Кінарэжысёры, літаратары, эколагі, людзі з інваліднасцю: хто «ідзе ў онлайн» і чаму

Працягваем распавядаць вам, як онлайн-фармат можна выкарыстоўваць у розных галінах нашага жыцця. Раней мы пісалі пра захаванне спадчыны і музеі ў інтэрнэце, групы падтрымкі, адукацыю. Гэтым разам паглядзім на фестывалі і канцэрты, якія ладзяцца онлайн, і дзякуючы гэтаму іх можна наведаць з любой кропкі свету.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: lifehacker.ru

«Зрабіць дакументальнае кіно даступным для ўсіх»

Онлайн-фармат, якім у Беларусі актыўна пачалі карыстацца падчас пандэміі каронавірусу ў 2020 годзе, вельмі папулярны ў кіна-індустрыіі – яго часта бяруць на ўзбраенне розныя кінафестывалі. Напрыклад, вядомы міжнародны онлайн-фестываль дакументальнага кіно Артдокфэст.

Онлайн-фестываль Артдокфэст быў створаны, каб гледачы ва ўсім свеце, якіх хвалююць працэсы ў краінах былога СССР і Усходняй Еўропы маглі ўбачыць дакументальныя стужкі з гэтых рэгіёнаў.

«Наша мэта – зрабіць даступным актуальнае дакументальнае кіно для ўсіх», – гаворыцца на сайце кінафестывалю.

Летась на фестывалі быў паказаны фільм пра пратэсты 2020 года беларускай рэжысёркі-дакументалісткі Тані Свірэпы.

Сёлета Артдокфэст у онлайне праходзіць з 1 сакавіка па 15 красавіка. У праграму быў адабраны 51 фільм, большасць з якіх на сённяшні дзень яшчэ не былі паказаныя публічна. Для атрымання доступу да прагляду трэба аформіць месячную падпіску на сайце artdoc.media. На час фестывалю падпіска каштуе 9.50$. На сайце фестывалю прыводзіцца таксама інструкцыя па аплаце для жыхароў Беларусі і Расеі, якія не маюць магчымасць здзейсніць плацеж з замежнай карты.

Часткова онлайн-фармат выкарыстоўваецца на Міжнародным фестывалі фільмаў пра таталітарныя сістэмы «Рэха Катыні». Падчас онлайн-часткі фестывалю, арганізаванай летась Інстытутам нацыянальнай памяці, дэманстраваліся 23 карціны, як мастацкія, так і дакументальныя, якія можна было бясплатна паглядзець на сайце фестывалю.

Далучыцца можна з любога кутка свету. Онлайн групы ўзаемападтрымкі: каму дапамагаюць і як

BelarusDocs і «Паўночнае ззянне»

Яшчэ адзін вядомы онлайн-фестываль актуальнага беларускага дакументальнага кіно – BelarusDocs. Праграма анлайн-фестывалю фармуецца з фільмаў, знятых беларускімі рэжысёрамі на беларускую тэматыку. Праводзіцца з 2016 года. На працягу тыдня, пакуль ідзе фестываль, інтэрнэт-карыстальнікі маюць магчымасць глядзець найбольш адметныя беларускія негульнявыя фільмы, знятыя за апошнія тры гады, фільмы-удзельнікі і пераможцы вядучых кінафестываляў Еўропы і краінаў СНД.

Часткова онлайн-фармат выкарыстоўвае штогадовы кінафестываль «Паўночнае ззянне», заснаваны прадзюсаркай і фільммейкеркай Вольгай Чайкоўскай пры падтрымцы Офісу Рады міністраў паўночнаеўрапейскіх краінаў у Літве. Упершыню фестываль прайшоў у 2015 годзе. Ён прапаноўвае беларускім гледачам найноўшыя гульнявыя і дакументальныя фільмы Паўночнай Еўропы, краінаў Балтыі і Беларусі.

Кінафестываль «Паўночнае ззянне» у Беларусі ў 2019 годзе. Фота: bel.sputnik.by

На мове кіно фестываль расказвае пра асаблівасці жыцця і менталітэту жыхароў пяці Паўночнаеўрапейскіх і трох Балтыйскіх краін: Швецыі, Фінляндыі, Нарвегіі, Даніі, Ісландыі, Літвы, Латвіі і Эстоніі. З 2018 года ў праграме кінафестывалю ўдзельнічаюць фільмы з Фарэрскіх астравоў, з 2019 – з Грэнландыі.

З 2020 года «Паўночнае ззянне» паказвае таксама найноўшыя незалежныя беларускія фільмы ў адмысловай конкурснай праграме, такім чынам падтрымліваючы развіццё беларускай кінаіндустрыі і даючы голас беларускім аўтарам. Беларускі конкурс ацэньвае міжнароднае журы.

З 2022 года «Паўночнае ззянне» паказвае і ўкраінскія фільмы. Праграма Ukraine Mon Amour прысвячаецца барацьбе ўкраінскага народу за свабоду і супраць расейскай агрэсіі, а таксама з’яўляецца шчырым жэстам падтрымкі нашым украінскім калегам і каляжанкам, сябрам і сяброўкам у кіно.

Тэатр і музыка ў онлайне

Падчас пандэміі каронавірусу ў онлайн пайшоў і тэатр. Так, у 2020 годзе Купалаўскі тэатр і літаратурны музей ім.Янкі Купалы ладзілі сумесны онлайн-фестываль да дня нараджэння Янкі Купалы. Гледачы маглі паслухаць канцэрт, схадзіць на віртуальную экскурсію па Купалаўскім тэатры, наведаць музеі Я.Купалы ў Вязынцы і ў Менску. Акторы Купалаўскага таксама ў онлайн-фармаце вучылі плесці вянкі і танчыць «Лявоніху».

Адукацыя і праца онлайн у Беларусі: шанец на інклюзію ці рызыка эксклюзіі?

З тэатральных онлайн-фестываляў вядомы Міжнародны онлайн-фестываль адной пʼесы Аляксандра Вампілава, які праходзіць у Расеі. Удзел у ім прымаюць у тым ліку беларускія тэатры. Так, у 2021 годзе ў фестывалі ўдзельнічаў Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі са спектаклем Стаса Жыркова «Паляванне на сябе».

Акустычныя онлайн-канцэрты падчас пандэміі каронавірусу пачалі ладзіць розныя беларускія музыкі. У 2021 годзе беларускія музыкі аб’ядналіся і выступілі ў рамках онлайн-фестывалю #АртыстыПерамогі. Рэалізацыю фестывалю зрабіла магчымасць беларуская дыяспара Нідэрландаў.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: zhzh.info

Літаратурны фестываль і творчасць людзей з інваліднасцю онлайн

Онлайн-фармат фестываляў падхапілі беларусы з інваліднасцю – і зладзілі онлайн-фестываль беларускай народнай творчасці ГА «БелТІЗ» (Беларускае таварыства інвалідаў па зроку) «З рогу ўсяго многа». Праходзіў ён у 2021 годзе. У рамках фестывалю дэманстраваліся 59 відэаролікаў а таксама ўзнагароджваліся аўтары лепшых з іх.

Увосень 2023 года ў онлайн-фармаце прайшла частка фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова», які офлайн прайшоў у некалькіх гарадах розных краінаў – Варшаве, Батумі, Вільні, Беластоку. У сеціве былі даступныя трансляцыі з усіх офлайн-падзеяў, а таксама прайшлі некалькі онлайн-сустрэчаў з пісьменнікамі, гісторыкамі, культурніцкімі дзеячамі.

Онлайн-фармат з карысцю для сябе ўжываюць арганізатары бабруйскага экафестывалю «Пікнічок», які ладзіць Юлія Саковіч разам з камандай валанцёраў і валанцёрак. Сёлета з 11 па 15 красавіка пройдзе ўжо пяты «Пікнічок» і ладзіцца ён будзе як у офлайн, так і ў онлайн-фарматах. Тэмы, якія на ім абмяркуюць – ад безбар’ернага асяроддзя да касмічнай экспедыцыі. Пра фестываль і яго сёлетнюю папярэднюю праграму мы распавядалі тут.