У новым выпуску падкаста “Міфічны Бабруйск” раскажам, якія святыя жылі, або заязджалі па справах у наш горад, а таксама пра тое, чым яны заслужылі быць кананізаванымі сваімі цэрквамі. Прыгадаем, ці захаваліся ў Бабруйску будынкі, у якіх маліліся гэтыя людзі.
Падрабязнасці – у аўдыё на YouTube, Spotify, SoundCloud.
У падкасце выкарыстана музыка, створаная пры дапамозе SUNO AI, а таксама каталіцкая музыка сярэднявечча ды праваслаўная царкоўная музыка.
Бабруйчанкі робяць падкаст пра міфы і легенды горада – «Міфічны Бабруйск». У якім паказваюць гісторыю з іншага боку – таямнічага, прыгодніцкага, а часам нават да дрыжыкаў у каленках страшнага. Але што застаецца за кадрам? Колькі патрэбна дубляў, каб запісаць выпуск на дзесяць хвілін і адкуль увогуле бяруцца міфы? Пра гэта (і не толькі) паразмаўлялі з Алесяй Лацінскай, аўтаркай «Міфічнага Бабруйска».
Адкуль увогуле бяруцца міфы і адкуль ты іх бярэш?
– Калі мне было год дзевяць, мама прынесла з бібліятэкі «Міфы і легенды старажытнай Грэцыі», якія сталі ўлюбёнай кнігай на доўгі час, а цяпер падабаюцца ўжо майму сыну. Таксама заўсёды любіла слухаць рознага кшталту гарадскія ды вясковыя легенды пра вядзьмарак, што пераўтвараюцца ў дзікоў па начах, ці пра верацяно, якое «нашапталі» ды закапалі ў двары зайздрослівыя суседзі, каб гаспадарка не вялася. Я літаральна калекцыяную такія гісторыі, ужо шмат год. Калі недзе бачу штось ці чую, датычнае Бабруйска, захоўваю гэтую інфармацыю. І шукаю дадатковую, вядома. Напрыклад, каб напісаць сцэнар для першага выпуску, пра Цэцылію Рэнату, я шукала цікавыя факты і ў польскамоўных крыніцах у тым ліку.
Не ведаю, ці збірае легенды краязнаўчы музей, не знайшла пра гэта звестак. Але адзначу, што вялікую працу ў збіранні і фіксаванні гарадскіх легендаў ужо зрабілі мясцовыя журналісты. Таксама шмат цікавых мясцовых гісторый можна знайсці ў бабруйскіх пісьменнікаў – Абрама Рабкіна, Эфраіма Севелы, Сола Шульмана, Ніны Уфлянд, ды іншых. І нават Аляксей Ненадавец, доктар філалагічных навук і літаратуразнаўца, у сваіх кнігах закранаў тэмы, якія лічацца міфамі – пра тыя ж падзямеллі.
Ёсць легенды, якія наагул нідзе толкам не зафіксаваныя, і перадаюцца вусна – такія мяне цікавяць таксама. Бо гэта гарадскі фальклор. Магчыма, некалі зробім кнігу ці комікс пра бабруйскія міфы, мне б гэтага вельмі хацелася.
«Хочацца, каб людзі закахаліся ў Бабруйск». Расказваем пра новы гарадскі падкаст