КультураМесцы

Што прывезці з Бабруйска? Сувеніры – ад паштовак да ільняных сукенак

Калі зойдзеш ў сувенірныя крамы ў любой краіне Еўропы, то зразумееш, што асартымент больш-менш ва ўсіх падобны. Гэта стандартны набор: паштоўкі, магніты, скульптуркі з мясцовым каларытам (мядзведзі, русалкі, гномы), цішоткі, экаторбы, кубачкі і гэтак далей. Гэты ровар даўно вынайдзены, і адзінае, чым можа быць адметная такая прадукцыя – якасцю прынтоў ды арыгінальнасцю ідэяў, што ўкладзеныя ў сувеніры. Паглядзелі, што сёння можна набыць у Бабруйску.

Фота: 1387.io

Класіка ва ўнівермагу

І спярша выпраўляемся ва ўнівермаг, бадай, самую папулярную кропку ў горадзе. Тут, ужо шмат год, на першым паверсе можна набыць фігурку бабра, ільняны абрус ці даражэзныя слуцкія паясы.

І на сёння асартымент мала змяніўся – ручнікі беларускай вытворчасці, шмат гадзіннікаў (але, падаецца, збольшага кітайскія), абрусы, трыкатаж, і, вядома – сувенірка. Не сказаць, што тут лепшы выбар у горадзе, ёсць бабры ў класічным вобразе Баброў Самуілавічаў, ручнікі (ці баваўняныя сурвэткі?) з патрыятычнымі надпісамі, гліняныя фігуркі жывёлак і птушак ды цэлая паліца анёлаў.

У аддзельчыку з шыльдай «Зроблена ў Бабруйску» ёсць таксама кубачкі і гадзіннікі з беларускай тэматыкай, але зробленыя паводле «плакатных» шаблонаў – бусел, жыта, абрысы краіны ў чырвона-зялёных колерах.

Таксама ва ўнівермагу можна набыць у якасці сувеніра адзенне беларускай вытворчасці, напрыклад, ад брэнда «belarusachka», які шые рэчы для сну і адпачынку, ці ад «Мілавіцы» з «Світанкам».

Крама мастацкай фабрыкі – музей прыгажосці

Бадай, самы вялікі выбар прадукцыі, якой можна прэзентаваць горад, у краме бабруйскай мастацкай фабрыкі. Чаго тут толькі няма!

Фота: 1387.io

Традыцыйныя сувенірныя лялькі розных памераў, пано з ільну і саломкі, саламяныя бабры ў ільняных строях, посуд, карціны, кошыкі з лазы, драўляны скульптуркі, гліняныя вазы і посуд, пасцельная бялізна, ручнікі, абрусы, каваныя вырабы.

Фота: 1387.io

На фабрыцы вырабляюць саламяных павукоў – гэта традыцыйныя беларускія абярэгі, што падвешваюцца пад столь, і нават калі ты не плануеш набываць іх, зайдзі, паглядзі – гэта неверагодна прыгожа!

Асобны куток у краме – для ільнянога адзення. Тут ёсць рэчы як у народным стылі, з вышыўкай і традыцыйным кроем, так і сучасныя сукенкі ды кашулькі з спадніцамі, штанамі. А яшчэ – саламяныя капелюшы, брылі.
Асалода для вачэй – плеценая з лазы мэбля. Сапраўды, гэтая крама, у якой маецца нават копія трона з серыялу «Гульня тронаў» – гэта не проста кропка продажу сувеніраў, гэта сапраўдны музей прыгажосці.

Вядома, гэта не ўсе сувенірныя кропкі ў Бабруйску. Напрыклад, каля скульптуры Бабра Самуілавіча па выходных прадаюць тых жа баброў ды іншую сувенірку. Штось можна знайсці ў кнігарнях ды асобных крамках у горадзе.

Рамеснікі

Абавязкова звяртай увагу на мясцовых рамеснікаў. Бо ў Бабруйску можна знайсці шмат рэчаў, вартых увагі, якімі можна годна прэзентаваць горад ды яго таленты. Неяк мы ўжо расказвалі пра цудоўныя торбачкі ды заплечнікі, а таксама шоперы з бабруйскім прынтом ад White Crow, ці вытанчанае адзенне ад aDARka.

Леапардавыя галошы, кімано і лён: рэчы, зробленыя ў Бабруйску

Але сёння хочам пазнаёміць цябе з вырабамі ад lapky_by, яго стваральніца – бабруйчанка Каця. Яна працуе з эпаксіднай смалой, дрэвам, металам, робіць упрыгожванні з шнуроў…

 
 
 
 
 
Посмотреть эту публикацию в Instagram
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Публикация от Упрыгожванні з кветкамі| Украшения с цветами | Ручная работа (@lapky_by)

Пра сябе дзяўчына расказвала, што назвала брэнд у гонар сваёй коткі. Яна больш за 5 год робіць упрыгожванні з смалы, але толькі год таму вырашыла пачаць сябе паказваць ды рэкламаваць. Кацярына адвучылася ў Мінску на юрыстку-міжнародніцу, ведае кітайскую ды ангельскую мовы. Працавала ў міжнародным аддзеле Акадэміі навук Беларусі, але сышла каб займацца сваім брэндам.

А яшчэ – рамесніца любіць наш горад, як і мы з табой. Яна кажа: «Можна вывезці мяне з Бабруйска, але не Бабруйск з мяне».

Карацей, заскоквай у яе інстаграм або тыкток ды атрымлівай асалоду!

Крыніца фота: Цэнтр рамёстваў у Глушы

Хочацца нечага больш традыцыйнага? Шукай у мясцовых крамах працы народнага майстра Юрыя Боўды. Ён валодае старадаўнімі тэхналогіямі вырабу чорнасмаленага і варанага посуду. У 2010 годзе яго традыцыйнай тэхналогіі ганчарнай справы прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Дарэчы, знайсці яго вырабы (ці звязацца з майстрам) можна таксама ў Глушы, бо ў тамтэйшым Цэнтры рамёстваў спадар Юрый выкладае дзецям.

Навінкі ад кандытарскай фабрыкі

Зефір – вечная класіка, але ў «Чырвонага харчавіка» даволі часта з’яўляюцца цікавыя навінкі, якія так і хочацца пакаштаваць. Напрыклад, халву з мятай ці карамеллю, або з соллю! Ці – мармелад з вітамінамі ды сокамі. Ці – зефір, але з смакам кактэйляў піна-калада або клубнічнае махіта.

А яшчэ крута, што фабрыка выпускае прадукцыю, падпісаную па-беларуску:

Паштоўкі

Зусім нядаўна ў гарадскіх СМІ прайшла навіна, што навучэнка тэхналагічнага каледжу Ірына Валуева прыдумала і зрабіла паштоўкі, распрацаваныя з тэхналогіяй дапоўненай і віртуальнай рэальнасці (AR/VR). Што дазваляе «ажывіць» карцінку. Выглядаюць яны так:

Крыніца фота: bgtk.by

На жаль, невядома, ці будуць наборы з назвай «#Открытка_из_Бобруйска» прадавацца ў крамах, вядома, што вырабляліся яны спецыяльна да гарадскога конкурсу ідэяў сярод моладзі.

А яшчэ раней мы пісалі пра паштоўкі ад бабруйскай мастацкай школы імя Дамарада, іх можна знайсці ў кнігарні на плошчы Леніна:

Глядзі, якія паштоўкі з выявамі Бабруйска намалявалі дзеці!

Дарэчы, неблагім сувенірам могуць стаць кнігі бабруйскіх аўтараў – Абрама Рабкіна, Эфраіма Севелы. Або тыя, што расказваюць пра вядомых землякоў. Напрыклад, у гэтай жа кнігарні на плошчы з’явілася гісторыя знакамітага футбаліста Аляксандра Пракапенкі (тыкток пра яго ад Гістарычнага Бабра глядзі па гэтай спасылцы).

А дзе набываеш сувеніры ў Бабруйску ты? Дзяліся кропкамі ды ідэямі ў нашым інстаграм!

Цікавае

Спецпраекты