“Любое дзіця – з сям’і эмігрантаў, уцекачоў, без ВНЖ і т.п. – мае права на адукацыю”

Першыя крокі ў адукацыі за мяжой звычайна становяцца вялізным стрэсам як для дзяцей, так і для іхных бацькоў. Новая культура, правілы, традыцыі, незнаёмая мова, пошук школы, афармленне дакументаў, адаптацыя. А ўсё гэта яшчэ трэба сумяшчаць з уласным уладкаваннем, пошукам і арэндай жытла, працай – у каго хочаш галава кругам пойдзе. 

Каб распавесці пра праблемы, з якімі сутыкаюцца за мяжой бацькі школьнікаў і самі дзеці, мы вырашылі зрабіць адмысловы цыкл матэрыялаў. Мы запыталіся ў беларусак, якія пераязджалі з сем’ямі і цяпер жывуць у розных краінах, з чым яны сутыкнуліся на шляху рэалізацыі права на адукацыю іхных дзяцей. 

Ілюстрацыйнае фота: Julia M Cameron / pexels.com

 

Бабруйчанка Вераніка, якая пераехала з сынам-падлетка у Грузію, распавяла, як шукала школу з расейскай мовай навучання ў Тбілісі, і чаму ў выніку яны з сынам спыніліся на навучанні онлайн, а сама Вераніка марыць пра “адукацыю без межаў”, не прывязаную да нейкай краіны. 

Таксама бабруйчанка Таццяна ўжо шмат гадоў жыве ў Японіі, дзе выйшла замуж і нарадзіла дачку. Дзяўчына распавяла 1387.io, як выхоўваць дзіця-білінгва і нават у такой экзатычнай для нас краіне як Японія, захоўваць сваю мову і культуру і перадаваць яе дзецям, а таксама пра асаблівасці японскай сістэмы адукацыі. 

На фота злева: анлайн-калядаванне з Беларусамі Японіі, Карэі і Беларусі, справа: Міхаліна. Фота з асабістых архіваў гераіні

 

Педыятарка з Казахстану Мая Церакулава, якая некаторы час жыла ў Бабруйску, а цяпер – у Беластоку, падзялілася з намі цяжкасцямі, з якімі сутыкнулася падчас уладкавання ў школу ў Польшчы дачкі з аўтызмам. Было няпроста, месцаў для такіх дзяцей у школах не хапае, але цяпер Мая задаволеная школай, у якую пайшла ейная Ева. 

Мая з Евай. Фота: асабісты архіў Маі Церакулавай

 

Вельмі няпростая гісторыя ў журналісткі са Слуцку Таццяны Гусевай, якая была вымушаная з’ехаць з Беларусі праз пераслед і цяпер жыве ў грузінскім Батумі. Ейны сын з аўтызмам сёлета пайшоў у першы клас і, нягледзячы, на ўсю любоў грузінаў да дзяцей, сям’я сутыкнулася з сур’ёзнымі недахопамі ў сістэме адукацыі. Па словах Таццяны, грузінскія школы непрыстасаваня для навучання дзяцей з асаблівасцямі. З пачатку навучальнага года журналістка змагаецца за асабістага асістэнта для свайго сына, на якога ён мае права паводле закону. 

Уладзя. Фота: асабісты архіў Таццяны Гусевай

 

Падрабязней пра гісторыі змагання беларусак за права на адукацыю дзяцей за мяжой у камфортных умовах чытайце па спасылках. І прыходзьце да нас у Інстаграм, каб абмеркаваць права на адукацыю.