Гісторыя, якую мы хочам табе расказаць, закранае абедзве гэтыя даты.
Па-першае, калі наведаеш Мінскія могілкі на Дзяды, і будзеш ісці па цэнтральнай алеі, па левым яе баку заўважыш старое надмагілле. На ім пазначана, што там спачывае Даніла Шабунеўскі, народжаны ў 1827-м і памерлы ў 1899-м годзе. Хто ж гэта такі?
Поўнае яго імя – Апалінарый-Даніла Іванавіч Шабунеўскі, што служыў паштальёнам, а пазней стаў памочнікам паштмайстара павятовай паштовай канторы Бабруйска, куды перавёз сваю сям’ю.
Яго сын, Станіслаў, хоць і не нарадзіўся ў нашым горадзе, але меў да яго непасрэднае дачыненне. Па-першае, тут хлопец гадаваўся ды наведваў прагімназію.
Падлеткам ён з’ехаў, спярша вучыцца ў Слуцк, пасля ў Пецярбург – на курс архітэктуры, каб спраектаваць шэраг цікавых будынкаў у Гомлі і Бабруйску.
Нашаму гораду Шабунеўскі падарыў сапраўдную разынку – касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі! Таксама, як мяркуюць мясцовыя гісторыкі, ён спраектаваў будынак даходнага дома на Сацыялцы, сёння ў ім размяшчаецца краязнаўчы музей.
На жаль, талент не абараняе ад злых людзей. І ў лютым 1931 года архітэктар быў упершыню арыштаваны, праз пэўны час вызвалены. Другі раз Станіслава арыштавалі ў 1937 годзе. Асуджаны і зняволены ў папраўча-працоўны лагер на 10 гадоў (Мядзведжая Гара, Беламорканал), дзе і памёр у хуткім часе.
Сёння прыгадваем усіх рэпрэсаваных, усіх загінулых ад рук катаў, усіх «паэтаў», кім бы яны ні былі – архітэктарамі, пісьменнікамі, навукоўцамі ці проста сумленнымі людзьмі.