Шматдзетныя = сацыяльныя? Адкуль бяруцца стэрэатыпы пра вялікія сем’і

Літаральна на днях у інстаграм “Вячэрняга Бабруйска” абмяркоўвалі непрыемную сітуацыю: на вуліцы Гагарына-27 дзеці знялі пакрыццё з гульнявой пляцоўкі. І ў каментарах адразу з’явіліся людзі, якія абвінавацілі ва ўсім “шматдзетныя сем’і”. Нібыта маці (да татаў, як звычайна, прэтэнзій няма), якія жывуць у бліжэйшых дамах, маюць “па сем дзяцей” і зусім не маюць часу каб займацца выхаваннем. Пры гэтым каментатары(кі) звыкла прыроўнівалі шматдзетныя сем’і да сацыяльна-небяспечных. І нягледзячы на сведчанні мясцовых, якія кажуць, што ў руйнаванні пляцоўкі ўдзельнічаюць дзеці са звычайных сем’яў, такія думкі паўтараліся цягам абмеркавання. Але чаму яны так моцна ўкараніліся ў нашым жыцці?

Мы пацікавіліся, што думаюць на гэты конт бабуля і дзядуля чацвярых унукаў(чак), а таксама бабруйцы, што самі раслі ў шматдзетных сем’ях.

Ілюстрацыйнае фота: Anny Patterson, pexels.com

“Найчасцей чую стэрэатып, што шматдзетныя сем’і = сацыяльныя”

– У маёй дачкі чацвёра дзяцей, – распавядае бабруйчанка Надзея. – І ў нашым коле вельмі шмат вялікіх сем’яў. Ёсць такія, у якіх пяцёра дзяцей, у іншых вось-вось мусіць нарадзіцца чацвёртае. Апроч таго па вопыце сваёй ранейшай працы я шмат стасункаў мела з такімі сем’ямі. Таму мяне моцна абурае, калі бачу, як шматдзетныя сем’і прыроўніваюць да “сацыяльна-небяспечных”.

Надзея ды ейны муж Пётр прыгадваюць, якія меркаванні ім даводзілася чуць пра шматдзетныя сем’і:

– Што ў людзей з нармальным інтэлектам шмат дзяцей не бывае, ­– пералічвае Пётр. – Наступны варыянт: нараджаюць дзеля грашовай дапамогі. Яшчэ адзін: гэта не таму, што дзяцей хочуць, а сексуальная распуста. І яшчэ адзін варыянт: шмат дзяцей нармальна выхаваць немагчыма. А “бацькі ў такіх сем’ях п’яніцы-алкаголікі, дэбашыры, дармаеды”. І гэтак далей. І маё меркаванне, натуральна, што гэта абсалютнае глупства.

Бо наогул абагульненні – гэта глупства, а сем’і ўсялякія розныя бываюць у розных групах.

– Яшчэ ёсць такое меркаванне, што плодзяць галечу, бо дзіця ўтрымліваць дорага, а чацвярых наогул незразумела як, – дадае Надзея. – Але найчасцей чую стэрэатып, што шматдзетныя сем’і = сацыяльныя сем’і. І больш за ўсё мяне абурае, калі лічаць, што ў шматдзетных сем’ях дзеці нявыхаваныя. Вось чамусьці менавіта з такіх сем’яў дзеці мусяць ламаць лавачкі, ці іншы інвентар у двары. Адразу думаюць на іх! Калі дзіця ў пясочніцы абсыпала другое дзіця пяском, то гэта дзіця з шматдзетнай, то-бок, сацыяльнай сям’і, – кажа суразмоўніца з іроніяй.

Пётр кажа, што яго насамрэч яшчэ больш абурае стаўленне да гэтага пытання з боку тых, хто яго асвятляе:

– Самі журналісты ў двукоссі – па-іншаму я не магу іх назваць, поўныя стэрэатыпаў, маюць даволі маленькі вопыт стасункаў з такой групай людзей, судзяць па расповедах “знаўцаў на лавачках”, абсалютна некампетэнтныя. І ніхто за гэтым не сочыць і ніхто гэта не спыняе!

Надзея пагаджаецца з мужам і раіць нам прагледзець у сацсетках суполкі з бабруйскімі навінамі:

– Напрыклад, пішуць: “дзіця выпала з акна, яно з шматдзетнай сям’і”. Таксама пра памерлую котку было, што нейкая дзяўчынка яе круціла, і паўсюль было ўказана, што яна з шматдзетнай сям’і. Пастаянна гэта падкрэсліваецца. Ствараецца ўражанне, што дзеці з не шматдзетных сем’яў – залатыя, і ўсё ў іх выдатна. Лічу, што гэта прапаганда варожасці паводле сацыяльнай прыкметы.

Скрыншот з інстаграм “Вячэрняга Бабруйска”

Наша суразмоўніца прыгадвае яшчэ адно меркаванне адносна шматдзетных сем’яў, што яны абавязкова дрэнна вучацца, не могуць атрымаць вышэйшую адукацыю і стаць добрымі спецыялістамі.

– Нібыта для іх існуе адзін шлях – на завод, у калгас ці ў дворнікі, ці наогул – у турму. А ў школе для шматдзетных сем’яў вядуцца спецыяльныя спісы, але не заўсёды яны для таго, каб дапамагаць, а менавіта каб кантраляваць, бо існуе меркаванне, што большасць правапарушэнняў і злачынстваў здзяйсняюць дзеці з вялікіх сем’яў. Хоць на сёння, сыходзячы з маёй практыкі – усё наадварот, менавіта дзеці з малых сем’яў часцей выклікаліся на нараду школы ды на ўліку стаялі. І сёння я бачу, як яны не працуюць, і жыццё ў некаторых не склалася. Так што тут не мае сэнсу штось прывязваць да колькасці дзяцей у сям’і.

Мяркую, што шматдзетныя сем’і, таксама як і тыя, у якіх адно-двое дзяцей – могуць быць як добрыя, так і не… Калі ў нейкай сям’і дарослыя п’юць, то мы іх першапачаткова не любім – ёсць там дзеці, або няма. Але калі яны ёсць – яшчэ больш не любім, і тады пачынаюцца чаплянні ярлыкоў: вось, яны дапамогу атрымліваюць, за яе п’юць, дзеці галодныя, абарваныя, не трэба ім дазваляць нараджаць, трубы перавязаць і гэтак далей. Калі ж з не шматдзетных, добрых сем’яў дзеці паводзяць сябе дрэнна – гэта ім прабачаецца. Ну – падумаеш, сям’я ж нармальная, бацькі працуюць, тата паспяховы бізнесмен. Ня страшна – выправіцца. І ўвесь гэты наратыў падтрымліваецца СМІ.

Нават калі будуюць дамы, кажуць: вось, збудавалі сацыяльны дом. Яны не ведаюць, хто там будзе жыць, гэтых людзей персанальна – але меркаванне ўжо склалася.

Але з чаго пачаць, каб вырашыць гэтую праблему? Надзея мяркуе, што пачынаць трэба з дзіцячага садочка, школы, СМІ, тлумачыць паўсюль, што нельга прыроўніваць шматдзетныя сем’і да сацыяльных. Але і на “дрэнных” па меркаванні грамадства, таксама не ставіць крыж.

– Напрыклад, у нашым доме жыве шматдзетная сям’я, якая лічылася сацыяльнай, у ёй чацвёра дзяцей. Бацькі выпівалі, але пасля маці закадзіравалася, дзеці павырасталі. І з чацвярых толькі адзін выпівае, але пры гэтым мае сталую працу. А тыя трое – абсалютна цудоўныя, у іх ва ўсіх сем’і, дзеці, яны працуюць. Таму, лічу, у гэтым пытанні зусім нельга кіравацца на штампы, – рэзюмуе суразмоўца.

Ілюстрацыйнае фота: Matheus Bertelli, pexels.com

“Мне не падабалася прасіць. Я ўжо ў 14 гадоў пачала сама зарабляць сабе кішэнныя грошы”

Яшчэ адна наша суразмоўніца – Кацярына, мае 32 гады, яна вырасла ў сям’і, у якой гадавалі чацвярых дзяцей, і яна – другая з іх.

– Мае бацькі – самыя звычайныя людзі, наёмныя работнікі, а калі раслі малодшыя, мама доўга не працавала, і жылі мы на заробак аднаго таты. Маё дзяцінства прыпала на 90-я-2000-я. Вядома, мы жылі небагата, нават даволі бедна. Не галадалі, вядома, але нейкія прадукты елі радзей, нейкіх не ведалі зусім. У нас было ўсё неабходнае, але звычайна не больш за тое. Многія рэчы, такія як відэаплэеры, камп’ютары, мабільныя тэлефоны з’яўляліся ў нас пазней за іншых. Але пра гэта не шкадую – у нас быў поўны дом кніг, і гэта зрабіла мне болей карысці. 

Вядома, я сутыкалася з чужымі стэрэатыпамі наконт шматдзетных сем’яў. У мае часы гэта больш было пра тое, што гэта “бедныя, нішчымныя сем’і, галадранцы, плодзяць беднату”. Але я расла ў добрым асяроддзі, хадзіла ў добрую школу, выдатна вучылася, і сутыкалася з гэтым рэдка. Адчувала, што знаёмыя дарослыя, настаўнікі, бацькі аднакласнікаў можа недзе і шкадуюць нас, але хутчэй ставяцца са спачуваннем і разуменнем. Мне здаецца, нас паважалі за тое, што, нягледзячы на фінансавыя цяжкасці, сям’я прыстойная, дзеці маюць усё патрэбнае і ўсе добра выхаваныя, разумныя і таленавітыя (хай гэта і гучыць нясціпла). Я не толькі была выдатніцай, пераможцай алімпіяд, яшчэ была добрай у спорце, спявала, займалася ў розных гуртках. Таму ў маім коле мяне абражалі рэдка. 

Але ўсё ж такое здаралася, і я заўжды добра разумела, што праз нашу беднасць. Неяк я прыйшла на другі год у школу ў тым жа касцюме, што і ў мінулым, бо фактычна не вырасла за год і касцюм мне, здаецца, падабаўся. Адзін з аднакласнікаў мяне абсмяяў. Неяк купіла для школы штаны і пінжак – чорныя, усё як след, а завуч мне заявіла, што такія вузкія штаны (тады так было модна) – не дзелавы стыль і я не магу так хадзіць у школу. Я на ўвесь клас мусіла сказаць, што ў нас няма грошай купіць яшчэ адны. Вядома, у такіх сітуацыях было крыўдна.

Але крыўдзілася не на бацькоў, а на тых, хто ставіць мяне ў такія сітуацыі.

Увогуле, агучваць тое, што ў нас “няма грошай”, даводзілася часта – пры паборах, прапановах нейкіх экскурсій і гэтак далей. Але я не адчувала сябе нейкім моцным выключэннем з усіх іншых. Тады многія жылі бедна, не толькі шматдзетныя сем’і. 

Так ці іначай, я прымала гэта, яно гартавала мяне, я расла менш успрымальнай да таго, што пра мяне думаюць іншыя, галоўным было пачуццё ўласнай годнасці. Я адчувала: хай у мяне няма грошай, затое я прыстойны чалавек, вельмі здольная і разумная, лепшая ў класе, часам і ў цэлай школе – у мяне ёсць лепшыя рэчы, каб ганарыцца, чым дарагія шмоткі і грошы бацькоў.

У нас было многа адзення сэканд-хэнд, з гуманітарнай дапамогі і бабруйскіх сэкандаў. Яны, праўда, тады былі зусім не такія, як цяпер. І прызнацца, што ты носіш адзенне з другіх рук, было вельмі сорамна, гэта лічылася зусім не камільфо. Калі праз 15 гадоў у нас з’явілася мода на сэканды і апранацца там сталі амаль усе, у мяне былі вельмі своеасаблівыя адчуванні (смяецца). Шкада, што такой моды не было ў маім дзяцінстве – тады наша сям’я адчувала б сябе істотна лепей.

“Льготнікамі” тады амаль не абражалі, бо вялікіх льгот не было, нават бясплатнага харчавання ў школе. Але і праз тыя малыя, што былі, часам маглі паглядзець коса. Мне не падабалася прасіць. Я ўжо ў 14 гадоў пачала сама зарабляць кішэнныя грошы – падцягвала па англійскай мове вучняў пачатковых класаў. 

Кацярына разважае, як ёй дапамагло ці перашкодзіла тое, што яна з шматдзетнай сям’і:

– У мяне амаль не было дзяцінства – мусіла глядзець меншых, рабіць шмат хатніх спраў. Гэта пакінула свае траўмы ў псіхіцы. Але дзякуючы гэтаму я вырасла вельмі самастойнай і адказнай. Я люблю свайго брата і сёстраў, я рада, што нас так многа, напэўна, гэта зрабіла мяне больш эмпатычнай і адкрытай да іншых. Грошай не было, таму багацце не было каштоўнасцю – я сфармавалася з разуменнем таго, што галоўныя каштоўнасці – духоўныя.

Дзяцінства ў беднасці таксама пакінула, вядома, свае траўмы. Але, не маючы нічога, я дасягнула ўсяго сама, сваім розумам, талентам і працай, і таму я ведаю дакладна, чаго я вартая. Што пераважвае, гэтыя плюсы ці псіхалагічныя траўмы? Я думаю, траўмы ёсць у кожнага, гэта частка нашай асобы, а іх можна пралячыць з псіхатэрапеўтам. Таму, думаю, у выніку мая шматдзетная сям’я ўсё ж дапамагла мне ў жыцці.

Таксама мы запыталіся ў суразмоўніцы яе меркаванне наконт стэрэатыпаў ды негатыву, якія існуюць у беларускім грамадстве наконт вялікіх сем’яў. Кацярына кажа, што першапачаткова сваю ролю грала агульная галеча, якая панавала ў 90-я і 2000-я гады.

– Для некаторых аддушынай ад уласнай нястачы было знайсці кагосьці, хто яшчэ бяднейшы, каб прынізіць, і на яго фоне адчуць сябе крыху лепш. Бывала, канечне, што, наадварот, забяспечаныя людзі зневажалі шматдзетных, якія “плодзяць беднату”. Але самі гэтыя забяспечаныя часта таксама з беднаты выйшлі – і гэта быў іх спосаб змагацца з уласнай траўмай.

Потым, калі беларусы пачалі выбірацца з беднасці, праблемай стала няроўнасць – але выплеснуць гнеў на карупцыянераў ці яшчэ нейкіх багацеяў не было магчымасці, ды і нячаста іх заўважалі.

А вось шматдзетныя ільготнікі, якія змаглі пабудаваць сабе жытло на ўмовах, недаступных іншым, былі побач, пад рукой. Іх крытыкаваць было лёгка.  Людзі адчувалі гэта як несправядлівасць: яны зарабляюць цяжкай працай, а хтосьці нарадзіў трэцяе дзіця – і маеш кватэру амаль бясплатна. І сапраўды ж была доля сем’яў, дзе дзяцей нараджалі дзеля жытла, дзеля выплаты дапамогі. Усё гэта было і ёсць у бяднейшых слаях грамадства. 

Льготы заўжды ствараюць няроўнасць (хаця адначасова згладжваюць яе ў іншых сэнсах) і крыўдзяць тых, хто льгот не мае. Яны не заўжды справядлівыя, і калі яны вялікія, гэта непазбежна стварае тых самых “дармаедаў” – якія не працуюць, а жывуць за дапамогу на пяцёх дзяцей. І гэта не толькі ў Беларусі – у любой краіне, дзе ёсць вялікія льготы. Напрыклад, у Польшчы, дзе я жыву, цяпер выплачваюць даволі вялікую грашовую дапамогу на ўсіх дзяцей да 18 гадоў. Звычайна тут паважаюць шматдзетныя сем’і, бо краіна рэлігійная, але ў інтэрнэце часта можна сустрэць хейт у адрас атрымальнікаў такіх дапамог: бо адны працуюць і плацяць падаткі, якія ўсё растуць, а іншыя маюць грошы за проста так.

Тут мы яшчэ выходзім на праблему банальнай сацыяльна-эканамічнай пісьменнасці. Беларусь старэе і вымірае, пенсіянераў усё больш, а будзе яшчэ больш. Каб плаціць ім пенсіі, патрэбныя людзі, якія будуць працаваць. Каб былі працаўнікі – трэба, каб іх нехта нарадзіў, а большасць нараджае адно, максімум двое дзяцей. Колькасць моладзі ў краіне апошнія дзесяць год падае вельмі імкліва, дзяцей усё менш. Гэта нясе вялізныя эканамічныя пагрозы для краіны. Таму шматдзетныя сем’і – гэта добра для ўсіх, і ўсе мусяць ім радавацца, і ўлады павінны стымуляваць нараджэнне дзяцей. 

Але людзі гэтага не разумеюць, бо ўлады пра гэта адкрыта не кажуць – пра тое, якія агромністыя ў краіне дэмаграфічныя праблемы (бо нельга ж так проста ўзяць і прызнаць свой правал – чаму ў квітнеючай Беларусі дарослыя масава з’язджаюць за мяжу, а дзеці зусім не спяшаюцца нараджацца).

Можа быць, калі б людзям казалі праўду, і стаўленне да шматдзетных сем’яў з часам змянілася б, – мяркуе Кацярына.

Ілюстрацыйнае фота: cottonbro studio, pexels.com

“Тое, што я з вялікай сям’і – амаль заўсёды дапамагала”

А вось свядомае дзяцінства яшчэ аднаго нашага суразмоўцы – 23-гадовага Мікіты, прыпала на 2010-я, таму хоць нейкага негатыву хлопец прыгадаць не здолеў. Адзначым, што ён – сярэдні ў сям’і, мае старэйшую сястру і малодшага брата.

– Шчыра кажучы, я зусім не сутыкаўся хоць з нейкімі стэрэатыпамі ці негатывам адносна таго, што я з шматдзетнай сям’і. Ані сістэмна, ані пазасістэмна. Звычайна людзі наогул ніколі не пыталі, з якой я сям’і. А калі чулі, што маю брата ды сястру, хіба што негатыўных рэакцыяў не было.

Тое, што я з вялікай сям’і – амаль заўсёды дапамагала. Файна мець брата ды сястру, і не так сумна, і дапамагчы могуць.

Што тычыцца дапамогі ад дзяржавы, у школе меў дармовыя сняданкі. Можа яшчэ нейкія льготы былі, але ж такія, мінімальныя. Кватэру мае бацькі набылі самі.

Мяркую, што ў грамадстве больш шавіністычны падыход да пытання зусім вялікіх сем’яў, маўляў, калі 10 дзяцей – то яны абавязкова ромскага паходжання. Але асабіста я з нейкім негатывам не сутыкаўся.

Трэба заахвочваць ствараць вялікія сем’і!

Але гэта ўжо залежыць ад эканамічнага фактару. Сёння не ўсе людзі могуць дазволіць сабе нарадзіць вельмі шмат дзяцей, – мяркуе наш суразмоўца.

Ёсць, што сказаць на гэты конт? Пішы ў наш інстаграм!