Травень – самы «музейны» месяц году. З 1977 году штогод 18 траўня адзначаецца сусветны Дзень музеяў. Да свята звычайна прымеркаваная «Ноч музеяў», цягам якой музейныя калекцыі можна ўбачыць пасля заходу сонца і цалкам бясплатна (але не ў Беларусі). З нагоды гэтых музейных святаў мы распавядаем вам пра музеі, якія сёння можна наведаць на Бабруйшчыне, пра тыя, што некалі існавалі, але былі зачыненыя, тыя, што дагэтуль застаюцца толькі ідэяй, а таксама, якія музеі хацелі б бачыць у горадзе нашыя чытачы.
Бабруйскі гарадскі краязнаўчы музей
Бабруйскі краязнаўчы музей – адзін з найбольш старажытных у Беларусі. Заснаваны ён быў у 1924 годзе краязнаўцам Цодзікам Славіным.
Першапачаткова музей размясціўся ў невялікім драўляным будынку ў двары дзіцячай бібліятэкі. У 1930 годзе музею далі новы дом – асабняк лесазаводчыка Міхула Рабкіна 1912 году пабудовы па вуліцы Пушкіна, 145. Там музей знаходзіўся да пачатку Другой сусветнай вайны.
6 жніўня 1937 году быў арыштаваны Цодзік Славін. Савецкая ўлада абвінаваціла яго ў контррэвалюцыйнай дзейнасці, захоўванні контррэвалюцыйных кніг. Краязнаўцу забілі ў адным з лагераў.
У гады Другой сусветнай вайны музей не працаваў, шмат якія экспанаты былі страчаныя назаўсёды. Пасля вайны выставы музею сталі праводзіць у будынку бабруйскага касцёлу Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. У музейным архіве маецца копія рашэння Рады па справах рэлігіяў пры СНК БССР аб перадачы касцёлу ў распараджэнне Бабруйскага гарвыканкаму для размяшчэння ў ім абласнога музею (бо ў 1944 годзе Бабруйск стаў абласным цэнтрам).
Для сталай экспазіцыі музею адвялі асабняк 1914 году пабудовы на вуліцы Пушкіна, 163, які да рэвалюцыі 1917 году належаў уласніку аднаго з цагляных заводаў Бабруйску Розенбергу.
Калі ў 1954 годзе Бабруйская вобласць была ліквідаваная, музей стаў называцца Бабруйскім міжраённым.
У будынак стылю «мадэрн» 1910 году пабудовы на рагу плошчы Перамогі і вуліцы Камсамольскай (адрас: вул.Сацыялістычная 56/40) музей пераехаў 1 кастрычніка 1996 году.
Падзел экспазіцыйных залаў (іх у музеі 10) – традыцыйны для краязнаўчых музеяў у постсавецкіх краінах – археалогія, першабытныя часы, зусім мала сярэднявечча, Бабруйская крэпасць і вайна 1812 году, потым аж дзве залы пра Вялікую айчынную вайну, Бабруйск савецкі і сучасны, этнаграфія, прырода. На першым паверсе ў фае праводзяцца выставы.
Сайт museum.by паведамляе, што асноўны фонд музею ўтрымлівае больш за 19 тысячаў экспанатаў. Найбольш цікавыя з іх – клады манетаў ВКЛ, рускія манеты XVI стагоддзя, рымская манета ІІ ст.н.э. з выявай імператара Марка Аўрэлія, якую знайшлі падчас раскопак старажытнага гарадзішча ў мікрараёне Дзеднава, генеральскі і афіцэрскі мундзіры, а таксама грэнадзёрка часоў вайны з Напалеонам у 1812 годзе, ударна-крамянёвыя пісталеты і крамянёвыя стрэльбы, узнагароды і памятныя медалі, «продажны ліст» ад 14 жніўня 1697 году – дакумент аб продажы зямлі бабруйскім мешчанінам Тарасам Абраміцкім. Зямля, якая прадавалася, знаходзілася на вуліцы Прудовай (цяпер яна на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці). З нядаўняга часу ў музеі захоўваецца шалом Х стагоддзя, які ў 2020 годзе знайшлі на беразе Бярэзіны.
Бабруйская крэпасць: тут мог бы быць музей старажытнага Бабруйску
У музеі значнае месца адведзена гісторыі Бабруйскай крэпасці. Навуковыя супрацоўнікі музею водзяць па крэпасці экскурсіі. У той жа час сама крэпасць застаецца закінутай, хоць ейныя будынкі – ідэальнае месца для адкрыцця ці філіялу краязнаўчага музею, ці самастойнага музею крэпасці, старажытнага Бабруйску.
Тут можна было б распавесці пра зараджэнне гораду Бабруйску на правым беразе Бярэзіны, пра езуіцкую рэзідэнцыю, якая з’явілася ў нашым горадзе ў ХVII стагоддзі, пра два касцёлы, пабудаваныя побач, адзін з якіх захаваўся да нашых дзён, аднак стаіць закінуты і разбураецца (езуіцкі касцёл 1747 году пабудовы). Дарэчы, існая экспазіцыя зусім не закранае гэтую частку бабруйскай гісторыі. У магчымым музеі ў крэпасці можна было б распавесці пра вайну 1812 году, гісторыю выкарыстання крэпасці ў якасці турмы і пра яе вязняў – удзельнікаў паўстанняў 1830 і 1863 гадоў, з пазнейшых падзеяў – пра знаходжанне ў Бабруйску 1-га польскага корпуса пад камандаваннем генерала Юзафа Доўбар-Мусніцкага.
Архітэктурная спадчына Бабруйску: найбольш каштоўныя будынкі закінутыя ці патрабуюць рамонту
З 2010 году Бабруйскі краязнаўчы музей штогод прымае ўдзел у міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Праўда мерапрыемствы праходзяць не ноччу, а цягам некалькіх гадзінаў увечары. Яшчэ адно адрозненне бабруйскай музейнай ночы ад першапачатковай ідэі акцыі – на яе мерапрыемствы трэба купляць уваходны квіток. Сёлета ён каштаваў 2 рублі 90 капеек.
Раённы гісторыка-краязнаўчы музей у вёсцы Сычкава
Гэты музей не настолькі знаёмы бабруйцам, пра яго рэдка распавядаюць гасцям нашага гораду, аднак, па нашым меркаванні, у нечым ён нават больш атмасферны, чым гарадскі. Ёсць у ім нейкая вясковая прастата і прывабнасць. Хоць, у той жа час, музей жыве і працуе па стандартных шаблонах, выпрацаваных яшчэ ў савецкія часы, і таксама мае дзве вялізныя залі пра рэвалюцыю, Савецкі саюз і Вялікую айчынную вайну. А насамрэч цікавым старонкам Бабруйшчыны адводзіцца вельмі мала месца.
Музей знаходзіцца ў 5 кіламетрах ад Бабруйску – у вёсцы Сычкава. Каб знайсці яго, трэба на Менскай шашы, на скрыжаванні каля Кургану славы павярнуць направа (калі едзеце з боку Бабруйску), крыху праехаць і справа будзе добра бачны аднапавярховы будынак жоўтага колеру. Нядаўна на ім з’явіўся вялізны надпіс «Музей», так што дакладна не абміняце.
Сычкаўскі музей распачаў працу ў 1990 годзе. Называўся ён тады «Бабруйскі раённы музей Баявой і Працоўнай славы». Асновай для экспазіцыі стаў Пакой баявой славы, які размяшчаўся ў мясцовым сельсавеце.
Сучасную назву – Бабруйскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей – музей атрымаў у 2007 годзе.
Музей невялікі. У ім тры залы для пастаяннай экспазіцыі, і адна – для часовых выставаў. Распачынаецца экспазіцыя са старажытных часоў і гісторыі курганоў Бабруйшчыны. Далей – крыху гісторыі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Коратка згадваецца вельмі цікавая старонка мінулага Бабруйшчыны – гісторыя графскага роду Забэлаў, прадстаўнікі якога жылі ў вёсцы Дурынічы пад Бабруйскам (цяпер яна называецца Ізюмава).
Далей гасцям прапаноўваецца пазнаёміцца з гісторыяй драматурга Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, які нарадзіўся на Бабруйшчыне.
«Маргенштэрну да яго, як да зорак!»: няпросты квэст пра эпатажнага Дуніна-Марцінкевіча
Таксама ёсць стэнд, прысвечаны ўнучцы расейскага паэта Аляксандра Пушкіна Наталлі Варанцовай-Вельямінавай, якая жыла ў вёсцы Цялуша Бабруйскага раёну.
Частка экспазіцыі распавядае пра пісьменнікаў – ураджэнцаў Бабруйшчыны. Ёсць стэнд нават пра Платона Галавача, які быў забіты камуністычнай уладай у тую самую «Ноч расстраляных паэтаў», з 29 на 30 кастрычніка ў сутарэннях турмы НКУС у Менску. Платон Галавач нарадзіўся і правёў дзяцінства ў вёсцы Пабокавічы. На стэндзе ўказаны год ягонай смерці – 1937 года, але ні слова пра тое, як ён памёр.
У вёсцы Гарбацэвічы ў мясцовай школе ёсць асобны музей Платона Галавача.
Знаёміць экспазіцыя музею ў Сычкава і з іншымі вядомымі беларускімі пісьменнікамі, якія нарадзіліся ў Бабруйскім раёне – Міколай Аўрамчыкам, Алесем Адамовічам.
Зала вайны падобная да такіх залаў у іншы музеях, хоць ёсць тут і цікавыя экспанаты: посуд з пячаткамі нямецкай арміі, які знайшлі жыхары Бабруйшчыны, калі вярнуліся ў свае дамы пасля вызвалення раёну з-пад акупацыі, офенрор – нямецкі ручны супрацьтанкавы гранатамёт.
У залі этнаграфіі – багатая калекцыя вясковых прадметаў побыту і саматканых ручнікоў і посцілак.
Глуша: тут мог бы паўстаць скансэн, але нешта пайшло не так
У Бабруйскім раёне ёсць вёска, якая мае вялікі музейны патэнцыял і магла б стаць галоўнай турыстычнай атракцыяй раёну. Гэта Глуша, якую называў сваёй малой радзімай пісьменнік Алесь Адамовіч. Тут задумваліся як мінімум два цікавых музейных праекты, аднак у кожным выпадку нешта ішло не так.
На пачатку 1990-х гадоў у Глушы мусіў з’явіцца скансэн – музей народнай архітэктуры пад адкрытым небам, падобны на той, што працуе ў вёсцы Строчыцы пад Менскам. Напрыканцы 1980-х гадоў у Глушу сталі звазіць драўляныя будынкі з Бабруйскага раёну і ваколіцаў – цікавыя ўзоры традыцыйнай архітэктуры, якія не выкарыстоўваліся і былі пад пагрозай знішчэння.
Так на ўскрайку лесу недалёка ад глушанскай школы з’явіліся дом бедняка і дом багача, дом ткача, дом ганчара, лазня «па-чорнаму», царква і вятрак. У дамах планавалася зладзіць інтэрактыўныя экспазіцыі – меркавалася, што наведвальнікі змогуць самі зляпіць сабе ганчарны выраб, паспрабуюць ткаць на сапраўдным ткацкім станку.
Працаваць і рабіць муку мусіў нават старажытны вятрак ХІХ стагоддзя. Яго прывезлі ў Глушу з Клецкага раёну, бо на Бабруйшчыне не знайшлі. Вятрак так і не запрацаваў, але сёння ў яго можна зайсці і паглядзець на старажытны механізм.
З вёскі Вуглы ў Глушу перавезлі стараабрадніцкую царкву 1880-х гадоў пабудовы. На новым месцы яе асвяцілі як праваслаўную ў гонар Святога Панцеляймона. Прынцып аўтэнтычнасці, відаць, мала хвалюе гаспадароў царквы, бо вакол яе замест драўлянага паставілі бетонны плот, што вельмі дысануе з агульным ансамблем.
Пасля актыўнага пачатку працаў па стварэнні музею ў 1991 годзе ўсё было закінута. Не хапіла грошай, чалавечых рэсурсаў. Некуды знікла шыкоўная калекцыя ручнікоў, якую збіралі адмыслова для скансэна. Разбурыліся некаторыя будынкі, такія, як лазня, гумно. Доўгі час усё стаяла закінутым і працягвала разбурацца пад уздзеяннем прыродных умоваў.
Новае жыццё пляцоўка, якая так і не стала скансэнам, атрымала ў 2010 годзе, калі ў Глушы стаў праводзіцца штогадовы этнаграфічны фестываль «Глушанскі хутарок». А саму пляцоўку назвалі «Цэнтр рамёстваў». Праўда, адзінае рамяство, якое цяпер тут можна ўбачыць – ганчарства. У Доме ганчара дзейнічае гурток «Глечыкі».
Музей Алеся Адамовіча, які так і не з’явіўся на Бабруйшчыне
У Глушы мусіў паўстаць музей пісьменніка Алеся Адамовіча. Планавалася размесціць яго ў драўляным будынку аптэкі, дзе працавала маці Алеся Адамовіча Ганна Мітрафанаўна. У ваенныя часы аптэка стала цэнтрам мясцовага партызанскага падполля. Нейкі час сям’я Адамовічаў тут і жыла.
Размовы пра неабходнасць адкрыцця музею менавіта ў гэтым будынку пачаліся адразу пасля смерці Алеся Адамовіча ў 1994 годзе. Ягоныя калегі-пісьменнікі прапанавала ўшанаваць памяць літаратара музейнай экспазіцыяй менавіта ў былой аптэцы. Пытанне пра музей цягам амаль 30 гадоў то заціхала, то зноў узнікала.
У 2018 годзе бабруйскі актывіст Андрусь Архіпенка дамогся ператварэння звычайнага аўтобуснага прыпынку ў арт-аб’ект «Прыпынак Адамовіча».
Потым Андрусь сабраў грошы на ўсталяванне бюсту пісьменніка. У лістападзе 2019 году бюст, які вырабіў скульптар Генік Лойка, урачыста адкрылі. Размясціўся ён каля мясцовага дому культуры. У ім, дарэчы, знаходзіцца бібліятэка з невялічкай экспазіцыяй у гонар Алеся Адамовіча.
Таксама ў 2019 годзе каманда актывістаў з тайм-клубу «1387» разам з Андрусём Архіпенка выйгралі ў конкурсе сацыяльных праектаў «Social weekend» падтрымку на рэалізацыю ініцыятывы «Глуша Адамовіча». У рамках гэтага праекту была распрацаваная і на пачатку лістапада 2019 году праведзеная тэатралізаваная экскурсія па творах Алеся Адамовіча.
А пытанне з адкрыццём паўнавартаснага музею ў будынку аптэкі зноў на паўзе. Дом знаходзіцца ў аварыйным стане і патрабуе рамонту. Бабруйскія актывісты, у прыватнасці, Андрусь Архіпенка, прапаноўвалі таксама варыянт віртуальнага музею Адамовіча, аднак і гэты праект дагэтуль не быў рэалізаваны.
Музей пад адкрытым небам у Бабруйску – «Габрэйскі дворык»
З цікавых праектаў па захаванні памяці, якія былі апошнім часам рэалізаваныя ў Бабруйску, можна вылучыць «Габрэйскі дворык». Гэты музей пад адкрытым небам размясціўся пасярод руінаў старой сінагогі ХІХ стагоддзя. Гэта была так званая «сінагога мяснікоў» – тых, хто раздзелываў і прадаваў мяса на цэнтральным рынку. У савецкі час тут зрабілі млын. Да нашых дзён ад сінагогі захаваліся дзве сцяны з чырвонай цэглы, вырабленай на бабруйскіх цагляных заводах. Перад адкрыццём «Дворыку» сцены закансервавалі. У планах габрэйскай суполкі Бабруйску было адкрыццё «Габрэйскага кварталу» на вуліцы Сацыялістычнай, аднак гэтую ідэю пакуль не атрымалася ажыццявіць.
Цікавай дэталлю «Габрэйскага дворыку» стала імправізаваная «Сцяна плачу», пад якую адвялі частку адной са сценаў руінаў сінагогі. Сюды можна прынесці запіску, і прадстаўнікі габрэйскай суполкі адвязуць яе ў Ізраіль на сапраўдную Сцяну плачу.
Музей ахвяраў палітычных рэпрэсіяў
Некалі ў Бабруйску існаваў «Музей ахвяраў палітычных рэпрэсіяў». Ён быў адзіным музеям такога кшталту ў Беларусі. Заснавала яго Ганна Бакач, бацькі якой былі рэпрэсаваныя ў 1940-х гадах. Бацька Ганны памёр ад катаванняў у турме, маці пасля вызвалення пражыла ўсяго некалькі гадоў і памерла ад цяжкай хваробы.
У 1989 годзе Ганна стварыла Бабруйскую арганізацыю ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Жанчына збірала сведчанні рэпрэсіяў, аповеды ахвяраў, лісты, фотаздымкі, асабістыя рэчы. Паступова гэты збор лёг у аснову калекцыі музею, які быў адчынены ў 1995 годзе ў кватэры на вуліцы Чангарскай.
Таксама Ганна Бакач была ініцыятаркай усталявання помніку ахвярам палітычных рэпрэсіяў у скверы на плошчы Перамогі.
Музей быў зачынены ў 2002 годзе. У 2007 годзе фонды музею былі перавезеныя ў Менскае грамадскае аб’яднанне «Дыярыуш». Ганна Бакач памерла ў 2009 годзе.
У памяшканні, дзе раней знаходзіўся «Музей ахвяраў палітычных рэпрэсіяў», цяпер месціцца рэдакцыя парталу Bobr.by.
Якія музеі маглі б паўстаць у Бабруйску
На нашай інстаграм-старонцы мы запыталі бабруйцаў, што яны думаюць пра тыя бабруйскія музеі, што ўжо існуюць, і якія нашыя чытачы б хацелі бачыць у нашым горадзе. З цікавых прапановаў былі – музей пад адкрытым небам на тэрыторыі крэпасці і музей памяці на вайсковым аэрадроме.
Бабруйскі вайсковы аэрадром мог бы стаць грамадзянскім? Гісторыі пра мясцовую авіяцыю і не толькі
Насамрэч, цікавых музеяў у Бабруйску можна стварыць шмат. Мы думаем, што мог бы быць цікавым музей суднаходства ў Бабруйску, паўнавартасны асобны габрэйскі музей. У музей пад адкрытым небам можна было б ператварыць тэрыторыю старога вінзаводу, які цяпер разбураецца.
“Апошні прытулак плывучай тэхнікі”. Атмасферныя фота з закінутага суднарамонтнага заводу
Не так даўно мы пісалі пра бункер «Руно» пад Бабруйскам і было сховішча ядравай зброі. У тым артыкуле мы распавядалі пра тое, як падобны аб’ект ва Украіне ператварылі ў музей. Такі музей пад Бабруйскам стоадсоткава прыцягнуў бы наведвальнікаў.
Мастацкі музей у Бабруйску ёсць – ім. Г.Паплаўскага. Аднак ад яго хацелася б больш сучаснага фармату, адкрытасці на нефармальнае мастацтва і свабоды ад ідэалагічных рамак.
Мы ўпэўненыя, што не пуставаў бы музей керамікі ў Бабруйску. Пра ідэю яго стварэння ўжо даўно кажа мастак-кераміст, мастацкі кіраўнік арт-плэнэру «Арт-Жыжаль» Валер Калтыгін. Мог бы ў Бабруйску паўстаць і музей музыкі, які б, сярод іншага, распавядаў пра карані групы «Бі-2», бабруйскі музычны андэграўнд, сучасных бабруйскіх музыкаў. Там жа можна было б ладзіць канцэрты і іншыя падобныя імпрэзы. У Бабруйску магло б паўстаць шмат цікавых і сучасных музеяў, галоўная перадумова іх з’яўлення – свабода, без якой творчасць становіцца немагчымай.