Кіраўская смажанка, Бярэзіна, гумар з адэскім адценнем і родныя людзі: па чым сумуюць бабруйцы за мяжой?

Мы запыталіся ў бабруйцаў, якія жывуць за мяжой – шмат гадоў ці ўсяго некалькі месяцаў – чаго з роднага гораду ім найбольш не хапае ў новых гарадах і краінах? Што нам адказалі – чытайце ў нашым матэрыяле (не, ніхто не ўзгадаў бабруйскі зефір). 

Калаж: 1387.by

«Сумую па адчуванні свайго месца і магчымасці ўплываць на яго лёс»

Наталля, жыве ў Польшчы:

«Мне вельмі не хапае пачуцця свайго месца, адказнасці за яго і разумення, што я магу ўплываць на яго лёс. Зараз я жыву ў невялікім польскім горадзе, вельмі падобным да Бабруйска. Надоечы ў парку побач са мной у адзін дзень кавалак абнеслі плотам і пачалі там вырубаць дрэвы, павесілі вялікія плакаты, што на гэтым месцы будзе алея ружаў, якія будуць упрыгожваць горад. Я хадзіла, назірала за гэтым, і думала, ці добра гэта, ці не, старалася знайсці пачуццё ўнутры, што для мяне гэта важна, але не знайшла. Я разумею, што ў мяне няма адчування свайго месца і па гэтым я больш за ўсё і сумую.

Здараецца, калі ты бачыш у сваім новым асяроддзі нейкія прасторы, нейкую клумбу, плошчу, дрэва, лаўку, якія вельмі падобныя да Бабруйска, да родных мясцінаў, і тады накрывае сум, бо гэта нешта вельмі падобнае, але не тое. Нядаўна мы з сяброўкай размаўлялі, што ў нашым новым горадзе ёсць скрыжаванне вуліцаў, падобнае да скрыжавання Георгіеўскага праспекту з Менскай. Калі ты бачыш такія падобныя рэчы, гэта дастаткова балюча.

Зараз пачало ўсё квітнець, і я ўзгадала, як квітнее Бабруйск, дзе там якія кветкі былі. Можа, зараз іх ужо і няма, але ў маіх успамінах яны ёсць. Калі была зіма, снег, я згадвала горкі, на якія мы хадзілі. Зараз пачынаецца роварны сезон, і нядаўна я праглядала здымкі, як мы разам з сынам каталіся па Бабруйску, хаця ён не вельмі прыстасаваны для раварыстаў. А цяпер у тым горадзе, дзе я жыву, шмат роварных дарожак, і я хаджу і згадваю тое, што мы рабілі дома. У мяне ўспаміны праз нейкую дзейнасць. Па ежы і нейкіх фізічных рэчах не сумую».

«Сумую па тым, чаго больш не будзе»

Алеся, жыве ў Літве:

«Хутка будзе мой трэці дзень народзінаў, які сустрэну не дома, а былі ўжо трэція Каляды, трэці Вялікдзень. Нядаўна злавіла сябе на думцы, што сумую не толькі глабальна па радзіме, але і па гэтых святах, такіх, якімі яны былі дома. У мяне былі свае традыцыі – напрыклад, на Каляды я пякла шмат-шмат імберцавага печыва, а ў госці прыходзілі сваякі і змяталі іх за некалькі хвілінаў. На Вялікдзень – сама пякла булку (менавіта так у нас называюць кулічы), і мы абавязкова ездзілі ў вёску на Радаўніцу – я прыдумляла, як гэтым годам экалагічна ўпрыгожыць надмагіллі нашых родных памерлых.

У эміграцыі нічога не пяку і не прыдумляю, а гэтыя святы для мяне сталі нейкімі трагічнымі. Яны нібыта вядуць адлік, вось – яшчэ адзін год не дома.

Пры гэтым я цалкам разумею, што сумую па тым, чаго больш не будзе. Нават не будзе больш маіх сябровак і сяброў такімі, якімі яны былі.

Калаж: 1387.by

Па Бабруйску сумую штодня. Блукаючы па прыгожым горадзе з цудоўнымі краявідамі – я тут нібыта толькі фізічна, галава лунае ва ўспамінах пра дом.

А яшчэ мы неяк з сяброўкай смяяліся з таго, што кожную вясну хочацца пасадзіць бульбу, а восенню выкапаць. Для мяне гэта быў штогадовы рытуал, а яна за пару год да ад’езду набыла лецішча і пачала там разводзіць бурлівую дзейнасць.

Напэўна, мы больш сумуем па эмоцыях, якія і дае адчуванне дому. А я ў гэтым плане дакладна адналюбка».

«Сумую па кавалку сваёй зямлі»

Алена, жыве ў Польшчы:

«Я не сумую па ежы, нейкіх матэрыяльных рэчах. Я сумую па месцах памяці, дзе адбыліся пэўныя важныя падзеі ў маім жыцці. Гэта мой дом, ці нават гарод – магу сказаць, што я насамрэч фізічна па ім сумую. Сумую па кавалку сваёй зямлі, па шпацырах па вуліцах там, дзе прайшло дзяцінства, па лесе побач. Гэта не проста месцы. Там адбыліся нейкія падзеі, дзе я не была адна. Гэта моцна звязана з блізкімі людзьмі, перажытымі эмоцыямі.

Сумую па цішыні, спакою, адчуванні, што ты дома, а не недзе там. І хоць я ў Польшчы вельмі даўно, і часам кажу, што гэта ўжо мая краіна, але ў мяне адчуванне, што ніколі не будзе нічога падобнага як калі я прыязджаю ў Бабруйск, такіх адчуванняў…. Ісці па вуліцах, калі ты разумееш, што ты ідзеш па сваім, што ты там – свой, што табе пры кожным кантакце не будуць пытацца – адкуль ты, бо я чую твой акцэнт. Табе пры кожнай аказіі нібы нагадваюць, што ты – не свой, ты не адсюль, ты чужы, не наш.

Сумую па адчуванні «быць у сябе», бяспецы сценаў свайго дому, дзе ты нават хутчэй папраўляешся, калі хварэеш. Гэта адчуванне «гэта маё, я ў сябе дома». Ніхто мне там не нагадвае, што я не адсюль.

Сумую па нізкай забудове Бабруйска, за якую люблю яго, што ў ім няма высотак, што горад можна абысці за дзень пешшу, што ў ім спакойна. Я вельмі люблю гуляць пешшу па Бабруйску. У Варшаве – не, з Варшавы мне часцей хочацца з’ехаць за горад.

Калаж: 1387.by

У Бабруйску няма цяжкой энергіі вялікага гораду, шуму, натоўпаў. Шмат зеляніны, куды не пойдзеш – паўсюль можаш дайсці да лесу. Я люблю нашыя кавярні, яны ўтульныя, мне падабаецца там сэрвіс. У Бабруйску, калі я прыязджаю, нават калі навокал незнаёмыя людзі, у мяне адчуванне, што яны мне знаёмыя. А ў Польшчы ўсе здаюцца незнаёмымі і чужымі.

Сумую па прастаце, прадказальнасці, па сваёй музычнай, мастацкай школах, гімназіі, у якой вучылася – люблю там побач гуляць. Падабаецца там пахадзіць, паўспамінаць. Нават на рынак у Бабруйску схадзіць – для мяне падзея. Тут я не люблю хадзіць на рынак, бо ўсё нейкае не такое. А ў Бабруйску люблю, нават калі там шмат людзей. А яшчэ па чыгунцы нашай сумую, па старых вагонах – у Польшчы мне гэтага вельмі не хапае».

Па чым яшчэ сумуюць бабруйцы?

А такія адказы мы атрымалі ў сацсетках:

  • «З усёй Беларусі сумую толькі па Бабруйску, па самых лепшых хот-догах на рынку».
  • «Зусім не сумую».
  • «Успамінаю Бабруйск 90-х са смачнымі чабурэкамі ў цэнтры».
  • «Агулам і моцна – па жыцці у Бабруйску! Па спектаклях у тэатры, па футболе на «Спартаку», па хакеі на «Бабруйск-Арэне», па канцэртах у Палацы мастацтваў, па імпрэзах у выставачнай зале і тайм-клубе, па шпацырах у розных кутках, асабліва – улетку».
  • «Кіраўская смажанка».
  • «Я сумую па родным касцёле».
  • «Пельмені »Бабушка Аня«. Ванна. Цішыня майго пакою».
  • «Па лесапаласе на Даманскім – якія там заходы сонца і водар чабору».
  • «Па Бярэзіне, прыродзе і краявідах. Па дому».
  • «Малочны кактэйль з чарніцамі ў кафетэрыі каля рынку».
  • «Цэнтральныя вулачкі і атмасфера ў 90-я гады, калі суседзі хадзілі адзін да аднаго не грукаючы ў дзверы, адно аднаму дапамагалі, збіраліся, асаблівы гумар з адэскім адценнем, пэўная сексуальная свабода і інш».
  • «Бярэзіна, лес, людзі».
  • «Смажанка ў Кіраўску».
  • «Блізкія людзі».
  • «Парк пад санаторыям на беразе Бярэзіны – там усё дзяцінства прайшло. Па раніцах на Лукавай гары – я там світанак сустракала на прабежках. Па кварталах каля гатэлю Бабруйск – там утульна і асабістыя ўспаміны. Па крэпасці».
  • «Па басейне «Шыннік», па калгасным рынку, дзе «свае» вясковыя прадукты, па каштанах на Савецкай, па азёрах кшталту Белага берагу і людзям, якія там засталіся».
  • «Па бацьках».

А па чым з Бабруйску сумуеце вы? Дзяліцеся з намі ў нашым акаўнце ў Інстаграме.