У Бабруйску размесцяць указальнікі на бамбасховішчы

У Бабруйску размесцяць указальнікі на бамбасховішчы. Пра гэта паведаміла «Бабруйскае жыццё». Нам цікава – чаму толькі цяпер?

Сховішча ў двары па вуліцы Мінскай, 56. Фота: 1387.io

 

«У рамках выканання мерапрыемстваў па рэалізацыі задачай грамадзянскай абароны пры вучэннях, якія будуць праводзіцца на тэрыторыі Бабруйску, а таксама ў частцы азнаямлення насельніцтва гораду з размяшчэннем імаверных месцаў укрыцця грамадзянаў, у выпадку паступлення сігналу «Увага ўсім!» на тэрыторыі гораду будуць праводзіцца працы па нанясенні ўказальнікаў размяшчэння месцаў імаверных сховішчаў. Просьба да грамадзянаў прыняць дадзеную інфармацыю да ўвагі», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні.

Ці ёсць дзе ў Бабруйску схавацца ад вайны? Як мы шукалі бамбасховішчы

Указальнікаў на бамбасховішчы ў нашым горадзе ўжо даўно амаль нідзе няма. Мы ў гэтым пераканаліся яшчэ ў сакавіку 2022 года, калі рыхтавалі адмысловы рэпартаж. Таксама мы даведаліся, што спісаў бабруйскіх сховішчаў з дакладнымі адрасамі ў адкрытым доступе няма. Новыя ўкрыцці ў Бабруйску за апошні час не будаваліся – усе, што маем, засталіся з савецкіх часоў.

Указальнік на сховішча ў двары па вуліцы Мінскай, 56. Фота: 1387.io

Сховішча ў адным з бабруйскіх двароў. Фота: 1387.io

 

Апытанне, якое мы тады правялі, паказала, што большасць гараджанаў не ведае, дзе хавацца ў выпадку вайны ці надзвычайнай сітуацыі.

Цікава, што гарадскія ўлады ўзнялі тэму бамбасховішчаў цяпер, напрыканцы 2023 года, калі сітуацыя ў горадзе адносна спакойная. Прынамсі, над дамамі не лётаюць расейскія самалёты, як гэта было на пачатку ўварвання Расеі ва Украіны напрыканцы лютага – у сакавіку 2022 года. Менавіта тады наяўнасць і стан бамбасховішчаў найбольш цікавілі гараджанаў, аднак ні ЖЭСы, ні МНС такую інфармацыю не давалі – спасылаліся на тое, што яна закрытая, і што ўсё будзе паведамлена ў выпадку неабходнасці. Цяпер жа раптоўна вырашылі нанесці ўказальнікі.

Як вы думаеце, чаму гарадскія ўлады вырашылі паклапаціцца пра бамбасховішчы? І ці ведаеце вы, дзе яны знаходзяцца і як у іх трапіць? Ці бачылі вы ўжо дзе-небудзь новыя ўказальнікі?

Пад Бабруйскам захоўвалі вадародныя бомбы і рыхтаваліся да атамнай вайны. Дзе гэтыя месцы? (шмат фота)