Высокія столі, цішыня, прыгожыя віды і адсутнасць рамонту: якое яно – жыццё ў старых камяніцах Бабруйска?

Старая забудова цэнтра Бабруйска – яго разынка і каштоўнасць. Кажуць, у Беларусі толькі два горада, дзе так добра захаваліся цэлыя гістарычныя кварталы – Пінск і Бабруйск. Крыху больш за год таму камяніцам надалі статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Адначасова капітальны рамонт у іх у бліжэйшыя гады не плануецца. Мы запыталіся ў бабруйцаў, якія жывуць у дамах пачатку ХХ стагоддзя, у якім стане будынкі, і ці няма патрэбы ў рамонце ўжо цяпер, а не праз некалькі гадоў.

Камяніцы Бабруйска. Вуліца Сацыялістычная 46 – 48. Фота: 1387.io

«Усе адзін аднаго ведалі, хадзілі ў госці, цяпер прыехалі зусім новыя людзі»

Бабруец Міхаіл жыве ў адным з дамоў па вуліцы Сацыялістычнай ужо шмат гадоў – можна сказаць, з нараджэння, бо ў гэтай кватэры ён і дзяцінства правёў, яна засталася яму ад бацькоў.

«Мне тут, канешне, вельмі падабаецца. Цэнтр горада, спакойныя невялікія вуліцы, такая асаблівая атмасфера, якая мала змянілася з часоў майго дзяцінства – раней мне вельмі падабалася, што жыхары дому былі як адна сям’я – мы ўсе адзін аднаго ведалі, хадзілі адзін да аднаго ў госці ды і ўвогуле проста па дробязях. Цяпер ужо інакш – шмат кватэраў апошнім часам прадаліся, уехалі зусім новыя людзі», – распавядае мужчына.

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 60. Фота: 1387.io

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 69. Фота: 1387.io

Якасць будаўніцтва ў камяніцах з чырвонай цэглы нашмат лепшая, чым у сучасных «панэльках», заўважае Міхаіл. Адначасова мужчына лічыць, што рамонт трэба не адкладаць «на наступную пяцігодку», а рабіць ужо цяпер.

«Часта ўзнікаюць праблемы з каналізацыяй, водаправодам. У кватэры вільготна і ёсць цвіль, і не ў мяне аднаго. Калі я звяртаўся ў ЖЭС, мне сказалі, што праблема можа быць у мікраклімаце, што ў мяне штосьці са шклопакетам, але я выклікаў спецыялістаў, я ўсё правяраў – з вокнамі ўсё добра», – распавядае бабруец. Шклопакеты ў камяніцу ён паставіў даўно, кажа, што іншага выйсця не было, бо старыя вокны ўжо зусім не трымалі цяпло, а ставіць новыя драўляныя ён не лічыць мэтазгодным. Да таго ж, тады яшчэ не было статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

«У двары – сярэдзіна мінулага стагоддзя»

Міхаіл не згодны з тым, што ЖКГ замест старой забудовы ўключыў у план капрамонту на бліжэйшыя гады дамы, пабудаваныя ў другой палове ХХ стагоддзя – кажа, што гарадскім уладам даўно пара задумацца пра камфорт жыцця людзей у гістарычным цэнтры.

«А тое, што яны спяшаюцца рамантаваць «хрушчоўкі» і яшчэ навейшыя дамы толькі даказвае, што 100-150 гадоў таму будавалі лепш. Бо яно дагэтуль і без рамонтаў стаіць, а савецкія дамы ў страшным стане. Тым не менш, гэта не значыць, што пра нас трэба зусім забыцца», – рэзюмуе Міхаіл.

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 72. Фота: 1387.io

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 87. Фота: 1387.io

Бабруйск. Камяніца на вуліцы К.Маркса, 54. Фота: 1387.io

Наталля, суседка Міхаіла па вуліцы (жанчына папрасіла змяніць яе імя «на ўсялякі выпадак»), таксама лічыць, што старым дамам патрэбны рамонт – увагі патрабуюць фасады, дахі, якія часам цякуць, пад’езды і двары.

«У нас у двары – сярэдзіна мінулага стагоддзя, – кажа жанчына. – Бруд, калюжыны, асфальту амаль няма. Гэта з боку вуліцы ўсё прыгожа».

Пра жыццё ў гістарычнай камяніцы мы запыталіся ва ўласніка кватэры ў доме па вуліцы Сацыялістычнай, 78, пра шматпакутны лёс якога мы ўжо не аднойчы распавядалі. І наш суразмоўца, Мікалай Бялоў, таксама не раз даваў нам каментары пра стан свайго дому. Менавіта Мікалай звярнуў увагу на рамонт на першым паверсе камяніцы, дзе, па словах гаспадара памяшкання, яшчэ да новага года мусіла паўстаць шыкоўная кавярня. Аднак ужо ідзе апошні месяц зімы, усе працы прыпыненыя, увесь халодны сезон былая кватэра на першым паверсе прастаяла з расчыненымі вокнамі і прабітай дзіркай для дзвярэй у сцяне. Які далейшы лёс гэтага памяшкання – пакуль невядома.

«Адна справа – жыць у бетоне, зусім іншая – чырвоная цэгла»

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 62. Фота: 1387.io

У Мікалая Бялова – кватэра на другім паверсе, ён набыў яе некалькі гадоў таму. Таксама ў мужчыны ёсць кватэра ў гістарычным доме ў Маскве. Наш суразмоўца адмыслова абірае жытло ў гістарычных камяніцах, бо там зусім іншая якасць жыцця, чым у навабудах, перакананы Мікалай.

«Жыць у такіх дамах вельмі добра і камфортна, бо гэта тоўстыя сцены з чырвонай цэглы, высокія столі, вялікія вокны. Адна справа – жыць у бетоне, зусім іншая – чырвоная цэгла. І мне, напрыклад, вельмі важная прыватнасць – мяне раздражняе, калі шмат людзей і суседзяў. І як раз даваенныя малакватэрныя дамы гэта даюць. Я жыву на верхнім паверсе, нікога не чую і не бачу і ніхто мяне не чапае, і гэта вельмі камфортна. Акрамя таго, вельмі прыгожы від з вакна на тыпаграфію і тэатр. У Маскве ў мяне таксама від на даваенныя канструктывісцкія пабудовы, там усё зялёнае, утульнае і вельмі прывабнае. І такая звычайна асаблівасць у раёнаў са старой забудовай. Гэта проста прыемна жыць у прыгожым доме. Канешне, пытанні з рамонтам узнікаюць, але яны цалкам вырашальныя, і не так дорага каштуюць», – кажа мужчына.

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 54. Фота: 1387.io

Бабруйск. Камяніца на вуліцы К.Лібкнехта, 35. Фота: 1387.io

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Чангарскай, 55 – 57. Фота: 1387.io

Калі Мікалай купіў кватэру, ён хацеў захаваць у ёй як мага больш старых аўтэнтычных элементаў, але на кухні была цвіль, таму не атрымалася ўратаваць драўляную падлогу – давялося замест яе пакласці кафлю. Але Мікалай здолеў захаваць старыя драўляныя рамы на вокнах, і на тое, што яны нібыта не трымаюць цяпло, мужчына не скардзіцца.

«Дом нават занадта добра трымае цяпло. Калі ў мяне працуюць усе батарэі, то вельмі душна, таму я звычайна ўключаю адну-дзве», – зазначае гаспадар кватэры.

«Праз адсутнасць вадасцёкаў цярпіць фасад, гніюць кроквы»

Дом на Сацыялістычнай, 78 у даволі добрым стане, лічыць Мікалай, але востра патрэбны рамонт даху і вадасцёкаў.

«Не ведаю, колькі ён так пратрымаецца, бо ў адным крыле падгніла кроква. Праз адсутнасць нармальных вадасцёкаў цярпіць фасад», – кажа ўласнік кватэры ў камяніцы.

Працы не вядуцца, вокны наросхрыст: што з камяніцай на Сацыялістычнай, 78?

І Мікалай, і ягоныя суседзі спрабавалі высветліць у ЖКГ, чаму ў бліжэйшы час не плануецца рамонт. Наш суразмоўца адпраўляў у дзяржаўныя органы электронныя лісты, іншыя жыхары дому – папяровыя ды хадзілі на прыёмы да прадстаўнікоў улады. Але вынікаў усё гэта пакуль не прынесла.

«Мяне радуе, што прысвоілі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, гэта ўсё ж абарона, знесці такі дом цяпер будзе складаней. Але вось з рамонтам чамусьці цягнуць, – зазначае Мікалай. – Мяне вельмі непакоіць цяпер стан даху і спынены рамонт на першым паверсе, дзе адкрытыя вокны так і стаяць у такім стане ўсю зіму – я баюся негатыўнага ўплыву, які гэта можа аказаць на стан дому».

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 78, дзе планавалі зрабіць кавярню. Фота: 1387.io

У доме па большай частцы перыметру няма вадасцёкаў, звяртае ўвагу мужчына:

«Агулам гэта дапускаецца для двухпавярховых дамоў, калі водступ карнізу страхі ад сцяны не меншы за 65 см, але ў нашым выпадку гэтага няма. Таму так, вадасцёкі вельмі патрэбныя, – кажа Мікалай. – Яшчэ праз кепскую цеплаізаляцыю кожную зіму нарастаюць вялізныя ледзяшы. Ад іх трэскаецца шыфер. У тым крыле, дзе прадпрымальнік выкупіў памяшканне, прасела кроква, там доўга была цеча, таму зверху ёсць невялікая расколіна на фасадзе. Агулам, даўно час мяняць дах».

Вечны бой, дзе пакой нават не сніцца

Адной з праблемаў гістарычнай забудовы мужчына называе вялізную прывабнасць зямлі пад дамамі для бізнесменаў, інвестараў, што стварае пагрозу зносу будынку.

«Прынамсі, для Масквы, дзе ў мяне таксама кватэра ў гістарычным будынку, праблема «адціскання ўласнасці» вельмі актуальная. І нават калі цяпер у цябе атрымліваецца адбіцца, адстаяць свой дом, гэта не гарантуе, што рашэнне потым не зменіцца. Таму гэта як вечны бой, дзе пакой нават не сніцца. У Маскве ў нас атрымалася адбіцца ад зносу, але цяпер я «прабіваю» капрамонт, каб па дакументах быў меншы знос, і каб было менш падставаў зноў нас далучаць да праграмы рассялення».

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 60. Фота: 1387.io

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 91. Фота: 1387.io

Мікалай распавядае, што ў Расеі ўласнікі кватэраю маюць права правесці сход і змяніць тэрміны капітальнага рамонту на хутчэйшыя, калі лічаць гэта патрэбным, і фонд капітальнага рамонту мусіць прыслухацца да гэтага рашэння.

«Наколькі я ведаю, у Беларусі няма такога інструменту – у жыллёвым кодэксе я яго не знайшоў і мне невядома з практыкі, каб уласнікі праводзілі такія сходы і пераносілі тэрміны капрамонту», – зазначае мужчына.

«Тут мог бы быць музей прадпрымальніцтва ў Бабруйску». Працягваем сачыць за лёсам дому на Сацыялістычнай, 78

Калі ў Мікалая і суседзяў па ягоным маскоўскім доме атрымаецца дамагчыся хуткага капрамонту, вокны ў пад’ездзе, напэўна, замяніць на пластыкавыя, бо дом не прызнаны гістарычным помнікам. Але такія ахвяры мужчына называе «неабходным злом», бо тады ў дакументах будзе адзначаная меншая ступень зносу дому, што дазволіць яго абараніць.

«Калі людзі пачнуць ездзіць туды, дзе гісторыю цэняць, яны нават думаць пачнуць інакш»

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Камсамольскай, 39. Фота: 1387.io

Абараняць некалькі гадоў таму Мікалаю давялося і бабруйскую камяніцу па Сацыялістычнай, 78 – яе хацелі знесці праз нібыта аварыйны стан. Наш суразмоўца здолеў прыцягнуць увагу да праблемы. Дом дагэтуль стаіць і не падае. Цікава, аднак, што ўлады, якія гатовыя былі прызнаць яго аварыйным, не ўключаць яго ў план капітальнага рамонту.

Знос гістарычнай забудовы ў розных гарадах як Беларусі, так і Расеі, а таксама знішчэнне аўтэнтычных элементаў у фасадах ды інтэр’ерах будынкаў Мікалай Бялоў лічыць вялізнай праблемай і наступствам савецкага выхавання часткі грамадзянаў.

«Тады лічылася, што ўсё новае лепшае за старое, – зазначае мужчына. – Аднак яшчэ гэта пытанне кругагляду гэтых людзей – куды яны ездзяць і што бачаць. Калі яны ездзяць у Турцыю і Егіпет на all inclusive, канешне, яны бачаць гэты пластык, кафлю, усё аднатыпнае. Але калі яны пачнуць ездзіць туды, дзе гісторыю цэняць, яны нават думаць пачнуць інакш і іхныя погляды на тое, як рабіць у сябе дома, зменяцца».

Самыя старыя дамы ў праграме капітальнага рамонту – 1950-х гадоў пабудовы

Бабруйск. Камяніца на вуліцы Сацыялістычнай, 62. Фота: 1387.io

Бабруйск. Дом на вуліцы Сацыялістычнай, 72. Фота: 1387.io

Бабруйск, камяніцы на вуліцы Камсамольскай, 41. Фота: 1387.io

У перспектыўнай праграме капітальнага рамонту жыллёвага фонду на 2023-2027 гады капітальны рамонт жылога дому №78 па вуліцы Сацыялістычнай не запланаваны, гэтак жа, як і іншых камяніцаў – самыя старыя дамы ў праграме датуюцца 1950-гадамі пабудовы.

«Капітальнаму рамонту падлягаюць жылыя дамы, якія патрабуюць першачарговага правядзення працаў па аднаўленні фізіка-тэхнічных якасцяў канструктыўных элементаў і інжынерных сістэмаў, страчаных у працэсе эксплуатацыі. <…>. Пры планавым восеньскім аглядзе 2023 года быў адзначаны задавальняючы стан асноўных канструктыўных элементаў дадзенага жылога дому, яго інжынерых сістэмаў», – адказаў на зварот Мікалая генеральны дырэктар Бабруйскжылкамгасу Аляксандр Шостак.

Калі вы жывяце ў старой бабруйскай камяніцы, сутыкаецеся з нейкімі праблемамі і лічыце, што вашаму дому рамонт патрэбны раней за 2027 год, пішыце нам у Фэйсбуку і Інстаграме. Мы б хацелі як мага паўней распавесці пра тое, як выглядае жыццё ў гістарычнай забудове нашага горада. Пры патрэбе гарантуем вам ананімнасць.