Навагоднія святы падыходзяць да свайго завяршэння – яшчэ засталіся так званы Стары Новы год і Хрышчэнне паводле грыгарыянскага календара. У гэты час нашыя продкі традыцыйна гадалі, каб хоць крыху даведацца, што там чакае ў будучыні. Мы ж вырашылі пагутарыць з героямі нашых матэрыялаў, якія выйшлі на 1387.io летась, пра мінулы, 2022 год, і чаканні ад новага 2023-га. Галоўнае пажаданне амаль ва ўсіх на гэты год – каб скончылася вайна і аднавіўся мір.
«2022 год змусіў да перагляду ўсяго мінулага светапогляду»
Ала Грахава, былая акторка Магілёўскага абласнога тэатру драмы і камедыі ім. В.Дуніна-Марцінкевіча. У 2022 годзе яе звольнілі – не працягнулі кантракт.
На самым пачатку 2022 года адбылася цудоўная падзея – у мяне нарадзіўся трэці ўнук. Але потым не прайшло і месяца, як пачалася вайна – самае страшнае, што магло здарыцца. І сканчэння яе, на жаль, пакуль не відаць.
Потым мне не працягнулі кантракт без ніякіх прычынаў, акрамя таго, што я выказвала сваё меркаванне наконт таго, як мусіць працаваць тэатр. Мяне звольнілі за тое, што я хацела працаваць. Гэта несправядлівасць па-за ўсялякай логікай. Гэта прымусіла мяне шмат што і шмат каго пераасэнсаваць у жыцці.
У 2022 годзе мне падавалася, што я толькі ўступаю ў жыццё і адкрываю яго для сябе, хоць насамрэч наадварот – жыццё ўжо ў яго другой палове. Але давялося сутыкнуцца з такімі рэчамі, якія вымусілі да перагляду ўсяго мінулага светапогляду. Тут хачу зноў прывесці майго ўлюбёнага Губермана:
Устав болеть от наших дел,
Порой лицо отводит Бог,
И страшен жизненный удел
Живущих в этот тёмный срок.
Мы цяпер жывем у цёмны тэрмін як раз.
Ад 2023 года чакаю заканчэння вайны.
Лічу, што ўратуе нас гумар. Бо ёсць такія моманты, калі без гумару зусім ніяк.
Хочацца зразумець, што рабіць, каб яно было на карысць і некаму патрэбна, бо часта апошнім часам адчуванне, што тое, што ты робіш, мала каму трэба».
«Жыццё падзялілася на да 24 лютага і пасля»
Андрусь Архіпенка – бабруйскі актывіст, які ў 2018 годзе распачаў кампанію па ўшанаванні памяці пісьменніка Алеся Адамовіча. Быў вымушаны з’ехаць у Польшчу, дзе цяпер у Гданьску вучыцца ў магістратуры. На нашым сайце мы распавядалі, як Андрусь валанцёрыў пасля пачатку вайны ва Украіне.
«2022 год стаў годам патрасенняў. Шмат што з запланаванага не змог рэалізаваць з-за вайны. Напрыклад, я хацеў зладзіць мерапрыемствы, прысвечаныя 95-годдзю Алеся Адамовіча. З-за вайны гэта ўсё адышло на другі план. Я займаўся валанцёрскай дзейнасцю. Не змог скончыць курсы па праграмаванні, але ўвосень я прайшоў у Польшчы курс пра мясцовае самакіраванне, атрымаў больш ведаў пра гэты інструмент развіцця дэмакратычнага грамадства. Пабываў на з’ездзе «Кампус будучыні», якую зладзіла адна з польскіх партыяў. Там я здолеў падняць пытанне Беларусі. Таксама прымаў удзел у канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні, куды мяне дэлегавала беларуская дыяспара Труймяста.
2022 год змяніў свет. Жыццё падзялілася на да 24 лютага і пасля. І гэта два зусім розныя светы. Цяпер толькі пытанне – якім будзе свет пасля сканчэння вайны?
У 2023 годзе хацелася б скончыць універсітэт, магістратуру, скончыць курсы па праграмаванні, знайсці працу з годным заробкам, каб у вольны час я мог займацца грамадскай дзейнасцю.
У глабальным плане я б хацеў, каб у свеце наступіў мір, каб скончылася вайна ва Украіне, каб людзі зразумелі, што такое – вайна, і больш яе не дапускалі, каб зразумелі і пачалі цаніць каштоўнасць чалавечага жыцця.
Таксама 2023 год – гэта 5-я гадавіна пачатку маёй дзейнасці па ўганараванні памяці Алеся Адамовіча. Хацелася б працягваць яе, але пакуль не ведаю, як бы гэта можна было зрабіць. Напэўна, хацелася б, каб нашыя «Купалаўцы» у Польшчы паставілі спектакль па аповесці «Нямко» Адамовіча, якая цяпер зноў стала актуальнай».
«Падзея 2022 года – наданне старым будынкам Бабруйска статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці»
Сваімі ўражаннямі ад 2022 года і чаканнямі ад новага 2023-га з намі падзяліўся бабруйскі блогер, аўтар блога «Паштоўкі з Бабруйска» Віталь Мурашкевіч.
«2022 год прынёс асабіста мне больш радасцяў і адкрыццяў, чым стратаў. Ён быў дастаткова паспяховым для маёй справы – калекцыянавання паштовак. Я змог развіць блог у Інстаграме з нуля да 200 падпісчыкаў. А чытаюць мае пасты яшчэ больш людзей. І мае чытачы пішуць мне, дзякуюць, просяць дапамогі ў пошуках сваіх продкаў, нешта прапаноўваюць, дасылаюць фотаздымкі ўнікальных паштовак. Са мной звязваюцца сваякі знакамітых бабруйцаў, і дзякуючы ім, напрыклад, неўзабаве мы зможам больш даведацца пра вядомага бабруйскага рэстаратара Зяльдовіча. Гэта мая матывацыя – разуменне, што за кожнай паштоўкай стаяць лёсы бабруйцаў, а таксама будынкаў Бабруйска, у тым ліку страчаных назаўсёды. Гэта ўсё пераконвае мяне, што варта працягваць.
Ад 2023 года я чакаю не толькі новых знаходак, але і знаёмстваў. Я зразумеў, што ёсць людзі, якія па-сапраўднаму любяць Бабруйск, хоць і жывуць у розных кутках не толькі Еўропы, але і зямлі. Асабліва захоўваюць памяць пра мінулае нашчадкі бабруйскі габрэяў, і нам у іх варта павучыцца празе да ведаў пра свае карані. Далёка не ў кожнай беларускай сям’і ёсць такія сямейныя архівы, фотаархівы, як у габрэяў.
У 2023 годзе мне хацелася б выдаць адзін ці некалькі набораў паштовак – рэпрынтаў старых, каб яны сталі больш даступнымі для ўсіх, хто любіць Бабруйск. Таксама хацелася б павялічыць сваю суполку, яе пазнавальнасць. А ў далейшым хачу кнігу напісаць, не кажу, што ў 2023 годзе, але гэта наступны крок.
Я хацеў бы, каб бабруйцы і не толькі, агулам тыя, ад каго залежаць рашэнні, звярталі ўвагу на гістарычны цэнтр Бабруйска. І дзякуй Богу, што гэта ўжо пачало адбывацца. Магу, дарэчы, выдзеліць як падзею 2022 года, што хаця б некаторыя будынкі Бабруйскага гістарычнага цэнтру атрымалі нарэшце статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Так, у 2022 годзе мы страцілі вінзавод, мазаічнае пано на футравай фабрыцы. Але, магчыма, менавіта праз гэта будынкам у цэнтры і быў нададзены ахоўны статус, бо хтосьці зразумеў, што трэба захаваць тое, што яшчэ магчыма.
Хацелася б, каб у новым годзе ў кожнага быў час азірацца вакол сябе і бачыць каштоўнасць Бабруйска. Бо наш горад як айсберг, з якога мы бачым мо 10%, а 90% схаваныя, і іх трэба адшукваць».
«Хочацца, каб на тварах бабруйцаў было больш усмешак і радасці»
Галіна Дзямідава, студэнтка «Акадэміі 50+», захоўвае аптымізм і хоча, каб у 2023 годзе далей развіваліся «Акадэмія» і родны Бабруйск.
«Самай галоўнай падзеяў 2022 года для мяне стаў трэнінг лідараў «залатога веку» праекту «За годнае даўгалецця», куды я паехала ад нашай «Акадэміі 50+». Трэнінг праходзіў цягам 5 дзён пад Менскам, сабраліся людзі з розных гарадоў. Я пазнаёмілася з сапраўднымі лідарамі, якія нават старэйшыя за мяне, ва ўзросце 70-80 гадоў, робяць шмат карысных рэчаў.
Трэнінг натхніў мяне на яшчэ большую актыўнасць, і мяне выбралі старшынёй Рады «Акадэміі 50+». І мне яшчэ больш хочацца рабіць, кал паляпшаць жыццё.
Было шмат цікавых паездак. Напрыклад, напярэдадні Новага года ў Оперны тэатр ездзілі з «Акадэміяй» на «Дзікае паляванне караля Стаха».
У Бабруйску я наведала вельмі цікавую выставу Люцыі Рудакоўскай «Выцінанка». Я была ў захапленні ад яе працаў.
У «Акадэміі» з’явіліся новыя заняткі. Напярэдадні Новага года рэпетавалі вершы Ахматавай з акторкай нашага тэатру Алай Грахавай. Гэта вельмі каштоўна – бліжэй пазнаёміцца з такім чалавекам мастацтва.
Самі разам добра адзначылі Новы год – танчылі, распавядалі розныя гісторыі, правялі віктарыну.
У 2022 годзе ў мяне было шмат вандровак. А яшчэ я знайшла, дзе ў Бабруйску займацца тэнісам.
У гэтым годзе распачаліся новыя заняткі. Хацелася б, каб прыходзіла больш людзей, і было больш цікавых сустрэчаў, знаёмстваў. Хочацца росквіту для нашай «Акадэміі».
Сёлета ў нас прыгожая ялінка, парадавала ўпрыгожанне плошчы Леніна.
Хочацца міру, здароўя, спакою. Хачу з’ездзіць сёлета ў Полацк. І на трэнінг лідараў залатога веку я б яшчэ з’ездзіла.
Хацелася б бачыць больш усмешак і шчасця на тварах бабруйцаў.
Для свайго 6-га мікрараёна хацелася б месца адпачынку. У нас няма скверу, няма ўтульнай кавярні, дзе можна было б папіць гарбаты ці кавы. У нас крамаў набудавалі, а для адпачынку няма нічога.
А яшчэ хацелася б, каб у нашым горадзе нарэшце з’явілася набярэжная – гэта мая даўняя мара. Не ведаю, ці дачакаюся яе здзяйснення. Увогуле, хочацца, каб у горадзе было больш цікавых месцаў для людзей».
Пошук радасцяў на фоне катастрофы
Вераніка Сарокіна, аўтарка фотапраекта, які сумяшчае старыя і сучасныя фотаздымкі, «Так будзе заўсёды»:
«Для мяне 2022 год стаў годам пошука новых радасцяў на фоне катастрофы, якая разгортваецца ў свеце. Я знайшла новыя асабістыя апоры – фатаграфія і ёга. Упершыню пабывала ў Віцебску і Браславе, наведала некалькі цудоўных выставаў, канцэртаў і спектакляў.
Як высветлілася, радасцяў шмат і яны насамрэч простыя. Вельмі хачу, каб 2023 год вярнуў веру ў Чалавека і ў тое, што дабро ўсё ж перамагае зло. Для роднага Бабруйска гэта пажаданне, думаю, таксама будзе актуальным».
Ася Траяўноўская, зоаваланцёрка, мастачка, маладая маці. Летась Ася распавядала нам у інтэрв’ю, як гэта – нарадзіць і выхоўваць дзіця, калі ты – у інвалідным вазку.
«Я, напэўна, адзінае, хто не кляне гэты год. Але з майго боку гэта было б несправядліва. Мы, хоць у асноўным у апошні момант, паспяхова выходзілі з самых цяжкіх сітуацыяў.
Мы прыстроілі і ўратавалі жывёлаў, якіх не мусілі ратаваць. І ў самы апошні момант закрылі збор на мой вазок, пра які я ўжо думала, што гэта безнадзейна, але тры чацвярціны патрэбнай сумы мы сабралі за апошнія 5 дзён 2022 года.
На 2023 год я планаў не будую і нічога не чакаю. Бо планы мяне зусім не любяць».
«Бабруйцам і беларусам зычу вучыць беларускую мову, каб быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны»
Ларыса Секержыцкая, былая настаўніца гісторыі, якую затрымалі, асудзілі, а пасля і звольнілі за жоўта-блакітную стужку ў валасах.
«У 2022 годзе ў мяне змянілася ўсё. Падзеі ў свеце, у краіне, у нашым горадзе паўплывалі так, што жыццё хочацца жыць, а не рабіць выгляд, што жывеш. Арышт, прысуд, звальненне… Цяпер я не настаўніца ў школе.
Адчула ўсю моц падтрымкі добрых людзей. Усвядоміла, што справядлівасць і праўда – гэта асабісты выбар чалавека.
Наша сям’я пакінула Беларусь. Пачалася новая старонка жыцця, якая будзе добрай і светлай.
Што чакаю ад 2023 года? Спынення вайны. Справядлівасці і міра. Для сябе хачу, каб у гэтым годзе атрымалася рэалізаваць задуманае, стварыць нешта карыснае. І хачу перастаць баяцца.
Бабруйцам і беларусам зычу вучыць беларускую мову і гісторыю, каб быць годнымі грамадзянамі краіны, а не проста яе жыхарамі».
«Хочацца верыць, што кіно зможа змяніць свет да лепшага, і ў гэтым будзе мой унёсак»
Максім Буйніцкі, бабруйскі рэжысёр, які цяпер жыве ў Польшчы:
«У мяне атрымаўся вельмі прадуктыўны год, які пачаўся з польскай праграмы для беларускіх кінематаграфістаў Film Bridge Belarus і працягнуўся далейшымі здымкамі ў Польшчы. Я зняў два дакументальныя фільмы – «Дзённік Анастасіі» пра беларускую мастачку Анастасію Рыдлеўскую і «Беларускі працэс» пра людзей, якія перажылі катаванні ў беларускіх турмах і цяпер спрабуюць дабіцца справядлівасці.
Гэта першыя дакументальныя фільмы, і першыя фільмы пра Беларусь, якія я зняў, вельмі натхняльны досвед, я ўдзячны ўсім героям і калегам, якія дапамаглі іх зрабіць. Спадзяюся, фільмы знойдуць свой шлях да гледача.
Таксама распачаў працу над мастацкім фільмам, які распавядае пра спатканне беларуса і ўкраінкі падчас вайны, зняў адну сцэну і цяпер спрабую яго завершыць. Напрыканцы года пабываў як асістэнт рэжысёра на здымках польскага дакументальнага фільму ў Кіеве, дзе калісьці скончыў універсітэт. Важная для мяне паездка, магчымасць невялікай, але канкрэтнай працай падтрымаць Украіну.
У наступным годзе хацелася б не збаўляць тэмпу і здымаць далей. У Польшчы ёсць магчымасці для гэтага. Таксама спадзяюся, што будзе рэалізаваны польска-украінскі мастацкі кінапраект, заснаваны на асабістых сведчаннях людзей пра вайну, які мы з калегамі задумалі ў Кіеве. Хочацца верыць, што кіно можа змяняць свет да лепшага, і мой сціплы ўнёсак таксама гэтаму служыць. Зычу дарагім бабруйцам і ўсім чытачам 1387 міру, згоды з уласным сумленнем і надзеі».
«Для ўсіх бяздомных жывёлаў хочацца аднаго – знайсці ім годную сям’ю»
Валерыя, зоаваланцёрка, сузаснавальніца Доміка «Сабачае сэрца»:
«2022 год быў для нас вельмі цяжкім. На жаль, змаглі прыстроіць толькі 14 сабак, а гэта 30% ад звычайнай колькасці тых, каму мы знаходзім дом.
Сітуацыя ў горадзе па бадзяжных жывёлам таксама пакідае жадаць лепшага. Стала шмат самавыгульных сабак і кінутых шчанюкоў ад хатніх сабак.
Але і шмат людзей сталі адгукацца на заклікі аб дапамозе, цікавіцца тэмай зоаваланцёрства.
«Стала больш «падкідышаў», людзі перасталі забіраць жывёлаў дамоў». Як жыве Домік «Сабачае сэрца»
Планы на 2023, напэўна, гучаць так: выстаяць любым коштам і спадзявацца, што гэты год не стане горшым за папярэдні. Вельмі хацелася б нарэшце распрацаваць закон аб адказнасці гаспадароў за самавыгул, прапанаваць ільготныя стэрылізацыі ў клініках і праводзіць у школах «урокі дабра». Толькі праводзіць з карысцю, а не дзеля галачкі ў навучальным плане. Спадзяемся, што сёлета стане крыху больш добрых людзей, гатовых дапамагаць не толькі словам, але і справай.
І канешне ж, для ўсіх бяздомных жывёлаў хочацца толькі аднаго – знайсці ім годную сям’ю».