Ідзе збор подпісаў за захаванне мазаікі на Марзонаўцы. Паспей падпісацца да 22 лістапада

На сайце e-petitions.by з’явілася петыцыя «Спыніць знішчэнне мазаікі ў Бабруйску». Гаворка ідзе пра пано на фасадзе старога хірургічнага корпусу лякарні ім.У. Марзона. Гэты будынак ідзе пад знос, разам з ім будзе знесеная мазаіка, пра што мы ўжо раней пісалі. Знос запланаваны на гэты год, да канца якога засталося паўтара месяцы.

Аўтар(ка) петыцыі прыводзіць словы прадстаўніка Упраўлення камунальнага будаўніцтва Бабруйска пра тое, што мазаічнае пано не ўваходзіць у пералік гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, таму будзе дэмантаванае разам з будынкам. Аўтар(ка) петыцыі адказвае на гэта, што на творы дэкаратыўна-манументальнага і манументальнага мастацтва, да якіх па вызначэнні адносяцца мазаікі, распаўсюджваецца зусім не заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурных каштоўнасцяў, а сваё ўласнае – Палажэнне аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 (далей – Палажэнне) (у рэдакцыі пастановы Савета Міністраў ад 14 студзеня 2022 г. № 26), згодна з якім выкарыстанне твора мастацтва па новым прызначэнні як будаўнічага смецця і перанос яго на смеццевы палігон адпавядае «рэканструкцыі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва» – сукупнасці работ і мерапрыемстваў, накіраваных на выкарыстанне па новым прызначэнні твораў мастацтва і (або) звязаных са змяненнем месца іх размяшчэння.

У тэксце задаецца пытанне, ці давала Міністэрства культуры станоўчае заключэнне рэканструяваць мазаіку ў Бабруйску.

«Просім прыняць меры па недапушчэнні парушэння заканадаўства і паспрыяць захаванню мазаікі праз рэканструкцыю, якая прадугледжвае перанос твора мастацтва на іншае месца, або ў музейныя фонды. Беларускае заканадаўства не прадугледжвае знішчэнне твораў мастацтва, бо гэта пра прамым вызначэнні з’яўляецца варварствам. Варварству не месца ў Бабруйску!» – рэзюмуе аўтар петыцыі.

Мастак Сямён Абрамаў стварыў мазаіку для Марзонаўкі ў 1968 годзе, працаваў над ёй у адзіночку. Твор і сёння ў выдатным стане. Сюжэт мазаікі – без савецкай ідэалогіі, прысвечаны выключна медыцыне.

«Зносяць усё і не задумваюцца, – казаў раней мастак пра магчымае знішчэнне мазаікі разам з корпусам лякарні. – Гэта знак нашага часу».

Збор подпісаў за захаванне мазаікі будзе весціся да 22 лістапада. Паспей падпісацца!

Пад пагрозай знішчэння першая бабруйская мазаіка. Пагутарылі з яе аўтарам – мастаком Сямёнам Абрамавым