Музеі, зніклыя вулічныя мастакі і выставы ў кавярнях. Працягваем расказваць пра творчае жыццё Бабруйска

У мінулы раз мы расказалі табе пра першы партрэт Купалы, «пятнашку», Уладзіміра Дамарада, мясцовую арганізацыю Саюза мастакоў ды «Арт-Жыжаль». Цяпер – чарга прастораў, у якіх ты можаш пазнаёміцца з творамі мастацтва і пра тое, як яны з’явіліся (а некаторыя ўжо зніклі) ў нашым горадзе.
 
У 1976 годзе, дзякуючы намаганням Сямёна Абрамава, тагачаснага адказнага сакратара бабруйскага філіяла абласной арганізацыі Саюза мастакоў, па адрасе Сацыялістычная-100 адкрылі выставачную залу. Як прыгадвае Валер Калтыгін, яна была другой па велічыні ў Беларусі пасля сталічнага Палаца мастацтваў. Яму, дарэчы, і падпарадкоўвалася зала аж да 1990 года, калі яе нарэшце перадалі пад кіраўніцтва Бабруйскай гарадской арганізацыі.
 

Адкрыццё выставачнай залы. Крыніца фота: Бабруйскі мастацкі музей

Праз год бабруйскія мастакі адчынілі ўласны салон-краму па вуліцы Сацыялістычнай. У ёй прадавалі карціны мясцовых творцаў, а таксама вырабы рамеснікаў. На жаль, яна зачынілася ў 2000-м годзе, бо збанкрутавала. Такі ж лёс напаткаў праз пару год і творчыя майстэрні – яны былі ліквідаваныя.
 
У 1992 годзе выставачную залу перадалі гарадскому аддзелу культуры, каб захаваць яе і зрабіць капітальны рамонт. Сёння ў ёй праводзяцца не толькі мастацкія, але і камерцыйныя выставы – кшталту выставаў котак, насякомых і гэтак далей. 
 
А ты ведаў(ла), што і краязнаўчы музей таксама афармляўся мастакамі? Наступным разам звярні ўвагу на тое, як ён аздоблены. Асабіста нам даспадобы вітражы, якіх, на жаль, так не стае ў Бабруйску.
 

У бабруйскім краязнаўчым музеі. Крыніца фота: strada.by

Вітраж у краязнаўчым музеі. Фота Мікалая Сікорскага

Чаму ж узнікла такая патрэба? Справа ў тым, што раней краязнаўчы музей размяшчаўся ў невялікім, па музейных мерках, былым асабняку Разенберга (які пасля даволі дзіўна «рэканструявалі», да стану непазнавальнасці) па вул Пушкіна-163, для развіцця патрабаваліся большыя плошчы. Таму ў 1988 годзе гарадскія ўлады вырашылі аддаць пад экспазіцыю былы даходны дом на Сацыялістычнай-56. А ў 1996 годзе мастакі, нарэшце, пачалі працаваць над яго інтэр’ерамі.
 
Аўтарам праекта мастацкага афармлення быў мастак з Рэчыцы Эдуард Агуновіч. Мастакі, у тым ліку бабруйскія, працавалі над афармленнем да 1998 года.
 

У мастацкім музеі Бабруйска. Фота: 1387.io

У 2007 годзе ў Бабруйску пачалі пераўтвараць у жыццё ідэю стварэння мастацкага музея. А пакуль вялася рэканструкцыя памяшкання па адрасе Горкага-28, статус музея атрымала выставачная зала. Дырэктарка Святлана Прывалава, як адзначае Валер Калтыгін, «фактычна вяла і кантралявала ўсю рэканструкцыю ад праекта да заканчэння ўсіх работ». Урачыстае адкрыццё музея адбылося ў 2012 годзе. Сёння тут можна ўбачыць творы бабруйскіх мастакоў. Напрыклад – Абрама Рабкіна.
 

Бабруйскія матывы ў карцінах Абрама Рабкіна. Фота: 1387.io

А гэта ўжо асобная гісторыя, бо размовы пра стварэнне паўнавартаснага, асобнага Музея Абрама Рабкіна вядуцца вельмі даўно. Пра гэта марыў сам мастак, і ў спадзяванні на гэта дачка Рабкіна – Вольга, падарыла гораду калекцыю твораў бацькі, яшчэ ў 2016 годзе. Ад таго часу некаторыя працы мастака выстаўляюцца ў музеі, другая частка захоўваецца ў фондах. Напрыканцы мінулага года ў музеі можна было ўбачыць выставу «Грани творчества» з творамі, што ў большасці былі незнаёмыя публіцы.
 
Музей Абрама Рабкіна мог бы стаць разынкай горада, бо яго працы захоўваюць памяць пра стары Бабруйск – часоў яго дзяцінства і юнацтва. На палотнах можна ўбачыць старыя камяніцы такімі, якімі яны былі да, збольшага няўдалых рэканструкцый, ці, што яшчэ горш – да іх знікнення з мапы горада. Раім табе таксама пачытаць кнігу Рабкіна, заснаваную на рэальных падзеях – «Уніз па Шасэйнай».
 
 

Творы бабруйскіх мастакоў у пажарным дэпо. Крыніца: МНС Магілёўскай вобласці

Яшчэ адно нечаканае месца, дзе можна ўбачыць творы мастацтва – пажарнае дэпо на завулку Пажарным. У 2008 годзе тут адчынілі аднайменную выставачную залу, у якую бабруйская арганізацыя Саюза мастакоў перадала 30 прац у розных тэхніках.
 
Улетку 2014 года галерэя “Стары дом” была адкрытая ў “зялёнай бібліятэцы”. Але ўжо восенню таго ж года ў гістарычным будынку абвалілася столь, пасля чаго некалькі год ён ніяк не выкарыстоўваўся і значна пашкодзіўся ўнутры. 
 

Адкрыццё галерэі ў “зялёнай бібліятэцы” з працамі Юрыя Боўды і Віктара Кнаруса. Фота: “Вячэрні Бабруйск”

А хто памятае, што некалі ў Бабруйску можна было пазнаёміцца з творчасцю мастакоў наўпрост на вуліцы? «Галерэя» размяшчалася паабапал тэатральнага сквера, і многія бабруйцы і госці горада любілі разглядаць там палотны. Вядома, гэта не было нейкай адмысловай выставай, а спосабам зарабіць, усе гэтыя карціны прадаваліся. Але прыблізна ў 2009-2010 годзе (калі ведаеш дакладную дату – пішы нам у каментарах) мастакі зніклі са звыклага месца. Кажуць, пара-тройка творцаў тут яшчэ былі заўважаныя па нядзелях, у 2020 годзе. Асноўная прычына – змены ў падаткавым заканадаўстве. А шкада. Наўрад ці хтось з творцаў там азалаціўся, а вось яшчэ адна адметнасць горада знікла – гэта факт.
 

Вулічная выстава. Фота: BOBR.BY

Вулічная выстава. Фота: BOBR.BY

Але часам творы бабруйскіх мастакоў усё яшчэ можна пабачыць наўпрост на вуліцы. Напрыклад, у 2020 годзе на агароджы стадыёна «Спартак» былі размешаныя планшэты з рэпрадукцыямі прац Уладзіміра Самачарнова, Юрыя Нікіфарава, Алега Савічава і Георгія Паплаўскага на ваенную тэматыку. Дарэчы, пэўны час у горадзе можна было заўважыць і рэкламныя банеры з працамі бабруйскіх мастакоў.
 
Раней выставы, у асноўным мастакоў-пачаткоўцаў, ладзіліся ў тайм-клубе «1387».
 

Адкрыццё выставы Кацярыны Віткоўскай ў тайм-клубе. Фота з архіва “1387”.

І, здаецца, ідэя размяшчаць працы мясцовых творцаў у розных гарадскіх прасторах, кавярнях – сапраўды неблагая. Напрыклад, з лета мінулага года ў кавярні «Сэр Эклер» дзейнічае пастаянная выстава Віктара Кнаруса. Згодна з планам, мастак будзе аднаўляць экспазіцыю кожныя тры-чатыры месяцы.
 
 

Выстава Віктара Кнаруса ў кавярні “Сэр Эклер”. Крыніца фота: “Вячэрні Бабруйск”

Раім таксама завітаць у «Габрэйскі дворык», бо на сценах былой сінагогі ёсць рэпрадукцыі карцін Ехіэля Офнера, якія зрабілі бабруйскія мастакі. Нагадаем, што раней сцены тут упрыгожвалі банеры з рэпрадукцыямі гэтага ж аўтара, якія неўзабаве пашкодзіліся ад сонца і дажджу. Цяпер жа тут – сапраўдныя манументальныя творы.
 

Габрэйскі дворык. Фота: 1387.io

І нарэшце – аўтавакзал. Так, не здзіўляйся, бо тут можна ўбачыць керамічныя пано Валера Калтыгіна. Адзначым, што аўтавакзал сам па сабе цікавы, як архітэктурны ўзор свайго часу, бо ў ім захаваліся «родныя» элементы інтэр’ера.
 

Пано на аўтавакзале. Фота: 1387.io

Пано на аўтавакзале. Фота: 1387.io

 
Напрыканцы раім табе звяртаць увагу і на мазаікі, бо яны таксама – творы мастацтва, якія пакуль яшчэ (хоць і не ўсе) можна ўбачыць на гарадскіх сценах. А таксама на цудоўныя мясцовыя ліштвы! Назірай за прыгожым і не сумуй, а мы абавязкова працягнем расказваць пра мастацкі Бабруйск.