Музей рэпрэсій у СІЗА, квэсты па легендах пра “золата езуітаў”: што рабіць з Бабруйскай крэпасцю?

Бабруйская крэпасць – праект Расейскай імперыі, але будавалі яе беларусы, у тым ліку – бабруйцы, з мясцовай цэглы. Потым нашыя землякі ў ёй служылі і адбывалі пакаранне, калі фартэцыя стала турмой. Гэта ўсё – частка нашай гісторыі і спадчыны, якую мы павінны памятаць і перадаваць нашчадкам, перакананая бабруйчанка Дар’я Жук – спецыялістка ў музейнай справе. Гутарым з ёй пра сёння і заўтра Бабруйскай крэпасці.

Дар’я Жук. Фота: асабісты архіў Дар’і Жук

“Шмат якія будынкі ўжо нічога не ўратуе”

Бабруйчанка Дар’я Жук мае адукацыю па спецыяльнасці “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” і цяпер з’яўляецца навуковай супрацоўніцай музею ім.Я.Коласа ў Менску. Яшчэ падчас навучання дзяўчына даследавала Бабруйскую крэпасць і распрацавала канцэпцыю фармавання музейнага комплексу на яе тэрыторыі.

Праўда, наколькі магчымае стварэнне музею ў крэпасці ў яе цяперашнім стане, складана сказаць, зазначае Дар’я. Дзяўчына прыгадвае ацэнку, якую далі нашай фартэцыі супрацоўнікі Смаленскай крэпасці, з якімі бабруйчанка неяк удзельнічала ў навуковай канферэнцыі:

“Яны былі ў Бабруйскай крэпасці і сказалі, што яна ў жахлівым стане. Толькі на базе некаторых аб’ектаў яшчэ магчымае стварэнне музею, а шмат якія ўжо нічога не ўратуе”.

Пры гэтым Смаленская крэпасць, з якой прыязджалі адмыслоўцы, таксама не ў лепшым стане, аднак некалькі гадоў таму з дзяржаўнага бюджэту было прафінансаванае аднаўленне дзвюх яе вежаў – Грамавой і Махавай, у якіх і быў адкрыты музей.

“Гэты музей малады, але ён ужо стаў ці не галоўнай турыстычнай атракцыяй Смаленшчыны – многія турысты спецыяльна едуць сюды дзеля яго. Супрацоўнікі здолелі зрабіць яго прывабным”, – кажа Дар’я.

“Бабруйская крэпасць – зусім не толькі вайна з Напалеонам”

Пры гэтым, цікавым музей атрымалася зрабіць і без моднай цяпер інтэрактыўнасці і розных сучасных тэхналогіяў кшталту галаграмаў, AR, VR, “ажыўлення” партрэтаў і т.п.

“Дырэктар настаяў, што ніякага “ажыўлення” дзеячоў мінулага, асабліва – памерлых у вайне, не будзе. Ён не хацеў, каб ушанаванне іх памяці ператварылася ў забаву. І ўсё роўна атрымалася зрабіць цікавы канцэпт”, – зазначае бабруйчанка.

Бабруйская крэпасць. Фота: 1387

Дар’я лічыць, што пры аднаўленні Бабруйскай крэпасці можна было б пераняць смаленскі досвед рэстаўрацыі і кансервацыі, а таксама ўсведамленне, што гэта – нашая гісторыя, і мы мусім яе вывучаць і прасоўваць менавіта як сваю, з уласнай, беларускай кропкі гледжання.

“Смаленская крэпасць – гэта гісторыя Расеі, адна з буйнейшых цагляных фартэцыяў, якія захаваліся ў рэгіёне. Бабруйская – адзіная, што захавалася з часоў Напалеонаўскіх войнаў. Да нашых дзён дайшлі 43% збудаванняў і ўся планіровачная структура крэпасці. Мы мусім рабіць акцэнт на яе ўнікальнасці і вялізным значэнні для гісторыі Беларусі”, – зазначае навуковая супрацоўніца.

Так, Бабруйская крэпасць была пабудаваная Расейскай імперыяй, дзеля чаго быў знішчаны старажытны Бабруйск – ад гэтага факту не сысці, кажа Дар’я.

“Але цяпер гэта нашая спадчына. Шмат бабруйцаў працавалі на будаўніцтве крэпасці. Цэгла, з якой і ўзведзеныя ўсе гэтыя пабудовы, што мы бачым, была вырабленая ў Бабруйску. Хоць здаецца, што менавіта беларускага і бабруйскага ў крэпасці вельмі мала, аднак не трэба забывацца, што тут працавалі, служылі, нарэшце сядзелі ў вязніцы беларусы і бабруйцы. Гэтую частку гісторыі мы павінны аднаўляць, бо гісторыя Бабруйскай крэпасці – гэта зусім не толькі вайна з Напалеонам”, – тлумачыць наша суразмоўца.

Адзін з рэдзюітаў Бабруйскай крэпасці зноў выставілі на продаж

“Гэта ўсё не ў наш час”

На гісторыі Бабруйскай крэпасці як турмы Дар’я спыняецца асобна. Кажа – тут былі зняволеныя сапраўды цікавыя людзі.

“Пераважна, гэта былі палітычныя вязні”, – зазначае дзяўчына.

За краты ў Бабруйск кідалі “дзекабрыстаў”, удзельнікаў так званага “Бабруйскага плану”, якія спланавалі замах на цара Аляксандра І, а таксама паўстанняў 1830 – 1831 і 1863 – 1864 гадоў. Паводле Дар’і, музей, які б распавядаў пра гэтых асобаў, а таксама пра рэпрэсіі ў іх дачыненні, мог бы паўстаць у “вежы Апермана”, дзе цяпер знаходзіцца СІЗА.

“Але гэта ўсё не ў наш час”, – кажа музейная экспертка.

Яшчэ адзін цікавы аспект Бабруйскай крэпасці, паводле нашай суразмоўцы, – вялізная колькасць легендаў, з ёй звязаная.

“Напрыклад, што ў крэпасці схаваныя скарбы, золата – езуітаў, рэйху, прывіды, ці той самы славуты “мяшок” – камера катаванняў. Гэтыя гісторыі ніяк не пацверджаныя, таму гэта легенды, але тым яны і цікавыя. Гэта дае багатую глебу для тэматычных экскурсіяў, квэстаў на тэрыторыі комплексу. Такое прываблівае”, – зазначае Дар’я.

Лепш прадаць прыватніку, чым яно будзе стаяць і разбурацца

Бабруйская крэпасць. Красавік 2022 году. Фота: 1387.io

Тэрыторыя крэпасці можа выкарыстоўвацца для гісторычных рэканструкцыяў і фестываляў, кажа экспертка ў музейнай справе:

“Мы ведаем, што крэпасць будавалася для вайны з Напалеонам, адыграла ролю ў пастаўнні “дзекабрыстаў”, у Вялікай айчыннай вайне 1941 – 45 гадоў, хоць рэальных баявых дзеянняў тут ніколі не было. Аднак гэта не замінае праводзіць тут рэканструкцыі і фестывалі, прысвечаныя гэтым падзеям”.

Дар’я хацела б, каб на тэрыторыі крэпасці паўстаў арт-цэнтр, які б спрыяў прасоўванню творчасці бабруйскіх мастакоў і скульптараў.

Кожны перыяд і аспект гісторыі крэпасці можна было б раскрыць у асобных рэдзюітах, лічыць бабруйчанка. Але дзеля гэтага тыя рэдзюіты трэба цяпер хаця б закансерваваць, а лепш – перадаць ва ўласнасць тым, хто будзе за імі сачыць. Дар’я зусім не супраць продажу частак крэпасці – наадварот, лічыць, што пакуль новыя гаспадары дбаюць пра будынкі, рамантуюць іх, не знішчаючы гістарычную каштоўнасць, гэта ідзе на карысць усяму комплексу.

“Так канешне лепш, чым яно будзе проста стаяць і разбурацца. Напрыклад, рэдзіют, дзе праводзіцца “Форт Баярд” – яму знайшлі прызначэнне, ён падтрымліваецца ў добрым стане. Аднак на аднаўленне ўсёй крэпасці павінна быць дзяржаўнае фінансаванне – ніводзін прыватнік на сабе гэта не пацягне. Гэта вельмі вялікія сродкі”, – кажа дзяўчына.

Кожны бабруец можа спрычыніцца да захавання крэпасці. Як?

Пакуль жа гэтых сродкаў няма, крэпасць варта закансерваваць – і каб захаваць да лепшых часоў, і каб абараніць наведвальнікаў ад магчымага падзення цэглы і т.п. І рабіць гэта, паводле Дар’і, трэба ўжо цяпер.

“Нам трэба захоўваць тое, што ёсць, пакуль мы можам. Я была нядаўна ў крэпасці. Яна выглядае сумна. Неўзабаве яна можа прыйсці ў такі заняпад, што яе нельга будзе аднавіць, і ў нас нічога не застанецца, акрамя зефіру ды баброў. Мы мусім захаваць крэпасць і зрабіць з яе не толькі краявід для паштовак, але і месца дзеяння”, – кажа навуковая супрацоўніца.

Дар’я хацела б далей вывучаць Бабруйскую крэпасць і распрацаваць экспазіцыю хаця б для аднаго з бастыёнаў. Яшчэ адна ідэя дзяўчыны – турыстычны маршрут, які б распавядаў пра старажытны Бабруйск, што быў на правым беразе Бярэзіны да пабудовы фартэцыі. У прыбярэжнай частцы крэпасці пад зямлёй хаваюцца рэшткі славянскага гарадзішча V – VI стагоддзяў, якое варта было б вывучыць і таксама рапавесці ягоную гісторыю.

Бабруйская крэпасць. Фота: 1387.io

Паводле Дар’і, ужо сёння кожны бабруец можа спрычыніцца да захавання крэпасці хаця б тым, што перастане засмечваць яе тэрыторыю.

“Хоць, па вялікім рахунку, гэта не абавязак гараджанаў – сачыць за чысцінёй і добраўпарадкаваннем тэрыторыі мусяць гарадскія ўлады, – кажа Дар’я. – Зрэшты, увесь час вядзецца збор сродкаў на крэпасць. Агулам, я спадзяюся, што ўсё, што горад хоча прадаць у крэпасці, трапіць у добрыя рукі, задуманыя праекты будуць ажыццяўляцца, каб мы маглі ганарыцца не проста развалінамі ў нашым горадзе, а тым, што мы змаглі захаваць нашую гісторыю і спадчыну”.

«Праз чатыры гады тут будзе горад-сад» ці 18 гадоў мары пра рэканструкцыю Бабруйскай крэпасці

(Не)Спадабалася размова? Дзяліся сваім меркаваннем у Інстаграм