Пазл, настолка, каляндар, а можа – цэгла на шыю ці зефір з соллю? У гэтай прадукцыі знойдзеш Бабруйск

Глядзі, што знайшлі: цікавосткі, у якіх згадваецца наш горад – файная ідэя для падарункаў, ці каб парадаваць сябе. Расказваем, хто вырабіў такую прадукцыю і дзе яе можна знайсці. А ў якасці бонуса – навінкі непасрэдна з Бабруйска. Гарантуем – яны цябе здзівяць! 

Фота: 1387.io

Настольная гульня “Я ніколі не…” стала сапраўдным хітом, бо разлічана на  дарослых людзей (пазнака 18+) і дазваляе гуляць як дваім, так і  вялікай кампаніяй. Гэта 110 картак, у якіх пералічваюцца тыповыя заняткі беларусаў(ак): спрэчкі наконт лепшай згушчонкі, выраб хатніх “кірыешак”, фотасесіі ў рапсе ды іншыя важныя рэчы. Чаму ёсць пазнака ўзросту? Бо калі з табой здаралася штось з пералічанага, згодна з правіламі, трэба кульнуць чарачку і расказаць сябрам, як і дзе гэта адбылося. Ёсць у гульні таксама іншыя цікавосткі, але не будзем раскрываць усе карткі. А калі ты не ўжываеш алкаголь – замяні яго на штосьці іншае (аўтаркі раяць – на адцісканні). 

Прыдумала гульню Ганна Шымановіч, а стварала карткі мастачка Дана Мігунова. Настолка надрукаваная ў выдавецтве “Gutenberg”, яе можна замовіць дастаўкай ці набыць у Мінску, падрабязней – у інстаграм

Адна з картак настолкі прысвечана Бабруйску, выглядае яна так:

Фота: 1387.io

Адрыўны каляндар на 2025 год ад oz.by “Вандроўка” дазваляе штодня “вандраваць” па Беларусі. Ён расказвае пра 50 архітэктурных і прыродных славутасцяў Беларусі, пра выбітных беларусаў(ак), а таксама іх выказванні. 

Фота: 1387.io

Аўтары пастараліся, каб каляндар быў не толькі прыгожым ды інфарматыўным, а яшчэ інтэрактыўным: тут ёсць крыжаванка, можна складаць з літар словы, гуляць у бінга, ці проста адзначаць наведаныя мясціны, прачытаныя кнігі, а таксама – натхніцца!

Фота: 1387.io

Для календара аўтары абралі бабруйскую славутасць – дом купчыхі Кацнельсон:

Фота: 1387.io

А яшчэ – расказалі пра ўраджэнца Бабруйшчыны Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча:

І нават падзяліліся ягонай цытатай.

Замовіць каляндар можна па гэтай спасылцы.

Любіш маляваць, размалёўваць? Звярні ўвагу на кніжку “Вандроўка-размалёўка. Антыстрэс па-беларуску” ад мастачкі Марыі Каралёвай ды выдавецтва “Тэхналогія”. Гэта выдатная магчымасць “павандраваць” па Беларусі і пабачыць, якія каштоўнасці яна ў сабе мае. І хоць кніжку выдалі яшчэ два гады таму, замовіць яе можна на сайце выдавецтва

Што ж тычыцца бабаруйскіх краявідаў – мастачка абрала касцёл Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Таксама сярод 20 славутасцяў можна заўважыць палац Козел-Паклеўскіх, што хоць і не на Бабруйшчыне, але размяшчаецца недалёка ад нашага горада, і магчыма ты нарэшце натхнішся пабачыць яго жыўцом!

Фота: 1387.io

Пазл “Дзень з жыцця спадчыны” намаляваў ілюстратар Міця Післяк, прыдумаў Рома Клеўжыц, а выдаў “Gutenberg”. У пазле 500 элементаў. Яго таксама можна набыць у Мінску ці замовіць дастаўку

Сярод бабруйскіх славутасцяў мастак таксама абраў дом купчыхі Кацнельсон, экскурсію па якім праводзіць сімпатычны Бабёр. 

 

Фота: 1387.io

Мала настолак? То звярні ўвагу на гульню “Тутэйшыя” ад oz.by. Яна вельмі якасна і прыгожа зробленая і дазваляе гуляць не толькі паводле правілаў, задуманых аўтарамі, але і паводле вядомай многім “Хто я!” Замовіць настолку можна па гэтай спасылцы

Сюжэт гульні – фантастычны, удзельнікі(цы) мусяць уявіць, што межы часу сцерліся, а 50 знакамітых беларусак і беларусаў розных часоў апынуліся ў ХХІ стагоддзі. 

“Што яны ўбачылі і як адрэагавалі? Як прымянілі свой талент і раскрылі свой характар? Усё гэта давядзецца вырашаць вам! Аднак час гуляе злыя жарты, і ў некаторых Персанажаў з’явіліся двайнікі, якіх трэба тэрмінова адшукаць. А можа двайнік гэта вы? Як не выдаць  сябе, калі ваша натура імкнецца зрабіць усё па-звыкламу…” – інтрыгуюць аўтары. 

Адна з гераіняў, абраных для гульні – наша зямлячка Вера Харужая.

 

Фота: 1387.io

Не ведаеш, хто гэта? То паглядзі тыкток ад “Гістарычнага Бабра” воооось тут. 

Гістарычны Бабёр распавядае пра важныя моманты жыцця Веры Харужай

 

Бонус з Бабруйска

Хочам падзяліцца з табой навінкамі, якія вырабляюцца непасрэдна ў Бабруйску і прэзентуюць наш горад. Як табе ідэя – упрыгожыць сябе гістарычнай цэглай? Менавіта такую прыдумаў і рэалізаваў Дзяніс Бараноўскі, ювелір і дызайнер. Ён робіць бранзалеты, падвескі, брошкі – у выглядзе маленькіх цаглінак з надпісамі “Розенбергъ”, “Пружинины”. Выглядае гэта вось так:

Фота з інтэрв’ю з майстрам на “Вячэрнім Бабруйску”

Фота з інтэрв’ю з майстрам на “Вячэрнім Бабруйску”

“Кожная цаглінка, фрагмент маіх вырабаў, складаецца з аўтэнтычнай натуральнай сыравіны, якая адпавядае клеймам ранейшых бабруйскіх”,расказаў майстар “Вячэрняму Бабруйску”. А таксама адзначыў, што яму давялося каля трох тыдняў працаваць толькі над стварэннем кампазітнага матэрыялу з крошкі арыгінальных цаглін і ювелірнай смалы.

Зефір з соллю і халва з пякучым перцам: так іх бачыць ChatGPT у тэхніцы мазаіка

А калі ты не любіш настолкі, пазлы і нават маляваць, ёсць яшчэ адзін варыянцік парадаваць сябе, або зрабіць файны падарунак – тыпова бабруйскі – навінкі ад “Чырвонага Харчавіка”. І першае, на што раім звярнуць увагу – зефір з соллю! Менавіта такую навінку рыхтуюць на фабрыцы да зімовых святаў.

А схаваны гэты інгрэдыент у зефіры “Латэ-Карамель”. Бабруйцы ўпэўненыя, што да іх яшчэ ніхто не “саліў” гэты папулярны дэсерт. 

Таксама на святочных чаяваннях можна будзе паласавацца халвой з пякучым перцам. А раней на фабрыцы ўжо выпускалі зефір з брусніцамі ды чырвоным перцам – і ён сапраўды крыху “падпякаў”, а таксама халву з соллю. Пакуль навінак няма на сайце фабрыкі, але абяцаюць, што да святаў яны мусяць з’явіцца ў крамах. Абавязкова раскажы, калі пачастуешся! 

А таксама пішы ў наш інстаграм, якую яшчэ бабруйскую прадукцыю, ці са згадваннем нашага горада, рэкамендуеш? 

Цікавае

Спецпраекты