Мы вырашылі падсаладзіць для цябе развітанне з летам, і падрыхтавалі пару “шалёных” артыкулаў – каб узняць настрой. Першы – чытай проста цяпер, а другі выйдзе неўзабаве, гарантуем – ён будзе як мінімум незвычайны😊
А вось што тычыцца тэмы паБАБРАцімаў – тут мы вырашылі сабраць некалькі прыкладаў геаграфічных назваў (і не толькі), што датычныя бабрынай тэмы. Год таму мы ўжо паказвалі парачку геральдычных цікавостак у кантэксце навіны пра тое, што Бабруйскі раён разглядаў у якасці ўласнага герба выяву з бабром (але пакуль на сайце райвыканкаму фігуруюць усё тыя ж “мачты”, як і на гарадскім). І сённяшнія “паБАБРАцімы” не менш цікавыя.
Беларусь ды яе бабрыныя назвы
У Берасцейскай вобласці ёсць возера Бабровіцкае, каля вёскі Бабровічы. Яно з’яўляецца часткай ландшафтнага заказніка Выганашчанскае. Таксама ў гэтай вобласці ёсць рэчка Бобрык – левы прыток Прыпяці.
На Берасцейшчыне настолькі шануюць баброў, што мясцовы лікёра-гарэлачны завод нават пачаў выпускаць “напой спіртны моцны” пад назвай “Добры бабёр” са смакам… тархуна.
А што Бабруйск? У нашым горадзе выпускаюць шакалад “Какао Бобры” двух відаў – з арахісам, кукурузнымі шматкамі і рысавымі шарыкамі, а таксама з арахісам ды салёнай карамеллю.
І яшчэ крыху настальгіі. Цікава, ці памятае хтось з нашых чытачоў такія 3 рублі, што знаходзіліся ў абарачэнні ў Беларусі ў 1992—2001 гадах?
У Мінскай вобласці ёсць гарадскі пасёлак Бобр (Крупскі раён, што стаіць на рацэ з такой жа назвай – Бобр.
Гэта даволі старое мястэчка, першы пісьмовы ўспамін пра яго датуецца 1516 годам і валодалі ім у розныя часы Хадкевічы, Сапегі, Агінскія. Але на гербе (1762-га года), як не дзіўна, не бабёр, бо кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў мястэчку магдэбургскае права і герб: “у блакітным полі дзве збройныя постаці святых Глеба і Барыса ў каронах”. Дарэчы, непадалёк ёсць і вёска з назвай Стары Бобр. А вось чым яшчэ вядомы Бобр – там нарадзіўся выбітны беларускі мастак Алесь Пушкін.
Польскі горад Тлушч (Tłuszcz) ды ягоны герб
Гэты горад у Мазавецкім ваяводстве зацікавіў нас менавіта сваёй геральдыкай – на гербе намаляваны бабёр, можна нават падумаць, што гэта адзін з макетаў для нашага горада, але не. Ён адносна новы, прыняты ў 1980 годзе. Адметна, што “першапачаткова на гербе было намаляванае карычневае дрэва без лісця, што стаіць на зялёнай траве ў сінім полі і з’едзенае чорным бабром”.
Вось як тлумачыць повязь Тлушча з бабром гісторык Марцін Олдак. Старая назва горада – Тлушэц, яна знікла ў пачатку 19 стагоддзя і звязаная з размяшчэнне першага паселішча ў топкай балоцістай мясцовасці, дзе ў сярэднявеччы жылі калоніі баброў. З іх мясцовыя вытаплівалі тлушч дзеля лекавых мэтаў. Мяса бабра таксама шанавалася, бо некаторыя праз лускаваты хвост лічылі яго рыбай, то-бок поснай стравай. У старыя часы ў Тлушчы існавала спецыяльная кантора — бабровы гаспадар і падначаленыя яму бабровыя работнікі, што клапаціліся пра гэтых жывёл. Паляванне на іх было прывілеем князя.
Таксама ў Тлушчы 7 верасня святкуюць Дзень бабра – у дзень нараджэння Дораці Рычардс, амерыканскай даследніцы гэтай жывёлы.
“Штат бабра” ў ЗША – Арэгон
Адметнасць сцяга гэтага штата ў тым, што ён двухбаковы. І акурат на рэверсе маецца намаляваны жоўты бабёр на сінім полі – адзін з мясцовых сімвалаў. Таму і афіцыйная мянушка Арэгона — “Бабровы штат” або “Штат бабра” (Beaver State).
Гэта звязана з тым, што мясцовасць там вельмі зялёная, шмат рэк, і, суадносна, шмат баброў. Лічыцца, што першыя перасяленцы з Еўропы знішчылі там вельмі шмат гэтых жывёлаў, бо надта любілі шапкі з іх футра, а нейкі час нават разлічваліся шкуркамі, як грашамі. Папуляцыю прыйшлося аднаўляць ужо іх нашчадкам.
Таксама ў штаце ёсць горад з бабрынай назвай – Бівертон (Beaverton). Ён атрымаў такую назву праз вялікую колькасць бабровых паселішчаў ды запрудаў. Вёска карэнных жыхароў, плямёнаў атфалаці, называлася Чакепі (Chakeipi) – “бабровая запруда”. А наогул, гэта толькі пара прыкладаў, бо ў ЗША ды Канадзе даволі шмат назваў, звязаных з бабром.
І яшчэ крыху геральдыкі
Што тычыцца геральдыкі – бабёр надзвычай часта з’яўляецца на гербах розных краін, і нават у Польшчы ён ёсць не толькі ў горадзе Тлушч. У сельскай гміне Баброва (Куяўска-Паморскае ваяводства) вось такі бабёр, і тут, падаецца, не трэба тлумачыць, чаму – выява супадае з назвай.
У Кіеўскай вобласці ёсць сяло Бобрык, на якім таксама выява бабра, а ў Львоўскай вобласці, у сяле Нязнанаў – на гербе ажно два бабры!
Швецыя, Нарвегія, Бельгія, Францыя – ва ўсіх гэтых краінах ёсць геральдыка з бабрамі. Напрыклад, вось, адзін з нашых фаварытаў, бабёр з Дрэца (зямля Брандэнбург, Германія):
Бабры – папулярныя. Недарэмна, такім вядомым у сеціве два гады таму стаў ролік паляка, які ўпершыню ўбачыў гэтую жывёлу на свае вочы. Пасля чаго з’явіліся нават вось такія “карты побыту”.
Ну і, вядома ж, не забывай пра Гістарычнага Бабра, які запісвае тыктокі, прысвечаныя гісторыі Бабруйска. Паглядзець іх можна па гэтай спасылцы.
А якія цікавосткі пра баброў ведаеш ты? Абавязкова пішы ў наш інстаграм!