Валянціна Чэкан: «Я б раіла ісці ў ментарства ўсім, хто хоча паглядзець на свой вопыт пад іншым вуглом»

Наша суразмоўніца – адукатарка Валянціна Чэкан, якая ўсё жыццё працавала ў галіне адукацыі – у школе, універсітэце, а пасля пачала рабіць уласныя праекты. Мы размаўляем з ёй пра досвед ментарства, як яно дапамагае развіццю суполак, узмацненню гарызантальных сувязяў, а таксама пра тое, якімі якасцямі мусіць валодаць ментар(ка), і каму наогул варта ісці ў праграмы падтрымкі.
 

Валянціна Чэкан. Фота з асабістага архіву суразмоўніцы

 
Валянціна Чэкан сузаснавальніца адукацыйных праектаў:
  • прыватная «STEAM school»,
  • прыватная «LuCh school»
  • «IT Princess» – Акадэмія крэатыўных тэхналогіяў для дзяўчат (Мінск, Кіеў, Астана)
  • «Цэнтр адукацыйных ініцыятываў ды інавацыяў»
  • Суаўтарка і праектная каардынатарка адукацыйнай канцэпцыі прыватнай «EduHill school»
  • Суарганізатарка праекта WITA.by – падтрымка маладых жанчын, якія абралі прафесіі ў ІТ. Метадыстка ментарскай праграмы Wita.by
  • Спікер-коуч праекта TEDxMinsk
  • Выкладніца, ментарка, бізнес-кансультантка
 
Валянціна расказвае, што апошні яе праект па асноўнай, адукатарскай лініі – прыватная школа ў Мінску. Акрамя таго, наша суразмоўніца заўсёды займалася падтрымкай жаночага прадпрымальніцтва – «з таго часу, як сама стала прадпрымальніцай».
 
– Я працавала ў многіх ментарскіх праграмах і была арганізатаркай праграмы для дзяўчат, што хочуць увайсці ў айці, гэта было ў 2018-19 гадах, да кавіду. Называлася праграма WITA.by, я рабіла два наборы. Таксама не магу не прыгадаць класныя праграмы, якія рабілі і працягваюць рабіць ProWomen By, заўсёды ў іх удзельнічаю. У гэтым годзе ўдзельнічала ў праекце Women in Tech, гэта праграма падтрымкі жанчын у айці, якія з’ехалі з Беларусі. Яна дзейнічае на базе ЕГУ.
 
Чаму я пастаянна ўдзельнічаю ў ментарскіх праграмах? Бо як адукатарка лічу, што гэта адзін з лепшых метадаў перадачы вопыта, ведаў і падтрымкі любога чалавека – гэта магчымасць размаўляць, весці гутарку. Паказваць, вучыцца ў людзей, якія валодаюць падобным вопытам.
 
І я зараз кажу не пра навучанне, калі толькі менці навучаецца ў ментара. Для мяне заўсёды важны адваротны працэс – бо заўсёды сама многаму вучуся ў менці. Розным рэчам. Гэта і нейкія скілы і ўменне абыходзіцца з тымі ці іншымі жыццёвымі абставінамі. Гэта ўзаемны, роўны працэс.
 
У мяне стасункі з ментарствам такія – стасункі роўных людзей. Ёсць тэрмін «настаўніцтва» – і я яго не вельмі люблю, бо ён мяркуе пад сабой вельмі знаёмую мне педагагічную пазіцыю, калі глядзіш зверху. Ментарства пра іншае.
 
Але хто можа быць ментарам? Ці трэба для гэтага толькі моцнае жаданне, ці, усё ж, трэба вучыцца? Валянціна тлумачыць, што і першае, і другое, у ментарстве ўзаемазвязаныя.
 
– Жаданне быць ментарам можа ісці знутры, вядома. Ментарства – гэта і ёсць жаданне асіміляваць уласны вопыт. Калі яго назапасілася столькі, што трэба яго ўпарадкаваць. Ведаеце, ёсць такі выраз «думаць аб кагосьці». Дзіўная граматычная канструкцыя, але мне сімпатычная, бо гэта вельмі падобна на ментарства. Калі я думаю з кімсьці пра што-небудзь падобнае. Важнае для мяне – перадусім. І тады яно лепей структуруецца, лепей укладваецца і асімілюецца.
 
Вучыцца ментарству, безумоўна, трэба. І для мяне заўсёды было важна, каб ментарская праграма валодала адукацыйным пакетам, пэўнымі ўводзінамі ў ментарства. Суправаджала гэты працэс нейкімі рэгламентамі і правіламі, бо, як і любая прафесія і справа, якая дапамагае, яно ўсё ж такі звязанае з уздзеяннем. Узаемныя зносіны ментар-менці мусяць быць рэгуляванымі. У разуменні межаў, бо ўсё ж такі гэта дзелавыя стасункі, а не сяброўства. Гэта не патэрналісцкае – бацькі-дзеці, а гэта ўсё ж пра межы – дзе асабістае, а дзе працоўнае. Ёсць шмат скілоў, што патрэбныя ментару, напрыклад, валодаць навыкамі не гвалтоўных зносінаў, адваротнай сувязі. Валодаць навыкамі структуравання інфармацыі. Шмат чаго на самой справе, нібыта не відавочнага.
 
Наша суразмоўніца адзначае, што паважаць межы іншага чалавека і свае – аснова перадачы любога вопыту, якой сферы ён бы не тычыўся – айці, прадпрымальніцтва, бізнесу.
 
– Ментар мусіць структураваць інфармацыю, працаваць з адваротнай сувяззю пісьменна, умець не навязваць сваю пазіцыю. Быць неблагім перамоўнікам. Валодаць ведамі пра прыродную чалавечую псіхалогію. І гэтаму трэба калі не наўпрост вучыцца, то хаця б асвяжаць гэтыя веды перад пачаткам паглыблення ў ментарства. Праводзіць інвентарызацыю, нагадваць сабе, у якой ролі ты знаходзішся, і якімі інструментамі можаш карыстацца, а якімі – не.
 
Мне заўсёды цікава чуць водгукі пра тое, што ў ментара не атрымалася наладзіць сувязь з менці. Бо для мяне ў гэтым шмат патэрналізму. «Я такі круты ментар, я прыйшоў і штосьці ў мяне не атрымалася з менці». Нібыта гэта толькі мая адказнасць, а менці тут аб’ектная рэч, умоўна кажучы, ключык не падышоў да замочка. Але што значыць не атрымалася сувязь з менці? Яна не атрымалася такой, якой вы сабе яе ўяўлялі? Такой, якой бы вы хацелі яе бачыць? Было надта шмат супраціву ў менці вашаму вопыту?
 
Я схільная думаць, што любое ўзаемадзеянне пакідае адбітак і нечаму вучыць. Магчыма тое, што вы назавяце негатыўным вопытам удзелу ў ментарскай праграме, для менці якраз было пазітыўным. У тым плане, што ўмоўны менці разумее, які ментар яму не патрэбны, ці з якім у яго не атрымаецца наладзіць сувязь, а значыць, так і трэба. А для ментара гэта добрая магчымасць парэфлексаваць – а што я раблю, і чаму я так на гэта рэагую, якім бы я хацеў бачыць гэты працэс у выніку? Не скідаць з рахунку волю і жаданне іншага чалавека. Мне падаецца – гэта важная рэч, якой ментару трэба павучыцца, разумець, што ты не Гасподзь Бог, і цябе не абавязаны сустракаць як ісціну ў апошняй інстанцыі. Гэта праца тэрапеўтычная, гэтаму таксама трэба вучыцца. Але наагул як у любым суб’ектным узаемадзеянні, важна проста не мець вялікіх чаканняў, трошкі заніжаць іх.
 
Мы прагаворваем мэты, чаго мы хочам з менці, а таксама па-добраму мусім дамовіцца і пра тое, як мы будзем гэтага дасягаць. Але, паўтаруся, для ментара важна не чакаць нечага асаблівага. Гэта пытанне суправаджэння, а не педагогікі. У вас не запытаюцца пра вынік: «А на што ваш менці напісаў кантрольную?» Вы ж не рэпетытар, а проста ідзяце побач, як спадарожнік. Калі, скажам, я захачу запытацца, на якім прыпынку мне выйсці, то зраблю гэта. Але не буду чакаць, што іншы пасажыр будзе несці адказнасць за мае жаданні – ехаць, ці выйсці. Суправаджаць – гэта складана, проста быць у дасягальнасці, быць адкрытым, шчырым. Але пры гэтым не навязвацца і не займацца місіянствам.
 

Ілюстрацыйнае фота: RDNE Stock project /pexels.com

 
Валянціна акцэнтуе ўвагу на тым, што калі мы кажам пра ментарства, адразу ўзнікае слова «гарызантальны». І тлумачыць, чаму так адбываецца.
 
– Як толькі выбудоўваецца нейкая іерархічная структура, мы можам казаць пра няўдалую гісторыю. Так супольнасць не развіваецца. Сапраўды, вельмі важна казаць пра гарызантальнасць і павагу, бо тады гэта працоўныя сувязі, і тады сапраўды ментарская праграма стварае супольнасць.
 
Па-добраму, удзельнікі ментарскай праграмы – менці ды ментары, у выніку мусяць прыйсці да таго, што яны – адна супольнасць. І гэты фармальны падзел напрыканцы праграмы мусіць завяршыцца тым, што два чацікі мусяць аб’яднацца ў адзін. Бо гэта акурат пра гарызантальныя сувязі, калектыўны розум і падтрымку.
 
Чым жа яшчэ важныя ментарскія праграмы? Тым, што яны паказваюць іншым: усё магчыма.
 
– Ментарскія праграмы дэманструюць дасягальнасць таго ці іншага вопыту. Напрыклад, я на некага гляджу, мне, напэўна, хочацца рабіць так сама, ці штосьці падобнае, але думаю, што цяпер гэта мне не па сілах, няма такіх рэсурсаў. Ці што прыступка, на якой цяпер гэты чалавек стаіць – нейкае супердасягненне, а я туды ніколі не траплю.
 
Таму вельмі важна, каб ментарскія праграмы існавалі. Каб паказваць людзям, што ёсць пакрокавыя гісторыі, простыя, з сінусоідай – падзеннямі і ўзлётамі, са звычайнымі для ўсіх жыццёвымі абставінамі, іх пераадольваннем і чалавечай падтрымкай. Гэта пра празрыстасць чужога вопыту. Бо калі сцежка ходжаная – то і я магу па ёй прайсці.
 
І менавіта таму ментарскія праграмы асабліва важныя ў галінах, што звыкла занядбаныя – жаночае прадпрымальніцтва, жанчыны ў тэхналагічных, дыджытальных прафесіях, жанчыны ў дэкрэце. Я спецыяльна пералічаю гендарныя праграмы, бо яны бліжэй. Але цяпер, напрыклад, я разважаю над ментарскай праграмай для маладых беларусаў, што рэлакаваліся і атрымліваюць прафесію ці навучаюцца за мяжой. І, напэўна, ім таксама не перашкодзіў бы нехта, хто мог бы падзяліцца прафесійным вопытам. Без прывязкі да гендара. Напрыклад, студэнты-беларусы, якія пакуль не вельмі разумеюць, у чым сапраўды сутнасць іх прафесіі. Знаёмая ўсім сітуацыя, калі ты шмат вучышся, але не зусім разумееш, чым будзеш займацца на працы штодня.
 
Лічу важным, каб ментарскія праграмы былі ў розных супольнасцях, для таго, каб рабіць вопыт празрыстым, не страшным. Матывуючым.
 
Ці мае вялікае значэнне розніца ва ўзросце ў ментара і менці? Напрыклад, калі ментар маладзейшы? Валянціна кажа, што гэта не істотна, а што сапраўды мае значэнне – вопыт. Таму яна раіць прыходзіць на ментарскія праграмы ўсім, хто лічыць сябе цікаўнымі.
 
– Калі вы адчуваеце ў сабе цікаўнасць да людзей, да іх вопыту, да таго, як яны робяць сваю справу… Ведаеце, ёсць
такія праграмы «Як гэта працуе?» І ментарства можа стаць гісторыяй пра асабісты серыял з такой жа назвай. Падгледзець, як гэта бывае ў іншых людзей, як яны з гэтым спраўляюцца, паразмаўляць наўпрост, задаць пытанні.
 
Я рэкамендую цікаўным людзям ісці ў ментарскія праграмы, бо гэта важна і значна спрыяе прасоўванню на гэтым шляху – і ментара, і менці. Цікаўнасць да людзей наагул многае мяняе. І я бы парэкамендавала гэта ўсім, хто хоча паглядзець на свой вопыт пад іншым вуглом.