ЛюдзіТэма

«Выглядае, што гэта патрэбна толькі нам, не гораду». Гутарым пра інклюзіўны спорт у Бабруйску

Інклюзіўны спорт – гэта спорт для ўсіх. Яго галоўная ідэя – аб’яднанне людзей з інваліднасцю і без яе, пашырэнне межаў і магчымасцяў тых і другіх. Якія віды інклюзіўнага спорту магчымыя ў Бабруйску? Ці дастаткова магчымасцяў для гараджанаў з асаблівымі патрэбамі для фізічнай актыўнасці? З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца пры правядзенні інклюзіўных спартовых мерапрыемстваў? Гутарым на гэтыя тэмы са старшынём Бабруйскай гарадской арганізацыі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, арганізатарам спартакіяды для людзей з інваліднасцю Канстанцінам Даўжэцкім.

Канстанцін Даўжэцкі з калегай па асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў. Фота: Канстанцін Даўжэцкі / Instagram

Які спорт можа быць інклюзіўным?

–  Канстанцін, якія віды спорту могуць быць інклюзіўнымі? Усе ці ўсё ж могуць быць выключэнні?

–  Іх шмат. Але залежыць ад віду інваліднасці. Калі казаць пра вазочнікаў, то гэта практычна кожны спорт, якім займаюцца людзі, якія ходзяць: вялікі і настольны тэніс, лыжны спорт, біятлон, веславанне, дартс, стральба з пнеўматыкі, боччэ, стральба з луку, настолькі кёрлінг, армрэслінг, фехтаванне, паўэрліфтынг – жым штангі лежачы. Недасяжныя, хіба што, барацьба, бег – але ёсць марафон на вазках, футбол – але тут таксама – ёсць такі від спорту, як рэгбі на вазках. Яшчэ баскетбол, хакей з мячом, але да нас гэта пакуль не дайшло. У Менску ёсць баскетбольная каманда.

–  Вы кажаце, што баскетбол пакуль да нас не дайшоў, таксама хакей з мячом. А якімі відамі спорту могуць займацца людзі на вазках у Бабруйску?

–  У нас займаюцца веславаннем – тут вядомы Андрэй Ткачук, яшчэ ёсць дзяўчына – Анастасія Мяснікова. Яна да траўмы займалася спортам, а пасля пайшла менавіта ў веславанне. У Бабруйску можна займацца плаваннем, настольным тэнісам. Ды шмат што можна было б арганізаваць. Але праблема ў тым, што выглядае так, што гэта мала каму патрэбна, акрамя нас саміх. На словах наш аддзел спорту і турызму гатовы дапамагаць, а на справе атрымліваецца крыху інакш.

Летась увосень мы праводзілі спартакіяду, збіралі на яе грошы літаральна па ўсім свеце, а ад аддзелу спорту атрымалі ігнараванне. Я папрасіў у іх 4 суддзі. А па выніку не было нікога, у тым ліку, ніхто з начальства спорткамітэту не прысутнічаў на спаборніцтвах, уручэнні ўзнагародаў і т.п. Нам было б прыемна, калі б хтосьці папрысутнічаў хаця б на адкрыцці і закрыцці. У выніку мы ўсё праводзілі сваімі сіламі. Спорткамітэт выдзеліў нам у дапамогу 2 суддзі і БРСМ-аўцаў, літаральна, дзяцей. Застаўся негатыўны асадак. Не ведаю, чаму так атрымалася. У папярэднія гады было больш увагі.

Рэабілітацыя для людзей з інваліднасцю і ёга праз інтэрнэт. Інстаграм-марафоны – ці складана іх правесці? Бабруйчанкі расказалі пра новыя магчымасці, якія дае нам анлайн

«Лепш куплю бульбу і раздам тым, хто ў патрэбе»

–  Спартакіяда вазочнікаў за апошнія гады сапраўды стала гучнай падзеяй для Бабруйска, якая збірае ў нашым горадзе людзей з усёй Беларусі. Ці будзе мерапрыемства сёлета?

–  Шчыра кажучы, калі Міністэрства спорту і турызму не выдзеліць грошай, не буду праводзіць. Не хачу, каб атрымалася, як летась. Хочацца, каб усё было прыгожа і на годным узроўні. Летась Мінспорту грошы не выдзеліў, але мы вырашылі ўсё ж праводзіць за дадаткова сабраныя сродкі, бо нам адмовілі ў фінансаванні ў самы апошні момант, калі людзі з усёй Беларусі ўжо былі гатовыя ехаць – хтосьці з працы адпрасіўся, хтосьці адмыслова аплаціў машыну. Усе ўжо былі настроеныя на спартакіяду. Сёлета я не гатовы на такія подзвігі. Лепш правяду сярод сваіх, для свайго рэгіёну – Жлобіна, іншых ваколіцаў Бабруйску.

Канстанцін Даўжэцкі. Фота: Канстанцін Даўжэцкі / Instagram

Калі я стаў старшынём арганізацыі, я падняў у выканкаме пытанне – чаму паўсюль ёсць спартовыя мерапрыемствы для вазочнікаў, а ў Бабруйску – не? Я разумеў важнасць такіх ініцыятываў. Мяне падтрымалі. Памятаю, першая спартакіяда «Залаты бабёр» прайшла шыкоўна. Другая таксама добрая была. Агулам я правёў іх тры.

Чацвёртай летась ужо стала спартакіяда «Залатое кола», якая раней праводзілася ў Гомлі, але яе перадалі нам у Бабруйск. Вось яе мусіла фінансаваць Міністэрства спорту і турызму, але ў апошні момант адмовіла, і ў выніку мы праводзілі за тыя грошы, якія шукалі на дадатковыя выдаткі – падарункі сувеніры. Сёлета я думаю, што гэтыя сродкі будзе разумней патраціць на нашую арганізацыю. Ці я лепш паеду куплю бульбу і раздам тым, хто ў патрэбе.

«Прыязджаюць зусім іншымі людзьмі»

–  А колькі летась удзельнічала людзей?

–  З кожнага рэгіёну было па 7 – 10 чалавек. Агулам толькі вазкоў было каля 70 – 80. Для Бабруйска гэта быў добры паказнік, маштабнае мерапрыемства. 

–  Наколькі для саміх удзельнікаў важныя спартакіяда і інклюзіўны спорт увогуле?

–  Гэта вельмі важна. Так, падрыхтоўка спартакіяды – няпросты працазатратны працэс. Трэба знаходзіць сродкі, дамаўляцца. Але для гасцей і ўдзельнікаў – гэта новыя знаёмствы, камунікацыя з людзьмі. У нас усё пачынаецца з траўня. Зімой большасць сядзіць па дамах, па сваіх справах толькі выязджаюць. А тут пачынаецца камунікацыя. Людзі знаёмяцца, хтосьці штосьці новае ў сабе адкрывае. Гэта развіццё. Напрыклад, чалавек прыехаў, пагуляў у тэніс, яму спадабалася, ён вырашае далей займацца тэнісам, выходзіць са сваёй бурбалкі. Людзі сацыялізуюцца. Часта бывае, што пасля здарэння, калі чалавек апынаецца ў вазку, ён закрываецца, не хоча выходзіць ні на вуліцу, увогуле нікуды. Тут спорт ратуе. Калі чалавек бачыць, што ён такі не адзін, што такіх тут сотні прыехалі, і кожны нечым займаецца, ніхто не саромеецца, усе стараюцца быць на роўных, чалавек змяняе свой светапогляд.

Канстанцін Даўжэцкі. Фота: Канстанцін Даўжэцкі / Instagram

Важнасць спорту для людзей з інваліднасцю нельга пераацаніць. У нас ёсць, напрыклад, лагер спартовай рэабілітацыі ў Менску. Ён ладзіцца раз – два ўлетку. Гэта для людзей, якія толькі нядаўна апынуліся на вазку. Яны там праводзяць 10 дзён, ходзяць на фіззаняткі, слухаюць лекцыі і т.п. Яны прыязджаюць дамоў зусім іншымі людзьмі. Яны там знаёмяцца з такімі ж, як яны самі. Таму такая важная нашая спартакіяда, і яе трэба праводзіць. Але ўсё ўпіраецца ў фінансаванне. Зрэшты, я асабліва і не напружваў летась горад, бо разумеў і праблемы з грашыма, і т.п. Я сам прывёз з іншага горада чалавека, які адсудзіў стральбу. Я яму аплаціў дарогу, пражыванне і ўсё астатняе. Але хацелася б хаця б увагі.

Дзе займацца спортам чалавеку з інваліднасцю?

–  Калі чалавек на вазку хоча займацца спортам, да каго ён можа пайсці ў Бабруйску?

–  У нас у горадзе ёсць трэнеры з адмысловай кваліфікацыяй. Яны часта шукаюць сабе людзей для заняткаў. Да мяне не раз падыходзілі таксама. Калі мы з хлопцамі некуды ездзім на спаборніцтвы, там патрабуюць даведку ад лекара – допуск. Мы штогод ходзім у наш спартовы дыспансер і праходзім дыспансерызацыю. Я потым прыязджаю і стаўлю пячаткі. І неяк там да мяне падышоў трэнер і запытаўся, колькі мне гадоў. Калі я сказаў, што 42, ён сказаў, што позна ўжо ў прафесійны спорт. Ён вось так шукае людзей, з якімі можа займацца.

Канстанцін Даўжэцкі. Фота: Канстанцін Даўжэцкі / Instagram

–  А як у Бабруйску справы з інфраструктураў, даступным асяроддзем для інклюзіўнага спорту?

–  У гандлёвым цэнтры «Тэхас» ёсць фізкультурна-аздараўленчы комплекс, напрыклад. Там басейн абсталяваны і распранальняй, і душавой для людзей на вазку. Я сам асабіста там праводзіў інспекцыю. Басейн цалкам даступны, яны ідуць нам насустрач, прадстаўляюць залу на мерапрыемствы, мы плацім за яго зусім няшмат.

У 34 і 35 школах таксама даступныя басейны. Агулам, што датычыць безбар’ернага асяроддзя ў Бабруйску, можна сказаць, што мы крочым наперад. У параўнанні з тым, што было 5 гадоў таму, цяпер стала нашмат лепш – усё ж горад імкнецца адпавядаць нормам.

«Нас усё менш»

Канстанцін Даўжэцкі. Фота: Канстанцін Даўжэцкі / Instagram

–  Што ў галіне інклюзіўнага спорту хацелася б развіваць у Бабруйску?

–  У нас у Бабруйску ў арганізацыі засталося 17 чалавек. З іх 8 – 10 больш-менш актыўныя. Хтосьці з’ехаў. Тры чалавекі ў нас, на жаль, памерлі за апошнія некалькі гадоў. Лілія Ламаносава, Мікалай Русаковіч… Павел Лісоўскі ў 44 гады сёлета памёр. Нас усё менш. Таму цяжка сказаць, што і як нам тут далей у Бабруйску развіваць. Магчыма, баскетбол было б някепска, але ў нас тут няма зацікаўленых гэтым трэнераў. У горадзе ўсё ж большы ўхіл на здаровых.

Летась мы набылі дзве вінтоўкі за спонсарскія сродкі, цяпер намагаемся, каб нам выдзелілі цір, каб мы там маглі патрэніравацца і, магчыма, правесці паміж сабой спаборніцтва па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Агулам, калі казаць пра развіццё, ёсць добры прыклад Мазырскай арганізацыі асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў. Варта паглядзець, на якім узроўні там ладзяцца спартовыя мерапрыемствы. У такія рэчы трэба ўкладвацца, а не проста – правялі, галачку паставілі – і ўсё. Але Мазыр падтрымлівае Міністэрства спорту і турызму.

–  Калі будзе вядома, ці адбудзецца сёлета ў Бабруйску «Залатое кола»?

–  У чэрвені будзем падаваць заяўку. Потым даведаемся, будзе фінансаванне ці не. Хацелася б, каб усё было крыху інакш, чым летась. Не хочацца такой ганьбы зноў і адказваць на пытанні, чаму няма нікога з аддзелу спорту на такім значным для горада мерапрыемстве.

 

Цікавае

Спецпраекты