ГісторыяКультураМесцыТэмаУрбаністыкаЭкалогія

Настальгія, месца адпачынку і тусовак… Даследуем разам з бабруйцамі гарадскі парк. ВІДЭА

Чаму мы лічым, што гарадскі парк такі важны?

У лютым мы заклікалі нашых чытачоў і чытачак узяць удзел у анкетаванні па даследаванні гарадскога парка. Запыталіся, што падабаецца і не падабаецца, што б яны прапанавалі для яго паляпшэння ды інклюзіўнасці, а таксама агучылі праблемныя моманты. Адгукнуліся 126 чалавек, большасць з якіх – 113, сёння жывуць у Бабруйску.  Вынікі нашага даследавання – у відэасюжэце youtube-каналу «Падмуркі Бабруйска», а таксама – у гэтым матэрыяле.

Чаму мы лічым, што гарадскі парк такі важны?

Бо гэта сапраўды культавае месца для бабруйцаў усіх пакаленняў. Мала хто можа сказаць, што ўсё жыццё пражыў(ла) у нашым горадзе, і ні разу не наведаў(ла) гарадскі парк. Тут – і атракцыёны, і лавачкі, і фантаны, і возера з качкамі. Апошнія гады працуюць гандлёвыя кропкі з ежай, цацкамі і пакорнам, пракат самакатаў, батуты, надзіманыя горкі, якія любяць самыя малыя наведнікі. А яшчэ – танцы ў “Кветцы”, цір, кінатэатр, кавярня… Нават помнік Дуніну-Марцінкевічу стаіць на адной з цэнтральных алеяў, але, як аказалася, заўважаюць яго не ўсе.

Дарэчы, калі табе цікава пачытаць успаміны бабруйцаў пра гарадскі парк, пераходзь па гэтай спасылцы. Там  знойдзеш як светлыя-настальгічныя гісторыі, так і вусцішныя.

Фота: wiki.bobr.by

Трошкі гісторыі

У каментарах у нашым інстаграм чытачы дзяліліся успамінамі пра тое, што ў некаторых габрэйскіх сем’ях наагул не віталіся візіты ў гарадскі парк, бо да 1876 года на гэтым месцы размяшчаліся габрэйскія могілкі. Яны былі перанесеныя дзеля забудовы жылога сектара, але мацэвы (каменныя надмагіллі) мясцовыя краязнаўцы знаходзілі тут яшчэ год пяць таму, і перадавалі іх равіну.

Галоўным гарадскім паркам да другой паловы 20 стагоддзя быў “Сад саматужнікаў” (“Сад кустарей” па-руску), на яго месцы сёння размяшчаецца Дзіцячы парк.

Сённяшні парк культуры і адпачынку пачалі будаваць толькі ў другой палове 20 стагоддзя. Жыхароў прыватнага сектара перасялілі ў шматкватэрныя дамы, а дрэвы пакінулі, і дадалі да іх яшчэ 30 сартоў дрэваў, таму тут можна пабачыць і грэцкі арэх, і каштаны, і бярозы з ліпамі. Адкрыццё адбылося ў 1966 годзе.

Яшчэ адметнасць парка – возера за кінатэатрам “Мір”. Яго называюць “Копанка” – так у Беларусі завуць любое штучнае азярцо (а яшчэ сажалка, ставок). Гэта – адзін з двух кар’ераў, разам з Шаманкай, што належалі цагельнай фабрыцы братоў Зэлмана і Галі Пружыніных. Акурат гэтая фабрыка і суседнічала з могілкамі. Бабруйцы прыгадваюць, што яшчэ ў 70-80 мясцовыя дзеці тут купаліся, але цяпер возера непрыдатнае для водных працэдур, хоць качкі тут жывуць і часам можна заўважыць рыбакоў.

Фота: 1387.io

Хто ўзяў удзел у анкетаванні

Як мы ўжо пісалі вышэй, анкеты запоўнілі 126 удзельнікаў(іц), з іх 113 жывуць у Бабруйску.

Узрост удзельнікаў(іц):

  • менш 18 год – 13 чалавек
  • 18-24 гады – 20 чалавек
  • 25-35 год – 62 чалавекі
  • 36-45 год – 25 чалавек
  • 45-60 год – 4 чалавекі
  • 60+ год – 2 чалавекі

Таксама мы запыталіся, як часта ўдзельнікі(цы) наведваюць гарадскі парк, і атрымалі наступныя адказы:

Нам было вельмі цікава, з якой мэтай найчасцей бабруйцы наведваюць парк, і самым папулярным варыянтам быў адказ “дзеля атракцыёнаў” – 60 чалавек. Астатнія адказы рамеркаваліся наступным чынам:

Таксама бабруйцы расказалі, чаго ім не хапае ў гарадскім парку. Сярод прапанаваных намі варыянтаў лічбы выглядаюць так:

А тут прапануем пазнаёміцца з варыянтамі, якія агучылі самі удзельнікі(цы) апытання

Адзначым, што пераважная большасць з іх тычылася аднаўлення дарожак, фантанаў, адным з самых папулярных жаданняў было, каб вярнулі коля аглядаў і наагул – асвяжылі парк новымі, сучаснымі атракцыёнамі. Ніжэй чытай іншыя варыянты:

  1. Каб лісце не прыбіралі так хутка і траву таксама не касілі, як толькі яна паднялася.
  2. Больш утульных прыродных куткоў.
  3. Сцежка, па якой можна хадзіць басанож.
  4. Парку не хапае крэатыўнасці, ён надта класічны. Было б файна, калі б там раслі пладовыя дрэвы, была магчымая арэнда лежакоў, гамакоў. У кінатэатры можа працаваць сувенірная кропка, каб была магчымасць арганізоўваць прыватныя кінапрагляды аўтарскага кіно. У самім парку можна было б ладзіць квэсты.
  5. Каб пачысцілі возера, але не перагружалі зонамі адпачынку. Зрабіць вакол возера невялікую сцяжынку, клумбы з прыгожымі кветкамі, а не агеньчыкамі і самымі таннымі кветкамі. А вось гэтыя танныя кветкі рандомна рассыпаць сярод дрэў, няхай будуць яркія плямы. Плітку пакласці акуратна, прывесці ў парадак фантаны. Фуд-корты можна і за межамі парку на Энгельса ўсталяваць. Дадаць яшчэ адзін-два атракцыёны. Зрабіць фотазоны.
  6. Не хапае рок-канцэртаў.
  7. Аднавіць фантаны, частку іх прыбраць і замяніць на клумбы, ці зрабіць сажалку з рыбамі або качкамі. Ёсць шмат вольнай прасторы, трэба дазволіць людзям адпачываць там! Лавачкі, альтанкі, месцы, дзе можна смажыць шашлык
  8. Усталяваць больш спартовых трэнажораў.
  9. Аніматараў, хоць бы па выхадных для арганізацыі гульняў з дзецьмі. Для дарослых можна праводзіць таксама танцы або гімнастыку цыгун, як у Кітаі. Або славянскую гімнастыку. Больш забаў.
  10. Мне падабалася, калі ў парку праводзіліся дабрачынныя акцыі дапамогі жывёлам, забаўляльныя квізы.

Фота: 1387.io

Фота: 1387.io

А вось адказы на пытанне, якія паляпшэнні хочуць бачыць бабруйцы у гарадскім парку, што магло б зрабіць яго больш утульным/сучасным/цікавым?

Адзначым, што тут некаторыя варыянты былі сугучнымі з папяэднімі, таму публікуем ідэі, якія не паўтараліся:

  1. Было б класна зрабіць асобны фудкорт, і шмат розных куточкаў для адпачынку менавіта з захаваннем прыроднага асяроддзя. Нешта цікавае для птушак. Больш раслін розных. Нейкія арт аб’екты ад мастакоў горада, але ўпісаныя ў прыроду.
  2. Не хапае кавярні з кавай і дэсертамі, сцэны пад выступы музыкаў.
  3. Ёсць адчуванне агульнай недагледжанасці ў парку, хочацца сучаснай ілюмінацыі.
  4. Зрабіць міні-выставу, напрыклад з кардонных славутасцяў Бабруйска, больш сучасных атракцыёнаў, разбіць парк на тэматычныя зоны.
  5. Каб парк адпавядаў сучаснасці, бо зараз ён выглядае як цырк шапіто ці нейкі шалман. Безгустоўшчына ўсюды, ратуюць сітуацыю толькі наяўнасць дарослых дрэваў і возера.
  6. Выстава арт-аб’ектаў, пленэры для жадаючых, тэматычныя вечарынкі.
  7. Можна запрасіць добрага садоўніка і насадзіць больш разнастайных дрэваў ды кустарнікаў.
  8. Пашырыць парк у бок возера.
  9. Зрабіць “лясныя сцежкі”.
  10. Месцы для моладзі – фотазоны, столікі, альтанкі для кампаній.
Прыбіральня. Фестывалі
  1. Бясплатная прыбіральня.
  2. Зрабіць больш сучасным кінатэатр.
  3. Як мінімум прывесці парк у божы выгляд, зрабіць глабальны рамонт, паставіць вялікую дзіцячую пляцоўку, прывесці атракцыёны ў чалавечы выгляд і абзавесціся новымі. Бо такая вялікая тэрыторыя, можна прыгажосці зрабіць, але на жаль парк практычна не мяняўся з майго дзяцінства, а мне 28 на секундачку.
  4. Пакой маці і дзіцяці (некалькі такіх адказаў).
  5. Больш атракцыёнаў для дзяцей, якім больш за 8 год. Пафарбаваць старыя атракцыёны ў прыемныя, светлыя колеры.
  6. Самае набалелае: больш яркае асвятленне ў цёмны час (некалькі такіх адказаў).
  7. Столікі для перакусаў.
  8. Больш фестываляў, у тым ліку КВЗ.
  9. Прыбраць з парка стомленую савецкую атрыбутыку. Фантан – гэта асобная тэма. Як быццам п’яны “Афоня” з аднайменнага фільма яго рабіў, лепш бы кветнік зрабілі. І такое адчуванне не пакідае, пакуль не выйдзеш з парку. Не адпачыў, а на суботнік схадзіў.
  10. Зладзіць у парку гастрафэст.
Выставы. Розныя зоны для адпачынку
  1. Можна зрабіць выставу сучасных майстроў, з алеяй, а экспанаты ў шкляной вітрыне пад адкрытым небам уздоўж дарожак.
  2. Кропкі з вырабамі майстроў горада.
  3. Атракцыёны-гульні за ўзганароды.
  4. Лавачкі ў цяньку.
  5. Зрабіць на вольнай тэрыторыі месцы для адпачынку (альтанка сярод дрэў, невялікая тахта з паддонаў, каб паляжаць на ёй) больш актыўнасці для моладзі, майстар класы і т.д.
  6. Прыбраць і акультурыць тэрыторыю за кінатэатрам. Навесці парадак у аддаленых кутках парка.
  7. Парку не хапае нейкай душэўнасці, зеляніны. Старыя фантаны хоць і даюць ўспаміны пра дзяцінства, але тым самым і смуткуюць, што прайшло шмат часу, а нічога не памянялася.
  8. У зімовы час горку з пракатам інвентара, летам на возеры катамараны.
  9. Дадаць больш зон кшталту фудкортаў, чыл-аўт, дзе б стаялі мяккія падушкі-крэслы, віселі ліхтарыкі і святлодыёдныя стужкі з лямпачкамі. Каб там гралі розныя кавер-бэнды і вулічныя музыканты. І, вядома ж, зона возера – даўно наспеў час прывесці яе ў парадак: пачысціць возера, вакол выкласці тратуар і зрабіць агароджу, паставіць лавачкі, альтанкі, ліхтары расставіць. Па атракцыёнах – дадаць новых, прыбраць старыя і савецкія, якія дорага ўтрымліваць і на якіх страшна катацца. У вячэрні час павялічыць ахову,каб “чоткія пацаны” з раёна там не бухалі (бо выпіць піва можна будзе ў чыла-аўт зоне і на фуд-кортах).
  10. На возеры мосцікі зрабіць, хаткі для качак, бо цікава іх карміць.
  11. Магчыма неяк выкарыстаць вялікую зялёную зону – напрыклад, гольф, ці зона для пікнікоў, ці месцы для вечаровых вогнішчаў з песнямі пад гітару.
  12. Можна адчыніць у парку зоакавярню.
  13. Было б файна, калі б у парк можна было прыходзіць з сабакам.
  14. Не дазваляць, каб у парка працягвалі забіраць тэрыторыю пад камерцыйную забудову. Як гэты дзіўны паўпусты дом, які ўляпілі з боку прыватнага сектара. Паркі мусяць расці, а не змяншацца.

Фота: 1387.io

Фота: 1387.io

Таксама мы папрасілі ацаніць стан парка па 10-бальнай шкале.

І найвышэйшую адзнаку паставіў толькі адзін чалавек – але пры гэтым найніжэйшую не паставіў ніхто, таксама як і 9 балаў. Далей:

  • 8 – 2 чалавекі
  • 7 – 18 чалавек
  • 6 – 19 чалавек
  • 5 – 34 чалавекі
  • 4 – 25 чалавек
  • 3 – 22 чалавекі
  • 2 – 5 чалавек

Фота: 1387.io

Фота: 1387.io

Вельмі цікавымі атрымліся вынікі адказаў на пытанне, ці лічаць бабруйцы парк – інклюзіўным?

Большасць, 74 чалавекі, адзначылі, што “ніколі не задумваліся” пра гэта. Адказ “так” пакінулі 17 чалавек, “не” – 25 чалавек. А вось варыянты саміх удзельнікаў(іц):

  1. “Каля фантана нязручныя спускі, там, дзе прыступкі”.
  2. “Каля возера – не, нязручна. Па саімі парку цалкам нармальна”.
  3. “Агулам зручна, але ёсць месцы, дзе трэба памяняць плітку”.
  4. “З дзіцячымі вазочкамі даволі зручна было перасоўвацца, але не зразумела, навошта зачынілі брамы недалёка ад кавярні. Каб трапіць у прыватны сектар, трэба было ісці ўбок і праз вузкі лаз праходзіць – і гэта наўрадці пад сілу вазочнікам. У парк мусяць быць уваходы (зручныя, шырокія), з усіх бакоў”.
  5. “Мы каталіся там з сынам на роварах. Не паўсюль добрыя з’езды каля фантанаў. Не хапае веласцежкі, каб не перашкаджаць пешаходам”.
  6. “Вангую, што там дакладна няма прыбіральні для людзей з інваліднасцю, можа таксама няма для іх магчымасці патрапіць у кінатэатр”.
  7. “Не хапае пандусаў”.
  8. “Няма магчымасці на вазочку пад’ехаць да возера”.
  9. “Зручны толькі цір”.
  10. “Няма атракцыёнаў, даступных для людзей з інваліднасцю”.
  11. “Няма надпісаў для людзей з інваліднасцю па зроку”.
  12. “Няма пакояў для маці і дзіцяці – каб пераапрануць дзіця, памяняць падгузнік, памыць рукі”.
  13. “Доўгія чэргі у касы, няма тэрмінала”.

Фота: 1387.io

Фота: 1387.io

Мы заўважылі, што рэдкія бабруйцы ведаюць пра існаванне ў парку помніка Дуніну-Марцінкевічу

А між тым з’явіўся ён там яшчэ восенню 2008 года. Адкрыццё прымеркавалі да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка. Цырымонія прайшла ў межах праграмы тады яшчэ міжнароднага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча.

Пастамент выкананы ў выглядзе тэатральнай запавесы, на ім, даволі высока ад зямлі, усталяваны бронзавы бюст драматурга. На пастаменце можна ўбачыць сямейны герб Дуніна-Марцінкевіча, а таксама ініцыялы і гады жыцця пісьменніка. Аўтары помніка – скульптары Леў і Сяргей Гумілеўскія.

Магчыма, прычына таго, што помнік не заўважаюць – акурат у яго вышыні. Разгледзець бюст у дэталях цяжка. А для неабазнаных, напэўна, і зусім не зразумела, што гэта і для чаго тут стаіць. Вельмі паказальныя адказы апытаных намі бабруйцаў, некаторыя з іх наагул лічаць, што гэтая тэма не вартая ўвагі.

Мы запыталіся, што ўдзельнікі могуць прапанаваць, каб распіярыць помнік, і вось якія адказы атрымалі:
  1. “Было б прыкольна ладзіць тэматычныя квэсты, яшчэ можна было б дадаць інтэрактыву ці больш інфармацыі пра яго і помнік”.
  2. “Нейкія цікавыя аб’екты пра яго схаваць у парку – каб можна было гуляць, шукаць і знакоміцца з жыццём гэтага таленавітага бабруйца”.
  3. “Назваць парк у яго гонар і рабіць летам фестываль пад адкрытым небам. Можна ставіць спектаклі, праводзіць выставы, зрабіць гістарычнае лазернае шоў з жыцця Вінцэнта”.
  4. “Паставіць там тумбу з афішамі тэатра”.
  5. “Зрабіць падсветку помніка”.
  6. “Кавярню адкрыць у яго гонар”.
  7. “У будынку кінатэатра можна было б зрабіць невялікі інтэрактыўны музей, ладзіць штогод у парку Дунін-фэст з квэстам, як колісь рабіў Мікіта Суботкін у тайм-клубе, вырабіць мерч, а для помніка прыдумаць традыцыю – напрыклад, абыйсці яго тры разы на шчасце, ці пацалавацца пад ім, ці прызначаць пад ім спатканні і тэдэ”.
  8. “Паставіць побач лавачкі з шыльдачкамі-цытатамі з п’ес, паліцы з кнігамі перадай іншаму, кропку-кьюаркод”.
  9. “Праводзіць лекцыю з экскурсаводам у выходныя дні, у пэўныя гадзіны”.
  10. “Правесці касцюміраваны фестываль”.
  11. “Усталяваць побач лавачку ў выглядзе кнігі”.
  12. Некалькі адказаў былі песімістычнымі, напрыклад адзін з апытаных, адзначым, што ўзрост яго менш 18 год, напісаў: “Гэта амаль не рэальна, сучаснай моладзі ў большасці сваёй не цікавая тэма мастацтва, гісторыі, літаратуры і да таго падобнага”. Яшчэ адзін адказ: “Ніяк. Моладзь нават не ведае, хто гэта. Трэба больш заняткаў літаратуры і беларускай мовы ў школе”.
  13. “У парку наагул даволі шмат цікавых манументаў, пра якія мала хто ведае! Алея лавак, цмок, які заняў 2-е месца ў конкурсе малых архітэктурных формаў, картынг, які не выкарыстоўваецца, закінуты падмурак. І гэта я не кажу пра гармату, фантаны і кінатэатр, у якім мінімальная наведвальнасць. Як мінімум праводзіць квэсты, таму што гэта актуальна і прымушае думаць і цікавіцца” .
А вось самыя папулярныя адказы, якія прагучалі некалькі разоў:
  1. “Упершыню чую, што там ёсць такі помнік”.
  2. “Дадаць статуі з героямі яго твораў”.
  3. “Нічога не трэба рабіць!”
  4. “Фотазоны з ім”.
  5. “Зрабіць кюаркод з інфармацыяй і гайдам па Бабруйску”.

Фота: 1387.io

Фота: 1387.io

Фота: 1387.io

А вось як удзельнікі(цы) апытання ацанілі бяспеку ў парку:

Таксама мы запыталіся, ці ёсць нейкія праблемы, з якімі нашы чытачы(кі) сутыкаюцца ў час наведвання парка? Вось якія адказы мы атрымалі:

  1. “Там бывае шмат п’яных людзей і агрэўных кампаній на лаўках”.
  2. “Не хапае асвятлення”.
  3. “Адзіная прыбіральня на ўвесь парк”.
  4. “Не хапае начнога асвятлення, камер назірання”.
  5. “Хуткай дапамозе цяжка заехаць у парк”.
  6. “Да рака цяжка дабрацца з ФанДока. Транспартнае спалучэнне з гэтага раёна у горад жахлівейшае!”
  7. “Рана выключаюць ліхтары”.
  8. “Мала сметніц”.
  9. “Выгульваюць сабак, негледзячы на забарону”.
  10. “Каля возера зусім няма асвятлення”.
  11. Памятаю, што там часам цяжка было вады набыць нават. Бо выязныя кропкі прапаноўвалі папкорн, каву, марозіва, а ваду не заўсёды. У парку мусяць быць бясплатныя пітныя фантаны/калонкі з паілкамі для жывёл. І канечне дазволіць гуляць там з сабакамі, але з умовай, каб гаспадары прыбіралі за імі”.
  12. “Патрэбная закрытая пляцоўка для малых дзяцей”.
  13. “Не хапае лавачак, асабліва па вечарах гэта заўважна”.
  14. “Няма дзе памыць рукі!”
  15. “Шмат бяздомных”.
  16. “Сметніц хапае, але самі людзі не даносяць да іх смецце, трэба такія моманты неяк адсочваць”.
  17. “Прыбіральня брудная, смярдзіць, няма туалетнай паперы”.
  18. “Мала расліннасці”.
  19. Усе зоны для ежы знаходзяцца ў адным месцы, побач. Калі знаходзішся ў іншым баку парка, трэба ісці далёка, калі дзіця захацела паесці, і там ў асноўным занята і няма дзе прысесці”.
  20. “Цёмна, змрочна, не ведаеш куды звярнуцца, калі раптам што здарыцца”.

Фота: 1387.io

А што можна зрабіць?

У чым асноўная праблема гарадскога парка? Сыходзячы з адказаў бабруйцаў, парку не хапае ўтульнасці, разнастайнага азелянення, магчымасці паляжаць на траве ці ў гамаку, перакусіць за столікам, штось убачыць і паўдзельнічаць у забавах кшталту квэстаў ці экскурсій.

Бо адпачынак – гэта не толькі атракцыёны і салодкая вата, а яшчэ і адчуванне бяспекі, камфорту. Што вось – тут я магу праехаць нават на інвалідным вазочку, тут магу пераапрануць дзіця, тут – памыць рукі, а тут зайсці ў прыбіральню і не клапаціцца, што не захапіла з сабой туалетную паперу.

Вядома, патрэбныя і ўказальнікі, каб хутка знайсці гэтыя месцы.

Насамрэч камфорт гарадскога парка – у такіх, здавалася б, дробезях, а не ў нечым манументальным і кідкім.

Аказалася, што бабруйцы хочуць больш адпачываць вачамі, каб у парку былі цікавыя зялёныя зоны, разнастайныя кветкі – у тым ліку пасярод дрэваў, каб была інфармацыя пра птушак, якія тут жывуць – бо гэта ж таксама важны складнік адпачынку на прыродзе.

Фота: 1387.io

А напрыканцы можаш азнаёміцца з успамінамі бабруйцаў пра парк, якія яны нам пакінулі ў анкетах:
  1. “У дзяцінстве быў неўдалы досьвед катання на атракцыёнах”.
  2. “Рок фэст у годзе 2004-2005”.
  3. “Парк гэта месца дзяцінства, ціхага і ўтульнага. Цяпер важу туды сваіх дзетак”.
  4. “У мяне ёсць экскурсія па парку геаграфічна-біялагічна-гістарычная, распрацаваная. Нават удзельнічала сама”.
  5. “У маладосці бегала на дыскатэку ў “клетцы”.
  6. “Вельмі люблю парк, бо ён падарыў мне шмат цёплых успамінаў з дзяцінства”.
  7. “З каледжу летам часта хадзілі групай у парк на абед, вечарамі з кампаніяй музыкаў”.
  8. “Аднойчы ў парку перад спаборніцтвамі па лёгкай атлетыцы сярод школьнікаў не скасілі траву. Я бегла першай і закранула крапіву на сцежцы. Вышыня яе была недзе 50 см. Было моцнае раздражненне на нагах”.
  9. “Мы часта ў дзяцінстве хадзілі ў парк, святкавалі дні народзінаў, многія ўзгадваюць “клетку”.
  10. “Мы там гулялі ў валейбол з сябрамі”.
  11. “У мяне там у дзяцінстве была фотасесія”.
  12. “Пра парк толькі самыя станоўчыя і прыемныя ўспаміны, асабліва з дзяцінства”.
  13. “Упершыню была там на экскурсіі у якасці класнага кіраўніка”.
  14. “Часта бываю там летам”.
  15. “Ёсць, але не раскажу”.

Ёсць што дадаць? Дзяліся сваім досведам і меркаваннем пра развіццё гарадскога парку ў Instagram ці на YouTube

Цікавае

Спецпраекты