Далучыцца можна з любога кутка свету. Онлайн групы ўзаемападтрымкі: каму дапамагаюць і як

Надоечы мы распавядалі вам пра бабруйчанку, якая стварыла і вядзе онлайн групу падтрымкі для людзей з біпалярным афектыўным разладам. Пасля размовы з Вольгай мы вырашылі паглядзець, што гэта ўвогуле за фармат – онлайн група падтрымкі, у чым яго асаблівасць, каму ён падыходзіць, а каму – не, а таксама ў якіх галінах ёсць такія групы, наколькі яны распаўсюджаныя ў Беларусі і як іх знайсці.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: depositphotos.com

Усё пачалося з Ананімных алкаголікаў: як з’явіліся групы ўзаемападтрымкі

Групы падтрымкі ці ўзаемадапамогі – гэта рэгулярныя спатканні людзей, онлайн ці офлайн, аб’яднаных агульнай праблемай. На такіх сустрэчах можна выгаварыцца, распавесці пра свой досвед, выслухаць іншых, пачуць штосьці карыснае, што дапаможа змагацца з уласнай бядой. Галоўнае, што дае група ўзаемадапамогі – адчуванне, што ты не самотны.

У групаў падтрымкі могуць быць розныя фарматы, правілы. Самыя распаўсюджаныя ў свеце групы ўзаемадапамогі – «Ананімныя алкаголікі» і «Ананімныя наркаманы», якія працуюць па 12-крокавай праграме. Напэўна, можна сказаць, што менавіта з іх увогуле пачалося развіццё такіх групаў. На прыкладзе АА і АН людзі ўбачылі, як дапамагае падтрымка роўных – тых, хто мае такія ж праблемы, як і ў цябе. Групы АА і АН працуюць па ўсім свеце ўжо амаль 90 гадоў (першая група АА была створаная ў 1935 годзе ў штаце Агаё, ЗША) і даўно даказалі сваю эфектыўнасць у барацьбе з залежнасцямі. Праз некаторы час пасля з’яўлення праграмы 12 крокаў для залежных, па такім жа прынцыпе пачалі збірацца ў групы іхныя дзеці і сваякі – так з’явіліся Ал-Анон (сваякі залежных) і ДДА (дарослыя дзеці залежных).

Сёння людзі аб’ядноўваюцца ў групы ўзаемападтрымкі па самых розных тэматыках: ёсць групы для людзей з псіхічнымі захворваннямі і іхных блізкіх, для анкахворых і іхных сем’яў (агулам, сёння ёсць групы падтрымкі па самых розных хваробах), для бацькоў дзяцей, якія нарадзіліся заўчасна, для эмігрантаў, уцекачоў і т.п.

«Біпалярачка» – гэта не модна і не рамантычна». Бабруйчанка – пра жыццё з БАР і групы самадапамогі

Каронавірус падштурхнуў да распаўсюду онлайн груп

З пачаткам пандэміі каронавіруснай інфекцыі ў 2020 годзе вельмі папулярнымі сталі онлайн групы падтрымкі – так тэхналогіі не дазволілі людзям застацца без дапамогі, калі праз каранцін нельга было выйсці з дому. Тады ж узніклі таксама і групы падтрымкі для тых, хто захварэў ці перахварэў на ковід і для іхных сем’яў. Існавалі нават групы для сваякоў каронаскептыкаў.

Онлайн групы могуць выглядаць як перыядычныя сустрэчы па відэасувязі ў Zoom і падобных сэрвісах, а таксама як паблікі ў сацыяльных сетках, дзе людзі аб’ядноўваюцца па пэўнай тэматыцы, могуць распавесці пра сваю бяду, а ў адказ атрымаць спачуванне і парады. У такіх пабліках строга забароненыя крытыка і абясцэньванне, за падобныя каментары мадэратар адразу баніць. Так ствараецца атмасфера бяспекі і прыняцця.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: movavi.ru

 

Сёння, у 2023 годзе, калі пандэмія сышла, людзі не збіраюцца адмаўляцца ад онлайн фармату, бо ацанілі яго зручнасць. Праз онлайн фармат можна ахапіць падтрымкай нашмат большую колькасць людзей. Пра гэта нам распавядала Вольга Карнеева, якая вядзе групу для людзей з БАР:

«У Менску ёсць офлайн-групы, але паколькі я вазочніца, мне не зручна туды пастаянна ездзіць, таму я вырашыла праводзіць групы онлайн. Так можна ахапіць гарады, у якіх няма такіх групаў».

Што даюць групы ўзаемападтрымкі, незалежна ад фармату:

  • выхад з ізаляцыі, сацыялізацыю,
  • месца, дзе можна быць шчырым і самім сабой і ведаць, што цябе не асудзяць,
  • магчымасць убачыць сваю сітуацыю з боку,
  • моц перажыць крызіс, навыкі спраўляцца са стрэсам,
  • адказы на пытанні пра жыццё з захворваннем ці праблемай і іх пераадоленне,
  • дапамогу людзей з такімі ж праблемамі,
  • адчуванне актыўнай жыццёвай пазіцыі,
  • пачуццё ўласнай каштоўнасці, значнасці.

Група ўзаемападтрымкі не заменіць псіхатэрапеўта

Групы ўзаемадапамогі – гэта не групавая псіхатэрапія, яны не могуць замяніць сустрэчаў з лекарам, індывідуальнай псіхатэрапіі і псіхіятрычнага лячэння. Варта пра гэта памятаць, і ў сітуацыях, якія гэтага патрабуюць, усё ж звяртацца да лекара. Групы падтрымкі могуць быць дапаўненнем тэрапіі.

На групах падтрымкі ёсць вядоўца, але ён займае такую пазіцыю, як і іншыя ўдзельнікі, а таксама з’яўляецца носьбітам такога ж досведу. Групы працуюць па прынцыпе «роўны – роўнаму».Вядоўца выступае ў ролі фасілітатара – сочыць за тым, каб сустрэчы праходзілі без парушэнняў, і каб кожны мог выказацца.

Адукацыя і праца онлайн у Беларусі: шанец на інклюзію ці рызыка эксклюзіі?

Групы ўзаемадапамогі звычайна бясплатныя. На офлайн групах ухваляюцца добраахвотныя ахвяраванні, каб група магла існаваць – на сабраныя грошы аплочваецца арэнда, падтрымліваецца чысціня і прыдатнасць памяшкання, неабходнай мэблі, тэхнікі, набываюцца прадукты для гарбаты ці кавы, якія ствараюць на групах дадатковую атмасферу ўтульнасці і бяспекі.

Адно з асноўных правілаў усіх групаў падтрымкі – канфідэнцыйнасць: ніхто з удзельнікаў не можа распавядаць іншым, выносіць на публіку тое, што пачуў на групе. Інфармацыяй пра іншых удзельнікаў групы і пачутым ад іх нельга дзяліцца ні са сваякамі, ні з сябрамі. Найпрасцей захаваць ананімнасць як раз у онлайн групах: часта на відэасазвонах можна прысутнічаць з выключанай камерай, у пабліках у сацсетках можна не называць сваё сапраўднае імя і не паказваць фота.

Каму не падыходзяць групы ўзаемападтрымкі

Нягледзячы на вялізную колькасць перавагаў і карысці, якую даюць групы ўзаемападтрымкі, яны могуць падысці не ўсім. Псіхолагі лічаць, што фармат групаў падтрымкі не падыходзіць людзям, якія:

  • хочуць працаваць над сваімі паводзінамі, развіваць навыкі, а не размаўляць пра пачуцці,
  • лёгка «заражаюцца» эмоцыямі іншых людзей і цяжка гэта перажываюць,
  • не адчуваюць у сабе сілаў, каб падтрымліваць іншых людзей,
  • хочуць практычных парадаў, як ім дзейнічаць менавіта ў іхнай сітуацыі.

Онлайн-групы ў Беларусі

Групы падтрымкі па самых розных тэматыках становяцца ўсё больш папулярнымі ў свеце. Беларусь, аднак, на фоне іншых краінаў крыху адстае – на гэта таксама звяртала ўвагу вядоўца групы для людзей з БАР Вольга Карнеева – яна казала пра тое, што нават у Расеі існуе вялізная колькасць розных групаў узаемападтрымкі ў самых розных галінах і фарматах, а ў Беларусі часам, калі хочацца мець групу па сваёй праблеме, яе трэба зрабіць самастойна. Зрэшты, як гэта і зрабіла Вольга.

Фота мае ілюстратыўны характар. Крыніца: everypiecematters.com

 

Асабліва адчувальна зменшылася колькасць падобных ініцыятываў цягам апошніх трох гадоў. Шмат беларусаў з’ехалі за мяжу, і ў выніку некаторыя ініцыятывы па дапамозе проста разваліліся, а НДА, якія часта былі пляцоўкай для ўзнікнення ў тым ліку групаў узаемападтрымкі, былі знішчаныя.

Тым не менш, групы ўзаемападтрымкі ў Беларусі існуюць. Апошнім часам новыя ствараюцца менавіта ў онлайн-фармаце, каб да іх маглі далучыцца беларусы з самых розных куткоў свету. Распавядаем пра некаторыя з іх.

АА, АН, Ал-Анон, ВДА

Яны існуюць у Беларусі даўно. Пасля пандэміі ковіду таксама вельмі папулярным стаў онлайн-фармат. Адрасы і кантакты групаў па ўсёй Беларусі можна знайсці па спасылках: групы ВДА (міжнародныя групы), Ал-Анон, групы АА/АН.

Група падтрымкі для людзей, якія клапоцяцца пра сваякоў з псіхічнымі захворваннямі

Сетка Клубных дамоў у Беларусі прапаноўвае онлайн групы падтрымкі для сваякоў людзей з псіхічнымі захворваннямі, у тым ліку, з дэменцыяй. Клубныя дамы – гэта служба рэабілітацыі для людзей з псіхічнымі разладамі, створаная ГА «Беларуская асацыяцыя сацыяльных працаўнікоў».

Група збіраецца раз на месяц, далучыцца да яе можна з любога кутка Беларусі ці з-за мяжы. У камфортнай бяспечнай атмасферы можна будзе падзяліцца сваімі перажываннямі і пачуць рэкамендацыі экспертаў па псіхічным здароўі. Удзел у групе бясплатны. Запісацца ў групу можна па тэлефонах: +375 29 181 89 27 (Ліда), +375 25 768 71 24 (Менск), +375 29 330 31 61 (Берасце).

Групы падтрымкі для людзей з БАС і анкалагічнымі хваробамі

Цэнтр крызіснай псіхалогіі праводзіць онлайн групы падтрымкі для анкахворых і іхных сем’яў. Групы фармуюцца па меры паступлення заявак. Запіс па тэлефоне: +375 29 652 08 05.

У Беларусі існуе група падтрымкі людзей з БАС (бакавым аміятрафічным склерозам). Як самі хворыя, так і іхныя сваякі камунікуюць як онлайн у адмысловых вайбер-групах, так і сустракаюцца ў офлайн-фармаце. Каардынуе падтрымку такіх людзей «Служба дапамогі людзям з БАС».

Групы падтрымкі для людзей з ВІЧ і нарказалежнасцю

Ініцыятыва «Маладыя людзі» аб’ядноўвае беларускую моладзь з дыягназам ВІЧ і збіраюць групы падтрымкі. Сачыць за абвесткамі і даведацца больш пра групы ўзаемадапамогі можна праз старонку ініцыятывы ў Інстаграме.

Беларуская ініцыятыва па рэабілітацыі залежных людзей «Пазітыўны рух» прапаноўвае такую онлайн-падтрымку, як кансультацыя па прынцыпе «роўны – роўнаму». Удзельнікі ініцыятывы дапамагаюць людзям з наркатычнай залежнасцю, на апіоід-замяшчальнай тэрапіі, хворым на ВІЧ, у тым ліку, дзецям, жанчынам, якія вызвалілася з месцаў пазбаўлення волі. Кансультуюць людзі, якія самі прайшлі праз падобны досвед.

Вайбер-чаты «Рано» – для бацькоў дзяцей, якія нарадзіліся заўчасна

Праект «Рано онлайн» – вайбер-чаты для бацькоў дзяцей, якія нарадзіліся заўчасна. Фота: rano.by

 

Ініцыятыва «Рано» дапамагае бацькам дзяцей, якія нарадзіліся заўчасна. Пры гэтай ініцыятыве таксама існуе група ўзаемадапамогі такіх бацькоў – «Маміна група». Для онлайн фармату створаны адмысловы праект – «Рано онлайн»: шэраг чатаў у Вайберы для бацькоў неданошаных дзяцей. Даведацца, як далучыцца да чатаў, можна па спасылцы.

Міжнародныя онлайн групы ўзаемападтрымкі

Дапамога ахвярам гвалту і аб’юзу

Онлайн фармат групаў падтрымкі добра падыходзіць для ахвяраў аб’юзу і хатняга гвалту, бо дазваляе захаваць ананімнасць і выйсці на сувязь у любы зручны момант. Такая суполка – «СТОП: нарцыс, псіхапат, аб’юз, сацыяпат» існуе ў Фэйсбуку. Яна міжнародная, туды пішуць жанчыны з самых разных краінаў. У адказ на свой запыт ці гісторыю можна атрымаць падтрымку і шмат карысных парадаў – як сысці ад аб’юзера, падаць у суд, прыцягнуць да адказнасці, вярнуць сабе пачуццё годнасці, пераадолець страх застацца адной і сысці і т.п. У групе строга забароненая крытыка і абвінавачванні ахвяраў гвалту.

Групы падтрымкі для жанчын, якія пацярпелі ад гвалту, ладзіць праект «Ты не одна». Гэта расейскі праект, аднак да онлайн-груп можна далучыцца з любой краіны. Групы падтрымкі ў рамках ініцыятывы маюць самыя розныя кірункі:

  • Група падтрымкі для тых, хто адчувае безвыходнасць і страх будучыні
  • Група падтрымкі для тых, хто сутыкнуўся з фізічным ці псіхалагічным гвалтам з боку бацькоў, бабуляў, дзядуляў ці іншых старэйшых сваякоў
  • Група падтрымкі для тых, хто сутыкнуўся з эмацыйным выгараннем
  • Група падтрымкі для жанчын, якія пацярпелі ад хатняга гвалту з боку сужэнца ці партнёра
  • Група падтрымкі для жанчын, якія пацярпелі ад сексуалізаванага гвалту
  • Група падтрымкі для тых, хто сутыкаўся з дамаганнямі на вуліцы, у транспарце і іншых грамадскіх месцах.

Нядаўна быў створаны праект онлайн дапамогі беларускам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту і жывуць у Беларусі, Грузіі, Літве, Украіне ці Польшчы – Оливия. Звярнуцца да Алівіі вельмі проста – патэлефанаваць можна наўпрост з сайту. Эксперты ініцыятывы акажуць псіхалагічную, юрыдычную і інфармацыйную падтрымку.

Ці магчымае захаванне культурнай спадчыны ў онлайн-прасторы? Прыклады цікавых ініцыятываў

Feniks – дапамога тэрапеўтаў, абазнаных у беларускім і ўкраінскім кантэкстах

Цягам апошніх трох гадоў ствараецца шмат псіхалагічных групаў узаемападтрымкі. Адна з арганізацыяў, якая іх праводзіць – Feniks: міжнародная каманда тэрапеўтаў і трэнераў са спецыялізацыяй па траўматэрапіі. Псіхолагі арганізацыі аказваюць прафесійную падтрымку актывістам грамадскай супольнасці, валанцёрам, праваабаронцам.

Тэрапеўты добра знаёмыя з наступствамі, якія прынеслі рэпрэсіі ў Беларусі і вайна ва Украіне і гатовыя аказваць дапамогу менавіта ў гэтым кантэксце. Каштоўнасці Feniks’a – прафесійна-этычная кампетэнтнасць, талерантнасць, недыскрымінацыя, павага правоў і годнасці чалавека. Калі ў вас ёсць жаданне далучыцца да онлайн групы падтрымкі, якую вядуць тэрапеўты арганізацыі, трэба звязацца з імі ў Тэлеграме: @feniks_podderzhka.

Група падтрымкі маці, якія кормаць грудзьмі

Яшчэ адна цікавая онлайн-група ўзаемападтрымкі ў Фэйсбуку – «Молочное Кафе – международная группа поддержки кормящих мам». Паблік быў створаны ў 2014 годзе ізраільскай мама Юліяй Альхазаў. У групе можна атрымаць падтрымку, параду і проста пагутарыць пра ўсё, што так ці інакш звязанае з кармленнем грудзьмі. У групы няма дакладнай геаграфічнай прывязкі. У любы час дазволеныя пасты падтрымкі, публікацыі фотаздымкаў кармлення грудзьмі і любыя пытанні пра грудное кармленне. Пасты не па тэме выдаляюцца.

Група абапіраецца на доказную лактацыйную медыцыну і пазбягае бабуліных парадаў пра лактагонную сілу брокалі, згушчонкі і таму падобных рэчаў. Група ад самага пачатку не з’яўляецца кансультацыйнай, а менавіта групай падтрымкі. Яе мадэруюць як кансультанты па ГВ, так і дасведчаныя ў кармленні грудзьмі мамы.