Танцы ў «клетцы», купанне ў фантанах, «Вясёлыя горкі» і разборкі. Бабруйцы распавядаюць гісторыі пра гарадскі парк

Не ўсе бабруйцы даходзілі да крэпасці (і такое бывае, ага), але што ўсім нам ёсць, што прыгадаць з наведвання гарадскога парка – факт. Для кагосьці з нашых суразмоўнікаў(іц) гэта выключна пазітыўныя ўспаміны, звязаныя з дзяцінствам, атракцыёнамі і салодкай ватай, а для іншых – прыгоды рознага кшталту, і часам вельмі небяспечныя. Чытай успаміны, настальгуй ці расказвай свае гісторыі ў нашым інстаграм.
 

Гарадскі парк, 1971 г. Крыніца: bobrdeti.by

 

Яўген, 32 гады

Пра гарадскі парк шмат успамінаў, бо я жыў побач з ім. Памятаю, як купаліся на копанцы, пакуль яна не высахла і на рыбалку туды хадзілі. А ў «Мір» ганялі гуляць у аўтаматы і «сегу». Першыя фільмы глядзелі ў малой залі, дзе тупа віселі два невялікія тэлевізары, але было танна і сярдзіта – глядзелі «Амерыканскі пірог» з захапленнем.
 
Вядома, купаліся ў фантанах, я там нават гадзіннік аднойчы ўтапіў. Збіраліся кампаніямі, гарлапанілі песні на гітарах.
 
Таксама ў мяне быў перыяд, калі штодзень на прабежку выбягаў туды ўлетку, а ўзімку – на лыжах.
 
«Клетку» добра памятаю. У ёй танчылі толькі пара дамачак, што жадалі ўвагі – кінуўшы сумкі пад ногі. А ўсе асноўныя масы людзей стаялі вакол агароджы і вырашалі пытаннечкі. У асноўным туды хадзілі або даць у пысу, або атрымаць.
 
У час гарадскіх гулянняў мой двор дома № 54 пераўтвараўся ў грамадскую прыбіральню. Гэтаму спрыяла вялікая колькасць гаражоў, што там стаялі. Ну і пад’езды без дамафонаў.
 
Памятаю, як каля «Вясёлых горак» і ціра паставілі гульнявыя аўтаматы з 8-бітнымі гульнямі. Шмат грошай там злівалася. А «Вясёлыя горкі» дагэтуль мяне зачароўваюць – ніколі не ведаеш, сыдуць яны з каляіны, ці не! У пэўны момант, у 90-я, там было даволі шмат эксгібіцыяністаў, і мы, малыя, хадзілі іх палохаць.
 
Таксама праз парк я часта хадзіў на станцыю юных натуралістаў.
 
Калі парк добраўпарадкавалі, зрабіўшы дарожкі з пліткі па гістарычна-пратаптаным, шпацыраваць там стала ў сто разоў больш прыемна. Наагул гэта вельмі прыемнае месца, такое супакойваючае, у момант, калі няма нейкі гарадскіх святаў.
 
У дажджлівае надвор’е я браў каву ў тэрмасе з дома і хадзіў у парк адпачываць і натхняцца. Калі можна так сказаць. Нішто не параўнаецца з гэтым лёгкім флёрам самоты, паху дажджу і лісця. А што восенню там творыцца – уууххх! Закачаешся.
 

Гарадскі парк, 1978 г. Крыніца “Вячэрні Бабруйск” з фондаў Краязнаўчага музея

Інга, 54 гады

У дзяцінстве пра дарослы парк хадзілі розныя страшылкі. Напрыклад гаварылі, што яго пабудавалі на габрэйскіх могілках і хлопцы нашага двара пад чэснае піянерскае распавядалі, як аднойчы знайшлі там чалавечыя косткі. Была яшчэ гісторыя пра маньяка, што хапае жанчын, калі яны ідуць з другой змены фабрыкі Халтурына. Пра маньяка і могілкі не ведаю, а вось мая мама аднойчы ў такой самай сітуацыі ледзь збегла ад кампаніі хлопцаў. Потым ёй растлумачылі, што гэтыя кампаніі адмыслова пільнуюць жанчын, якія ідуць з працы ў дні заробку і авансу, каб забраць грошы. Маме маёй пашанцавала.
 
Але для мяне – парк майго дзяцінства іншы. Гэта шмат прасторы, многа сонца, глыбокае возера, куды мы з бацькамі хадзілі загараць і купацца, атракцыёны. Я вельмі любіла карусель і цягнічок, а тата заўжды цягнуў мяне на кола агляду, ён крэпка трымаў, каб не баялася і паказваў дзе наш дом. Але горад патанаў у зялёных верхавінах дрэваў і я бачыла толькі іх.
 
Самым любімым месцам у парку была адкрытая пляцоўка з арэлямі і невялічкімі каруселямі. Калі мы збягалі са двара, дык заўжды бавілі час там. І яшчэ памятаю фантан у выглядзе каменнай вазы. Ён быў даволі ўтульны і я доўга шкадавала, калі яго замянілі новым.
 
Потым я стала горш хадзіць, але кожныя выходныя парк даваў пра сябе знаць гучнай музыкай – гэта ў «клетцы» праводзілі дыскатэкі. Цяпер я часта бываю ў парку. Ён стаў маленькім і даступным, нічога таямнічага. На азёрках, што раней былі адным возерам, жывуць качкі. Летам там добра рэлаксуецца.
 

Гарадскі парк, фота 1387.io

Дзяніс, 38 гадоў

Для мяне парк, гэта асацыяцыі з дзяцінства, юнацтва, вядома. Таму і дагэтуль, калі ёсць магчымасць, імкнуся шпацыраваць па цэнтры Бабруйска.
 
Мая запамінальная гісторыя, верагодна, самая простая і звычайная: на майскія святы з сябрам і дзяўчынкай са старэйшых класаў, у якую быў закаханы, сядзелі ўдалечыні ад масавых гулянняў, каля возера, за кінатэатрам «Мір». Добры, ясны час. Вясна, блізкія людзі, супакой і ціхае шчасце на душы. Бесклапотнае юнацтва.
 
Цяпер, калі там бываю, усведамляю, што месца тое ж – а я ўжо іншы. І настальгічныя пачуцці больш па тым часе, чым па самім парку.
 

Зімовыя азёры гарадскога парка. Фота: 1387.io

Аксана, 51 год

Парк быў адным з любімых месцаў адпачынку. Першыя ўспаміны аб ім – з гадоў 4-5. Столькі ўражанняў было, калі мама і цёця павялі мяне ў гарадскі парк! На арэлях-каруселях накаталася так, што потым галава круцілася і я ванітавала.
 
У 70-80-ыя гады былі трохі іншыя атракцыёны. Недалёка ад кафэ «Дружба», якое было абавязковым для наведвання пасля адпачынку ў парку, знаходзілася вялікае «Кола агляду». Яго потым прыбралі. Была яшчэ карусель «Ракеты». Але я баялася малая на ёй катацца, бо распавядалі, што на ёй штосьці здарылася з дзіцём.
 
Падабаліся атракцыёны «Малыя ланцугі», «Вялікія ланцугі», «Рамонкі».
 
Але самыя мае яскравыя ўспаміны, гэта чарга на каруселі (не памятаю назву), дзе старэнькі мужчына рассаджваў дзяцей па месцах са словамі: «Дзеткі садзіцьсь». Ён расцягваў гэтае «цьсь» так нязвыкла-прыгожа, і такая пяшчота была ў яго голасе…
 
У старэйшым узросце хадзілі ў парк ужо самастойна, з сяброўкамі. Маглі зайсці на дзённы сеанс у кінатэатр «Мір». Там перад сеансам заўсёды гулялі на аўтаматах – «Марскі бой» ды іншых. Наведвалі цір, маглі пакатацца на «Рускіх арэлях», схадзіць паглядзець на азёры. Мой муж яшчэ памятае, што на двух з іх купаліся.
 
Калі сталі падлеткамі, увечары ў выходны дзень бегалі на танцы на «клетку». Гэта была такая агароджаная частка для танцаў.
 
Потым усё паўтарылася, толькі ўжо мы вадзілі сваіх дзяцей у парк, у кафэ «Алёнушка», на азёры, якія паспелі зарасці. Але шмат атракцыёнаў заставалася яшчэ з тых часоў, майго дзяцінства.
 

Гарадскі парк. Фота: 1387.io

 

Андрэй, 42 гады (гісторыя ўтрымлівае жорсткія сцэны)

Наконт парка ў мяне ўспаміны, звязаныя з бойкамі і разборкамі часоў «клеткі». А таксама, як пераскоквалі праз плот, каб прадаць свае ж адваротныя квіткі. Бо іх выдавалі, калі выходзіш, і пасля зноў трэба было іх паказаць, калі заходзіш.
 
Але самая вусцішная гісторыя, калі на маіх вачах там забілі хлопца. Гэта быў год 1998 ці 99-ы, дакладна не памятаю, мне тады год 17 было. І я пастаянна тусіў там у дзень дыскатэк – сераду, пятніцу, суботу, нядзелю.
 
Бойка, якая даўно наспела, пачалася проста ў «клетцы», але пасля хлопцы вырашылі перайсці ў прыватны сектар, каб скончыць канфлікт. Дамовіліся, што два чалавекі з гэтых кампаній (а ў адной з іх быў і я) выйдуць «па разах» адзін на адзін. Бойка не вырашыла канфлікт, і гэтыя двое яшчэ больш паглыбіліся ў двары, нібыта каб паразмаўляць. Астатнія ж дамовіліся перанесці «стралу» на другі дзень і падрыхтавацца да яе. І калі пра гэта было дамоўлена, пайшлі шукаць тых дваіх.
 
Але калі мы падышлі, убачылі, што адзін збягае, а іншы стаіць каля дрэва і захлынаецца ўласнай крывёй. Як цяпер памятаю, як кроў расцякалася па яго белай майцы. Пасля ён абрушыўся на зямлю, яго не паспелі давезці да лякарні. Натуральна, на наступны дзень палова наведнікаў «клеткі» былі на допытах у міліцыі, на вуліцы Пушкіна.
 
Па іроніі, гэты хлопец быў забіты ўласным нажом – наш прыяцель здолеў выхапіць яго з рук. Суд прызнаў, што гэта была самаабарона. І яшчэ адна адметнасць гісторыі ў тым, што хлопец з нашай кампаніі наагул не мусіў удзельнічаць у гэтым двубоі, бо канфлікт пачаў іншы, і акурат яго ў гэты вечар на дыскатэцы не было.
 

Фантаны ў гарадскім парку. Фота: wikimapia.org

Вераніка, 30 год

З гарадскім паркам у мяне звязана шмат цёплых, летніх успамінаў. У дзяцінстве на летніх вакацыях, часта выбіраліся ў парк з бабуляй і сястрой, каталіся на ўсіх магчымых атракцыёнах.
 
Мы гарадскі парк паміж сабой называлі «дарослы парк», бо атракцыёны там былі не зусім дзіцячыя, асабліва «Сюрпрыз», які я заваявала гадоў у 14, ён заўсёды мне здаваўся самым экстрэмальным.
 
Час ішоў, а парк заўсёды заставаўся адным з асноўных месцаў тусовак, ужо ў падлеткавым узросце мы з сябрамі актыўна праводзілі там час. Сезон мы адкрывалі 1 траўня, і маглі некалькі разоў запар адстаяць доўгую чаргу, каб пракаціцца на захапляльнай «лятучай талерцы».
 
А на восеньскіх і зімовых канікулах мы з сяброўкай любілі хадзіць у кінатэатр «Мір». Часам у зале мы маглі быць зусім адны, але нас гэта не бянтэжыла, лічы Vip-зала, і квіткі былі ў два разы танней, чым у «Таварышы», тое што трэба для школьнікаў!
 

Кавалачак гарадскога парку захаваны на відэа школьнага выпускнога, для відэа мы з аднакласнікамі басанож бегалі па фантане, смяяліся, дурэлі, бесклапотны час!

А цяпер дарослы парк для мяне асацыюецца ўжо не толькі з атракцыёнамі, а як адно з любімых месцаў майго пляменніка. Усе нашы шпацыры заўсёды пачынаюцца або заканчваюцца гарадскім паркам.

Разам мы елі разнастайныя прысмакі, якія бачылі на кожным куце. А міма батутаў спакойна наогул нельга прайсці, дзяцей ён прыцягвае нейкім магічным чынам, іх у парку з кожным годам усё больш і больш. І вядома пакатушкі на самакаце, дзецям ёсць дзе разгуляцца.

Для мяне гарадскі парк – месца, дзе кожны знойдзе сабе забаўку па душы, няхай гэта будзе атракцыён ці проста шпацыр па вузенькіх сцяжынках уздоўж возера, для кожнага, хто наведаў парк, ён пакіне свой адбітак у сэрцы.

 

Помнік Дуніну-Марцінкевічу. Фота: 1387.io

Людміла, 60 год

Я не бабруйчанка, і калі ў 1975 годзе прыехала ў Бабруйск вучыцца ў мастацкую вучэльню, нашы выкладчыкі адразу сказалі: «Не хадзіце ў горад па адным і вечарам не затрымлівайцеся. А на танцпляцоўку – «клетку», наагул не хадзіце. Там такія бойкі – і нажамі, і «ружачкамі», і ланцугамі бʼюцца».
 
І я, дзяўчынка з заходнебеларускай вёсачкі з-пад Мірскага замку, баязлівая, не гарадская – туды і не хадзіла. Але ўсё ж трапіла аднойчы. Вучылася добра, старалася, валейболам займалася, у вакальнай групе спявала, камсоргам унёскі збірала. За ўсё гэтае мяне ўключылі ў групу на паездку ў Ябланец над Нісай у Чэхаславакіі. Там была мастацкая вучэльня, дзе навучалі майстроў па вырабу вядомай чэшскай біжутэрыі з багемскага шкла. 14 дзён і праз Польшчу, Варшаву – цудоўная была паездка. Ну вось і быў загад ад Ларына пасябраваць з гасцямі з СССР. Іх дэлегацыя прыязджала да нас сваім аўтобусам, а пасля яны нас забіралі і мы кацілі ў камфорце ў прыгожыя краіны.
 
І вось перад паездкай мы пайшлі з гасцямі ў парк удзень, катацца на атракцыёнах. Мне спадабалася і «чортава кола», і каруселі. Але! На суседняй люльцы ў «Арбіце» сядзелі незнаёмыя хлапцы, якія пачалі гойдацца, пхаць суседнія люлькі. Вось тут мне стала страшна, бо я не магла адпіхнуцца ад іх… Я грукала нагамі, рукамі, крычала, вішчала. Мне было так крыўдна, бо ведала, што буду ўся ў сіняках. Такі здарылася – паехала ў Ябланец з чорнымі сінякамі.
 
Больш парк мяне не прытуліў. З маленькім сынам у вазочку не гуляла, бо далёка туды было ездзіць. Але неяк, годзе ў 1985-м, трапіла ў кінатэатр «Мір». На той час я, як шмат культурных людзей, што сочаць за навінамі кіно, не трапіла на новы фільм у кінатэатры «Победа», каля якога жыла. І пастаралася трапіць у«Мір», каб паглядзець двухсерыйнага «Льва Талстога». Фільм быў філасафічны, складаны. А са мной быў сыночак пяцігадовы. Яго забаўлялі вахцеркі, бо стужка дакладна не для яго ўзросту. Леў Мікалаевіч доўга філасофстваваў на сваім смяротным ложку, а мой сынок прыбягаў з фае і пытаўся: «Мама, хутка гэты дзядуля памрэ?»
 
Што да сённяшняга, то я не хадок па народных гулянках. Не люблю ні Масленіцу, «Лепшую цешчу», ні «Вянок дружбы». Не люблю натоўпы.
 
Затое цяпер гэты парк ужо другі год мяне радуе, у любое надворʼе. Я люблю хадзіць па ім, бо гэта, на жаль, адзінае зялёнае месяца. І няважна, што фантаны састарэлі і някідка аформленыя. Крыўдна, хіба, што азёры ад былых гліняных карʼераў братоў Лазінскіх не дагледжаныя, не добраўпарадкаваны па-сучаснаму. Што помнік Дуніну-Марцінкевічу не атрымаўся такім, якім быў задуманы напачатку.
 
Мой маршрут праходзіць ад прыпынку тралейбуса-аўтобуса паўз кінатэатр і кафэ «Дамашняе» (зараз ужо «Філасофія») на вуліцу Маскоўскую, Станцыённую і Карла Маркса. На Станцыённай відаць брукаванку. І я зноў іду па гістарычных вулачках, праз розныя этапы жыцця майго горада. І гэты шлях вельмі зялёны.
 
Парк прыгожы заўжды. Ён радуе залатой восенню, і я любуюся студэнтамі каледжаў, што займаюцца там фізкультурай, ці асобнымі аматарамі здаровага ладу жыцця. Я любуюся файнай клумбай каля «Міра». Праходжу каля ахутаных ранішнімі туманамі атракцыёнаў. Раненька, у цемры бачу, як вартаўніца коціць тачку з дровамі (у службы заўжды ёсць дровы, бо парк дагледжаны, дрэвы паміраюць, іх прыбіраюць), ці бачу, як дыміцца комін іх канторы. Бачу танцпляц «Кветка». Во як! І традыцыя захавалася, і гучыць прыгожа. Бачу, як у возеры плаваюць пералётныя, не свойскія качачкі. Калі-некалі бачу, як на аўтадроме ганяюць машынкі.
 
А як тут прыгожа зімой! Я часта прыпыняўся і раблю фоткі. Не стрымацца! Хочацца, каб наш парк жыў.