З мінулай восені мы сачылі за лёсам дому на скрыжаванні вуліц Сацыялістычнай і Карла Лібкнехта, што насупраць тыпаграфіі ім.Непагодзіна. Напрыканцы верасня да нас звярнуліся нашыя чытачы і папрасілі высветліць, што будзе на першым паверсе камяніцы на Сацыялістычнай, 78, дзе распачалі рамонт. У будынку, унесеным у Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, прарубілі дзверы ў сцяне, вокны ўсю зіму заставаліся адчыненымі.
Уласнік адной з кватэраў у гэтым доме Мікалай Бялоў моцна турбаваўся пра лёс усёй камяніцы ў сувязі з рамонтам, вёў на гэты конт перапіску з уладамі, якія запэўнівалі – усё робіцца паводле закону, у памяшканні будзе кавярня, а яго гаспадар атрымаў патрэбныя дазволы на працы (падрабязнасці чытайце на нашым сайце 1387.io).
Мы пагутарылі тады з гаспадаром – прадпрымальнікам Сяргеем Аніхоўскім, які пацвердзіў – так, у былой кватэры будзе кавярня. Ды не простая, а з гістарычным каларытам, якая будзе раскрываць мінулае Бабруйска.
«Тут ходзіць шмат турыстаў, і горад хоча, каб было прыгожа, таму ёсць намер аднавіць чырвоную цэглу на фасадах, – казаў прадпрымальнік. – Мы ў нашай кавярні і побач таксама хочам штосьці прыгожае зрабіць, нейкую кампазіцыю, магчыма, гэта будуць габрэйскія матывы, каб людзі падыходзілі, фатаграфаваліся».
Сяргей спачатку абяцаў адкрыць кавярню да Новага 2024 года. Але не атрымалася. Усю зіму памяшканне было ў стане рамонту, некаторы час на плоце вакол вісела абвестка «арэнда».
Працы не вядуцца, вокны наросхрыст: што з камяніцай на Сацыялістычнай, 78?
І вось нарэшце кавярня адкрылася
Мы зазірнулі паглядзець, як яна выглядае і што прапаноўвае гасцям. Кавярня называецца «Голден». Фасад сапраўды не замалявалі і не патынкавалі, як і абяцаў гаспадар, затое знялі старую тынкоўку і адкрылі чырвоную цэглу, што глядзіцца сапраўды сімпатычна (калі не звяртаць увагі на тое, што ў гэтым доме кожны ўласнік аформіў сваё памяшканне па-свойму, і на адзіны стыль няма нават і намёку).
На рагу дому павесілі шыльду «ул.Муравьёвская». Інтэр’ер кавярні – самы звычайны і нават сумны. Нічога пра Бабруйск там няма. Меню таксама самае шараговае – кава, гарбата, дэсерты, усё аформлена на расейскай мове. Магчыма, гэта толькі пачатак, і неўзабаве ў інтэр’еры ці каля кавярні сапраўды з’явіцца штосьці цікавае, небанальнае, з бабруйскім каларытам, чаго так моцна не хапае аб’ектам грамадскага харчавання ў нашым горадзе.