Цягам года ў Бабруйск завіталі ажно тры топавых расейскіх коміка, Князь з гурта “Кароль і шут”, а таксама двойчы прыязджала беларускае шоу “Ракафонія” – у якім гучаць хіты, як сусветныя, так і расейскамоўныя. Гэта, бадай, былі самыя масавыя культурныя падзеі, што сабралі поўныя залы, калі не лічыць фестывалю “Вянок Дружбы” і святкавання Дня незалежнасці, якія ладзяцца на вулічных пляцоўках.
Вырашылі разабрацца, якія культурныя падзеі цікавяць гараджан, і колькі яны гатовыя плаціць за іх наведванне. А таксама прыгадалі не такія масавыя, але не менш значныя імпрэзы, што фармуюць, па цаглінках, культурніцкае жыццё ў Бабруйску. Дзяліся сваімі ўражаннямі ў каментарах у нашым інстаграм!
Расейскія комікі “з тэлевізару” сабралі поўныя залы
Пачаў камічную хвалю ў Бабруйску Нурлан Сабураў – расейская зорка стэндапу і тэлебачання з Казахстану. У Беларусі комік зладзіў сапраўдны “чос”, выступіўшы ва ўсіх буйных гарадах краіны, а недзе нават даваў па два канцэрты ў дзень! У красавіку Сабураў сабраў мясцовы Палац мастацтваў, дзе за квіткі бабруйцы аддалі ад 69 да 134 рублёў. Акрамя гэтага фанаты набывалі мерч, напрыклад, паштоўкі за 10 рублёў і майкі за 50 рублёў.
У траўні на гэтай жа пляцоўцы выступіла Вікторыя Складчыкава, яшчэ адна зорка расейскага стэндапу. Яна таксама сабрала аншлаг, а гледачы, аддаўшы за квіткі ад 74 да 134 рублёў, шчодра адарылі госцю зефірам і мармеладам.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
І ў чэрвені ў тым жа Палацы мастацтваў выступіў Іван Абрамаў, квіткі на яго каштавалі ад 54 да 124 рублёў.
Прыгадалася, што некалі ў Бабруйск завітвалі і беларускія комікі, але сёлета пра іх не было чуваць (хоць у Мінску канцэрты ладзяцца рэгулярна). Магчыма, яны сапраўды нецікавыя мясцовым гледачам ці арганізатарам? Пішы ў каментарах, калі ведаеш адказ!
Рок-настальгія таксама карыстаецца попытам
Яшчэ ў снежні 2023 года ў Палацы мастацтваў з поспехам прагрымела праграма “Барока” ад беларускага рок-аркестра NIKAMUZA. У яе ўвайшла класіка сусветнай музыкі, ад Queen і Depeche Mode да Evanescence і Korn. Квіткі каштавалі ад 33 да 59 рублёў. Натхнёныя поўнай залай музыкі завіталі ў наш горад яшчэ раз – у красавіку 2024 года, з праграмай “Ракафонія”. На гэты раз квіткі сталі даражэйшыя, ад 52 да 72 рублёў.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Наогул, каверы на сусветныя хіты – вечны варыянт. І ў кастрычніку мінулага года ў наш горад прыязджаў яшчэ адзін падобны праект “A’StorioPlus”, які выконвае сусветныя хіты на скрыпках, віяланчэлі, клавішных і кахоне. Як пісалі СМІ, іх выступ сабраў “амаль поўную залу”. Квіткі каштавалі ад 20 да 30 рублёў.
І яшчэ адзін настальгічны, аншлагавы канцэрт, які адбыўся ў тым жа Палацы мастацтваў у кастрычніку мінулага года – “Княzz”. Андрэй Князеў, адзін з аўтараў “Караля і Шута” выступіў перад надзвычай разнастайнай публікай, паслухаць яго прыйшлі як падлеткі, так і людзі сталага веку. Вядома, большасць з іх – прыхільнікі менавіта “КіШ”. Таму большасць песень – 15, былі з рэпертуару гурта, і толькі пяць – непасрэдна “князеўскіх”. Квіткі каштавалі ад 89 да 129 рублёў.
Гарадскія фестывалі ды канцэрты таксама з прысмакам рэтра
Традыцыйныя летнія імпрэзы, прымеркаваныя да афіцыйнага Дня горада штогод збіраюць даволі шмат наведнікаў. Бо вабяць не толькі музыкі, а яшчэ шашлыкі ды іншыя прысмакі, а таксама забавы для дзяцей – нязменныя атрыбуты такіх святкаванняў. Выступаюць, у асноўным, беларускія поп-зоркі. Напрыклад, на канцэрце “Ритмы любимого города”, які прайшоў у “лядовым” у межах фестывалю “Вянок дружбы” бабруйцаў забаўлялі вакальная група “Чысты голас”, а таксама Тэа ды Вольга Рыжыкава.
У гэты ж час на сцэне каля “Бабруйск-Арэны” выступалі Віталь Гардзей, “Шина-най” (калектывам кіруе маці Віталя, Ала Яфіменка), а таксама Рэтра Вумэн Трыа “Розовые розы”. Скажаце, зноў шмат рэтра? Відаць, не надта шмат, бо завяршылі вечар салют і дыскатэка з красамоўнай назвай “Хіты ўсіх часоў”, названая пры гэтым, чамусьці, “моладзевай”.
Рэанімаваны “Вянок дружбы” стаў не такім міжнародным, як у мінулыя часы, але пазаканцэртная праграма засталася традыцыйнай: фестываль ежы, гандлёвыя шэрагі, фестываль фарбаў і запускі ліхтарыкаў былі ў наяўнасці. У межах фэсту адсвяткавалі і “Дзень незалежнасці” – канцэрт адбыўся па звычайнай праграме на той жа пляцоўцы каля “лядовага” па звыклай схеме: выступы народных і дзіцячых калектываў, шашлык-салют-гімн.
Макс Корж “не свеціць”
А вось пра выступы сучасных, актуальных ва ўсіх сэнсах зорак, бабруйцам пакуль застаецца толькі марыць. Гэтым, дарэчы, скарысталіся махляры, і ў студзені бягучага года развесілі на пад’ездах дома па вуліцы Ульянаўскай чорна-белыя афішы, якія анансавалі канцэрты Макса Каржа “ў лепшых канцэртных залах” Бабруйска ды іншых беларускіх гарадах. На раздрукоўцы меўся к’юаркод, па якім прапаноўвалася перайсці, каб даведацца падрабязнасці. Куды ён вёў? Спадзяёмся, даверлівых аматараў Каржа, якія спраўдзілі гэта, не знайшлося.
Віталь Гардзей у небе і ў калоніі
А вось бабруйскі аўтар, спявак і трэнер па боксе Віталь Гардзей, які шмат канцэртуе таксама ў Расеі ды прысвячае песні іхным жаўнерам, адзначыўся двума калабамі. Першая – з паэтам Леанідам Пранчаком, на вершы якога бабруец запісаў песні на беларускай мове. Другая – з праваслаўнай царквой. У жніўні Гардзей удзельнічаў у паветранай працэсіі з мясцовымі святарамі, мошчамі ды іконамі. І ў гэтым жа месяцы выступіў з канцэртам у папраўчай калоніі № 2, туды ён трапіў праз “аддзел па турэмным служэнні”, які ёсць пры Бабруйскай епархіі.
Цырк на лёдзе
З паведамленняў у СМІ цяжка зразумець, ці карыстаюцца попытам падобныя падзеі, але цалкам можна ўявіць, што бацькі ахвотна наведваюць іх разам з дзецьмі. Вядома, што ў сакавіку на лёдзе “Бабруйск-Арэны” адбылося шоу “Магия Кристалла”, на якім гледачам паказалі фігурны балет, дрэсіраваных хаскі ды маламутаў, блазнаў, гімнастаў, жанглёраў, штукароў, акрабатаў, а таксама “першае ў Беларусі моташоу”. Кошт на квіткі быў ад 23,50 да 39,50 рублёў.
Тэатральныя гастролі
У 2024 годзе ў Бабруйск актыўная прыязджалі беларускія і расейскія тэатры з гастролямі. Вось толькі некаторыя з іх: Беларускі дзяржаўны тэатр лялек з спектаклем “Пансіён Бельведэр”, Тэатр юнага гледача (Мінск) з пастаноўкай паводле пушкінскага “Яўгена Анегіна” з назвай “Жэня + Таня = Каханне”. Мазырскі тэатр імя Івана Мележа прывозіў казку для дзяцей “Кот Шараф ды Котка Капошка”, а для дарослых – камедыю “Асабліва кахаючы таксіст”.
Расіяне з піцерскага тэатра танца “Искушение” прывозілі напрыканцы мінулага года шоу пад дажджом у выглядзе спектакля пад назвай “І дзе, …, шчасце?”. У ім спалучаліся танцавальныя нумары з маналогамі актора.
А бранскі Тэатр юнага гледача прывозіў камедыю “Прымадоны” (здаецца, такую ж ставілі некалі і ў бабруйскім тэатры з удзелам Ірыны Дарафеевай).
Таксама не забывайма пра мастацкія выставы, якія адбываюцца ў Бабруйску, і пра якія мы паведамляем праз нашу афішу.
Што будзе?
21 верасня можна завітаць на вялікі кінаканцэрт гурта KaS “Дзякуй”, які адбудзецца ў тэатры імя Дуніна-Марцінкевіча. Калі вы не ведаеце, што гэта за гурт – адпраўляйцеся ў тыкток, музыкі даўно і надзейна яго засвоілі, і там можна азнаёміцца з музычным стылем і песнямі, усе яны, дарэчы, на беларускай мове. Адзін з удзельнікаў гурта – падарожнік Саша “Родны Край” (iнстаграм праект rodnykray) раскажа пра самыя цікавыя месцы ў Беларусі, дзе варта пабываць кожнаму. То-бок, імпрэза абяцае быць досыць незвычайнай і разнастайнай па змесце. Кошт квіткоў ад 15 да 20 рублёў.
А ў кастрычніку ў Бабруйск зноў завітаюць “A’StorioPLUS” з праграмай “Сусветныя хіты” з 3D WOW эфектам. Кошт квіткоў ад 20 да 30 рублёў.
У астатнім бабруйскіх гледачоў чакае навала расейскіх гастралёраў: аперэта, гумарыстычны канцэрт, спектаклі, а таксама спявак Аляксандр Бардзін, які прадстаўлены як “натурально кучерявый мордвин из группы САДко”.
За афішай бабруйскай тэатральнай трупы таксама можна сачыць праз наш сайт. |
А якія мерапрыемствы ўжо наведаў(ла) ці чакаеш ты? Пішы ў нашым інстаграм!
Чытай таксама:
«Мяне захапляюць гісторыі пра былы творчы драйв Бабруйска». Размова з мастачкай Марыяй Марозавай