“Я столькі чуў(ла) пра Бабруйск, але ўсё ніяк не даеду. Кажуць, што горад цікавы”. Напэўна, і табе не аднойчы даводзілася чуць нешта падобнае? І нам таксама! Таму і падрыхтавалі гэты гайд, каб можна было падзяліцца ім з тымі, хто даўно хоча паглядзець наш горад, але пакуль вагаецца. З цэнамі ды карыснымі парадамі.
Як даехаць
Вядома, усе маршруты мы не можам тут змясціць, таму возьмем да прыкладу абласныя гарады. Даехаць у Бабруйск з Мінска можна цягніком, аўтобусам ці маршруткамі. Дарога электрычкай ці цягніком займае ад 1 гадзіны 25 хвілінаў да 2 гадзінаў, залежыць ад рэйсу. Больш за ўсё часу страціш на “Мінск Пасажырскі – Бабруйск”, гэта 3 гадзіны 39 хвілін, бо ён спыняецца на ўсіх 40 станцыях, якія мінае. Таксама ў ім няма месцаў для людзей з інваліднасцю. Але ён жа і самы танны, квіток абыдзецца ў 5,54 рублёў. На хуткіх цягніках цана квітка (мы кажам пра выходныя дні, кошты станам на канец лістапада 2024 г.) вагаецца ад 10,93 рублёў да 34,95.
Калі казаць пра абласныя гарады, то без перасадак у Бабруйск можна даехаць з Гародні (цягнік Гародня-Гомель, цана квітка ад 24 да 34 рублёў) – але не вельмі зручна што прыбывае ён ноччу.
Больш за ўсё рэйсаў з Гомеля, і тут галоўнае не набыць квіток на цягнік “Гомель-Гародня” і “Гомель-Мінск-Пасажырскі”, бо будзеш ехаць “агародамі” пяць з паловай гадзін. Нармальны час – ад паўтары да двух гадзін, кошт ад 11,28 да 36 рублёў.
З астатніх абласных гарадоў можна дабрацца з перасадкамі, ці глядзець аўтобусы і маршруткі. З Мінска даехаць аўтобусам да Бабруйска можна ад 14.50 да 21 рубля. Маршрутка – 18 рублёў. З Гомеля цана квітка ад 20 да 25 рублёў, з Магілёва – ад 15 да 19 рублёў. З Брэста даехаць да Бабруйска аўтобусам удвая даражэй – 56 рублёў, маршруткі, з таго, што мы знайшлі – 54 рублі.
Дабрацца наўпрост з Віцебска ў Бабруйск можна маршруткай, цана 30 рублёў. Напэўна, самая танная маршрутка ходзіць з Магілёва – 7 рублёў.
Ведаеш больш зручныя шляхі і танныя квіткі? Пішы ў наш інстаграм, і мы дададзім тваю інфармацыю ў наш гайд.
Колькі каштуе пераночыць у Бабруйску
Калі ў цябе няма дзе спыніцца ў Бабруйску, а каўчсёрфінг не твой варыянт (дарэчы, можа і твой, паглядзі вось тут – але патрэбная рэгістрацыя) – у нашым горадзе хапае кватэр, якія здаюць пасуткава, а таксама ёсць некалькі гатэляў.
Пачнем з гатэляў. Самы стары і “паштовачны” гатэль “Бабруйск” быў у 2010 годзе выкуплены расейскай групай кампаній “Амакс”, але, гістарычная яго частка засталася некранутай, як знешне, так і знутры – дзе збольшага захавалася аздабленне з 60-х гадоў мінулага стагоддзя.
Ён размяшчаецца ў цэнтры горада, побач з гістарычным раёнам і галоўнай плошчай. Звычайны аднамясцовы нумар у “Бабруйску” каштуе 49 рублёў за суткі, аднамясцовы з вялікім ложкам – 60, стандартны двухмясцовы – 70. Ёсць і больш дарагі, “камфортны” варыянт.
Гатэль “Турыст” стаць на беразе Бярэзіны, каля санаторыя імя Леніна і гарадскога пляжа. Гэта даволі блізка ад цэнтра і Бабруйскай крэпасці. Анлайн-тарыф са сняданкам тут каштуе 63 рублі, з вячэрай – 71 рубель. Двухмясцовы са сняданкам – 95 рублёў, з вячэрай 110. Ёсць люксы і апартаменты.
Гасцініца “Юбілейная”, яна ж “юбілейка” – размяшчаецца ў спальным раёне “Даманскі”, побач з ГЦ “Карона”, “Моладзевым паркам” і Палацам мастацтваў (абавязкова паглядзі на Ікара на фасадзе і зайдзі ўнутр, каб пабачыць цікавае аздабленне будынка). Кошт за ноч у аднамясцовым нумары 60 рублёў, двухмясцовыя ад 66 да 120. Дарэчы, калі спынішся тут не ў выходныя дні, гатэль прапануе сняданак у падарунак (але актуальнасць прапановы лепей праверыць на сайце). У будынку гатэля ёсць бар і рэстаран у савецкім стылі, і калі ты асоба пяшчотная, улічвай, што па вечарах там збіраюцца даволі разнастайныя кампаніі, у тым ліку мясцовыя “гопнікі”.
Гасцініца “ФанДак” размяшчаецца ў вельмі атмасферным месцы, у аднайменным раёне – які таксама расцягнуты ўздоўж Бярэзіны, але далекавата ад цэнтра. Выглядае як панская сядзіба, хоць будынак паўстаў ужо за саветамі. Пражыванне ў нумарах ад 20 руб. нумары паўлюкс, люкс ад 35 да 70 рублёў. Выглядае яна вось так:
Ёсць таксама невялікія гатэльчыкі “Гостинный дом” у будынку старой камяніцы на крэпасці (кошты па тэлефоне), “Радуга” (ад 20 да 85 рублёў), “Феникс” (37-57 рублёў), “Тимьян” (ад 70 да 160 рублёў за ноч).
Звярні ўвагу: перад засяленнем лепей пачытаць водгукі на ўсе гэтыя месцы, асабліва зімой, каб пасля не здзіўляцца надта халодным нумарам ці кепскаму сэрвісу.
Варыянты на кватэры, апартаменты на суткі можна шукаць на гарадскіх сайтах, напрыклад, на bobr.by
Сярэдні кошт – 50-60 рублёў, але можна знайсці варыянты за 45, ці больш дарагія варыянты, з больш сучасным дызайнам, тэхнікай і г.д.
Кошты на каву і ежу
Сярэдні кошт на каву (напрыклад, капучына ці латэ) у бабруйскіх кавярнях 4,5 – 5 рублёў. І кавярняў у горадзе хапае, асабліва ў цэнтры.
Вядома, самы танны варыянт падсілкавацца – сталоўкі ад прадпрыемстваў, але калі размова ідзе пра выходныя, то большасць з іх у суботу і нядзелю не працуе. То паглядзім, у які кошт можна ўкласціся за абед. Адразу адзначым, што на самай працяглай вуліцы – Мінскай, шукаць кавярні не мае сэнсу, большасць з іх знаходзіцца ў раёне плошчы і старога горада, а рэшта раскіданая па ўсім горадзе.
Але пройдземся па цэнтры. Напрыклад, каля гасцініцы “Бабруйск” ёсць кавярня “Любимое место”, вельмі папулярная сярод мясцовых. Супы ў ёй каштуюць ад 9-10 (курыны, боршч) да 21 рубля (том-ям). Салаты ад 15 (грэцкі) да 21 рубля (цэзар ці пікантны салат з языком), гарачае ад 14 (за дранікі) да 22 рублёў (лапша вок). А таксама ў меню ёсць бліны і дэсерты ад 14 да 18 рублёў. Сняданкі прапануюцца з 7.30 да 11 гадзін, яны разнастайныя, а цэны на пазіцыі ад 10 (каша + напой) да 22 рублёў (бульбяныя вафлі з беконам + напой).
Яшчэ дзве папулярныя кавярні – “История” ды “ТиКава” знаходзяцца па суседстве, на плошчы Перамогі (вуліца Маскоўская). У гэтым жа шэрагу – “Смага”, рэстаран-паб з крафтавым півам і цікавымі закускамі.
У кавярні “История” – амаль усе супы ад 9,90 (гарбузовы, курыны з локшынай, боршч) да 10,50 (рыбны). Сярод другіх страваў можна знайсці і асьмінога, і карпача, і пасту, і патэльні з гароднінай і мясам, цэны ад 18 да 45 рублёў.
У “ТиКава” сняданкі каштуюць ад 4.50 (каша) да 22 рублёў (яйка-пашот з рыбай). Таксама ў меню ёсць боўлы па 20 рублёў, салаты (напрыклад, прашута + груша) ад 15 да 32 рублёў (з морапрадуктамі). Супы ад 10 (боршч) да 23 рублёў (том-ям). Ёсць таксама пельмені за 12 рублёў, пасты (ад 18 да 32 рублёў), дранікі, мясныя стравы – ад 18 да 37 рублёў).
Перамяшчаемся ў “Смагу”. Тут таксама вялікі выбар страваў, большасць з якіх добра пасуе пад піва. Напрыклад, сырныя палачкі – 17,9, хот-дог – 9,9 рублёў. Рулька ў піве 23,9, стэйк свіны – 20 рублёў, мідзіі – 24,5. Ёсць таксама салаты ад 5,5 (з гародніны), да 14,5 рублёў (з сыравэнджаным балыком). І сэты да піва – ад 16 да 57 рублёў. Дэсерты ад 6,5 да 7 рублёў. Піва каштуе ад 6,50 да 19 рублёў.
А калі цябе цікавіць атмасфера больш, чым ежа, зазірні ў будынак старой воданапорнай вежы каля гасцініцы “Бабруйск”. Там ужо шмат год працуе рэстаран “Чырвоная вежа”, які пазіцыянуе сябе як месца з беларускай кухняй. Каля ўваходу – статуя Шуры Балаганава, і наагул гэты раёнчык любяць фатаграфаваць, бо ён вельмі атмасферны, насупраць ёсць старая камяніца з незвычайнай для Бабруйска архітэктурай. А на самым апошнім паверсе рэстарана ёсць аглядальная пляцоўка. Што тычыцца якасці ежы, абслугоўвання і коштаў – водгукі палярна розныя, ад суцэльнай незадаволенасці да захаплення.
Што абавязкова паглядзець?
Асноўная праблема Бабруйска ў тым, што даволі часта людзі бываюць тут праездам, а значыць едуць або па “фандакаўскім” мосце і бачаць кавалак мінскіх могілак, каня – і пасля вакзал. Або – едуць па Мінскай і збочваюць на выезд праз Цітаўку – і таксама амаль не бачаць старую частку горада. І пасля кажуць: “А што ў вас там глядзець?!”
Вельмі пажадана, каб Бабруйск паказаў табе чалавек, які сапраўды любіць горад. Тады, гарантуем, і ты яго палюбіш!
Можна ўзяць экскурсію. Іх праводзяць супрацоўнікі Краязнаўчага музея, а таксама прыватнікі. Кошты – ад 50 рублёў з чалавека да 47 еўра за групу. І тут вельмі важна пачытаць водгукі, каб абраць чалавека, які закахае цябе ў Бабруйск, бо іначай, лічы, ты згубіў(ла) час дарэмна.
Нават на вуліцы Мінскай ёсць, што паглядзець – гэта вялізныя мазаікі на шматпавярховіках і адзіны ў Беларусі дом у стылі “бруталізм”, які мясцовыя называюць “шпакоўня”. А калі ўвесь час рухацца наперад – абавязкова ўбачыш Белую царкву, а за ёй пачынаецца Бабруйская крэпасць, дзе можна блукаць не адну гадзіну.
Абавязкова прайдзіся па Сацыялцы (вул. Сацыялістычная), Савецкай і Пушкіна, каб убачыць старую забудову. А на Інтэрнацыянальнай – зялёны драўляны асабняк купчыхі Кацнельсон. Завітай у дзеючую сінагогу, сфатаграфуйся з Бабром Самуілавічам каля гарадскога базара, адшукай Порт-Артур і пазнаёмся з самым старым, але дзеючым пажарным дэпо. Ёсць сэнс завітаць і ў Краязнаўчы музей (знойдзеш яго на плошчы Перамогі).
Што паглядзець у Бабруйску ў месяц рэлігійнага турызму? Распавядае гід Алег Красны
А калі ты яшчэ вагаешся, ці ехаць у Бабруйск, або наадварот – з’ездзіў(ла) туды, і хочаш даведацца больш, глядзі сюды:
- па гэтай спасылцы знойдзеш кнігі, якія расказваюць пра Бабруйск
- тут – падкаст пра градскія міфы і легенды
- даведацца пра гісторыю горада ў тыктоку можна тут
Што прывезці з Бабруйска? Сувеніры – ад паштовак да ільняных сукенак
І абавязкова дзяліся ў нашым інстаграм коштамі, месцамі ды іншай карыснай інфармацыяй для турыстаў!