«Штодня думаю пра дом і родных, некаторых з якіх ужо ніколі не абдыму». Гутарка з музыкам Вячаславам Аркатавым

28-гадовы бабруец Вячаслаў Аркатаў захапляецца музыкай, дзіджэінгам. Працаваў гукарэжысёрам спачатку ў школе-каледжы мастацтваў, потым – у Доме культуры Ленінскага раёну. Стварыў сваю хатнюю студыю. Пасля затрымання і крымінальнай справы маладзён быў вымушаны ўцякаць за мяжу. Цяпер Вячаслаў жыве ў Варшаве, дзе спрабуе наноў знайсці сябе, вярнуцца да музыкі, будаваць планы. Але ўжо год бабруец штодня ўзгадвае дом і спадзяецца вярнуцца і абняць сваю бабулю.

Вячаслаў Аркатаў. Фота: асабісты архіў Вячаслава Аркатава.

Досвед сумнення

Бабруец Вячаслаў Аркатаў – музыка. З творчасцю і музыкай ён з дзяцінства.

«Я заўсёды любіў спяваць, у школе асабліва, мяне цягнула да музыкі. Мой бацька – музыка. Мне, колькі сябе памятаю, падабалася слухаць музыку, знаёміцца з новымі кампазіцыямі, стылямі. Музыка стала маім хобі, а паступова – прафесіяй», – распавядае маладзён.

Адукацыю, аднак, хлопец атрымаў не музычную. Спачатку пасля школы вучыўся ў гандлёвым каледжы, потым скончыў лінгвістычны ўніверсітэт. Пасля сканчэння каледжу пайшоў працаваць у музычную краму «Forte» у Бабруйску.

«Там я атрымаў шмат досведу па музычнай частцы, абсталяванні, даведаўся, як працуе бізнес продажу музычных інструментаў, – дзеліцца маладзён. – Таксама гэта была стартавая кропка да разумення, што адбываецца ў нашай краіне. Хоць і да гэтага ў мяне быў досвед сумнення. Бо я бываў у Італіі, і бачыў, як людзі там жывуць, а як – у Беларусі. Падчас працы я бачыў праблемы з бізнесам, пастаўкамі, у тым ліку, праз палітычную сітуацыю. Гэта ўсё ўплывала на мой светапогляд і як я бачыў жыццё ў Беларусі».

З працы ў краме «Forte» пачалася цікавасць Вячаслава да гуказапісу, гукарэжысуры. Там хлопец купіў абсталяванне для сваёй хатняй студыі.

Цудоўны калектыў і прапаганда

Пасля сканчэння ўніверсітэту бабруец пайшоў працаваць у гімназію-каледж мастацтваў гукарэжысёрам.

«Знаёмы гукарэжысёр адтуль сыходзіў і мне параілі прыйсці на яго месца. Праца была не самая складаная, я набіраўся досведу ў канцэртнай гукарэжысуры. Прапрацаваў там 6 месяцаў да лета 2022 года, – распавядае маладзён. – Мне вельмі падабаўся калектыў – там цудоўныя хлопцы, робяць усё, што могуць з тымі не самымі сучаснымі тэхналогіямі, якія там былі ў наяўнасці. У сучасным свеце можна аптымізаваць працу гукарэжысёра і каманды, але ў дзяржаўных структурах гэта ўсё працавала вось так, не самым паваротлівым чынам. Было шмат прапаганды, канешне. Прыходзілі супрацоўнікі міліцыі, чыталі бацькам школьнікаў розныя бздуры пра інтэрнэт. Калі я агучваў гэтыя мерапрыемствы, гэты было вельмі крынжова».

Нягледзячы на добры калектыў, у такой атмасферы Вячаслаў доўга не вытрымаў і праз 6 месяцаў, перад новым годам напісаў заяву на сыход. Улетку яго запрасілі на працу ў Дом культуры Ленінскага раёну.

«Я спачатку моцна сумняваўся. Магчыма, адчуваў штосьці. Але мне вельмі патрэбная была праца. І гэта было блізка да дому, бо я жыў на Фарштаце», – кажа наш суразмоўца.

Музыка з савецкага мінулага і спісы забароненых выканаўцаў

У Доме культуры, як і ў школе-каледжы, Вячаславу спадабаўся калектыў – шмат з кім з тых людзей ён дагэтуль камунікуе.

«Там усе таленавітыя артыстычныя людзі, і я іх вельмі паважаю. Так, былі пытанні наконт музыкі, рэпертуару, але я засяроджваўся на тым, што я працую для людзей, і мае густы там гулялі другасную ролю. Так, была адна і тая ж музыка штогод з савецкага мінулага, спісы забароненых выканаўцаў, і гэта паднадакучыла ўсім. Але я думаў, што калі людзі гэтага хацелі, то я мусіў рабіць гэтую працу – я так разважаў», – распавядае музыка.

Заробак у Доме культуры быў нізкі – каля 400 рублёў. Пры гэтым расклад не быў стабільным – часам працы зусім не было, а ў іншыя дні Вячаслаў вяртаўся дамоў толькі ноччу, а яшчэ і дадатковую працу рабіў. Падтрымліваць нармальны ўзровень жыццё з такім заробкам маладзёну дазвалялі падпрацоўку.

Вячаслаў Аркатаў. Фота: асабісты архіў Вячаслава Аркатава.

«Мяне сябры клікалі граць і дапамагаць у гукарэжысуры ў Санкт-Пецярбург, таксама ў напісанні музыкі, навучанні скрэтчынгу, дзіджэінгу. Гэта падтрымлівала, таму я мог працягваць працаваць за той нізкі заробак. Хоць працаваць было ўсё складаней. Дырэктар прасіў мяне праводзіць мерапрыемствы для сілавікоў, у прыватнасці, Новы год. Ён сам быў звязаны з сілавымі структурамі, і ўрэшце, я думаю, ён мяне і здаў ім», – распавядае Вячаслаў.

«Калі ты там знаходзішся, не ўсведамляеш, што ты ў небяспецы»

Мінулай зімой у маладзёна здарылася сварка з кіроўцам Дому культуры. Наш суразмоўца спрабаваў дамагчыся справядлівасці ў канфлікце, у якім не лічыў сябе вінаватым. Пасля таго як Вячаслаў зразумеў, што не здолее нічога дамагчыся, ён вырашыў звольніцца. Але ў дзень звальнення за Вячаславам прама ў ДК прыехалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Бабруйца затрымалі, кінулі на содні ў Бабруйскі ІЧУ, потым Магілёўскі, і ўрэшце распачалі супраць хлопца крымінальную справу.

«Я не скажу, што я хаваў сваю пазіцыю, але адначасова я не дэманстраваў яе, нічога не публікаваў, не рэпосціў. Калі за мной прыйшлі 11 лютага 2023 года, гэта было вельмі нечакана і раптоўна. Ніхто да гэтага мной не цікавіўся, – прыгадвае Вячаслаў. – У апошні мой дзень дырэктар абвінавачваў мяне, што я ладжу сабатаж на працы, а праз некалькі дзён мяне затрымалі. Я не чакаў небяспекі, бо не рабіў ніякіх супрацьпраўных дзеянняў. Магчыма, я быў занадта легкадумным. Хоць дагэтуль не лічу сябе нейкім палітычным актывістам, які б гучна выказваў сваё меркаванне. Але нават калі б выказваў, я не ведаю, што ў гэтым супрацьзаконнага. Я не адчуваў сябе ў небяспецы, але калі ты знаходзішся там, ты гэтага не ўсведамляеш, што ты ў небяспецы».

«Мне заўсёды хацелася дамоў»

У Варшаве Вячаслаў апынуўся 22 сакавіка 2023 года, акурат на свой дзень народзінаў. Пераезд быў няпростым – бабруец эвакуяваўся праз Расею з дапамогай сяброў. У Маскве зрабіў польскую гуманітарную візу.

«Каля польскай амбасады там я сустрэў дзяўчыну, яна была таксама з Бабруйска. У яе вельмі няпростая гісторыя. Яна ўцякала з дзіцём. Мы разам зрабілі візу, потым паляцелі ў Калінінград, і там ужо перайшлі мяжу з Польшчай», – распавядае Вячаслаў.

Вячаслаў падаўся ў Польшчы на міжнародную абарону, але толькі праз паўгода пасля пераезду.

«Спачатку адкладаў, бо ўсё спадзяваўся, што штосьці зменіцца, і я вярнуся дамоў, – кажа бабруец. – Бо калі я з’язджаў, гэта нават не было цалкам свядомае рашэнне. Больш спантаннае. Проста я разумеў, што мне там небяспечна знаходзіцца. Я не скажу, што надзея вярнуцца памерла. Я дагэтуль хачу гэтага. Не таму, што мне тут кепска, а таму, што дом – гэта дом для мяне. І вымушаная эміграцыя даецца мне цяжка. Калі я быў маленькі, мяне часам бралі ў сям’ю ў Італію. І я памятаю, што там два месяцы для мяне былі як вечнасць. Там усё было цудоўна, але мне заўсёды хацелася дамоў».

«Да затрымання адчуваў глебу пад нагамі. Тое, што здарылася, рэзка яе выбіла»

Вячаслаў Аркатаў. Фота: асабісты архіў Вячаслава Аркатава.

Да затрымання і ад’езду Вячаслаў думаў пра тое, каб сысці з працы ў клубе і цалкам заняцца ўласнай музыкай, працаваць на сябе. Дзеля гэтага маладзён сам стварыў хатнюю студыю – закупіў у яе неабходнае абсталяванне, пісаў музыку. Пакрысе прыходзіла ўсё больш і больш кліентаў, музыка пачала прыходзіць даход.

«Я займаўся звядзеннем музыкі, напісаннем. Нарэшце, карты склаліся, з’явілася партфоліа за столькі гадоў, працы, якія я рабіў для кліентаў. Я думаў, што звядзенне, гукарэжысура, напісанне музыкі, дзіджэінг будуць маім заняткам – у мяне быў план, каб з гэтага жыць і зарабляць. З’явіліся знаёмствы, сталыя замовы, я пачаў зарабляць на гэтым і хацеў сысці з апошняй сваёй працы і цалкам прысвяціць сябе хатняй студыі, сваёй музыцы, – распавядае бабруец. – Трэба было яшчэ крыху абсталявання дакупіць. Але мяне затрымалі, і я быў вымушаны з’ехаць. І гэта моцна паўплывала на мой агульны стан, настрой. Штодня я думаю пра дом, гартаю навіны, тэлефаную бабулі, пытаюся, як там справы. Моцны сум. Цяжка, што не магу вярнуцца».

Цяпер Вячаслаў ужо мае дазвол на жыхарства ў Польшчы, працуе гукарэжысёрам у адным з варшаўскіх кінатэатраў, але плануе шукаюць іншую, больш стабільную працу з сацпакетам.

«Я дагэтуль у стадыі адаптацыі. Прайшоў амаль год, але я не магу сказаць, што я тут дома. Да затрымання я адчуваў глебу пад нагамі, а тое, што здарылася, рэзка яе выбіла», – зазначае маладзён.

«Я перажыў здраду ад сваёй дзяржавы»

Пасля затрымання і ад’езду Вячаславу спатрэбілася дапамога псіхатэрапеўта.

«У мяне ўвогуле заўсёды была трывожнасць – і дзяцінства было складаным, няпростая атмасфера была ў сям’і. Было цяжка падчас навучання, працы. І калі адбылася гэтая несправядлівасць, у мяне пачалася проста параноя, – распавядае наш суразмоўца. – Я не мог давяраць людзям, не пазнаваў маму, бабулю. Я перажыў здраду ад сваёй дзяржавы. Бо ў нармальная дзяржаве міліцыя выконвае законы, абараняе, а тут атрымалася, што ўсё наадварот. І гэта моцна паўплывала на маю псіхіку. Мне цяпер нашмат лягчэй. Я магу хоць неяк фармуляваць свае думкі, ужо свабодна, не баючыся».

Вячаслаў ужо думае пра працяг сваёй справы і далейшай развіццё ў музыцы ў Польшчы, дзе ён бачыць шмат магчымасцяў – больш, чым у Беларусі.

«Тут сапраўды шмат варыянтаў для самаразвіцця, творчага палёту, напісання той музыкі, якая падабаецца. Я магу казаць тое што хачу, спяваць пра што хачу, што мяне хвалюе, без табуяваных тэмаў», – падкрэслівае маладзён.

Вячаслаў захапляецца дзіджэінгам і кажа, што ў Польшчы гэты кірунак, калі вінілавы прайгравальнік выкарыстоўваюць як музычны інструмент, вельмі развіты.

«Тут вялікая сцэна, чэмпіёны свету, высокі ўзровень. Карацей, тут вельмі спрыяльная атмасфера для электроннай музыкі, – кажа бабруец. – Я б не сказаў, што ў Беларусі ўсё было вельмі кепска – там было такое, але ў не самым развітым стане. У Менску зрэдку былі спаборніцтвы па дзіджэнгу, скрэтчы ў Менску. У Польшчы гэта праводзіцца штогод. Ідуць адборы на сусветныя спаборніцтвы. І калі ты трэніруешся, у цябе ёсць ідэі, свой музычны стыль, то цябе ў любым выпадку заўважаць і будуць запрашаць. Ты адчуваеш сябе часткай нечага большага. У Беларусі нас было вельмі мала, мы самі ўсё рабілі, і гэта, канешне, файна, але магчымасці былі моцна абмежаваныя».

«Ёсць страх, што людзі не зразумеюць»

Нягледзячы на рэдкія спаборніцтвы па дзіджэінгу ў Менску, Вячаслаў здолеў двойчы перамагчы на іх – у 2018 годзе заняў другое месца, у 2019 – першае.

«Ёсць у дзіджэінгу катэгорыя – скрэтч-дзіджэінг – гэта выкарыстанне вінілавага прайгравальніка як рытмічнага, перкусійнага музычнага інструменту. Вось па гэтым кірунку праходзілі спаборніцтвы. На іх трэба было імправізаваць, паказваць, што ты ўмееш. Таксама была катэгорыя «драмінг», у якой трэба сыграць барабаннае сола на вініле», – распавядае бабруец.

Вячаслаў задумваецца над перавозкай сваёй бабруйскай студыі ў Польшчу, хоча зрабіць гэта пасля змены жытла на больш камфортнае і прыдатнае да гукаапаратуры.

Перажыты досвед змяніў Вячаслава. Маладзён не ведае, ці зможа некалі цалкам аднавіцца, хоць і прыкладае да гэтага ўсе высілкі.

«Я стаў больш недаверлівым, яшчэ больш закрытым, аддаліўся ад людзей. Нават з сябрамі з Бабруйска ў мяне ёсць бар’ер, што я не адчуваю, што гэтыя людзі блізкія мне, што ім можна адкрыцца і распавесці пра свае перажыванні. Я свядома разарваў кантакт са многімі людзьмі, бо ёсць страх, што людзі не зразумеюць, што ўсё гэта абернецца супраць мяне», – кажа маладзён.

«Гэта ўжо іншыя людзі, не такія, якімі былі раней»

У першыя паўгода ў бяспецы Вячаславу часта снілася, што ён перасякае мяжу і вяртаецца дамоў, ці лётае над домам, ці штосьці, звязанае з сілавікамі.

«Агулам, я адчуваю апатыю. Я жыву і працую, але без былога імпэту, – кажа бабруец. – Дні ідуць, я разумею, што я ў бяспецы, што тут вялікая дыяспара, але дні ідуць – і ўсё. Я нават не ведаю, як гэта растлумачыць. Няма былога адчування. У Беларусі мне было цяжка шмат у чым, але да гэтага досведу я адчуваў жыццё, у мяне былі мэты, моцны каштоўнасці. Цяпер падаецца, што штосьці ўва мне разбілася».

Вячаслаў кажа, што ў Польшчы сустракае шмат людзей, якія прайшлі праз падобны да ягонага і нават горшы досвед.

«Хтосьці нават з фізічнымі траўмамі, ім была патрэбная медычная дапамога. Шмат тых, хто ўцёк з малымі дзецьмі. Я бачу, што гэтыя людзі вонкава стараюцца быць аптымістычнымі, але я адчуваю, што гэта ўжо іншыя людзі, не такія, якімі яны былі раней», – кажа музыка.

«У Беларусі няма рэсурсу для перамогі над несправядлівасцю»

Вячаслаў лічыць, што калі ў нашай краіне працягнуцца рэпрэсіі, плынь эміграцыі будзе яшчэ большай. Адначасова будзе яшчэ больш траўмаваных і азлобленых людзей.

«Працягнецца ўцечка рэсурсаў чалавечых, талентаў у самых розных сферах – ад звычайных працаўнікоў да айцішнікаў. Я бачу навокал сябе гэтых самых розных людзей. І яны яшчэ больш будуць з’язджаць. Будзе расці незадаволенасць закручваннем гаек. Даносы будуць квітнець яшчэ болей. Ні да чаго добрага гэта ўсё не прывядзе», – кажа бабруец.

Вячаслаў Аркатаў. Фота: асабісты архіў Вячаслава Аркатава.

Наш суразмоўца спадзяецца, што аднойчы момант пераменаў у Беларусі ўсё ж настане.

«Хоць, калі глядзіш на тое, што адбываецца ў свеце, у суседніх краінах, разумееш, што шмат што залежыць ад таго, што будзе там. Гэта маё меркаванне, – кажа Вячаслаў. – Бо ў Беларусі цяпер няма рэсурсу для адпору і перамогі над несправядлівасцю. Канешне, гэта моцна дэматывуе. Але я спадзяюся, што вярнуся дамоў, абдыму сяброў, родных, бабулю. Хоць ужо ёсць людзі, якіх я ніколі не абдыму. Літаральна нядаўна бабуля сказала, што памерла ейная сястра. Калі я быў маленькім, я хадзіў да яе ў госці, і мне хацелася б з ёй развітацца, але я не магу вярнуцца. І гэта жахліва».

Цікавае

Спецпраекты