разумела, які суфікс дадаць? Але ведаю, што ёсць сайт, які генеруе фемінітывы.
Калі я знаходжуся ў нейкай сацыяльнай бурбалцы, і там малазнаёмыя мне людзі, але я чую, што яны выкарыстоўваюць фемінітывы, значыць яны блізкія мне па маральных каштоўнасцях. І мне будзе з імі камфортна, узнікае ступень даверу. Я разумею, што гэтыя людзі супраць гвалту ў сям’і, яны выступяць за закон супраць гвалту, за правы жанчын, за правы мужчын, за роўныя правы ў тым плане, каб дзіця, нават пасля разводу, маглі выхоўваць абое. Каб мужчыны маглі сыходзіць у дэкрэтны адпачынак… Гэтыя людзі блізкія мне каштоўнасцямі, гэта як лакмусавая паперка ў тым, што ты знаходзішся ў бяспечным кам’юніці. Гэта сведчанне павагі да правоў і свабод чалавека.
А што думаеш ты? Выказвайся ў нашым інстаграме!