Сучасная дзіцячая пляцоўка – якая яна? І пры чым тут рызыка і супраца архітэктараў з лекарамі?

А вы задумваліся хоць некалі, якую насамрэч ролю выконваюць дзіцячыя пляцоўкі ў горадзе? Навошта яны дзецям – проста, каб пакорпацца ў пясочку ці падурэць пасля школы? Ці шмат карысці ад іржавых арэляў, паламаных горак, пясочніц без пяску і са смеццем? Адначасова – што не так з большасцю яркіх пластыкавых комплексаў, што цяпер урачыста адкрываюць у горадзе? Што такое – нейрадынамічны падыход у праектаванні пляцовак? Распавядаем у нашым матэрыяле. 

Дзіцячая пляцоўка ў Мадрыдзе, Іспанія. Фота: lappset.com

Дзе знаходзіцца пляцоўка, на якой вы гуляеце з дзецьмі? Як  яна выглядае? Што можаце сказаць пра дызайн/знешні выгляд пляцоўкі? Ці бяспечная пляцоўка, на якой вы гуляеце? Падзяліцеся сваім досведам і меркаваннем, каб прыцягнуць увагу да стану дзяцячых плацовак Бабруйска! Запоўніце ананімную анкету па спасылцы. Гэта зойме не больш за 5 хвілін. Дзякуй!

Чым рэгулюцца дзіцячыя пляцоўкі ў Беларусі?

Дзіцячыя пляцоўкі – лесвіцы, горкі, арэлі, каруселі, балансіры, гульнявыя комплексы, абсталяванне для лазання, пясочніцы – не проста забаўляюць дзіця і даюць час для адпачынку дарослым. Усе гэтыя рэчы граюць вялізную ролю ў выхаванні і развіцці дзіцяці. Яны дапамагаюць дзецям развівацца фізічна, фармаваць асабістыя якасці ў працэсе камунікацыі з аднагодкамі, заводзіць новыя знаёмствы, вучыцца жыць у грамадстве.

Самае першае патрабаванне да дзіцячай пляцоўкі – бяспека. Выпадкі траўматызму на іх сапраўды частыя. І гэта лёгка тлумачыцца: з аднаго боку – цікавасць дзяцей, іхнае жаданне ўсё паспрабаваць і адсутнасць жыццёвага досведу, з іншага – далёка не ўсе пляцоўкі адпавядаюць стандартам і нормам.

Бяспека дзяцей на пляцоўцы пачынаецца яшчэ на этапе праектавання і вырабу дзіцячых пляцовак, выбару матэрыялаў для іх. Далей ужо ідзе ўсталяванне і якаснае замацаванне абсталявання, і, канешне, кантроль дарослых за паводзінамі самых малых дзяцей на пляцоўцы.

У Беларусі дзейнічае адзіны стандарт, згодна з якім павінна кантралявацца бяспека дзіцячых пляцовак: ГОСТ 34614.7-2019 (EN 1176-7:2008): “Абсталяванне і пакрыццё гульнявых пляцовак. Частка 7. Кіраўніцтва па ўсталяванні, кантролі, тэхнічным абслугоўванні і эксплуатацыі”.

ЖЭУ ці жыльцы: хто адказвае за стан дзіцячай пляцоўкі?

Дзіцячая пляцоўка ў Бабруйску. Фота: 1387

Той, у чые абавязкі ўваходзіць абслугоўванне прыдамавой тэрыторыі, на якой знаходзіцца пляцоўка. Калі яна адносіцца да зямлі агульнага карыстання, то бліжэйшае ЖЭУ. Калі пляцоўка належыць арганізацыі забудоўшчыкаў, таварыству ўласнікаў, падтрымліваць яе санітарны і тэхнічны стан павінна гэтае таварыства (ч.2 п.3 арт.32 ЖК). Таварыства можа наняць для гэтых мэтаў дворніка, слесара ці заключыць дамову са спецыялізаванай арганізацыяй, з тым жа ЖЭУ.

Што ўваходзіць у абслугоўванне дзіцячай пляцоўкі?

Найперш, штодзённы візуальны кантроль – ён неабходны, каб своечасова заўважыць небяспечныя дэфекты. Звычайна майстар участку ЖЭУ пры ранішнім абходзе аглядае пляцоўку, каб на ёй не было бітага шкла, паламаных і абарваных канструкцыяў і т.п.

Тэрыторыя дзіцячай пляцоўкі павінна штодня прыбірацца. Больш дэталёвая праверка праводзіцца арганізацыяй, якая абслугоўвае пляцоўку, раз на 1 – 3 месяцы.

За чый кошт рамантуецца і набываецца новае абсталяванне дзіцячай пляцоўкі?

Калі пляцоўка знаходзіцца на зямлі агульнага карыстання, то жыльцы могуць разлічваць на яе бясплатнае ўтрыманне камунальнымі службамі, якія павінны забяспечыць бягучы рамонт, набыццё і ўсталяванне абсталявання ўзамен сапсаванага, падвоз, замену і падсыпку пяску ў пясочніцы.

ЖЭУ абслугоўвае толькі тое абсталяванне, якое было ўсталяванае пры здачы жылога дому. Калі жыльцы хочуць штосьці дадатковае, яны павінны набыць гэта за свой кошт. З заменай старога таксама не ўсё проста – ЖЭУ будзе мяняць яго толькі калі ў яго будуць на гэта грошы, а часцей іх няма. Таму і тут жыльцы могуць сутыкнуцца з неабходнасцю ўсё рабіць за свае.

Але можна паспрабаваць настаяць, каб грошы на рамонт выдзяліў горад: тады трэба звярнуцца з адпаведнай заявай у ЖЭУ ці выканкам. Магчыма, у вас атрымаецца дамагчыся, каб рамонт вашай пляцоўкі ўнеслі ў штогадовы план па добраўпарадкаванні і ўтрыманні тэрыторыі.

Новая дзіцячая пляцоўка ў Бабруйску. Фота: Вечерний Бобруйск

Калі ж тэрыторыя належыць таварыству ўласнікаў, то гэтыя ўласнікі і збіраюць грошы на рамонт пляцоўкі. Абсталяванне для дзіцячай пляцоўкі можна набываць самастойна, але яно павінна адпавядаць дзяржаўным стандартам. Каб не памыліцца, можна звярнуцца ў ЖЭУ за кансультацыяй.

Калі на пляцоўцы патрэбны бягучы рамонт, пра гэта можна паведаміць дыспетчару вашага ЖЭУ ці ў адзіную дыспетчарскую службу ЖКГ па нумару 115.

А якой павінна быць добрая дзіцячая пляцоўка?

Сяброўскай, інфармацыйнай, такой, якая спрыяе развіццю, фармуе самастойную фізічную актыўнасць, дапамагае пераадольваць асабістыя страхі ў бяспечным асяроддзі. Добрая пляцоўка павінна быць універсальнай для дзяцей розных узростаў і з рознымі магчымасцямі, у тым ліку – для дзяцей з інваліднасцю, то бок, інклюзіўнай (а вы бачыіл ў Бабруйску інклюзіўныя пляцоўкі?).

Вельмі засмучае кланаванне ў горадзе ў кожным двары аднолькавых пляцовак. Важна даць магчымасць дзецям атрымаць увесь спектр уражанняў і розны сэнсаматорны досвед, каб дзіця магло знайсці тое, чаго яму не хапае ў сваім двары, у суседнім – напрыклад, можна аб’яднаць пляцоўкі ў адным раёне нейкай агульнай тэмай, каб кожная пляцоўка была працягам папярэдняй.

Дзіцячая пляцоўка ў Швецыі. Фота: lappset.com

Што, акрамя звычайных арэляў і горак, можа быць на пляцоўцы? Усемагчымыя тунэлі, пячоры, вертыкальныя і гарызантальныя палосы перашкодаў, убудаваныя батуты, падушкі, гукавыя падушкі, стабільныя і падвясныя масты, якія звязваюць канструкцыі паміж сабой.

Дызайн пляцоўкі павінен адкрываць дзецям прастору для фантазіі – строга вызначыны вобраз блакуе крэатыўнасць. Аднолькавы алгарытм “забраўся па лесвіцы – скаціўся з горкі” хутка становіцца нецікавым.

Тактыльны досвед на дзіцячай пляцоўцы

Дзіцячая пляцоўка не мусіць уся быць з пластыку – у яе ландшафце павінны выкарыстоўвацца прыродныя матэрыялы – натуральны газон, камень, пясок, дрэва. Прымяненне прыродных матэрыялаў у гарадскіх умовах асабліва важнае, таму што гэта стварае ўчастак прыроды сярод бетонных дамоў і асфальтаваных дарог, а прыродная асяроддзе – максімальна камфортнае і блізкае чалавеку.

Матэрыялы на дзіцячай пляцоўцы павінны даць магчымасць атрымаць розны тактыльны досвед праз розныя тэкстурныя паверхні: мяккія, упругія, жорсткія, вострыя, рознай тэмпературы.

Тактыльная трапа для дзяцей і дарослых

Прыклад тактыльнай дарожкі на дзіцячай пляцоўкі. Фота: vcm.cz

Дзіцячая пляцоўка не павінна быць перанасычаная колерамі і інфармацыяй, хоць большасць цяпер лічыць як раз, што чым больш яркія колеры ў арэляў, горак і т.п. – тым лепш для дзяцей. Насамрэч не – залішняе колеравае і прадметнае напаўненне асяроддзя ўскладняе для дзяцей пазнанне свету і стамляе. На пляцоўцы больш важны не колер, а яе функцыянальнае напаўненне – менавіта гэта найбольш цікавіць дзяцей.

Што такое – нейрадынамічны падыход?

Пры праектаванні сучасных пляцовак архітэктары выкарыстоўваюць нейрадынамічны падыход, ужываючы ў ім парады лекараў-неўролагаў і псіхафізіёлагаў. Асноўны прынцып нейрафізіялогіі – дзіця павінна мець вольны доступ да руху. Паводле лекараў, спантанны рух і камунікацыя падчас рухомых гульняў на дзіцячых пляцоўках – універсальны інструмент развіцця дзіцячага мозгу.

Абсталяванне на пляцоўках, спраектаваных згодна з нейрадынамічным падыходам, развівае розныя сістэмы арганізму. Напрыклад, вестыбулярны апарат – тут дапамогуць каруселі, горкі са спіральным скатам, качалкі на спружыне, арэлі (больш карысныя, дарэчы, арэлі-гнёзды, дзе магчымае кручэнне вакол сваёй восі, а не звыклае гойданне узад-наперад).

Хлопчык на арэлях-гняздзе восенню

Арэлі-гняздо. Фота: freepik.com

У чалавека яшчэ ёсць пропрыяцэптыўная сэнсарная сістэма, якая адказвае за адчуванне ўласнага цела, яго схемы ў адпаведнасці са знаходжаннем яго розных частак адна адносна іншай і ў прасторы. Без развіцця гэтай сістэмы чалавек не можа выконваць скаардынаваных дзеянняў з заплюшчанымі вачыма ці адчувае сябе няўпэўнена, калі ногі адарваныя ад зямлі і цела губляе раўнавагу. У развіцці пропрыяцэптыўнай сістэмы дапамагаюць балансіры ці арэлі, якія трэба раскручваць праз адштурхоўванне нагой, а таксама вузкія танэлі ці перашкоды, праз якія трэба праціскацца з высілкам.

Рызыка на дзіцячай пляцоўцы

Невідавочным, але важным элементам пляцоўкі павінна быць рызыка, якая прыкладна з 7 гадоў становіцца неабходным кампанентам гульні. Дзеці ў гэтым узросце шукаюць новых уражанняў, выпрабоўваюць свае межы. Такія ўражанні можна атрымаць на высокіх і складаных “лазалках” з вяровак, у тунэлях.

На пляцоўцы дзеці рэалізуюць сябе як даследчыкі, камунікуюць адзін з адным, з прыродай, вучацца рызыкаваць, праяўляць дух спаборніцтва. Пляцоўка не павінна іх у гэтым абмяжоўваць. Магчымасць прайграваць такія сцэнары вучыць разумець свае магчымасці, разлічваць свае сілы. Калі асяроддзе не дазваляе здзяйсняць рызыкоўныя дзеянні, яно хутка становіцца нецікавым і сумным, і дзіця пачынае шукаць “прыгоды” і досвед у месцах, для гэтага не вызначаных, што можа быць небяспечна.

Дзіцячая пляцоўка ў Кракаве. Фота: lappset.com

Каманда 1387 разам з ютуб-каналам “Падмуркі Бабруйска” праводзіць даследаванне дзіцячых пляцовак Бабруйска. Мы хочам звярнуць увагу на гэтую важную частку гарадскога асяроддзя і падштурхнуць адказных да яе паляпшэння. Вы можаце нам у гэтым дапамагчы. Запоўніце, калі ласка, нашую ананімную анкету, а таксама дасылайце на фота і відэа пляцовак у вашых дварах, распавядзіце нам пра іх стан у каментарах і асабістых паведамленнях у нашым Інстаграме.

Грамадскія прыбіральні Бабруйска: камфорт ці праблема? Глядзі відэа на канале “Падмуркі Бабруйска”

Цікавае

Спецпраекты