«Навучанне дзетак білінгваў – гэта цэлая сістэма, цэлая навука». Як наладзіць адукацыйны працэс у эміграцыі, расказвае беларуска з Японіі

На фота злева: анлайн-калядаванне з Беларусамі Японіі, Карэі і Беларусі, справа: Міхаліна. Фота з асабістых архіваў гераіні

 

– З дачкой ад яе нараджэння размаўляю па-беларуску, муж – па-японску. А так як у мужа спадчынная мова айнская, то і яна ў нас прысутнічае – але пакуль фрагментарна. Паўнавартасна мы на ёй у сям’і не размаўляем, бо ў нас усіх яшчэ не вельмі добрыя веды па ёй, але мы намагаемся вывучаць і паступова ўводзіць айнскую мову ў нашае жыццё, – тлумачыць Тацяна.

– Але, паўтаруся, з Міхалінай я размаўляю толькі па-беларуску – ва ўсіх сітуацыях і выпадках. Яна білінгва, але хацелася б, каб была трылінгва – калі мы падцягнем мову айнаў.

Дачцэ амаль восем гадоў, яна наведвае другі клас звычайнай сярэднеадукацыйнай японскай школы, у якую трапіла па такім жа звычайным размеркаванні па месцы жыхарства. А да школы Міхася наведвала самы звычайны дзіцячы садочак, які я шукала па прынцыпе – бліжэй дахаты, каб было зручна яе туды заводзіць.

Вядома, у Японіі ёсць магчымасць абраць для навучання іншую школу. Напрыклад, тую, што бліжэй да месца працы бацькоў, ці калі паблізу жывуць бабулі-дзядулі, да якіх дзіця будзе прыходзіць пасля заняткаў. Ці такі варыянт: калі хтосьці з сваякоў працуе ў школе, да якой вы прымеркаваныя, і таму не хочаце, каб дзіця там навучалася. Закону такога няма, але гэтак не прынята – калі сваякі навучаюцца і працуюць у адной школе. Хоць я чула, што ёсць выключэнні, напрыклад, калі маці выхоўвае дзіця адна і працуе ў школе, у якой яно навучаецца.

 

Але ці проста ў Японіі міжкультурнай і шматмоўнай сям’і наагул знайсці школу, у якой дзіця будзе адчуваць сябе камфортна?

– У Японіі ёсць толькі некалькі варыянтаў з выбарам школы, калі казаць пра моўны аспект. Можна ісці ў звычайную, бясплатную агульнаадукацыйную мясцовую школу, дзе навучанне выключна па-японску. Ці ісці ў міжнародную школу, дзе навучанне па-ангельску. Але такія школы прыватныя і дарагія.

У Міхасі японская мова даволі добрая, бо яна і дома на ёй размаўляе і ў школе. Шчыра, я нават не разглядала варыянт міжнароднай школы, бо дачка гадуецца ў Японіі, мае мясцовае грамадзянства. Магчыма, яна не выглядае як японка, але мае японскае прозвішча ад таты і японская мова – адна з родных яе моваў, то чаму ёй проста не навучацца, як і ўсім яе аднагодкам?

Не скажу, што я вельмі задаволеная падыходам японцаў да адукацыі ў пачатковай школе, але ён не горш за беларускі (смяецца). Хацелася б, каб было больш крэатыўнасці, больш свабоды ў дзяцей. Хоць яе і больш, чым у беларускіх школах. Але ўсё адно, хочацца каб дзеці больш выдумвалі, штось вынаходзілі, каб было больш даследчай працы, а не толькі вывучэнне напамяць іерогліфаў і чытанне тэкстаў.

Фактычна ў японскіх школах адукацыя толькі па-японску, за выключэннем прыватных, і я не ведаю дакладна, ці прызнаюць тут іх адукацыю. Напэўна, тыя, што англамоўныя – так, але іншыя наўрад ці. Таму варыянтаў навучацца па-беларуску ў нас нават і не было.

Ведаю выпадкі, калі дзеткі прыязджаюць з іншых краінаў, па-японску добра не размаўляюць, але вымушаныя таксама сядзець на занятках разам з японцамі. Адзінае, што ў іх ёсць нейкая падтрымка, дадатковыя заняткі японскай.

Ці іншы варыянт – калі прыходзіць перакладчык і сядзіць побач са школьнікам, каб усё яму патлумачыць. Гэта не вельмі зручна, і гэта ў асноўным робяць валанцёры. То-бок нейкая сталай сістэмы адукацыі для дзяцей, што не размаўляюць па-японску, тут, на жаль, няма.

Добра, што мы з гэтым не сутыкнуліся, і што Міхаліна цудоўна размаўляе па-японску. Бо гэта сапраўды праблема, над якой працуе шмат валанцёрскіх і няўрадавых арганізацый. Але менавіта на афіцыйным узроўні гэта не вельмі добра прапрацавана – каб у такіх памочнікаў быў нармальны заробак ці стаж. Усё выключна на валанцёрскіх пачатках.

 

Нядаўна Тацяна выкладала ў інстаграм відэа, дзе Міхаліна чытае па-беларуску, і атрымала шмат кампліментаў. Таксама наша суразмоўніца часам дзеліцца гісторыямі, як бабруйскай бабулі дзяўчынкі даводзіцца падцягваць сваю беларускую мову, каб паразумецца з унучкай. Але як адбываецца гэты адукацыйны працэс?

– Адукацыю па-беларуску мы арганізоўваем самі. Я займаюся з дачкой фактычна з маленства – працуем і над слоўнікавым запасам і над граматыкай, каб не было памылак, над вымаўленнем. Таксама я сама вучыла яе чытаць і пісаць, – кажа Тацяна. – З гэтай вясны Міхася пачала займацца анлайн у Беларускай школе ў Варшаве, два разы на тыдзень. Дагэтуль мы займаліся ў іншых месцах, але цяпер вырашылі пакінуць толькі гэтую школку.

Мне падабаецца падыход да навучання, як настаўніца з дзеткамі і бацькамі камунікуе – гэтым я цалкам задаволеная і мы вельмі камфортна там пачуваемся. Таксама для мяне было важна, каб была нейкая суполка аднагодак. Каб Міхаліна бачыла, што ёсць розныя беларускія дзеці, якія па-рознаму размаўляюць на сваёй мове – хтосьці лепей, хтосьці горш. І што яны таксама размаўляюць на нейкіх іншых мовах, але стараюцца і вывучаюць сваю. То-бок, што яна не адна такая.

Па-трэцяе, у мяне не заўсёды стае часу каб ёй самой прыдумляць заданні, таму што нейкіх адэкватных адукацыйных матэрыялаў на беларускай мове для дзяцей-білінгваў у прынцыпе няма. Я маю на ўвазе не тых дзяцей, што навучаюцца ў беларускіх школах з расейскай мовай адукацыі, а тых, хто жыве па-за межамі Беларусі. І нас вельмі ратуе гэтая школа.

Я з самага пачатку разумела, што адукацыя па-беларуску для Міхаліны – гэта будзе цалкам мая адказнасць, мой час і высілкі. Таму тут нейкіх спадзяванняў на штосьці зусім не было.

Наагул у Японіі вельмі мала беларусаў, і яшчэ менш тых, хто адукоўвае сваіх дзяцей па-беларуску. Сем’і, у дзяцей якіх прысутнічае беларуска мова на ўзроўні адукацыі, можна пералічыць на пальцах аднае рукі.

Адзначу, што японскай мовай мы дадаткова не займаемся, толькі тое, што дае настаўніца. Я выпісваю Міхасі дадатковыя сшыткі з заданнямі штомесяц, якія трошачкі ідуць наперад за школу – і ёй гэта цікавей, чым на занятках. І ўсё, над японскай мовай мы не працуем і ў прынцыпе настаўніца дачкі не кажа, што ў яе ёсць з гэтым праблемы.

 

Міхаліна. Справа: падчас айнскага летніку (які таксама арганізоўвае Тацяна) робіць заданні па айнскай мове. Фота з асабістага архіва гераіні

 

Акрамя беларускай мовы, Тацяна навучае Міхаліну і некалькіх яе сяброў айнскай.

– Я арганізавала заняткі айнскай мовы для дзяцей і бацькоў. Мы збіраемся некалькі разоў на месяц. Там я выступаю ў якасці настаўніцы, вельмі дапамагае тое, што я ўжо фактычна сем гадоў займаюся з Міхалінай. Бо я ў той час перагледзела шмат інфармацыі, як выкладаюць ангельскую мову дзеткам, як падыходзяць да выкладання расейскай мовы за мяжой. Напрыклад, тут у нас у Сапара ёсць суботняя руская школа, маю там знаёмых, што прафесійна займаюцца выкладаннем дзецям-білінгвам, даволі багата ад іх атрымоўваю парадаў.

Бо навучанне дзетак білінгваў – гэта цэлая сістэма, цэлая навука. Возьмем, напрыклад, Міхаліну, мова асяроддзя ў якой японская, і тут мусіць быць зусім іншы падыход, чым для дзетак, якія жывуць у Беларусі і хаця б нейкім чынам дзесьці чуюць беларускую мову – ад бабулі, па тэлевізары. Бо яна нейкім чынам усё адно прысутнічае ў іх жыцці, а да таго ж мае падабенства з расейскай. Таму такім дзецям лягчэй, чым дзецям, што жывуць, напрыклад, у французскім ці нямецкім асяроддзі.

У мясцовых школах ёсць своеасаблівы бацькоўскі камітэт, які збольшага можа ўплываць на навучальны працэс, ці хаця б нешта раіць. Заўсёды ёсць камунікацыя з настаўніцай і пэўныя ідэі я падкідваю. Напрыклад, больш выдаткоўваць часу на міжкультурныя тэмы. Бо Міхаліна ўсё ж выглядае па-іншаму, імя ў яе незвычайнае, яна трошкі адрозніваецца, а таму бываюць выпадкі, калі яе прымаюць за замежніцу. Таму хочацца, каб у школе было больш адукацыйных момантаў у гэтым плане і ў плане заняткаў ці інфармавання пра айну.

Гэты народ у асноўным пражывае на Хакайда, але тут пра іх вельмі мала інфармацыі, толькі ў 4-м класе некалькі тэматычных лекцыяў. Часам і самі настаўнікі пра айнаў мала што ведаюць. І я паціху падкідаю такія ідэі, з якімі настаўніца пагаджаецца. Але ёй, вядома, усё адно трэба раіцца з кіраўніцтвам.

На Хакайда айнская мова, на жаль, не мае ніякага статусу, нават рэгіянальнага. І няма ніводнай школы, дзе навучанне ладзіцца цалкам па-айнску. Ёсць толькі адна пачатковая школа, дзе ёсць выкладанне айнскай мовы, але ўсяго 10 гадзін на навучальны год. Адна лекцыя ў месяц! Гэта нічога не дае, гэта заняткі дзеля таго, каб крыху пазнаёміцца з тэмай.

І калі казаць пра правы на адукацыю, то так – мне б хацелася, каб было навучанне на айнскай мове. Вядома, з ёй больш цяжкая сітуацыя, чым з беларускай, бо яна фактычна ўжо не выкарыстоўваецца на 100 адсоткаў нават у сям’і. Яна прысутнічае фрагментарна. Мала людзей, якія маглі б цэлы дзень карыстацца ёй. А па-за межамі дома гэта ў прынцыпе немагчыма, бо яна вельмі адрозніваецца ад японскай. Японцы яе не разумеюць, і да таго ж шмат айнаў, якія яе таксама не ведаюць.

Можна сказаць, што няма нейкай сістэматычна-адладжанай праграмы ці адукацыйных цэнтраў, дзе можна было б вывучаць айнскую мову на добрым узроўні. Каб пасля атрымліваць на ёй адукацыю. Але школы маглі б уводзіць заняткі, хаця б факультатыўна. Таму правы менавіта айнскіх дзяцей тут парушаюцца, і вельмі моцна.

Я не ведаю пра спробы стварэння айнскай школы. Але былі спробы стварэння садочка, яшчэ ў пачатку 1980-х, у адной вёсцы, дзе больш за 80 адсоткаў жыхароў – айны. І нічога ў іх не атрымалася. Бо для таго, каб быць прызнаным афіцыйна і атрымліваць фінансаванне ад дзяржавы, патрэбна каб адукацыя была па-японску. На жаль, стварыць прыватны садочак, з вялікімі коштамі навучання, магчымасці не было. Таму і па сённяшні дзень нават дашкольнай адукацыі няма, дзе айнская мова хаця б нейкім чынам прысутнічала.

Яшчэ адна праблема ў тым, што айны вельмі раскіданыя па ўсім Хакайда. Ёсць толькі адна вёска, дзе насельніцтва айнаў большае за японцаў. І калі былі думкі, ці можна штосьці такое стварыць у Сапара, хаця б нядзельную школу – усё замыкаецца на раскіданасці айнаў па розных кутках вострава.

 

На развітанне мы папрасілі Тацяну даць парады бацькам, якія гадуюць малых беларусікаў і беларусачак у іншых краінах.

– Я жыву па прынцыпе – што не дае мне дзяржаўная сістэма адукацыі, тое ствараю сама. І гэтыя заняткі айнскай мовы для Міхаліны і яе сяброў, ці беларускую адукацыю, якую я таксама спрабую для яе арганізаваць. І, дзякуй Богу, што цяпер у нас з’яўляюцца такія ініцыятывы, як Беларуская анлайн-школа. І ёсць іншыя розныя ініцыятывы, настаўнікі, школы і курсы, што прапаноўваюць беларускім дзецям адукацыю на роднай мове. Таму мой дэвіз – усё ў нашых руках (смяецца).

Што я магла б параіць іншым беларускім бацькам? Калі цяжка змагацца за нейкую афіцыйную адукацыю, то бярыце ўсё ў свае рукі. Можа будуць нейкія зрухі, калі вы самі праявіце ініцыятыву. І хтосьці пойдзе вам насустрач – муніцыпалітэт, грамада і гэтак далей, гледзячы ў якой краіне вы цяпер знаходзіцеся, – адзначае наша суразмоўніца.