«Настаўнікі кажуць: «Ева, каханая», абдымаюць, усміхаюцца». Як у Польшчы вучацца дзеці з аўтызмам

Педыятарка Мая Церакулава некалькі гадоў таму пераехала з Казахстану ў Беларусь, у якую адразу закахалася. Пачала вучыць беларускую мову. Гісторыю Маі мы распавядалі летась. Некаторы час яна жыла і працавала ў Бабруйску, але была вымушаная пакінуць і наш горад, і краіну. Цяпер лекарка жыве ў Польшчы. Мая – маці траіх дзяцей, якіх выхоўвае адна. Сярэдняя дачка педыятаркі Ева мае аўтызм і праз гэта – асаблівыя патрэбы ў арганізацыі навучання. Мы пагутарылі з Маяй пра тое, як Ева цяпер вучыцца ў Польшчы, як там падыходзяць да рэалізацыі права на адукацыю дзяцей з асаблівымі патрэбамі, і ці ёсць адрозненні ад Беларусі.

Мая з Евай. Фота: асабісты архіў Маі Церакулавай

«У Беларусі я ведала мову, законы. У Польшчы гэта ўсё давялося вучыць»

Мая разам з дзецьмі пераехала ў Польшчу на пачатку 2023 года, у сярэдзіне навучальнага года. Пасля вырашэння пытання з жытлом жанчына занялася ўладкаваннем дзяцей у школу. Са старэйшым, які вучыўся ў 4-м класе, праблем не ўзнікла – яго ўзялі ў школу па месцы рэгістрацыі. У тую ж школу ў падрыхтоўчы клас – так званую «зэруўку» – з верасня пайшоў і малодшы сын лекаркі. А вось за навучанне для сярэдняй дачкі Евы, якая хадзіла ў 2 клас, давялося пазмагацца.

«У Евы – даволі цяжкі аўтызм. Яна невербальная, не размаўляе. У той жа час, яна цалкам здольная засвойваць школьную праграму, умее чытаць і пісаць. Але ёй абавязкова патрэбнае суправаджэнне – так званы цьютар, – распавядае Мая. – Мне і ў Беларусі даводзілася шмат высілкаў прыкласці, каб дамагчыся інклюзіі для дачкі. Мяне і там спрабавалі адсылаць у школу на другім канцы горада».

Але ў Беларусі змагацца за права дзіцяці на адукацыю было прасцей, кажа Мая.

«Там ты ведаеш мову, законы, усе школы, як знайсці дырэктара. Дамовіцца з ім і спадабацца яму – зусім не праблема. У Беларусі я нават магла патрабаваць стварыць інклюзіўны клас там, дзе яго раней не было, – зазначае педыятарка. – А вось у Польшчы ў цябе ўвесь час найперш дэфіцыт мовы. Я цяпер вучу польскую, на момант пераезду зусім яе не ведала, таму камунікацыя стала тады для мяне адной з найвялікшых праблем. Ну і акрамя таго, я не ведаю мясцовых законаў, на што я маю права, на чым магу настойваць, а на чым – не. Мясцовае права, як і мову, давялося вучыць».

Педыятарка Мая Церакулава з’ехала за мяжу. Глядзі відэа, знятае ў Бабруйску перад яе ад’ездам

Пэўны час заняла педагагічная камісія Евы. Для яе быў патрэбны дыягназ мясцовага псіхіятра, да якога, як аказалася, не так проста трапіць – запіс на 3-4 месяцы наперад. Выйсцем можа быць прыём у прыватнага лекара, але за яго давядзецца заплаціць $80-100. Акрамя таго, на педагагічную камісію былі неабходна было прынесці выпіскі і педагагічныя характарыстыкі з Беларусі, якія трэба было перакласці.

Абышла ўсе школы ў Беластоку і паўсюль пачула – месцаў няма

Калі ўсе неабходныя дакументы былі сабраныя, Мая пачала тэлефанаваць і хадзіць у школы Беластоку і пытацца, ці возьмуць ейную дачку.

«Асноўная складанасць тут – неразуменне сістэмы адукацыі на пачатку. Я ж не ведала, у якіх школах ёсць інтэграцыйныя класы, як тут гэта ўсё працуе, – зазначае былая бабруйчанка. – І, канешне, мова. У аддзеле адукацыі, школах я спрабавала паразумецца на кепскай польскай, на англійскай. Гэта ўсё займае вельмі шмат высілкаў».

Мая Церакулава з дачкой. Фота: 1387.io

 

Для Евы педагагічная камісія дала рэкамендацыю, згодна з якой яна магла б наведваць як інтэграцыйны клас, так і спецыяльную школу. Мая абышла 4 школы з інтэграцыйнымі класамі і 7 спецыяльных і паўсюль пачула адзін адказ – месцаў няма.

«Я прыходзіла ў аддзел адукацыі і пыталася, у якую школу мне можна аддаць дзіця, паказвала заключэнне з педагагічнай камісіі. Мне давалі нумар школы, я ішла туды, мне казалі – месцаў няма, – распавядае лекарка. – Справа ў тым, што тут ёсць закон, паводле якога ў класе не можа быць больш за 5 дзяцей з асаблівасцямі і на іх адзін цьютар. Калі ў класе ёсць такія дзеці, то агульная колькасць вучняў не можа быць большай за 20. Як правіла, у інтэграцыйныя класы аддаюць дзяцей з лёгкімі дыягназамі, кшталту сіндрому Аспергера ці з нейкімі паводзінавымі адхіленнямі. У такі клас могуць аддаць дзіця зусім без дыягназу, але хулігана, які не паспявае за праграмай. І вось усе гэтыя класы ва ўсім Беластоку ўжо былі ўкамплектаваныя».

Мая зазначае, што, на жаль, няма нейкага адзінага месца – даведніка, сайта, дзе была б сабраная ўся інфармацыя пра спецыяльныя і інтэграцыйныя школы ў Беластоку.

«Я цяпер на асабістым досведзе ведаю, што ў Беластоку для такіх дзяцей, як мая Ева, ёсць 11 школ. Я хадзіла па іх сама. Магчыма, было б карысна зрабіць нейкі спіс, базу, каб бацькам было лягчэй арыентавацца і атрымліваць інфармацыю», – кажа лекарка.

У спецыяльнай школе ў класе 5 дзяцей і 2 настаўнікі

Мая з Евай. Фота: асабісты архіў Маі Церакулавай

Атрымаўшы адмовы ва ўсіх школах, Мая пайшла да дырэктара школы па месцы рэгістрацыі, дзе вучыўся ейны старэйшы сын.

«У Польшчы абавязаныя браць дзіця ў школу па месцы рэгістрацыі. Пра гэта я і сказала дырэктару, што я ўсё разумею, аднак Еве патрэбнае навучанне, і што ў мяне як маці могуць узнікнуць праблемы, калі я ёй яго не забяспечу, – распавядае Мая. – Дырэктар быў засмучаны, казаў, што ў яго няма рэсурсаў, педагогаў для такіх дзяцей. Аднак забраў дакументы і пайшоў высвятляць».

Праз некалькі дзён Маі патэлефанавалі са спецыяльнай школы недалёка ад дому, сказалі, што, хоць у іх ужо ў класе 5 дзяцей, але яны возьмуць Еву шостай, бо ўмяшаўся мэр Беластоку.

«Школа, у якую пайшла Ева, простая і маленькая. У ёй усяго 8 класаў, калі я не памыляюся. У кожным класе – 5 вучняў. На кожны клас – два педагогі: настаўнік і памочнік, – распавядае педыятарка. – Там вельмі камфортныя ўмовы. У кожным класе ёсць куток сэнсарнай разгрузкі, інтэрактыўная дошка, кампутар – усё вельмі добра абсталявана».

Хатняе навучанне пазбаўляе дзяцей з інваліднасцю сацыялізацыі

У Польшчы навучанне дзіцяці з асаблівасцямі, з інваліднасцю – гэта не толькі яго права, але і абавязак – усе такія дзеці мусяць хадзіць ці ў інтэграцыйныя класы, ці ў спецыяльную школу, кажа Мая.

Ева. Фота: асабісты архіў Маі Церакулавай.

 

Хатняга навучання для дзяцей з інваліднасцю ў тым выглядзе, як яно ёсць у Беларусі, у Польшчы няма, зазначае былая бабруйчанка:

«І гэта добра. Бо ў Беларусі такое хатняе навучанне – фікцыя, якая перашкаджае сацыялізацыі дзяцей з асаблівасцямі. Настаўнік прыходзіць два разы на тыдзень на гадзіну адпрацоўваць павіннасць, без зацікаўленасці. Але акрамя таго, школа – гэта не толькі ўрокі, а яшчэ і сацыялізацыя. Кожнаму чалавеку, калі ён з раніцы прачынаецца, патрэбна выходзіць з дому. З інваліднасцю ці без яе – патрэбны нейкія распарадак дня, вучоба, праца. Гэта складнікі нашага нармальнага жыцця, і яны таксама патрэбныя чалавеку з інваліднасцю. А на хатнім навучанні дзіця закрываюць у чатырох сценах».

Мая кажа, што вельмі часта ў Беларусі на хатняе навучанне пакідаюць дзяцей, якія цалкам маглі б хадзіць у школу.

«Ды нават ляжачых трэба вывозіць з дому, бо людзі – сацыяльныя істоты, ім патрэбная камунікацыя. Потым такое дзіця, якое прасядзела ўвесь час дома, не мае магчымасці працаўладкавацца, атрымаць нейкую спецыяльнасць. На хатнюю адукацыю ў Беларусі часта спіхваюць бацькоў, якія не адстойваюць права дзіцяці на адукацыю, а на ўсё пагаджаюцца», – зазначае лекарка.

У той жа час Мая не мае нічога супраць хатняй адукацыі як выбару, калі дзіця дадаткова наведвае розныя гурткі, камунікуе з дзецьмі, жыве ў здаровым рытме жыцця.

«Канешне, павінна быць магчымасць хатняй адукацыі і для тых, хто мае нейкія складаныя дыягназы. Але не трэба закрываць дома ўсіх, хто нязручны, і дзеля каго проста не хочацца змяняць школьную інфраструктуру», – падкрэслівае педыятарка.

«У мяне адчуванне, што я ведаю беларускую мову лепш за большасць беларусаў». Размова з педыятаркай з Казахстану, якая пераехала ў Бабруйск

«Дзіўна і нязвыкла, што педагогі зацікаўленыя ў сваіх вучнях»

Ева, паводле Маі, сваю школу вельмі любіць, ідзе туды з радасцю.

«Тут у прынцыпе дзеці любяць школу, і здаровыя, і з дыягназамі, – кажа Мая. – Тут вельмі прыязныя і ветлівыя настаўнікі. Яны кажуць: «Ева, каханая», абдымаюць яе, усміхаюцца, знаходзяць кантакт з дзіцём, хваляць яе без канца, распавядаюць, што яна робіць. Бачна, што яны гараць сваёй справай і шчыра хочуць гэтымі навінамі дзяліцца. Тут сапраўды выглядае так, што настаўнікі любяць дзяцей. Для мяне дзіўна і нязвыкла, што педагогі зацікаўленыя ў сваіх вучнях. Але гэта не таму, што ў нас педагогі былі кепскія, а таму што яны стомленыя. Тут на 5 вучняў – педагог і памочнік педагога. Напэўна, у іх больш сілаў укладвацца ў дзяцей, чым калі ты адзін на 20 вучняў».

Ева. Фота: асабісты архіў Маі Церакулавай

Польскую мову, кажа Мая, Ева разумее. Яна не размаўляе на ёй, бо яна ў прынцыпе амаль не размаўляе, але заўсёды робіць тое, пра што яе просяць настаўнікі, разумее і выконвае заданні.

«Яны цяпер пішуць пропісі, праходзяць склады. І каб адказаць, колькі складаў у слове, Ева малюе колькасць кружочкаў па колькасці складаў у слове. Яна паказвае словы на малюнках, а каб зрабіць гэта, яна ж павінна разумець, як гэтае слова гучыць? Мне часам здаецца, у яе ў галавае змяшаныя ўжо расейская, англійская, польская мова, і яна ў нейкай ступені валодае імі трыма. Агулам, мне падаецца, што яна найпрасцей з нас усіх перажыла змену моўнага асяроддзя», – кажа Мая.

Найцяжэй адаптавацца да новай мовы старэйшаму сыну, які цяпер ходзіць у 5 клас, зазначае педыятарка. Малодшы ж у «зэруўцы» даволі хутка ўсё «схапіў».

«На кепскай англійскай ці расейскай – вам імкнуцца дапамагчы»

Мая Церакулава. Фота: 1387.io

Паводле Маі, у Польшчы ў школах імкнуцца зрабіць так, каб дзецям было камфортна засвойваць польскую мову.

«У старэйшага сына ў класе 8 расейскамоўных дзяцей. У іх у школе ёсць расейскамоўны асістэнт. Да яго можна звярнуцца, калі штосьці не зразумеў, напрыклад, як карыстацца бібліятэкай ці нейкія падобныя рэчы, – распавядае Мая. – Я звязваюся з настаўнікам праз гэтага асістэнта».

Мая кажа, што агулам яе польская сістэма адукацыі задавальняе. Адзінае, чаго не хапіла на першым этапе – пераліку школ для дзяцей з асаблівасцямі ў адным месцы, чагосьці кшталту гайду для бацькоў з распісанымі крокамі – куды ісці, якія дакументы збіраць. У такі гайд можна было б уключыць кантакты дырэктараў, парады, да каго ўвогуле звяртацца, стандартныя фразы на польскай мове, падказкі, як пачынаць размову, што асабліва каштоўна для тых, хто нядаўна прыехаў, зазначае нашая суразмоўца.

Бацькам дзяцей з асаблівасцямі, якія збіраюцца пераязджаць ці толькі-толькі пераехалі ў Польшчу Мая раіць перакладаць усе медычныя дакументы, педагагічныя характарыстыкі, а таксама браць сабе запас часу, разлічваць, што не адразу ўсё наладзіцца, што давядзецца пабегаць. Аднак у рэшце рэшт усё атрымаецца.

«Тут чыноўнікі і розныя службоўцы абавязаныя вам дапамагчы, і я на сваім досведзе пераканалася, як яны імкнуцца з табой паразумецца і хоць на кепскай англійскай ці расейскай данесці да цябе інфармацыю, каб ты ўсё зразумела», – кажа Мая.