Мы ўжо неаднойчы расказвалі табе пра валанцёрства – для чаго варта ім займацца, каб атрымаць новы вопыт і паспрабаваць сябе ў новым амплуа. Сёння чытай пра тое, якія задачы атрымалі выпускнікі восеньскага патоку інтэнсіву «Ад ідэі да запуску» і ментарскай праграмы «Дадай сябе». А яны сапраўды вартыя ўвагі ды натхняюць!
Наагул, як адзначае Наталля Халанская, каардынатарка праграмы прафісійнай падтрымкі «Дадай сябе», у апошніх патоках большая частка удзельнікаў(іц) цікавіліся валанцёрствам у сферы абароны жывёлаў ці экалогіі. Але таксама яны займаліся прафесійнай дзейнасцю – праводзілі анлайн-заняткі (ёга ды іншае), псіхалагічныя кансультацыі, коўч-сустрэчы.
Нагадаем, праграма разлічана на людзей узростам 30+, якія сутыкнуліся з пэўнымі прафесійнымі праблемамі. Па гэтай спасылцы можна пачытаць, з якімі запытамі прыходзяць на яе менці і ментары(кі).
– Удзельнікі ды ўдзельніцы інтэнсіваў і ментарскай праграмы атрымалі заданні правесці дзве-тры бясплатныя анлайн-кансультацыі па сваёй спецыяльнасці. Для каго іх праводзіць, яны абіралі самі. Другое – ім трэба было аказаць інфармацыйную падтрымку арганізацыям ці блогерам. Напрыклад, па тэме абароны жывёлаў ці экаактывістам, і расказаць пра іх у сацсетках.
Дарэчы, вось тут можна пачытаць гутарку з Кацярынай Кастрыцкай, псіхалагіняй і зоапсіхалагіняй, якая дапамагала ў межах праграмы распрацоўваць адукацыйную праграму для каманды валанцёраў супольнасці абаронцаў жывёлаў. Па задумцы, кінолаг і зоапсіхолаг адказваюць на пытанні падпісчыкаў праз сторыз у інстаграм.
Наталля прывяла спіс валанцёрскіх пажаданняў. Гэта тое, што самі удзельнікі(цы) маглі прапанаваць у якасці дапамогі іншым:
- псіхалагічная дапамога
- кансультацыя графічнага дызайнера па афармленні профілю
- манікюр і педыкюр
- наагул, усім, чым змагу, дапамагу
- правяду бясплатныя анлайн-кансультацыі
- валанцёрства ў дзіцячым доме ды інтэрнаце для пажылых людзей
- экалогія
- праца з падлеткамі
- дапамога бяздомным жывёлам
- культура
- праца з людзьмі старэйшага ўзросту
- ёга
- псіхатэрапія
- аналітыка і структураванне.
Наталля адзначае, што часам валанцёры самі не ўсведамляюць, наколькі важную і вялікую робяць працу.
– У час падвядзення вынікаў, калі я чытаю адказы валанцёраў, заўсёды здзіўляюся таму, што пішуць людзі. Яны пералічаюць усё зробленае, але практычна заўсёды дадаюць напрыканцы, што гэта няшмат. Хочацца сказаць ім: нават калі нам здаецца, што дапамога нязначная, для кагосьці гэта вельмі важна. А значыць – трэба працягваць гэта рабіць.
Вось некалькі адказаў валанцёраў, якія пажадалі застацца ананімнымі:
«Атрымалася, але крыху не так, як мне прапанавалі. Зрабіла так, як палічыла, што гэта сумленна».
«Пакуль вынікі сціплыя. На сёння я правяла дзве нефармальныя сустрэчы з жанчынамі пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту па прафілактыцы кагнітыўных парушэнняў. Яшчэ дамовілася аб правядзенні трэнінгу для валанцёраў, пакуль не праводзіла (у іх строга з афармленнем праграм, справаздач, пацвярджэннем кваліфікацыі), але планую. Дзякуй за ваш праект, вы робіце важную і патрэбную справу, бо часам так не хапае падтрымкі!»
«Мы на сувязі з прадстаўніком арганізацыі ўвесь час, я сачу за іх Instagram, і нават на ўзроўні падсвядомага шукаю/думаю над пастаўленай задачай. Праблема ў тым, што арганізацыя вельмі занятая, а нам бы для прадуктыўнай працы сустрэцца на пару-тройку вольных гадзін, каб не спяшацца і паглыбіцца ў кантэкст.
Што мы паспелі зрабіць:
- Намеціць планы, дапамагчы ім з тым, што ўжо ёсць (нагадаю, я абрала дапамагчы са стратэгіяй камунікацыі).
- Я пашукала патэнцыйных партнёраў. Праблема ў тым, што жывёлаў падтрымліваць не выгадна, бо няма падатковых прэферэнцый. Спорт, культура, дзеці, здароўе… А жывёлаў няма. Таму мы паднялі старыя лісты аб супрацоўніцтве на розныя тэмы, хочам зноў падасылаць іх. Пакуль такія навіны. Я б сказала, што не густа, але мы паспрабуем сустрэцца на наступным тыдні, думаю, гэта нас прасуне».
Як бачыш, у час інтэнсіву і ментарства ўдзельнікі(цы) адкрываюць у сабе новыя таленты і вучацца камунікаваць з рознымі людзьмі. Гісторыя валанцёрства наагул пра тое, як ты, у час дапамогі іншым, дапамагаеш сабе. Напрыклад, раней мы ўжо расказвалі пра тое, як нашы гераіні праз валанцёрства прыйшлі да ўласнай справы.
Тут ты можаш пачытаць пра тое, як і для чаго бабруйчанка валанцёрыла стылісткай і пра тое, чаму валанцёрства пасуе для ўсіх.
А тут – пра тое, як бабруйчанка валанцёрыла ў цэнтры для дарослых асобаў з інтэлектуальнымі парушэннямі, а пасля адвучылася на інструктарку-метадыстку адаптыўнай фізічнай культуры для асобаў з адхіленнямі ў стане здароўя і атрымала сертыфікат ёгатэрапеўткі. Таксама даведаешся, як анлайн дапамагае займацца любімай справай і дапамагаць людзям у любой кропцы свету.
Ці вось – цікавы прыклад анлайн-валанцёрства. Беларускі расказваюць дзяўчатам і жанчынам пра асаблівасці іх арганізма з дапамогай гінекалагіні. Натхняйся разам з намі!