Бабруйчанка Марыя Марозава — мастачка і дызайнерка. Надоечы ўдзельнічала ў выставе мастакоў-аматараў «Тут край мой, выток мой, сцяжынка мая…», якая праходзіла ў Бабруйскім мастацкім музеі. Была дэкаратаркай І Фестывалю антрапалагічнага кіно і ІІІ Фестывалю стужкавага кіно ў вёсцы Касарычы ў Глускім раёне. Акрамя таго, выкладала курс «Эстэтыка паўсядзённасці» у «Акадэміі 50+». Гутарым з Марыяй пра ейны шлях у мастацтва, што значыць прыстаўка «аматар» для творцы, ці цікавае мастацтва бабруйцам, і як заўважаць прыгажосць у паўсядзённасці.
Гэтае інтэрв’ю рабілася на расейскай мове. Публікуем пераклад на беларускую.
Хто такі мастак-аматар?
— Марыя, ты называеш сябе мастачкай-аматаркай, удзельнічаеш у выставах мастакоў-аматараў. А хто гэта такі — мастак-аматар? Чым ён адрозніваецца ад прафесіянала, і чаго не хапае аматару, каб стаць прафесіяналам? Ды і ці трэба ім станавіцца?
— Вы закранаеце вельмі важную для мяне тэму на сённяшні момант. І з першага ж пытання, як кажуць, з месца — у кар’ер.
Шмат каму з майго атачэння прыстаўка «аматар» вельмі рэжа слых. Мяне яна ніколькі не бянтэжыла. Хутчэй я яе разглядаю як кропку самавызначэння і росту, як пачатак (альбо абяцанне) вялікага творчага шляху. Калі ты ставіш перад сабой творчыя задачы, вырашаеш іх, увесь час якасна як мастак развіваешся, то ў нейкі момант гэтая прыстаўка становіцца лішняй. Але пакуль, ацэньваючы свой узровень, намаганні ў гэтым напрамку, параўноўваючы сябе з прафесіяналамі, якія штодня працуюць, знаходзяцца ў творчым пошуку, я не магу заявіць пра сябе гучна як пра мастака.
Для мяне слова «аматар» хутчэй нясе ў сабе афарбоўку «пачатковец», які шукае тую самую кропку ўваходу ў спазнанні прадмета сваёй цікавасці і наступную кропку росту ў ім. Хоць словам «аматар» можна апісаць і чалавека, які малюе проста дзеля свайго задавальнення. Але, напрыклад, аматарскі тэатр мала каго бянтэжыць, а мастак-аматар чамусьці выклікае негатыўную афарбоўку ў маім (не толькі творчым) асяроддзі.
Ступень спазнання прадмета, захопленасці, уцягнутасці — для мяне хіба галоўнае адрозненне прафесіянала ад аматара. Ты ўвесь час самаўтвараешся, імкнешся, рухаешся, якасна (духоўна) расцеш ад задачы да задачы — становішся прафесіяналам. І тут ужо станавіцца ўсё роўна — ёсць у цябе фундаментальная мастацкая адукацыя ці не. Сёння гэта ўвогуле не галоўны крытэр уваходу.
«Чалавек, які малюе – іншы, не такі, як звычайны». У Бабруйску адкрылася выстава мастакоў-аматараў
Я шчыра веру, што творчасцю можа быць прасякнутая любая сфера нашага жыцця. Гэта як оптыка, праз якую ты глядзіш на свет. А як ты трансфармуеш убачанае, як праяўляеш гэта ў свеце — ужо дэталі. Творчасць не прывязаная толькі да галіны мастацтва — гэта твае адносіны са светам, з той справай, якой ты заняты, нават з побытам! Гэта акт стварэння чагосьці новага, пераўтварэнне, пераасэнсаванне. І мы ўсе здольныя да творчасці, а праяўляем мы гэтую дадзенасць ці не — залежыць ад кожнага асабіста.
Дзе ў Бабруйску вучыцца творчасці?
— У апошняй выставе мастакоў-аматараў было даволі шмат удзельнікаў — 29 чалавек. Ці гэта значыць, што ў Бабруйску так добра развіта творчае жыццё? Як ты можаш яго ўвогуле ацаніць? Наколькі хапае магчымасцяў для развіцця сваіх творчых здольнасцяў і жаданняў? Ці ёсць дзе вучыцца і натхняцца?
— Нядаўна я пачула вызначэнне хто такі мастак, якое мне вельмі адгукнулася. Яно шырокае і ёмістае адначасова. Мастак — гэта той, хто здольны любавацца. Як часта мы нечым ці некім любуемся? Адказаўшы сабе на гэтае пытанне, можна вызначыць наколькі ты мастак, хаця б у душы. Вось і мінулая выстава кажа, мне здаецца, пра гэта ж. Мастакоў-аматараў, іншымі словамі можна сказаць «людзей закаханых», стала больш. І гэта радуе. Гэта таксама падштурхоўвае асабіста мяне маляваць часцей, уключаецца пэўны азарт! Пры гэтым хочацца спрабаваць новыя мастацкія тэхнікі, эксперыментаваць, вучыцца.
А дзе, у каго і чаму вучыцца — гэта індывідуальны працэс, тым больш што гаворка зараз ідзе пра дарослых людзей, якія маюць жыццёвы досвед прыняцця рашэнняў, а не пра дзяцей, якіх адвялі ў мастацкую студыю. Усё залежыць і ад тых творчых задач, якія ты сам сабе ставіш у тым ліку. Ёсць такое сцвярджэнне, што настаўнік прыходзіць тады, калі гатовы вучань. Гэта адказ на пытанне, ці ёсць дзе вучыцца. Пачаць маляваць, цікавіцца, шукаць аднадумцаў. Бо цяпер у горадзе ўжо на пастаяннай аснове склаўся выставачны фармат на базе Бабруйскага музею, які такіх аднадумцаў і збірае.
«Бацькі падтрымлівае ўсе мае дзіцячыя захапленні»
— А як ты прыйшла да творчасці? Ты цяпер працуеш дызайнеркай — гэта быў свядомы выбар яшчэ ў юнацтве? І ці дапамагае ў працы дызайнера захапленне жывапісам?
—Да творчасці я прыйшла як і шмат хто прыходзіць. Бацькі заўсёды падтрымлівалі ўсе мае дзіцячыя захапленні. Хацела навучыцца гуляць у шашкі — знайшла клуб (балазе ён у двары быў) і запісалася, жадала спяваць — хадзіла ў школьны хор, хацела танчыць (вязаць, вышываць, бегаць, гуляць у баскетбол і т. п.) — знаходзіла гурткі і запісвалася, захацела граць на гітары — адвялі ў музычную школу, заўважылі, што ёсць здольнасці да малявання — адвялі ў мастацкую школу — там і засталася. І, мне здаецца, шмат у чым дзякуючы настаўнікам і таму творчаму інтэнсіўнаму жыццю, якім менавіта яны самі жылі і гарэлі.
Але першапачатковы пасыл ва ўсім гэтым — дзіця хацела, бацькі давалі волю выбару і заахвочвалі яго. Так у мяне склаўся пачатковы мастацкі бэкграўнд — мастацкая школа і мастацкае вучылішча.
Аднак вышэйшую адукацыю я атрымала па эканамічнай спецыяльнасці і амаль 20 год прапрацавала ў гэтай галіне. Пры гэтым няслушна будзе сказаць, што творчасць скончылася ў маім жыцці, хутчэй я проста перастала маляваць на пэўны перыяд, але творчым чалавекам я сябе адчуваць не перастала. Рэалізаваўшы (ці можа вычарпаўшы) сябе ў эканамічнай галіне, я прыняла адзінае правільнае рашэнне, аб якім не шкадую ніколькі — вярнуцца да вытокаў. Мне востра захацелася маляваць, рэалізавацца як мастак. Далей — больш! Я ўзгадала пра сваю даўнюю мару быць дызайнерам інтэр’ераў ці дэкаратарам. І вось я тут!
Ці дапамагаюць мне ў гэтай справе заняткі маляваннем? Думаю, так. Таму што ў аснове любога творчага праекту, няхай гэта будзе карціна, інтэр’ер, архітэктурны будынак — ляжаць адны і тыя ж законы кампазіцыі, колеру, святла, гармоніі і г. Д. Але ў дызайне, як кажуць прафесіяналы гэтай справы, творчасці мала. Тут неабходныя хутчэй тыя кіраўніцкія і камунікацыйныя навыкі, ды і ў прынцыпе жыццёвы досвед, які я і набыла, працуючы ў іншых сферах.
Фраза «я нічога не разумею ў мастацтве» — гэта душэўная стомленасць
— Як ты бачыш са свайго досведу — наколькі ў нас людзі зацікаўленыя ў тым, каб уносіць у сваё паўсядзённае жыццё, у свае дамы творчасць, прыгажосць, мастацтва? Ці купляюць бабруйцы, напрыклад, карціны, каб упрыгожыць імі свае кватэры?
— Апошнім пытаннем я часта і сама задавалася. Але як мастака, мяне гэта стала хваляваць у крыху меншай ступені. Я проста не раблю «стаўку» на фінансавы вынік сваёй творчасці, а пакінула гэты занятак падпарадкаваным чыстаму загаду душы і сэрца.
Але як дызайнера мяне гэтае пытанне працягвае цікавіць. Бо першакласныя інтэр’ерныя праекты будуюцца якраз вакол прадметаў мастацтва. То бок, інтэр’ер развівае нейкую гісторыю, ці нават расказвае гісторыю чалавека, які жыве ў канкрэтнай прасторы, праз мастацтва ў тым ліку.
Мы тое, што мы выбіраем. Ці не выбіраем. Калі чалавек не цікавіцца, не набывае прадметы мастацтва — гэта таксама гісторыя, якая шмат пра што гаворыць. Па-першае, у яго могуць быць і іншыя інтарэсы. І гэта ўжо цудоўна, таму што інтарэсы ёсць і гэта першы крок да далейшага дыялогу.
Па-другое, я часта чую такі адказ: «А я ў гэтым нічога не разумею». І пакуль для мяне гэта патавая сітуацыя. Можна доўга рэфлексаваць на гэтую тэму, але выснову для сябе я зрабіла такую — гэта нейкая душэўная стомленасць, у чалавека не хапае энергіі проста думаць і разбірацца ў гэтым напрамку.
Дарэчы, аматары так званых «спакойных» бэжавых або шэрых манатонных інтэр’ераў — гэта таксама прыкмета стомленасці. Чалавек проста не можа змясціць у сябе колер, ён яго баіцца, палохаецца, а колер можа якраз напаўняць энергіяй. І мастацтва працуе гэтак жа.
Што такое «эстэтыка паўсядзённасці»?
— Ты называеш сябе даследчыцай эстэтыкі паўсядзённасці. Ты вяла аднайменны курс у «Акадэміі 50+». А што гэта ўвогуле такое — эстэтыка паўсядзённасці?
— Я б сказала інакш — я даследую тэму эстэтыкі паўсядзённасці, але гэта хутчэй праз прызму маёй дызайнерскай цікавасці. Інтэр’ер дому выбудоўваецца вакол асобы яго гаспадара. Ягоных звычак, характару, ладу жыцця, прадметаў, якія з ім жывуць кожны дзень. Ці сам ён іх выбірае? Чым ён кіруецца пры выбары? Як потым з імі суіснуе? У дызайнерскім асяроддзі ёсць такі ўстойлівы выраз: спачатку мы ствараем дом, а потым дом фармуе нас. Нядаўна даведалася, што гэта цытата Чэрчыля.
І задача дызайнера якраз адчуць, зразумець усё гэта, вывучыць вось гэтыя нябачныя сувязі чалавека з ягоным матэрыяльным светам, а толькі потым садзіцца за праект. Мне менавіта чалавек ва ўсім гэтым цікавы.
Курс «Эстэтыка паўсядзённасці» для «Акадэміі 50+» нарадзіўся вельмі спантанна і нечакана для мяне самой, і шмат у чым праз маё захапленне інтэр’ерным дызайнам.
Год таму, падчас шпацыру з заснавальніцай «Акадэміі 50+» Святланай Краснай я распавядала пра тое, што мяне ў той момант жыцця захапляла і натхняла. Гутарка зайшла пра «філасофію дызайну», то бок, пра побыт, горад, пра мітусню і сузіранне, пра прыгажосць моманту і як мы самі яе можам для сябе ствараць … У той жа вечар Святлана прапанавала мне прыдумаць курс для «Акадэміі 50+» са словамі: каб лепш разабрацца ў нейкай тэме — трэба яе некаму выкласці.
Вось так, спачатку паўжартам, потым сур’ёзна і пачалася гэтая гісторыя з «Акадэміяй». Там я прадставілася не як выкладчык, а хутчэй як даследчык, таму што разам са студэнткамі сама гэтую тэму для сябе ўсё яшчэ працягваю адкрываць. Гэта вельмі захапляльны працэс.
Ці можна нахтніцца Бабруйскам?
— Наколькі маляўнічы Бабруйск, на твой погляд? Ці можна ім нахтняцца і ці ёсць у ім эстэтыка паўсядзённасці?
— Я думаю, любы горад мае сваю чароўнасць. Гэта ўсё тая ж оптыка, праз якую мы глядзім на свет, нейкая схільнасць да любавання. У сваім горадзе кожны дзень мы бачым, па-сутнасці, адну і тую ж карцінку, ходзім аднымі і тымі ж вуліцамі, заходзім у адны і тыя ж дзверы, глядзім у адны і тыя ж вокны… Малюнак змяняецца толькі ў залежнасці ад надвор’я.
Але і ад нашага ўнутранага зместу і настрою ён таксама можа змяніцца! Ты пачынаеш бачыць больш дэталяў, яны становяцца тваімі асабістымі адкрыццямі, ты пачынаеш іх збіраць як маленькія скарбы, як бы прысвойваць іх сабе… і так ты прысвойваеш сабе горад, малюеш яго, размалёўваеш. То бок ужо не проста пэўная падзея звязвае цябе з нейкім месцам, а сама прыгажосць месца, нейкая маленькая архітэктурная дэталь набывае для цябе каштоўнасць. А там, дзе каштоўнасць, там і сэнс, і жаданне жыць, марыць, будаваць планы, быць карысным.
«Касарычы — маё вялікае каханне і месца сілы»
— Ты сёлета наведала два фестывалі ў вёсцы Касарычы недалёка ад Бабруйска. Ведаю, што ты любіш там бываць. Распавядзі пра гэтае месца, і чым яно так цябе прываблівае.
— Касарычы…. З Касарычаў я ўвесь час з’язджаю з адчуваннем «лёгкага голаду» — і візуальнага, і энергетычнага. Мне ўвесь час хочацца туды вяртацца зноў і зноў! Цяпер здаецца, што калі б Касарычы не здарыліся ў маім жыцці, я б не наладзіла сваю «оптыку» пару-тройку гадоў назад у бок творчасці, і дызайну ў прыватнасці.
Нядаўна ад менскага архітэктара, якога мясцовыя жыхаркі запрасілі для абследавання канструкцыяў сваіх хатак, я пачула непадробнае здзіўленне і захапленне: вёска, у якой ёсць свой сайт — ужо незвычайная і вартая таго, каб туды з’ездзіць! А з’ездзіць і сапраўды варта! Сёлета ў ліпені, напрыклад, там прайшлі два фестывалі: l Фестываль антрапалагічнага кіно і lll Фестываль стужкавага кіно.
Першы раз я трапіла ў Касарычы выпадкова (ці не?) менавіта на — на Першы стужачны кінафэст. Адчула здзіўленне і захапленне. Пасябравала з мясцовымі, стала ездзіць туды часцей. Стваральнай працы ўладальнікі вясковага клуба, на базе якога і праходзяць фестывалі, заўсёды радыя. Яны дораць магчымасць і папрацаваць, і пакрэатывіць.
Летась, падчас правядзення ll стужкавага кінафестывалю, мне прапанавалі выступіць дэкаратарам гэтай падзеі — упрыгожыць клуб і домікі для гасцей. І зноў жа, усё было вельмі спантанна, на вялікай творчай энергіі і добраахвотных пачатках! Гэта з разраду, калі жыццю трэба заўсёды казаць «так». Сёлета я як дэкаратар ужо ўдзельнічала ў арганізацыі абодвух фестываляў.
Касарычы — гэта вялікае маё каханне і месца сілы. Там сышлося ўсё: магчымасць і ствараць, і любавацца людзьмі і месцам, у якім яны жывуць, і суналаджваць сваю «оптыку» з прыгожым.
«Хачу ахапіць неабсяжнае»
— Як бы ты хацела далей развівацца ў творчасці і прафесіі? Што рэалізаваць для сябе і гораду?
— Хачу ахапіць неабсяжнае. Творчых планаў і ідэяў сапраўды шмат. Гады, пражытыя па-за творчасцю, зараз даводзіцца наганяць. Многаму трэба вучыцца: зноўку маляваць, крэатыўна думаць, вучыцца жыць інакш!
Атрымаць паўнавартасную адукацыю ў дызайне таксама хачу … а можа і не толькі ў дызайне. Творчая сфера невычэрпная. Веды адкрытыя — ідзі і бяры. Самаадукацыю таксама ніхто не адмяняў, калі фінансавае пытанне перашкодзіць іх узяць.
Вельмі на гэтым шляху мне дапамагаюць яшчэ і людзі, якія вераць у мае здольнасці, давяраюць, падтрымліваюць, калі я ўжо гатова здацца, і словам і справай.
І яшчэ зразумела, што вельмі хочацца ўсім гэтым дзяліцца. Я зараз адкрытая да любых творчых прапановаў, праектаў, калабарацыяў. Хочацца быць максімальна карыснай для горада ў тым ліку. Мяне захапляюць гісторыі маіх настаўнікаў пра той творчы драйв, творчае жыццё, якое было ў Бабруйску калісьці… Вось уласна гэтым усім і планую займацца ў найбліжэйшай будучыні.