Раім песні, створаныя бабруйчанамі. Суб’ектыўны топ, ад поп-музыкі да рэп-метала

 

Panna Anna “Пачуйце нас”

З таленавітай бабруйскай музыканткай Ганнай мы размаўлялі напрыканцы мінулага года, пачытаць гутарку можна па спасылцы. Тады ў Panna Anna толькі выйшаў альбом “Я видел смерть”. Цяпер яна дзеліцца ў сваім інстаграм, што ўсе апошнія песні пішуцца ў яе па-беларуску: “Словы самі кладуцца на музыку, нібыта ўва мне прачнуўся беларускі паэт”. Раім паслухаць “Пачуйце нас” і кавалак новай, пяшчотнай, але пакуль безназоўнай песні:

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Panna Anna (@panna_anna_music)

Пазнаёміцца з творчасцю Ганны можна на ўсіх папулярных стрымінгавых пляцоўках.

 

Бачу ўпершыню “Менск вясной”

Алесь Сьнег – аўтар тэкстаў і адзін з выканаўцаў гурта – нарадзіўся ў Бабруйску. Можаш ведаць яго як паэта і дырэктара ўжо неіснуючай “Арт Сядзібы”. За музыку ў “Бачу ўпершыню” адказвае Уладзь Лепяшынскі – раней ён спяваў у гурце “Лепшы Квас”. Прапануем тваёй увазе кліп на песню “Менск вясной”, што ўжо набраў у ютубе больш за 12 тысячаў праглядаў. А тіктокеры наздымалі на яе шмат відэа, глядзі іх па спасылцы.

 

 

Дарэчы, на музычных пляцоўках можна ацаніць і навінку ад хлопцаў  – песню “Дыхай глыбей”.

 

Ліса “Трымай”

“Ты не забывай, што свет такі прыгожы – калі побач мы”, – спявае Ліса.  Бабруйчанка Лісавета Іларыёнава падлеткам пачынала спяваць на Сацыялцы, пасля выкладала вакал у гарадскіх студыях, удзельнічала ў конкурсах на тэлебачанні, запісала акустычны альбом “Маски срывай руками”. І, судзячы па колькасці новых песняў – другі доўга чакаць нам не давядзецца. Паслухаць творчасць Лісы – а яна аўтарка тэкстаў і музыкі, можна на ўсіх папулярных лічбавых пляцоўках.

 

 

Калі табе патрэбны рамантычны, летуценны настрой – гэта да Лісы.

 

Tankas “Феникс”

У гурце вядуць рэй два бабруйцы – КАСТЯН (Косця Ражкоў – яго ты можаш памятаць па «No Time To Die») і TANAKA (Жэня Бушуеў). Нядаўна хлопцы выдалі альбом “603”, у якім расказалі праз песні асабістыя гісторыі. Меладычная “Фенікс” – пра разбітае сэрца, на яе ўжо зрабілі відэа:

 

 

Любіш музыку пацяжэй? Рэп-метал ад Tankas мусіць табе спадабацца! Таксама раім паслухаць сольныя працы КАСТЯН – “Страх и ненависть в Бобруйске” і “Интер 54” – яны прысвечаныя нашаму гораду і двару, дзе рос музыка.

 

Geshua “Не плевать”

Калісьці Гена Калоднік граў на бас-гітары з металістамі «Straight Land», а зараз стварае вельмі якасную танцавальную музыку. Пад “Не плевать” класна шпацыраваць, танчыць пад дажджом ці ехаць у аўто па начной трасе пасля спякотнага дня, з адчыненымі вокнамі – і з пачуццём закаханасці ў сэрцы:

 

 

Паслухаць іншыя песні Гены можна на ўсіх папулярных пляцоўках, у тым ліку на ютубе. Настойліва раім таксама паслухаць яго сумесныя з гітарыстам Smithgun кампазіцыі, напрыклад – “Мы одно”:

 

 

NO DRINK NO PASS “Pray For The Rain”

У 2020 годзе бабруйцы запісалі дэбютны альбом “Sweet and Vicious”. А ў гэтым з’явіліся на афіцыйнай складанцы “Бі-2” з каверам “Я никому не верю”:

 

 

Каманда паўстала з музыкаў, што гралі ў “Human Hate”, і з Melodic Death Metal пераскочыла ў не менш меладычны, класічны рок з сакавітым вакалам. Наагул, раім вам паслухаць усё, што хлопцы выклалі на стрымінгавыя пляцоўкі – бо трэба разбураць міф пра тое, што сваё, гэта нешта бляклае і сумнае. Зусім не! Гэтай музыкай можна з гонарам прэзентаваць наш горад.

 

 

𝘕𝘜𝘛𝘌𝘒𝘐 “Кома”

Не ўсе нават у Бабруйску ведаюць, што Nuteki – гурт, які нарадзіўся ў нашым горадзе, і, акрамя нязменнага фронтмэна Мішы Накарашвілі, ад пачатку ў ім былі яшчэ бабруйцы – Карына Накарашвілі і Кірыл Мацюшэнка (цяпер ён музычны прадзюсар). З часоў хіта “Стекло моей души” творчасць гурта значна палягчэла. Нават у параўнанні з “Так кахаць”, які колькі год таму пераклалі на беларускую мову, апошняя апублікаваная праца “Кома” – гэта, хутчэй, поп:

 

 

У Мішы ёсць і сольны поп-праект – Миша Ли, што праўда, пазней 2020-га года запісаў мы не знайшлі.

 

 

І гэта далёка не ўсё, працяг будзе! Прапаноўвай і ты свае варыянты ў каментарах у нашым інстаграм.

 

Цікавае

Спецпраекты