Дзе на Бабруйшчыне можна вучыцца на беларускай мове?

У Дзень роднай мовы, 21 лютага, мы вырашылі паглядзець, дзе ў Бабруйску і Бабруйскім раёне дзеці могуць вучыцца па-беларуску – ці засталіся ў нас яшчэ беларускамоўныя школы і класы? Вынікі нашых пошукаў засмучаюць.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: aif.by

У Беларусі ўсё менш дзяцей вучацца на роднай мове

Ні для каго не сакрэт, што адукацыя ў Беларусі на ўсіх узроўнях – дашкольным, школьным, у сярэдне-спецыяльных навучальных установах і ВНУ становіцца ўсё больш расейскамоўнай. Яшчэ некалькі гадоў таму беларускамоўных класаў і школаў у нашай краіне было нашмат больш, чым сёння.

Увосень 2023 года міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец прыводзіў дадзеныя, што ў нашай краіне каля 10% школьнікаў вучацца па-беларуску. Пры гэтым беларускамоўных школаў – аж 40% ад агульнай колькасці, і амаль усе яны – у вёсках. Яшчэ тры гады таму, у 2020 годзе афіцыйная статыстыка сцвярджала, што беларускамоўных школаў у нас 45%.

Каб ацаніць хуткасць, з якой у Беларусі знікаюць беларускамоўныя школы, можна параўнаць статыстыку 2012 і 2018 гадоў – за тыя шэсць гадоў зніклі адразу 482 беларускамоўныя школы (12 гадоў таму, у 2012 годзе ў нашай краіне было 1764 школы з беларускай мовай навучання, а ў 2018 годзе іх засталося 1282).

Колькасць вучняў, якія ў нашай краіне вучацца па-беларуску, пастаянна падае. У 2019/20 навучальным годзе на роднай мове вучыліся 112 тысяч дзяцей, у 2018/19 гадах – 111, 1 тысяч, у 2017/18 гадах – 120,2 тысяч, у 2016/17 – 128,9 тысяч.

Беларускамоўная школа ў вёсцы Восава. Фота: Вечерний Бобруйск

Сярод гарадоў найбольш беларускамоўных школаў і класаў на сённяшні дзень – у Менску. На бягучы 2023/24 навучальны год у сталіцы вучняў набіралі ў дзве цалкам беларускамоўныя школы, а таксама ў 5 школах ішоў набор у класы з беларускай мовай навучання.

У абласных цэнтрах няма ніводнай цалкам беларускамоўнай школы – толькі класы. Яшчэ засталіся ў Беларусі раённыя цэнтры, дзе захаваліся школы з навучаннем на роднай мове – гэта гімназія №2 у Барысаве і школа ў горадзе Іванава ў Берасцейскай вобласці.

«Заняткаў на беларускай мове няма, бо дзеці не разумеюць»

У Бабруйску няма ніводнай беларускамоўнай школы і нават класа з беларускай мовай навучання. Аж 8 гадоў таму, у 2017 годзе «Вечерний Бобруйск» распавядаў пра хлопчыка Сцяпана Хадарэнку, бацькі якога дамагліся адкрыцця беларускага класу ў школе №17. Сцяпан быў там адзіным вучням. Якім быў далейшы лёс класа і вучня, у нас не атрымалася высветліць.

Беларускамоўная школа ў вёсцы Восава. Фота: Вечерний Бобруйск

У некаторых дзіцячых садках нашага горада пэўныя дні тыдня абвяшчаюцца «беларускімі», аднак на практыцы ніхто з дзецьмі па-беларуску не камунікуе.

«У нас у садку ёсць беларускі куток – такі традыцыйны – там кросны, лапці, рушнікі і т.п. Гэтыя рэчы дзецям паказвалі, выхавацелька штосьці распавядала. Чацвер у нас лічыцца беларускамоўным днём – так, прынамсі, мне сказалі, калі я аддавала дзіця ў садок. Але выхавацелька кажа, што заняткаў на беларускай мове няма, бо дзеці не разумеюць па-беларуску. Дзіця ходзіць у садок чацвёрты год, і за ўвесь час па-беларуску і пра Беларусь у нас не было роўна нічога», – падзялілася з намі бабруйчанка, якая пажадала застацца ананімнай. Таксама яна прасіла не называць нумар садка, каб не стварыць яму «лішнія праблемы».

Беларускамоўныя школы дагэтуль ёсць у Бабруйскім раёне – мы адшукалі такія ў пасёлку Леніна Сычкаўскага сельсавету і вёсцы Восава Гарбацэвіцкага сельсавету.

Школа ў пасёлку Леніна

Сайт школы ў пасёлку Леніна аформлены па-беларуску. На ім распавядаецца гісторыя школы, а таксама можна знайсці інфармацыю пра сучасны працэс навучання і правілы паступлення.

Школа ў пасёлку ім.Леніна ў Бабруйскім раёне. Фота: lenina.bobruisk.edu.by

Сярэдняя школа ў пасёлку стала пераемніцай школы, якая існавала яшчэ ў вёсцы Дурынічы (з 1947 года – Ізюмава). Яна была створаная ў 1920 годзе, налічвала 31 вучня. У 1930 годзе школу дабудавалі, і ў ёй ужо налічвалася 5 класаў. Паступова школа пашыраецца, і ў даваенны час стала сямігодкай, а пасля вайны – васьмігодкай. На пачатку 1971 года будынак школы згарэў, увосень пачалося будаўніцтва новага на 320 вучняў. Школа стала сярэдняй, пабудаваны інтэрнат, стадыён, створаны прышкольны ўчастак.

У сувязі з рэфармаваннем Ленінская сярэдняя школа аб’ядналася з Сычкаўскай базавай школай у 2004 годзе. Сучасная назва школы – «Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Ленінская сярэдняя школа Бабруйскага раёну».

Сёння ў школе налічваецца 95 вучняў, 24 выхаванцы дашкольнай групы. У сувязі з пабудовай аграгарадка, у школе акрамя 12 вучэбных класаў, майстэрні, спартыўнай і актавай залы, сталовай, бібліятэкі, з’явіліся трэнажорная зала і новы камп’ютарны клас. У школе арганізаваныя гурткі і секцыі, музычная школа, студыя выяўленчага мастацтва. Усе прадметы ў школе дагэтуль выкладаюцца па-беларуску.

Школа ў Восава

Сайт Восаўскай школы – на расейскай мове. Аднак у раздзеле «Пра ўстанову» падкрэсліваецца, што «адукацыйны працэс вядзецца на беларускай мове».

На сённяшні дзень у школе навучаюцца 39 вучняў і 13 выхаванцаў рознаўзроставай групы. Працуюць 9 настаўнікаў і адзін выхавацель з памочнікам.

Беларускамоўная школа ў вёсцы Восава. Фота: Вечерний Бобруйск

Гісторыя Восаўскай школы пачалася ў 1928 годзе з будаўніцтва пачатковай школы. У 1931 годзе адкрыўся 4 клас, у 1932 – 5, а ў 1933 – 6 клас. У 1934 годзе школа стала сямігадовай, а ў 1937 – сярэдняй.

У гады Другой сусветнай вайны школа не працавала, у ёй размяшчаўся нямецкі штаб. Установа запрацавала зноў у 1944 годзе пасля вызвалення Бабруйшчыны з-пад акупацыі.

«У першыя пасляваенныя гады ў школе было каля 400 вучняў, па 2-3 класы на паралелі. Многія вучні былі «пераросткамі», ім было па 18-23 і больш гадоў», – распавядаецца на сайце школы.

У 1978 годзе пабудавалі новы будынак школы.

З 2008 года ўстанова мае назву – Осаўская базавая школа Бабруйскага раёну. Тут дзеці навучаюцца толькі да 9 класа і атрымліваюць базавую адукацыю. Камплектацыя класаў па стане на 1 верасня 2023 года – невялікая. Так, у 1 – 4 класах – усяго па тры вучні. У 5 і 7 – па 5 вучняў. У 6 вучацца 6 дзяцей, у 8 – 4, у 9 – 7.

Цікавае

Спецпраекты