Бабруйцы выказваюць меркаванне, што новы будынак можа негатыўна паўплываць на гістарычны ландшафт крэпасці і культурную каштоўнасць гэтага раёна.

Фота з сайта bobruisk.gov.by
Будаўніцтва каля Бабруйскай крэпасці ставіць пытанне, ці здолее горад захаваць свой гісторыка-культурны ландшафт. Цягам апошніх дзесяцігоддзяў гучалі шматлікія ініцыятывы па рэканструкцыі крэпасці, але замест таго, каб стаць цэнтрам культурнага і турыстычнага жыцця, яе тэрыторыя па-ранейшаму занядбаная або прадаецца пад камерцыйнае выкарыстанне.
Яшчэ ў 2006 годзе абяцалі, што праз чатыры гады крэпасць ператворыцца ў “горад-сад”. Аднак, як паказвае аналіз, вынікам гэтых планаў сталі толькі чарговыя абмеркаванні і фрагментарныя спробы добраўпарадкавання.
Пры гэтым асобныя будынкі на тэрыторыі крэпасці працягваюць выстаўляць на продаж без выразнага плана іх аднаўлення. Адзін з рэдзюітаў ужо не першы раз змяняе ўласнікаў, што сведчыць аб адсутнасці сістэмнага падыходу да выкарыстання спадчыны.
Грамадскія ініцыятывы ўжо неаднаразова ўздымалі пытанне пра неабходнасць захавання крэпасці як часткі гісторыка-культурнай спадчыны горада. Калі тэрыторыя вакол яе будзе забудоўвацца без уліку яе гістарычнай каштоўнасці, гэта можа канчаткова перакрэсліць магчымасці паўнавартаснага аднаўлення. Захаванне спадчыны – гэта не толькі даніна мінуламу, але і рэсурс для развіцця горада.
Музей рэпрэсій у СІЗА, квэсты па легендах пра “золата езуітаў”: што рабіць з Бабруйскай крэпасцю?
Каб паўплываць на прыняцце рашэнняў паводле гэтага праекта, важна ўзяць удзел у грамадскім абмеркаванні, якое арганізуе Бабруйскі гарвыканкам. Парадак правядзення такіх абмеркаванняў рэгулюецца Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2011 г. № 687.
Тэрміны правядзення грамадскіх абмеркаванняў: з 29 студзеня 2025 года да 27 лютага 2025 года.
Як узяць удзел у грамадскім абмеркаванні:
Атрымайце інфармацыю аб праекце. Азнаёмцеся з праектнай дакументацыяй,якая размешчана:
- у электронным выглядзе на сайце Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта – спасылка
- у папяровым выглядзе ў Бабруйскім гарвыканкаме (адрас: г. Бабруйск, пл. У.І. Леніна, 1)
Падрыхтуўцу і накіруйце свае заўвагі і прапановы ў электроным выглядзе ў Бабруйскі гарадскі выканаўчы камітэт: archi@bobruisk.by

Бабруйская крэпасць. Фота: 1387.io
Удзел у грамадскіх абмеркаваннях дазваляе грамадзянам выказаць сваю пазіцыю адносна праектаў, якія могуць уплываць на гістарычную і культурную спадчыну горада. Дзяліся сваімі думкамі пра гэту забудову ў Інстаграм