Драўляная забудова Бабруйска: ці трэба яе захоўваць?

У старым цэнтры Бабруйска захаваліся некалькі кварталаў драўлянай забудовы. Сярод на першы погляд звычайных дамоў ёсць каштоўныя сваёй гісторыяй (дом купчыхі Кацнэльсан, былы дом Абрама Рабкіна) і эстэтычнымі якасцямі (дом па вуліцы К.Лібкнехта каля гарадскога архіву). Гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца, выкладчык Дэпартаменту гуманітарных навук і мастацтва ЕГУ Сяргей Харэўскі сцвярджае – бабруйскія дамы ўнікальныя і адрозныя ад тых, што будаваліся ў іншых рэгіёнах Беларусі. У чым іх каштоўнасць і ці трэба іх захоўваць? Шукаем адказы разам з экспертам.

Драўляная забудова Бабруйска, вул.К.Лібкнехта. Фота: 1387.io

«Бабруйская драўляная забудова – унікальная»

Паводле Сяргея Харэўскага, сярод беларусаў пануе стэрэатып, што дрэва – гэта штосьці прафаннае, не вартае ўвагі, што новая хата заўсёды лепшая за старую.

«І карані гэтага можна зразумець, бо ў нас кароткая гісторыя ўсведамлення вартасці, каштоўнасці гэтых помнікаў. Беларусы вельмі позна прыступілі да разумення спадчыны, мы вельмі прымітыўныя ў сваім мысленні ў параўнанні з, напрыклад, суседзямі-скандынавамі», – кажа эксперт.

Бабруйская драўляная забудова, уздоўж якой мы праходзім і не заўважаем, – унікальная, перакананы спадар Сяргей:

«Для чалавека з, напрыклад, цэнтральнай Меншчыны, бабруйскія драўляныя дамы досыць экзатычныя і незвычайныя. Яны вылучаюцца круглымі бярвеннямі, часам з чатырохсхільнымі дахамі, што зусім не ўласціва заходняй і цэнтральнай Беларусі. Эстэтычную каштоўнасць маюць прыгажэнныя аканіцы. Дзе вы сёння замовіце такія разьбяныя аблямоўкі вокнаў? Тым больш са спелай драўніны, каб гэта ўсё потым не струхлела за некалькі гадоў. Гэта ўнікальная каштоўнасць, тое, што немагчыма паўтарыць. Дык ці варта гэта знішчаць?».

smartДраўляная забудова Бабруйска, вул.К.Лібкнехта. Фота: 1387.io

Драўляная забудова Бабруйска. Фота: 1387.io

Адметнасць самых старых бабруйскіх дамоў у тым, што іх уласнікі, габрэі, будавалі з улікам пэўных рэлігійных правілаў. Напрыклад, арганізоўвалася магчымасць для святкавання свята Суккот, прыбудоўваліся адмысловыя веранды да дамоў, што сымбалізавалі суккі, або ў беларускай традыцыі – кучкі, што сымбалізуюць буданы старажытных юдэяў. У гэтым падабенства бабруйскай драўлянай забудовы да віленскай, зазначае мастацтвазнаўца. Ад традыцыйнага тутэйшага дойлідства ў Бабруйску былі перанятыя тэхналагічныя і дэкаратыўныя прыёмы, уласцівыя больш беларускаму Падняпроўю.

«Драўляную хату можна перавезці ў любое месца»

Бабруйская драўляная спадчына вылучаецца даволі добрай захаванасцю, кажа эксперт:

«Так, шмат страчана, праз тыя ж пажары, але даволі шмат захаваліся. Адзінае, шкада, што ніхто не парупіўся, каб падлічыць, колькі старых дамоў выстаялі, дзе яны знаходзяцца, не апісаў іх».

Высокія столі, цішыня, прыгожыя віды і адсутнасць рамонту: якое яно – жыццё ў старых камяніцах Бабруйска?

Наш суразмоўца з жалем зазначае, што мы працягваем губляць драўляную спадчыну і сёння, і зусім не праз пажары:

«У Менску за 35 гадоў усё знікла на нашых вачах. Цяпер знікае драўляны Гомель, Магілёў. Бабруйск яшчэ мае патэнцыял. Тут магчыма зрабіць скансэн (Скансэн – назва шведскай вёскі, куды мясцовыя рупліўцы яшчэ 200 гадоў таму пачалі звозіць драўляныя дамы з усёй Швецыі, паступова назва стала намінальнай)».

Драўляная забудова Бабруйска. Фота: 1387.io

Драўляная забудова Бабруйска. Фота: 1387.io

Так, натуральна, што гарады развіваюцца, забудовы змяняюцца, але асаблівасць драўлянай хаты ў тым, што яе можна перавезці пры жаданні ў любое іншае месца, зазначае спадар Сяргей, і тут не трэба «вынаходзіць ровар – ужо існуе вялізная навуковая, тэхналагічная база». Калі цалкам захаваць дом нельга па нейкіх прычынах, можна зберагчы асобныя дэталі канструкцыі, фрагменты больш трывалай драўніны, драўляныя элементы – прафіляваныя фрызы, аканіцы, дзверы і прымяніць іх пры рэканструкцыі ці пабудове новых аб’ектаў з дрэва.

«Лепш, калі не чапаюць»

Дом купчыхі Кацнэльсон. Фота: 1387.io

Паводле Сяргея Харэўскага, найперш, канешне, мусіць быць захаваны дом купчыхі Кацнэльсан, аднак аптымізму адносна ягонай будучыні пры захаванні цяперашняй сітуацыі ён не мае.

«У Клімавічах ёсць жудасны прыклад «рэнавацыі», калі стары дыхтоўны драўляны дом 1867 князя Мшчэрскага знеслі дарэшты, каб пабудаваць падробку. Падобнае, дарэчы, зрабілі і ў Менску на Паўночным завулку. У Бабруйску драўляная царква Святога Духа была абшытая сайдынгам. Апроч таго, што гэта неэстэтычна, безгустоўна, дык яшчэ і дэманструе прынцыповае неразуменне прыроды матэрыялу. Пад сайдынгам дрэва, якое не можа дыхаць, хутчэй спарахнее, бо ў зазоры паміж сайдынгам і дрэвам будзе заставацца кандэнсат. А ў ідэале старасвецкія драўляныя аб’екты і крыць варта дрэвам – гонтаю.

Улічваючы гэтыя прыклады, я не ўпэўнены, што рэнавацыя дому купчыхі Кацнэльсан была б зроблена лепш. І тут узнікае дзіўная, але натуральная для Беларусі сітуацыя – калі лепш, калі не чапаюць, таму што без належнага нагляду, спецыялістаў і ў святле існых практык наўрад ці будзе зроблена штосьці добрае», – кажа эксперт.

Драўляная забудова Бабруйска. Фота: 1387.io

Драўляныя гаўбцы, прыбудаваныя да мураванага дома. Фота: 1387.io

У Бабруйску можна было б зрабіць некалькі кварталаў адноўленай драўлянай архітэктуры, захаваць там не толькі дамы на сваіх месцах, але і падцягнуць з іншых раёнаў гораду і прадмесцяў, стварыць экалагічную пешаходную зону, дзеліцца ідэямі Сяргей Харэўскі.

«Канешне, гэта ўтопія, і цяжка сабе ўявіць, што пасля таго, як у горадзе так і не далі рады з Бабруйскай крэпасцю, раптам запануе грамадская думка, якая зробіць магчымым такі праект дзеля ўстойлівага развіцця тэрыторыі і захавання і грунтоўнай густоўнай рэнавацыі маштабных кварталаў драўлянага дойлідства. Але з іншага боку, без мараў і планаў нічога не адбудзецца», – зазначае наш суразмоўца.

Драўляная забудова Бабруйска. Фота: 1387.io

Драўляная забудова Бабруйска. Фота: 1387.io

Эксперт вылучае, што ўжо сёння можна было б зрабіць для будучага аднаўлення драўлянай архітэктуры Бабруйска:

«Сабраць праектную архіўную дакументацыю, наколькі гэта магчыма, старыя фотаздымкі, стварыць групу валанцёраў, заняцца абмерамі, высветліць, якія дамы самыя старажытныя, уратаваць элементы дэкору, стварыць сайт па гэтай тэме, віртуальны музай драўлянага дойлідства Барбуйска і ваколіцаў – хіба гэта не рэалістычна? Няўжо нікому не цікава?».

«Сёння нельга знайсці дрэва, з якога будавалі 150 гадоў таму»

Драўляная забудова Жвярынаса, Вільня. Фота: 1387.io

Драўляная забудова Жвярынаса, Вільня. Фота: 1387.io

Драўляная забудова Жвярынаса, Вільня. Фота: 1387.io

Паводле спадара Сяргея, любы аб’ект варта захоўваць, калі на тое ёсць магчымасць, а каштоўнасць можа быць рознай: гістарычнай, мемарыяльнай – звязанай з нейкімі падзеямі, асобамі, каштоўнай можа быць тэхналогія будаўніцтва, стыль.

«Сёння вельмі цяжка знайсці і цесляроў, якія ўмела зробяць падобныя канструкцыі, як сто гадоў таму, і саму драўніну, адпаведную па фармаце і фактуры, якая яшчэ 150 гадоў таму была нярэдкасцю, – кажа эксперт. – Сёння знайсці такі спелы лес, такую якасную сухую драўніну – вялікая праблема. Напрыклад, калі ў Лондане вырашылі пабудаваць беларускую царкву, драўніну, з якой можна было аднавіць традыцыйныя беларускія аб’ёмы і формы, давялося замаўляць з Канады».

Беларуская драўляная царква ў Лондане. Фота: Вікіпедыя

Як прыклады прафесійнага аднаўлення і захавання драўлянай спадчыны спадар Сяргей прыводзіць нарвежскі горад Берген і яго драўляную забудову, якая ацалела з ганзейскіх часоў, а таксама раёне Жвярынас у суседняй нам Літве, вядомы адноўленымі драўлянымі будынкамі.

«Цяпер у Еўропе – Эстоніі, Фінляндыі, Польшчы, Нямеччыне, краінах Скандынавіі і за акіянам – укладаюць вялізныя рэсурсы ў ратаванне драўлянай архітэктуры, – распавядае эксперт. – Ёсць адмысловыя праграмы Еўразвязу. Дзякуючы адной з такіх атрымалася зрабіць Музей драўлянай гарадской архітэктуры ў Вільні, які, акрамя збору інфармацыі, дакументацыі, вучыць людзей старасвецкім паўзабытым сакрэтам цяслярства і сталярства, а таксама і найноўшым экалагічным тэхналогіям захавання драўлянага дому, дае грунтоўныя тэхнічныя, інжынерныя кансультацыі».

Шыльды «ахоўваецца дзяржавай» сталі мемам. Як бабруйцы жывуць і працуюць у гістарычных камяніцах + тэст пра Бабруйск

Абсалютная экалагічнасць

Драўляная забудова Друскенінкая. Фота: 1387.io

Спадар Сяргей падкрэслівае яшчэ адну важную якасць драўлянай забудовы – яе экалагічнасць і рэсурсаашчаднасць.

«Драўляная архітэктура абсалютна экалагічная, пачынаючы ад самога матэрыялу і сканчаючы энергаашчаднасцю гэтых будынкаў. Уласцівасць дрэва – унікальная. Будынкі з яго маюць найлепшую гукаізаляцыю, тэрмарэгуляцыю. Калі звонку будзе +30, у драўлянай хаце заўсёды не вышэй +20. І наадварот – зімой сцены дрэва ніколі не прамярзаюць. Таму калі казаць з пункту гледжання чыстай прагматыкі, расходы на падтрыманне клімату ў такіх дамах ніжэйшыя», – зазначае наш суразмоўца.

Драўляная забудова Палангі. Фота: 1387.io

Драўляная забудова Друскенінкая. Фота: 1387.io

Пры аднаўленні і захаванні драўлянай спадчыны Бабруйск мог бы браць прыклад з Вільні, дзе ідэя захавання дамоў з дрэва «сыходзіла ад эстэтаў-рамантыкаў», і ўрэшце «настойлівае тлумачэнне эстэтычнай, гістарычнай, экалагічнай вартасці драўляных будынкаў» спрацавала з прагматычнага пункту погляду – прыцягнула як мясцовых жыхароў, так і турыстаў, распавядае спадар Сяргей:

«Паасобныя драўляныя будынкі ў віленскіх раёнах, такіх, як Жвярынас (Звярынец) і Ужупіс (Зарэчча), былі ашчадна адрэстаўраваныя і сталі сапраўдным гонарам тых кварталаў. Натуральна, яны сёння, у адноўленым выглядзе, такія дамы ўжо ўяўляюць сабою і элітную нерухомасць. Сёння менавіта ў драўляных дамах тут знаходзяцца адныя з самых дарагіх папулярных кавярняў, куды трэба загадзя запісвацца, каб там пасядзець. Гэтыя дамы нібы дыхаюць, і гэта экзотыка сёння. Але і вялікая выгода для ўласнікаў! Вільні такім чынам пашанцавала – грамадская думка энтузіястаў-летуценнікаў знайшла падтрымку ў бізнес-структурах, у лакальных уладаў, гарадскіх, цэнтральных і нават была ўхвалена на агульнаеўрапейскім узроўні».

А як вы думаеце, што рабіць з драўлянай спадчынай Бабруйска? Дзяліцеся на нашай старонцы ў Інстаграме!

Ліштвы Бабруйска. Ці захаваецца нашая драўляная спадчына?