Што паглядзець у Бабруйску ў месяц рэлігійнага турызму? Распавядае гід Алег Красны

Сёлетні кастрычнік Міністэрства спорту і турызму Беларусі прысвяціла рэлігійнаму турызму. Такім чынам хочуць прыцягнуць увагу да спадчыны розных веравызнанняў у нашай краіне, заахвоціць да знаёмства з ёй. З гэтай нагоды гутарым з гідам і намеснікам старшыні іудзейскай рэлігійнай абшчыны ў Бабруйску Алегам Красным.

Рэлігійны турызм. Распавядае гід Алег Красны

Алег Красны. Фота: Алег Красны / Instagram

“Амаль усе групы ў Бабруйску вядзем у сінагогу”

– Алег, ці запатрабаваны рэлігійны турызм сярод бабруйцаў? І ці ездзяць у наш горад, каб паглядзець на рэлігійныя аб’екты?

– Ёсць рэлігійны і паломніцкі турызм. Пасля змяненняў у заканадаўства, турфміры не могуць арганізоўваць менавіта паломніцкія туры, гэтым павінны займацца самі рэлігійныя арганізацыі.  Напрыклад, праваслаўную паломніцкую групу можа сфармаваць і вазіць па аб’ектах толькі праваслаўная епархія. Але рэлігійным арганізацыям не хапае досведу, бо раней яны мала гэтым займаліся. Таму цяпер назіраецца пэўны правал. Але ў прынцыпе, такі від турызму запатрабаваны. Людзям цікавая гэтая тэма.

Мы нядаўна ладзілі экскурсію ў Радунь у Гарадзенскай вобласці, да месца пахавання выбітнага габрэйскага дзеяча і пісьменніка, равіна Хафеца Хаіма – ён сусветны аўтарытэт у галіне габрэйскай рэлігійнай этыкі.

У Бабруйску амаль усе групы, што да нас прыязджаюць, мы вядзем у сінагогу. Па нашых падліках, да 10 тысяч чалавек у год, не прыхаджанаў, наведваюць яе. Бабруйская сінагога сёння – ужо брэнд. Летась яна заняла другое месца ў конкурсе Міністэрства спорту і турызму “Пазнай Беларусь”.

Музей, кавярня, хостэл з габрэйскім каларытам: што рабіць з былымі езуіцкім касцёлам і галоўнай сінагогай?

Людзі з Віцебску, Менску, Горадні з яе прыгажэннай сінагогай – і пераважна не габрэі – прыязджаюць, каб трапіць у бабруйскую сінагогу, бо ведаюць, што тут іх гасцінна прымуць. У нас нават гід ёсць – жанчына, якая водзіць экскурсіі па сінагозе. Людзям цікава, бо гэта незвычайна. Сінагогаў нашмат менш, чым праваслаўных храмаў, а тым больш такіх, дзе сустрэнуць, распавядуць, паставяцца з увагай.

“Касцёлы – прыгажэйшыя і больш старажытныя”

– А наколькі часта вы ўключаеце ў рэлігійны турызм аб’екты іншых рэлігіяў, не іудаізму?

– У нашых экскурсіях амаль заўсёды ў праграмах ёсць нейкія рэлігійныя аб’екты. Памятаю, неяк адна жанчына нават запыталася: у нас што – паломніцкая паездка? Але мы не робім акцэнт на рэлігіі як такой, на веры, а на тым, што такія аб’екты – гэта гісторыя, культура, архітэктура, спадчына народу.

Мы часцей уключаем у праграму касцёлы, бо яны ў Беларусі прыгажэйшыя, больш старажытныя. Цэрквы пераважна ХІХ стагоддзя, пабудаваныя пасля паўстання 1863 года, хоць ёсць і вельмі старыя.

Езуіцкі, ці святых Пятра і Паўла? Чаму мы блытаем бабруйскія касцёлы?

“У людзей у галовах шмат стэрэатыпаў”

– У чым, на ваш погляд, значэнне, важнасць менавіта рэлігійнага турызму, адрозненне ад звычайнага культурнага?

 – У людзей у галовах вельмі шмат стэрэатыпаў, прычым, ва ўсіх – у каталікоў пра праваслаўных, у іудэяў – пра праваслаўных і каталікоў і т.п. Часам задаюць вельмі наіўныя пытанні, і ты разумееш, што людзі мала ведаюць пра рэлігіі. І вось тут праяўляецца важнасць рэлігійнага міжканфесійнага турызму – паказаць, распавесці, разбурыць памылковыя ўяўленні і стэрэатыпы.

Алег Красны. Фота: Алег Красны / Instagram

Падчас такіх тураў людзі знаёмяцца адзін з адным, з іншай рэлігіяй, культурай, перастаюць ставіцца напружана да іншых, і гэта вельмі ўмацоўвае адносіны паміж людзьмі. Калі ты ведаеш пра суседзяў больш, ты не баішся.

У нас быў выпадак: чалавек кажа – бабуля распавядала, што ў яе былі суседзі – габрэі. Яны агулам былі добрымі людзьмі, але грэбавалі нашай ежай, кажа. Мы што, ямо кепскую ежу на думку габрэяў, пытаецца? І тут мы начынаем распавядаць, што праваслаўнаму ў тым, каб прыйсці і сесці за стол з габрэем няма ніякай праблемы, а калі рэлігійны габрэй прыйдзе за стол да праваслаўнага беларуса, ён там зусім нічога не зможа есці. І адмаўляецца ён не таму, што не паважае цябе ці не любіць, а таму, што існуюць правілы кашруту.

Напрыклад, калі ты даеш габрэю яблык, то мусіш даць цэлы, бо ты можаш яго парэзаць некашэрным нажом, і гэта нармальна, бо ты не абавязаны выконваць кашрут. Ты ўзяў любы нож, якім учора рэзаў мяса, а сёння – тварог, і парэзаў ім яблык. А рэлігійны габрэй ужо не можа яго есці. І ён жа не будзе штораз тлумачыць. А калі чалавек ведае, што адбываецца, ён разумее, што прычына адмовы не ў тым, што хтосьці кагосьці ненавідзіць. Гэта ўмацоўвае адносіны.

Тры разы зайдзеш у сінагогу – станеш габрэем?

Бабруйская сінагога. Фота: 1387.io

– То бок, можна сказаць, што рэлігійны турызм падвышае талерантнасць у грамадстве?

– Так, менавіта. Яшчэ адзін прыклад хачу распавесці. Неяк мы прыехалі ў Горадню, заходзім у сінагогу. Дзве маладыя дзяўчыны з групы не пайшлі, засталіся на ганку. Пытаюся – чаму не заходзіце? Яны адказваюць – нам нельга. Мне стала цікава. Пытаюся – чаму нельга? Яны аказаліся каталічкамі, сказалі, што ксёндз сказаў, што нельга, бо былі ўжо два разы, а калі трэці раз зайдуць, то стануць габрэйкамі. Не ведаю, хто там не так адзін аднаго зразумеў – ксёндз іх ці яны яго. Але я ім кажу – не, так проста не атрымаецца. Калі б гэта было так, тут бы хадзілі як на прахадны двор – зайшоў тры разы і атрымаў права жыць у Ізраілі. Так не адбываецца, кажу, таму заходзьце, не бойцеся, нічога не будзе.

Часам у нас бываюць і вельмі падрыхтаваныя людзі, якія шмат ведаюць пра сваю рэлігію. Але пераважна трэба шмат тлумачыць, каб людзі менш думалі адзін пра аднаго розных бздураў.

“Цікава ў любой царкве, дзе сустрэнуць і распавядуць”

– Алег, якія б найбольш цікавыя рэлігійныя аб’екты ў Бабруйску і Бабруйскім раёне вы параілі б для наведвання?

– Канешне, сінагогу, бо яна адна такая. Бабруйскі касцёл вельмі цікавы. Шкада, што ён рэдка бывае адкрыты, але калі патэлефанаваць і папрасіць, то адкрываюць. Касцёл цікавы тым, што ён адзін таксама, дзейсны, і таму, што ва Усходняй Беларусі не так шмат касцёлаў.

Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.  Фота: 1387.io

З праваслаўных цэркваў цікавы Свята-Георгіеўскі храм, бо ён з гісторыяй. Цяпер аднавілі і адкрылі сабор Аляксандра Неўскага ў крэпасці і таксама яго вельмі моцна прасоўваюць.

Мне падабаецца манастыр жон-міраносіц у Бабруйску. І не толькі таму, што шмат грошай было ўкладзена ў аднаўленне тых будынкаў, але найперш таму, што там вельмі прыгожа – раю зайсці і паглядзець, як там уладкаваная тэрыторыя вакол. А яшчэ там цудоўны кветнік.

А агулам, цікава ў любой царкве, дзе цябе могуць сустрэць і штосьці распавесці.

Унікальныя цэрквы, родныя вёскі вядомых пісьменнікаў, прыродныя помнікі: топ-6 турыстычных пярлін Бабруйшчыны

Рэлігійны турызм: Што яшчэ паглядзець з рэлігійнай спадчыны ў Бабруйску і раёне?

  • Былы езуіцкі касцёл у Бабруйскай крэпасці

Былы езуіцкі касцёл. Фота: 1387.io

На сёння гэты будынак – самы стары ў Бабруйску. Ён быў збудаваны ў 1747 годзе на сродкі рэчыцкага суддзі Францішка Дзерналовіча, захаваўся нават у часы ўзвядзення крэпасці – у 1810 годзе будынак перарабілі пад артылерыйскі цэйхгаўз. У савецкія часы і да 2005 года тут размяшчалася гаўптвахта. Цяпер будынак стаіць закінутым і з кожным годам усё больш разбураецца, таму спяшайцеся паглядзець.

  • Драўляная праваслаўная царква Прарока Іллі на Лукавай гары

Царква Прарока Іллі ў Бабруйску. Фота: yandex.by

Храм быў пабудаваны ў 1893 годзе ў вёсцы Куляшоўка Клімавіцкага раёну Магілёўскай вобласці і перанесены ў Бабруйск у 2004 годзе, дзе наноў асвечаны ў 2013 годзе. З’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства з элементамі рускага стылю, уваходзіць у Рэспубліканскі спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

  • Капліца-пахавальня графскага роду Забэлаў у Ізюмава

Капліца-пахавальня графскага роду Забэлаў у Ізюмава. Фота: 1387.io

Капліца стаіць на вясковых могілках. Яна была пабудаваная на месцы сямейнага склепу Забэлаў у 1900-1907 гадах. Капліца мае незвычайную для нашых мясцін архітэктуру – яна ўзведзеная з бутавага цесанага камяню, некаторыя даследчыкі знаходзяць у ёй рысы мадэрну. У савецкія часы капліца была разрабаваная, магілы ўзарваныя шукальнікамі скарбаў. На пачатку ХХІ стагоддзя добраўпарадкаваць яе вырашылі бабруйскія каталікі – прыбраліся ўнутры, накрылі капліцу дахам, бо стары быў разбураны, узялі апеку над святыняй.

  • Драўляная стараабрадніцкая царква ў вёсцы Туркоўская Слабада, асвечаная ў гонар Покрыва Прасвятой Багародзіцы

Стараабрадніцкая царква Покрыва Святой Багародзіцы ў вёсцы Туркоўская Слабада ў Бабруйскім раёне. Фота: Дзмітрый Іўчанка/fotobel.by

Храм быў пабудаваны ў 1836 годзе з драўляных брусоў. Крыху пазней да галоўнага фасаду была прыбудаваная двух’ярусная званіца з шатровым купалам.

  • Драўляная царква Святога Панцеляймона ў Глушы

Царква Святога Панцеляймона ў вёсцы Глуша Бабруйскага раёну. Фота: 1387.io

Храм быў пабудаваны ў 1880-х гадах у вёсцы Вуглы як стараабрадніцкі. У 1990-я гады перавезены ў Глушу, дзе планаваўся музей пад адкрытым небам, наноў сабраны і асвечаны як праваслаўны ў гонар Святога Панцеляймона.