Пра Бабруйск і бабруйцаў

  • Людзі
  • Месцы
  • Падзеі
    • Афіша
  • Тэма
    • Спецпраекты
    • Гісторыя
    • Медыяпісьменнасць
    • Культура
    • Экалогія
    • Урбаністыка
    • Гендэр
  • Ананас
Пра Бабруйск і бабруйцаў
  • Людзі
  • Месцы
  • Падзеі
    • Афіша
  • Тэма
    • Спецпраекты
    • Гісторыя
    • Медыяпісьменнасць
    • Культура
    • Экалогія
    • Урбаністыка
    • Гендэр
  • Ананас
Пра Бабруйск і бабруйцаў
Пра Бабруйск і бабруйцаў
  • Людзі
  • Месцы
  • Падзеі
    • Афіша
  • Тэма
    • Спецпраекты
    • Гісторыя
    • Медыяпісьменнасць
    • Культура
    • Экалогія
    • Урбаністыка
    • Гендэр
  • Ананас
© 2023 - Пра Бабруйск і бабруйцаў.
Людзі

Як падтрымаць сябе, як дапамагчы іншым? Расказваюць валанцёры з праграмы «Дадай сябе»

by alesia.oj 09.08.2023

Фота: Helena Lopes/pexels.com

 

«Узаемадзеянне з жывёламі – найкаштоўнейшы рэсурс»

Кацярына Кастрыцкая, псіхолаг і зоапсіхолаг, прыдумала нетрывіяльны спосаб дапамагаць людзям у цяжкім маральным стане – праз уласных хатніх гадаванцаў. Цяпер яна дапамагае распрацоўваць адукацыйную праграму для каманды валанцёраў супольнасці абаронцаў жывёлаў. Па задумцы, кінолаг і зоапсіхолаг будуць адказваць на пытанні падпісчыкаў праз сторыз у інстаграм.

– Гэты вопыт карысны для мяне, бо я звыклася мець стасункі з вядомай мне аўдыторыяй, якая ўжо мяне ведае і задае зусім іншыя пытанні. Я прыдумала анлайн-курс па анімалатэрапіі ў цяжкі перыяд у сваім жыцці. Падумалася, што не ва ўсіх людзей ёсць магчымасць атрымаць прафесійную дапамогу псіхолага, аднак я на ўласным вопыце ведала іншыя спосабы дапамагчы сабе ды іншм. Адзін з іх – зносіны з жывёламі.

Калі рабіць гэта правільна і бяспечна, узаемадзеянне з жывёламі – найкаштоўнейшы рэсурс, які дапамагае знізіць трывогу, справіцца са стрэсам, дэпрэсіяй, не дапусціць вывучанай бездапаможнасці. А жывёлы ёсць у многіх! І я вырашыла расказаць, як падтрымаць сябе ці іншых у цяжкія часы з дапамогай гадаванцаў.

Ад задумкі да рэалізацыі ў Кацярыны сышло каля двух год. Перашкаджаў страх, што зробіць курс недастаткова добра, ці ён будзе нікому не патрэбны.

– Але ўсё ж вырашылася: лепш зрабіць не ідэальна, чым ідэальна не зрабіць, – кажа псіхолаг. – І велізарным сюрпрызам сталі водгукі ўдзельнікаў, што яны адчулі сябе лепш ужо на першым тыдні курса! Зараз падыходзіць да фіналу яго пілотны запуск. У цэлым мяне задавальняе, як усё ідзе. Жадаючых аказалася больш, чым я гатовая была ўзяць на гэты паток. Уцягнутасць удзельнікаў высокая: яны ахвотна робяць хатнія заданні, падтрымліваюць адно аднаго ў чаце ўзаемападтрымкі. А гэта менавіта тое, на што я спадзявалася.

Складанасць, з якой я сутыкнулася – сіндром самазванца. Але я вырашыла, што гэта першы запуск, недахопы ўсё роўна будуць, затое водгукі ўдзельнікаў дапамогуць у будучыні ўдасканальваць курс.

Галоўныя высновы, якія я зрабіла са свайго досведу, гэта не адкладаць на неаглядную будучыню тое, што можна зрабіць сёння. І не баяцца памылак: яны непазбежныя, затое даюць магчымасць улічыць іх і зрабіць працу ці ідэю, якой бы яна ні была, яшчэ лепш.

 

«Ты прыносіш карысць, радасць іншым людзям». Як бабруйчанка валанцёрыла стылісткай, і чаму валанцёрства пасуе для ўсіх

 

Фота: Marcus Aurelius/pexels.com

 

«Людзi з iнвалiднасцю не маюць належнай увагi»

Яшчэ адна наша суразмоўніца – Наста, вырашыла распрацоўваць візітоўкі і буклеты для бабруйскай арганізацыі людзей з інваліднасцю. Сама дзяўчына зараз жыве ў Польшчы.

– У Варашве у мяне ёсць добрая знаёмая, яна з iнвалiднасцю, вучыць мяне польскай мове, – тлумачыць Наста. – Але яшчэ ў Беларусі я мела вопыт працы з дзецьмі з iнвалiднасцю. Мой дыпломны праект у Акадэмii мастацтваў быў для цэнтру Caritas у Мiнску (прым. дабрачыннае каталіцкае таварыства).

Мяркую, у Беларусі людзi з iнвалiднасцю не маюць належнай увагi. У Польшчы гэта больш заўважна. Напрыклад, мяне здзiвiла дзiцячая пляцоўка для дзяцей-iнвалiдаў. Першы раз такую бачыла!

Так узнікла ідэя зрабіць буклет для бабруйскай арганізацыі. Ён яшчэ ў распрацоўцы. Гэта будзе штось кшталту ўлёткі, з якой людзі змогуць даведацца – што гэта за арганізацыя, што робіць, чым ёй можна дапамагчы. Ды і наагул – расказаць, што яна проста ёсць такая.

Наста не ведае пэўнага адказу на пытанне, для чаго ёй валанцёрства. Але яна ўпэўнена, што людзям усё вяртаецца бумерангам.

– Робiш дабро – дабро вяртаецца. Таксама i наадварот. Калi дапамагаю i бачу вынiк сваёй працы, па-іншаму сябе адчуваю. Для мяне не цяжка, а людзям прыемна, – усміхаецца наша суразмоўніца.

 

«Зачем мне помогать другим?» Объясняют бобруйские волонтеры(ки)

 

«Я падалася валанцёрыць, каб закрыць уласныя псіхалагічныя гештальты»

Пра тое, як валанцёрства дапамагло ў будучай прафесіі, нам расказала Дар’я, настаўніца і мастачка.

 

Фота з асабістых архіваў Дар’і. 

 

– Калі я прыйшла студэнткай ва ўніверсітэт, вельмі хацелася далучыцца да нейкай валанцёрскай арганізацыі. У першую чаргу, каб дапамагаць дзецям з асаблівасцямі. Бо ў мяне самой была інваліднасць, і калісьці я сама знаходзілася ў адным з рэабілітацыйных цэнтраў, а да нас прыходзілі валанцёры.

Адзін з хлопцаў з старэйшых курсаў пачаў валанцёрыць для дзяцей, сказала яму, што хачу таксама. Спярша ён нават пасмяяўся, бо падумаў, што я жадаю далучыцца праз сімпатыю да яго, – пасміхаецца суразмоўніца. – Але ў выніку я прыйшла туды на першым курсе і не сышла да выпуску.

Наагул лічу, што валанцёраў былых не бывае!

Мы хадзілі да дзяцей, большасць з якіх былі з псіхафізічнымі асаблівасцямі развіцця, з сіндромам Даўна, аўтызмам. Таксама большасці з іх было ўжо больш за 16 год, даволі дарослыя. Яшчэ мы хадзілі ў анкалагічны цэнтр, але я далучалася толькі на Новы год, бо, прызнаюся, гэта было маральна цяжка.

На ўсе вялікія святы мы рыхтавалі праграму, ці прыходзілі проста сярод тыдня пагуляць з дзецьмі, пазаймацца, бо гэта добрая сацыялізацыя.

Як гэта дапамагло мне? На пятым курсе я трошкі працавала ва ўстанове з такімі дзеткамі, бо там не хапала супрацоўнікаў. Было даволі лёгка. Атрымаўшы такі вопыт узаемадзейнічаць пасля са звычайнымі дзецьмі нашмат лягчэй. І ў працы настаўніцай гэта мне вельмі дапамагала!

Варта знайсці тое, што падабаецца менавіта табе. Напрыклад, бліжэйшым часам я падалася валанцёрыць на адно мерапрыемства, каб закрыць уласныя псіхалагічныя гештальты. Таксама валанцёрства – добры спосаб набрацца досведу, нейкіх ведаў.

Навучыцца размаўляць з людзьмі розных узростаў, даведацца, якія ёсць гульні, актыўнасці, гэта ўменне рэагаваць на эмацыйныя паводзіны іншых.

Калі ты ідзеш валанцёрыць, важна думаць не толькі пра тое, што будзеш дапамагаць, але і пра тое, якія ўменні і веды атрымаеш ты сама. Напрыклад, пайшла з дзеткамі маляваць, і сама ўдасканальваешся ў гэтай справе. Варыянтаў мноства, важна знайсці сваё, – падсумоўвае Дарʼя.

 

09.08.2023 0 comments
0 FacebookTwitterTelegram
Без рубрикиКультураЛюдзіТэма

Што пачытаць гэтым летам пра Бабруйск?

by Bagouka 07.08.2023

1.«Надбярэзінцы», Фларыян Чарнышэвіч

Аўтар напісаў раман на аўтабіяграфічным матэрыяле. Даведаешся, як жыла дробная шляхта ў ваколіцах Бабруйска, як людзі змагаліся за свае перакананні і як сустрэлі бальшавікоў. Тут і рамантычныя гісторыі, і гумар, і трагічнае, а таксама ёсць апісанні нашага горада. Дарэчы, сам Фларыян Чарнышэвіч эміграваў у 1924 годзе ў Аргентыну, цяжка працаваў і пісаў раманы, якія сталі вядомыя шырокаму колу чытачоў толькі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, дзякуючы польскім інтэлектуалам.

Цікавы факт: Фларыян – родны брат дзеда Стывена Тайлера (вакаліст «Aerosmith», бацька акторкі Ліў Тайлер).

Файл:Фелікс і Фларыян Чарнышэвічы.jpg

Фелікс і Фларыян Чарнышэвічы

 

2. «Уніз па Шасэйнай». Абрам Рабкін

Як жыў Бабруйск у першай палове 20 стагоддзя? Якія стасункі былі паміж габрэямі і беларусамі, як гадавалі дзяцей, як жартавалі, з якіх нагодаў плакалі?

Кніга Рабкіна – шэдэўр, у які ўцягваешся з першых старонак, і стараешся ўяўляць у галаве (а дзякуючы маляўнічым апісанням гэта нескладана) – а дзе адбываліся гэтыя падзеі, ці захаваліся яшчэ гэтыя будынкі, вуліцы?

А калі ты не любіш чытаць, абавязкова схадзі ў выставачную залу Бабруйска ці хаця б пагуглі карціны Абрама Рабкіна. У іх – тыя ж персанажы і пейзажы з яго дзяцінства, што перадаюць непаўторную атмасферу тагачаснага горада. Абавязкова паглядзі тыкток “Гістарычны Бабёр” пра Рабкіна!

 

Бабруйскія матывы ў карцінах Абрама Рабкіна. Фота: 1387.io

 

3. Эфраім Севела «Легенды Інваліднай вуліцы»

Насычаныя гумарам і містыфікацыямі легенды ад Эфраіма Севелы – «маст хэв» для ўсіх, хто хоча даведацца, а што ж такое той самы «бабруйскі каларыт». Тут неверагоднай сілы і прыгажосці людзі перамагаюць французскіх волатаў, дзеці шкоднічаюць, дарослыя кахаюць, сварацца, смяюцца, гатуюць смачную ежу – і ўсё гэта апісана эмацыйна, ярка, з мясцовымі слоўцамі. Ты можаш верыць ці не верыць некаторым з гэтых гісторый, але адарвацца ад чытва будзе цяжка – гарантуем!

4. Ніна Уфлянд, Соль Шульман «Маці і сын»

Першая частка – успаміны Ніны Уфлянд, лекаркі, якая была вельмі паважанай у горадзе і шмат зрабіла для развіцця медыцыны. Не палохайся, маці Сола Шульмана таксама была таленавітай пісьменніцай, таму чытаюцца яе «Нататкі дзіцячага лекара» лёгка, і ў іх хапае момантаў настолькі незвычайных, што часам не верыцца – а ці дакладна гэта не мастацкі твор?

У другой частцы – тры творы Шульмана. Але сёння размова ідзе пра Бабруйск, то звярні ўвагу на «Праменад па Сацыялцы», на ўспамінах з дзяцінства і юнацтва маленькага Саламона, што пасля вырас у вядомага пісьменніка, рэжысёра і вандроўніка. Вось невялікі ўрывак з «Праменаду…»:

«Социалка – так на местном жаргоне называлась главная улица города, официально именовавшаяся Социалистической – была центром всех событий. По вечерам все способные к передвижению граждане, вне зависимости от пола, возраста и образовательного ценза, мыли шеи, надевали чистые сорочки и целыми семьями отправлялись фланировать по Социалке – не спеша, торжественно, под ручки. Чем больше было народа и чем труднее было протолкнуться, тем вечер считался более интересным».

А што гэтым летам чытаеш ты? Чакаем парадаў у каментарах у сацсетках: Instagram, Facebook

07.08.2023 0 comments
1 FacebookTwitterTelegram
Афіша

8 жніўня – Сур’я Намаскар ў гарадскім парку

by Bagouka 04.08.2023

Гэта практыкаванне патрабуе настойлівасці і цягавітасці, але кожнае намаганне мацней з часам. Паслабце розум, упакорце сваё дыханне і запаліце ўнутраны жар. Адчуйце цудоўны паток энергіі ўнутры вас.

Прыгатуйцеся да пачатку новага дня з дапамогай 108 Сур’я Намаскар. Прыгатуйцеся да ўнутранага развіцця і росту, да разумення і прыняцця сябе. Сонца заўсёды ўзыходзіць, і кожны з нас мае сілу ўстаць разам з ім.

Будзьце моцнымі, энергічнымі і атрымаць асалоду ад кожным рухам Сур’я Намаскара! 

Выкладчыца: Надзея Баева

Калі: 8 жніўня, 06:00
Месца сустрэчы: гарадскі парк.

Аплата па сэрцы (данэйшэн).

Для запісу пішыце ў Дырэкт 

04.08.2023 0 comments
0 FacebookTwitterTelegram
КультураТэмаУрбаністыка

Бабры ў стылі Рабкіна і Концуба. Папрасілі нейрасетку спалучыць творы нашых мастакоў з гарадскім сімвалам

by alesia.oj 03.08.2023

Вось як выглядае білборд:

Фота: 1387.io

 

Мы таксама вырашылі папрасіць у нейрасеткі, каб яна прыдумала баброў з бабруйскім, і не толькі, каларытам. Але спярша адправілі звярка ў космас:

 

 

А вось што штучны інтэлект уяўляе, калі спалучыць бабра з асабняком купчыхі Кацнельсон:

 

 

Асаблівасць ШІ ў тым, што скульптуры ў ягоным разуменні па змаўчанні – людзі. Таму яму заўсёды неабходна нагадваць, што ў запыце – бабёр:)

Бабёр у стылі Сальвадора Далі:

 

 

І Ван Гога:

 

 

Гэтыя бабры трапілі ў свет Клода Манэ:

 

 

Бабёр з Маскоўскай трапіў у свет «Гравіці Фолз»:

 

 

Падбіраемся да мясцовай тэматыкі. Вось што атрымалася, калі мы папрасілі да бабра дадаць мазаіку з Марзонаўкі і зрабіць усё ў стылі «Футурамы»:

 

 

Калі папрасілі зрабіць у стылі мазаікі:

 

 

Калі да бабра ў стылі мазаікі дадаць Русалку з вуліцы Мінскай:

 

 

А вось і цвік нумару – трымай выявы баброў пад натхненнем ад твораў бабруйскіх мастакоў!

Анатоль Концуб:

 

 

У стылі прац Таццяны Карчажкінай:

 

 

Пад уплывам творчасці Абрама Рабкіна:

 

 

Пад уплывам карцін Людмілы Бранавіцкай:

 

 

Бабры, натхнёныя лінагравюрамі Уладзіміра Самачарнова:

 

 

А вось як скульптура бабра магла б выглядаць у стылі Таццяны Арасланавай:

 

 

На выявах, натхнёных працамі Віктара Кнаруса, бабёр ператвараўся на людзей і не толькі:

 

 

Скульптуры ў стылі твораў Ціхана Абрамава:

 

 

А вось што атрымліваецца, калі сумясціць бабра з Маскоўскай з карцінай Ціхана Абрамава «Васьмісакавіцкія каты»:

 

 

У стылі мастачкі Дар’і Роскач:

 

03.08.2023 0 comments
1 FacebookTwitterTelegram
КультураПадзеіФотагалерэя

«Мастацтва жывога агню» — у Бабруйску адкрылася выстава пленэра «Арт-Жыжаль»

by Bagouka 02.08.2023

Нягледзячы на заяўленую «міжнароднасць», у гэтым годзе ў пленэры ўдзельнічалі толькі мастакі з Беларусі і Расіі.

Цягам двух тыдняў 18 творцаў звыкла працавалі на базе адпачынку «Вербкі». А скончыўся пленэр традыцыйным падпальваннем агню ўнутры вялікай глінянай скульптуры. Яе, дарэчы, на выставе бабруйцы не ўбачаць. У гэтым годзе мастакі не змаглі атрымаць якасную, украінскую гліну, ім давялося літаральна вучыцца працаваць з новым матэрыялам, праз які не ўсе скульптуры атрымаліся трывалымі. «Вогненная» таксама пашкодзілася знізу, і цяпер яе будуць падклейваць для ўдзелу ў выставах у Магілёве і Менску.

Глядзі якія розныя скульптуры атрымаліся ў мастроў у фотарэпартажы

 

Паглядзець выставу ўжывую можна ў Мастацкім музеі

Час працы выставы з 10.00 да 19.00 (выходныя панядзелак-аўторак). Адрас: М.Горкага-28.

02.08.2023 0 comments
0 FacebookTwitterTelegram
ЛюдзіПадзеіТэма

«Хачу зарабляць на хобі», «адчуваю патрэбу аддаваць і дзяліцца». З якімі запытамі прыйшлі на праграму «Дадай сябе» менці і ментары(кі)

by alesia.oj 30.07.2023

Ілюстрацыйнае фота: Julia M Cameron/pexels.com

 

«Адзін з варыянтаў заробку атрымалася рэалізаваць у працэсе працы з ментаркай»

Наша суразмоўніца Ганна прыйшла на праграму «Дадай сябе» з запытам знайсці варыянты зарабляць анлайн – каб яны далі фінансавую незалежнасць і стабільнасць. Яшчэ адным яе жаданнем было навучыцца факусавацца.

– Я задаволеная вынікам праграмы і ўдзячная сваёй ментарцы, – кажа Ганна. – У рамках ментарскай праграмы мы перагледзелі мае прафесійныя навыкі і разгледзелі магчымыя варыянты заробку, адзін з якіх атрымалася рэалізаваць у працэсе сумеснай працы. Акрамя гэтага я падняла сваю самаацэнку і перагледзела погляд на кошт сваіх паслуг.

Па-першае, у час праграмы я зразумела, як можна рэалізаваць сваю мэту. Па-другое, дадатковым эфектам была прапампоўка асабістых якасцяў. Я стала больш упэўненай у сваіх навыках, больш адкрытай да новага вопыту і прапановаў.

Па-трэцяе, пачала вучыцца падзяляць працу і асабістае жыццё, планаваць працоўны час і час для адпачынку.

Хачу выказаць вялікую падзяку камандзе «Дадай сябе» за магчымасць прапампаваць сябе і закрыць сваё балючае пытанне. Асобнае дзякуй ментарцы, якая падзялілася ўласным вопытам і ведамі, падтрымлівала і матывавала.

Цяпер ёсць вялікая разнастайнасць платных і бясплатных навучальных праграм, у якіх можна атрымаць веды ў пэўнай сферы. Але каштоўнасць гэтай праграмы – падтрымка і магчымасць павучыцца аб іншага чалавека. (Я не агаварылася. Нядаўна пачула паняцце, што мы вучымся «аб іншых людзей» і гэта на самай справе так).

Яшчэ гэта магчымасць выйсці з «уласнага свету» і атрымаць іншы погляд на сваю праблему вачыма чалавека, які ўжо з ёй спраўляўся, – кажа суразмоўніца.

 

«Некаторыя з ментараў вярнуліся на праграму ў якасці менці»

Дарэчы, для Ганны гэта другі вопыт удзелу ў «Дадай сябе», у першы раз яна сама была ментаркай. Адна з арганізатарак праграмы, Наталля Халанская, кажа, што яе нават радуе, калі так адбываецца, бо гэта сведчыць пра паспяховасць іх справы.

– Калісьці ў мяне і маёй каманды таксама былі файныя ментаркі, у якіх пераймалі вопыт і натхняліся. Таму для нас было надзвычай важна, каб гэтая праграма прыносіла рэальны вынік – каб удзельнікі(цы) знаходзілі новую працу, адкрывалі ці перазапускалі свае бізнесы. У афлайне ў нас атрымалася правесці тры праграмы з крутымі ментарамі(камі) і менці. Для мяне вельмі важным было тое, што некаторыя з былых нашых ментараў падаліся ў якасці менці, бо надышоў час, калі ім таксама спатрэбілася падтрымка. А былыя менці прыходзяць як ментары(кі). Гэта цудоўнае ўзаемадзеянне ўнутры і развіццё супольнасці. Я ўсім удзячная і ўпэўненая, што мы і надалей будзем падтрымліваць адно аднаго, – адзначае Наталля.

– У час майго ментарства мы прапрацоўвалі з менці запуск прафесійнага профілю ў Instagram і прасоўванне сябе, як спецыяліста, – узгадвае Ганна. – Мне і цяпер складана ацэньваць вынік, бо гэта доўгі працэс і пасля заканчэння праграмы мне здавалася, што я нешта недадала і недаматывавала да канца. Але цяпер бачу, што мая менці развіваецца, і гэта вельмі радуе! Мы працягваем кантактаваць, яна задае мне пытанні, падтрымліваю яе. Толькі не з такой інтэнсіўнасцю, як падчас праграмы.

Удзел у якасці менці і ментаркі – абсалютна розны вопыт для мяне. Як менці паглынала ўсё, чым са мной дзяліўся ментар. Як ментарка адчувала адказнасць і старалася максімальна дзяліцца сваімі ведамі і досведам, – дадае Ганна.

 

Але што гэта было?

Цягам траўня і чэрвеня 20 чалавек – 10 ментараў і 10 менці, што працуюць у парах, бралі ўдзел у анлайн-праграме падтрымкі «Дадай сябе». Яна разлічана на людзей узростам 30+, якія сутыкнуліся з пэўнымі прафесійнымі праблемамі.

– Мне самой за 30, і часам я разумею, што адукацыя, прафесія, якую я атрымала шмат год таму, перастае быць актуальнай. З такімі ж запытамі прыходзяць да нас удзельнікі і ўдзельніцы ў ментарскую праграму. Таму што ментарынг даволі зручны спосаб, фармат перадачы вопыту. Мы працуем толькі з прафесійнымі запытамі», – тлумачыць Наталля Халанская.

Больш падрабязна пра праграму падтрымкі можна пачытаць па гэтай спасылцы. 

 

“Рэкамендую гэтую праграму ўсім, хто сумняецца – куды пайсці, чым заняцца”

Яшчэ адна менці, Таццяна, расказала што праграму ёй параіла блізкая сяброўка, якая сама ўдзельнічала ў ёй.

– У той момант я якраз была на росстанях, бо толькі выйшла з дэкрэтнага і не магла сябе рэалізаваць у тым накірунку, у якім хацела. Таксама мяне падкупіла, што праграма бясплатная.

Даволі хутка мне падабралі ментарку, з ёй мы трымалі сувязь анлайн. У нас адразу атрымаўся канэкт.

Першы час я сумнявалася, што праграма можа дапамагчы, але пасля першага ж сазвону з ментаркай зразумела, што яна вельмі адукаваная і разбіраецца ў тэме. Яна падтрымлівала мяне і падказвала цягам усёй праграмы, мы з ёй былі на сувязі 24 на 7. Яна каментавала і давала мне парады па інстаграму, падказвала, як і што лепей зрабіць.

А запыт у мяне быў такі: хацела развівацца ў касметалогіі. У мяне ёсць адукацыя, але не было вопыту працы. Трэба было напрацаваць кліенцкую базу. Ментарка спрыяла прасоўванню маёй старонкі ў інстаграм. Мы займаліся яе афармленнем, я вучылася правільна запісваць сторызы, правільна пісаць хэштэгі, працаваць з самаадзнакай, самарэалізацыяй. Шмат было зроблена працы і я вельмі ўдзячаная сваёй ментарцы – яна мне вельмі дапамагла! Адназначна, у мяне атрымалася прапрацаваць запыт, з якім прыйшла на “Дадай сябе”.

Цяпер адчуваю сябе ўпэўнена ў сваім профілі ў інстаграм. А мая ментарка дасюль падтрымлівае і дае парады. Рэкамендую гэтую праграму ўсім, хто сумняецца – куды пайсці, чым заняцца. І нават калі вы ўжо вызначыліся, на пачатковым этапе патрэбны нейкі матыватар, дапамога ад старонняга чалавека, – кажа Таццяна.

 

Ілюстрацыйнае фота: Vanessa Garcia/pexels.com

 

Якімі былі запыты менці?

  • Запусціць інстаграм, каб расказаць пра сваю справу.
  • Запусціць уласны брэнд.
  • Пачаць зарабляць на хобі і сысці з найму.
  • Пачаць дэлегаваць, няма пэўнага разумення, з чаго пачаць.
  • Перавесці працу з рэжыму афлайн у анлайн.
  • Заняцца стратэгічным развіццём сваёй справы.
  • Змяніць прафесію, але няма разумення, у якім накірунку рухацца.
  • Пачаць працаваць на сябе, але незразумела, як гэта зрабіць.
  • Атрымаць падтрымку і погляд збоку на сваю справу, халодную ацэнку і накірунак у патрэбны бок.
  • Знайсці цікавую і прыбытковую справу.
  • Вырашыцца на канкрэтныя дзеянні.
  • Пераадолець страх самазванца, адчуць упэўненасць у сабе.
  • Пачаць справу ў новай краіне, але страшна.

 

Пагадзіся – гэта страхі, якія знаёмыя большасці з нас. Асабліва, калі справа тычыцца нечага новага – змены прафесіі, запуску ўласнага бізнесу і гэтак далей. І адметнасць «Дадай сябе» менавіта ў тым, каб пазбавіць менці трывог і натхніць іх на плённую працу.

– На курсах мы не вучым чамусьці канкрэтнаму, кшталту прасоўвання ў інстаграм ці фатаграфаванню, – тлумачыць Наталля Халанская. – Мы дапамагаем людзям знайсці адно аднаго з канкрэтным запытам. Ёсць пары, у якіх не атрымліваецца спрацавацца, і гэта цалкам нармальна. Бо тут важна знайсці «свайго» чалавека. Многае залежыць не толькі ад прафесійных навыкаў, але таксама ад рытму працы, камунікацыі. У такіх выпадках мы прапануем ментарам і менці папрацаваць у іншых парах.

 

Але што матывуе ментараў выдаткоўваць свой час на такі від валанцёрства?

Вось што яны расказалі:

  1. «Лічу вельмі важным дзеліцца сваім вопытам, гэта мяне натхняе. Бо калі зоркі запальваюцца, значыць гэта каму-небудзь трэба».
  2. «У мяне ёсць вялікі вопыт у падтрымцы і ўзмацненні людзей, матывацыі. Захацелася развіваць сябе ў прафесіі коўча».
  3. «Калі я пачынала свой шлях фрылансера, у мяне не было падтрымкі з боку навакольных. Я працавала ў паспяховых кампаніях, займала годныя пасады, атрымлівала прыстойны заробак. Але мне хацелася свабоды, развіцця, і пачаць зарабляць грошы для сябе, а не быць інструментам для дасягнення чужых мэтаў. Мне б хацелася падтрымаць чалавека, які хоча сысці працаваць у анлайн, дапамагчы выбраць прыдатную працу. Прыйшоў час дзяліцца ўнікальнымі ведамі і вопытам. Ведаю, што дапамога і падтрымка бываюць жыццёва важныя, выпрабавала на сабе».
  4. «Дапамагчы іншаму чалавеку. У мяне вялікі вопыт, я ўмею падтрымліваць і матываваць. Я ўмею радавацца за поспехі іншых. Бо толькі мы сваімі дзеяннямі мяняем і паляпшаем грамадства. Мне падаецца вельмі важным аддаваць і падтрымліваць – цяпер у мяне, відаць, назапасілася на гэта трошкі сіл.
  5. Ментарства – выдатная магчымасць не толькі дапамагчы іншаму чалавеку, але і «пракачаць» свае прафесійныя навыкі. Ёсць вялікі назапашаны вопыт, якім хочацца падзяліцца з людзьмі, што маюць матывацыю».
  6. «Адчуваю патрэбу «аддаваць», дзяліцца. Плюс ментарства – гэта ўзмацненне ведаў і дысцыпліны праз працу з іншымі.
  7. Мне здаецца, што ў мяне дастаткова ведаў, якія вельмі карысныя пры адкрыцці свайго бізнесу. У мяне побач не было дасведчанага чалавека, і я ўсяму вучылася на ўласных памылках. Мая падтрымка дапаможа чалавеку зэканоміць час і грошы. Мне падабаецца назіраць за пераўвасабленнем, ростам, поспехамі і зменамі ў лепшы бок жыцця людзей».
  8. «Я ведаю наколькі складана бывае пачаць і паверыць у свае сілы, перастаць параўноўваць сябе з іншымі і знайсці сваю адметнасць».

 

Ілюстрацыйнае фота: MART PRODUCTION/pexels.com

 

«Для мяне ментарства – стымул для развіцця»

Вольга, адна з ментарак вясновага патоку, называе «Дадай сябе» – карыснай і патрэбнай праграмай. Яна адзначае, што не часта бачыць, каб штосьці падобнае рабілася іншымі.

– Мне спадабалася, як спрацавалі арганізатаркі – Наталля, Юлія, Інга. Яны пастаянна былі на сувязі, даволі прафесійна ўсё зладзілі. Рэгулярна і цярпліва нагадвалі пра анкеты. Менавіта іх унёсак пакінуў самыя пазітыўныя ўражанні. Я адчувала добразычлівасць і ненавязлівасць з іх боку.

Пакуль мне цяжка судзіць пра тое, ці атрымалася мая супраца з менці паспяховай, бо хочацца ўбачыць канкрэтны вынік. А таксама вынікі ў арганізатараў, іншых менці ды ментараў(ак).

Адназначна такія праграмы мусяць быць. Цікава, што «Дадай сябе» выйшла геаграфічна за межы Бабруйска. Могуць знаёміцца людзі з іншых гарадоў і нават краін. У мяне, напрыклад, была менці з Барысава. І гэта сапраўды цікавы вопыт – пазнаёміцца з чалавекам з іншага горада. Таму пакуль чакаю вынікаў, якія будуць бачныя, якія можна памацаць.

Магчымасць абмяняцца вопытам вельмі важная. Я другі раз прымаю ўдзел у гэтай праграме ў якасці ментаркі, і для мяне гэта пэўны стымул для развіцця. Бо мне ў чарговы раз давядзецца падымаць нейкія крыніцы інфармацыі, шукаць лекцыі ды кнігі – і ўсё дзеля таго, каб падвышаць свой узровень ведаў і кампетэнцый у пэўных сферах. У тых, што мне цікавыя. Плюс – гэта пашырае мой кругагляд, бо маю стасункі з рознымі людзьмі, з якімі ў звычайным жыцці можна і не сустрэцца.

«Дадай сябе» – на 100 працэнтаў перспектыўная і карысная праграма, і не ў апошнюю чаргу дзякуючы працы і добразычлівасці арганізатарак, – падсумоўвае Вольга.

 

“З трапятаннем чакала наступнай сесіі”

Юлія Катаржынская, менеджарка, расказала, што на праграме хацела пракачаць свае скілы ў ролі ментаркі.

– Усе атрымалася ў найлепшым выглядзе, таму я працягнула ментарскую справу далей. У мяне быў цудоўны менці, які прыйшоў з запытам навучыцца дэлегаваць справы, разабрацца з коштам на свае паслугі, аптымізаваць працоўныя працэсы.

Мы сустракаліся раз на тыдзень. Разбіралі працоўныя сітуацыі, дамаўляліся на хатняе заданне, дзе правяралі гіпотэзы і пасля абмяркоўвалі на наступнай сустрэчы. Разам з менці мы распрацавалі працоўны графік, паднялі кошт на паслугу, ен навучыўся яго абгрунтоўваць і не саромецца гэтага. А самае важнае – зразумеў, якая каманда патрэбна для працы. Кожная сустрэча натхняла і давала энэргію на цэлы тыдзень. З трапятаннем чакала наступнай сесіі.

Такія праграмы падтрымкі вельмі важныя. Ты можаш знайсці свае моцныя бакі, свае накірункі, у якіх развівацца. І гэта не залежыць, у ролі каго ты прыйшоў на праграму. Гэта працуе ў два бакі, – кажа Юлія.

 

«Наша праграма – пра негвалтоўную камунікацыю і камфорт»

На анлайн-выпускным Наталля Халанская расказала, як ішоў працэс навучання – яму папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца. Арганізатары даведваюцца ва ўсіх удзельнікаў іх матывацыю, зацікаўленасці, умовы для камфортнай працы. Гэта падрабязныя інтэрв’ю і першая сустрэча, на якіх стараюцца максімальна дакладна падабраць пары – як пазлы, якія сходзяцца, ці не.

– Далей ідуць установачныя сесіі, на якіх складаецца падрабязны план на першыя тры сустрэчы. Фармат, час – абіраюць самі ментары і менці. Але на старце мы дапамагаем, каб было зразумела, як выбудаваць камунікацыю, – кажа Наталля. – Таксама падпісваюцца ментарскія пагадненні.

Звычайна ментар і менці сустракаюцца раз на тыдзень, на тры гадзіны. Гэтага часу дастаткова, каб цягам двух месяцаў прыйсці да рэалізацыі запыту. Калі ў менці з’яўляецца запыт на вузкага спецыяліста, напрыклад, дызайнера, юрыста – мы можам дапамагчы знайсці яго. Ёсць таксама дадатковыя, інфармацыйныя матэрыялы, а ментары ды ментаркі могуць звяртацца да арганізатарак, калі ёсць патрэба ў нейкіх парадах.

Па выніках праграмы ўдзельнікі(цы) дзеляцца сваімі ўражаннямі – што атрымалася, а што не, куды яны плануюць рухацца далей. Для арганізатараў гэта важная інфармацыя, бо дапамагае ўдасканальваць праграму, падтрымліваць наступных ментараў(к) і менці.

Вядома, у анлайн-навучанні ёсць свае плюсы і мінусы. З аднаго боку ты не прывязваешся да месца і можаш самастойна абіраць час. З іншага – не хапае моманту тактыльнасці, калі, напрыклад, менці стварае штосьці рукамі, і хоча прадэманстраваць ментару(цы). Але было такое, што нават адпраўлялі штось адно аднаму пасылкамі. Тэхнічныя моманты трошкі могуць перашкаджаць, але, як правіла, усё гэта вырашальна. А мы гатовыя браць на сябе частку тэхпадтрымкі, пра што часта кажам удзельнікам(цам).

Мяне радуе, што па выніках праграмы ментары(кі) вельмі высока адзначалі сваіх менці, казалі пра тое, што вераць – у іх усё атрымаецца. Некаторыя казалі, што плануюць падтрымліваць менці і пасля праграмы. Ёсць водгукі, у якіх менці з захапленнем узгадваюць інструменты, якія выкарыстоўваліся ў час праграмы – бо ўсе яны, нагадаю, абіраліся самастойна.

Бо хтосьці абірае больш дзелавы стыль, а хтосьці стыль «размова з сябрам», і гэта цудоўна! Некаторыя спісваліся, стэлефаноўваліся штодня, іншыя – раз на тыдзень. То-бок, гэта яшчэ і пра негвалтоўную камунікацыю і камфорт, якія менці і ментары(кі) самі выбудоўвалі ўнутры пары, – рэзюмуе Наталля Халанская.

Усе ўдзельнікі(цы) праграмы атрымалі сертыфікаты, якія, напрыклад, можна дадаць у сваё партфоліа. Таксама арганізатары абяцаюць стварыць для ўсіх майнд-мэп (мапы розуму), на якіх будуць адлюстраваныя запыты і чаканні ў пачатку праграмы і прагрэс, які быў заўважны ў працэсе працы. З натхняльнымі цытатамі і водгукамі, каб чалавек бачыў, якія крокі прайшоў, чаму яшчэ трэба навучыцца і не згубіць матывацыю.

 

А калі ты таксама хочаш паўдзельнічаць у праграме «Дадай сябе» ў якасці ментара(кі) ці менці – рэгіструйся на восень. Спасылка на рэгістрацыю тут @includeyourself.

 

30.07.2023 0 comments
0 FacebookTwitterTelegram
Афіша

Выстава «Мастацтва жывога агня»

by Bagouka 27.07.2023

У Бабруйскім мастацкім музеі аматары мастацтва змогуць пазнаёміцца з творамі 18 мастакоў-керамістаў, якія на працягу 18 дзён стваралі іх на маляўнічым беразе ракі Бярэзіна на базе адпачынку “Вербкі”.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца 28 ліпеня ў 16:00 у Бабруйскім мастацкім музеі (вул. М.Горкага, 28).

З 28 ліпеня
Адрас: вул. М.Горкага, 28
Час працы: 10.00-19.00
Выхадныя: панядзелак, аўторак

27.07.2023 0 comments
0 FacebookTwitterTelegram
КультураТэма

Ці магчымае захаванне культурнай спадчыны ў онлайн-прасторы? Прыклады цікавых ініцыятываў

by mikkitaki 25.07.2023

Онлайн-фармат, лічбавая прастора даўно і трывала замацаваліся ў нашым штодзённым жыцці. Праз інтэрнэт мы можам камунікаваць з людзьмі з усяго свету, працаваць без прывязкі да канкрэтнага месца. Чым яшчэ можа быць карысны такі фармат? Напрыклад, у лічбавым фармаце можна захоўваць культурную спадчыну. Паглядзелі, як гэта робяць у Беларусі, а таксама ў іншых краінах Еўропы.

Віртуальны музей мазаікі ад каманды 1387.io: захаваць «у лічбе» манументальнае мастацтва

Пачнем з праекту каманды 1387.io – Віртуальны музей мазаікі. Гэты музей – адмысловая лічбавая пляцоўка, на якой мы збіраем ды захоўваем выявы і гісторыю бабруйскіх мазаік у інтэр’ерах і экстэр’ерах.

Ідэя музею нарадзілася на тле разбурэння будынкаў з мазаікамі на фасадах альбо ў памяшканнях. Калі мы спрабавалі агучыць гэтую праблему, то сутыкаліся з самай рознай рэакцыяй чытачоў. Хтосьці выказваў жаль з нагоды знішчэння мастацкіх твораў беларускіх мастакоў, іншыя ўхвалялі разбурэнне савецкай спадчыны. Так, мазаіка – савецкая спадчына. Але гэта – мастацтва, частка культуры. Мы задаліся пытаннем – чаму варта знішчаць мастацкія творы высокай якасці, створаныя ў савецкую эпоху? Што ўвогуле рабіць з савецкай спадчынай? Магчыма, варта яе пераасэнсаваць, даць ёй новае жыццё?

Галоўная старонка Віртуальнага музею мазаік. Скрыншот са старонкі музею mosaic.1387.io

 

На старонцы нашага музею мы спрабуем знайсці адказы на гэтыя пытанні разам з эксперткамі ў мазаіках – разважанні пра лёс сацыялістычнага манументальнага мастацтва вы можаце прачытаць у шэрагу інтэрв’ю.

Але галоўнае, што мы робім – фіксуем на фота бабруйскія мазаікі. Музей утрымлівае апісанні мазаік, інфармацыю пра іх аўтараў, а таксама дэталёвыя фотаздымкі і 3D-панарамы мазаік.

Адзін з самых цікавых раздзелаў нашага музею – пераасэнсаванне мазаік. У ім вы можаце ўбачыць, напрыклад, як бы выглядаў наш горад, калі б з фасадаў дамоў зніклі мазаікі, ці якімі могуць быць мазаікі, калі прыбраць з іх ідэалагічных савецкі складнік.

Стыкеры для Telegram з выявамі з бабруйскіх мазаік. Скрыншот са старонкі Віртуальнага музею мазаікі mosaic.1387.io

 

Віртуальны музей мазаікі – першы падобны праект у Беларусі. Мы б хацелі сабраць і захаваць не толькі бабруйскія мазаікі, але і з усёй Беларусі, а таксама даць штуршок да вывучэння і захавання манументальнага мастацтва не толькі онлайн, а і ў рэальнай прасторы.

Brest Stories Guide: пераасэнсаванне і захаванне гісторыі ў аўдыяфармаце

У 2016 годзе беларускі тэатр «Крылы халопа» распачаў праект Brest Stories Guide – цыкл дакументальных аўдыяспектакляў у прасторы горада. Гэтыя аўдыяспектаклі былі пакліканыя пераасэнсаваць, распавесці і захаваць гісторыю габрэйскага насельніцтва Берасця.

«Існуе значны пласт гісторыі, мала прадстаўлены ў школьных падручніках, беларускіх музеях і турыстычных маршрутах. Адна з закрытых у Савецкім Саюзе тэмаў – нямецкі генацыд габрэйскай супольнасці, – распавядаюць стваральнікі праекту пра тое, як нарадзілася ідэя. – Пра забітых савецкіх габрэяў казалася стэрэатыпна як пра «мірнае грамадзянскае насельніцтва». Пасля распаду СССР з’явіліся асобныя даследаванні пра Халакост, аднак дагэтуль грамадскасць у Беларусі мала інфармаваная пра лёс суайчыннікаў і пра маштаб гэтага злачынства ў Беларусі».

Берасце, 3 ліпеня 1941 года. Фота: Amateurfotograf Albert Dieckmann, Deutsch-Russisches Museum Berlin-Karlshorst

 

Brest Stories Guide распавядае гісторыю пра антысемітызм і знішчэнне берасцейскай габрэйскай супольнасці ў 1941-42 гадах. Але адначасова аўтары праекту хацелі пераасэнсаваць мінулае і звярнуць увагу на праблему выключэння адных людзей іншымі ў сучасным свеце.

«Хто застаецца абыякавым да падзеяў мінулага, можа заставацца абыякавым да новых злачынстваў, якія нібыта «датычаць толькі іншых», – зазначаюць аўтары Brest Stories Guide.

«Скрыжаванне тэатру, урбаністыкі, гістарычных даследаванняў»

У рамках праекту выкарыстаны незвычайны фармат. Brest Stories Guide – гэта аўдыяспектакль і адначасова экскурсія па Берасцю, якога не існуе. Аўтары пабудавалі сваю экскурсію на падставе матэрыялаў архіваў, інтэрв’ю са сведкамі падзеяў. Таксама былі выкарыстаныя неапублікаваныя раней паказанні нямецкіх афіцэраў з архіваў Нямеччыны. Brest Stories Guide – гэта гісторыя Берасця, якую распавялі не аўтары падручнікаў, а самі жыхары гораду – так казалі пра экскурсію яе стваральнікі.

Brest Stories Guide – гэта мабільнае прыкладанне, якое складаецца з аўдыяспектаклю і мапы. Карыстальнік можа ў свабодным рэжыме перасоўвацца па мапе і знаёміцца з мясцінамі, звязанымі з гісторыяй габрэйскай супольнасці гораду.

Brest Stories Guide – праект на сутыкненні мастацтва, турызму і захавання культурнай спадчыны, інавацыйны турыстычны і мастацкі прадукт, прыклад пошуку і выкарыстання новых фарматаў для працы з гісторыяй і спадчынай.

Галоўная брама Берасцейскага гета. Фота: journalby.com

 

«Галасы з мінулага запрашаюць сучаснікаў задумацца пра культуру памяці, а таксама пра нашае стаўленне да дыскрымінацыі і да выключэння асобных групаў людзей з грамадства. Я лічу, што Brest Stories Guide – праект, звязаны не толькі з гістарычнай памяццю, адукацыяй і мастацтва, але і з важнымі этычнымі пытаннямі», – казаў пра аўдыяспектакль гісторык Крысціян Ганцэр.

«Можна шмат разоў слухаць лекцыі на гэтую тэму, але ніводная лекцыі не заменіць досведу пражывання гісторый у прасторы, у якой яна разгортвалася. Гэта я пра сілу мастацтва, і пра сілу менавіта сучасных яго формаў на перакрыжаванні тэатру, урбаністыкі, гістарычных даследаванняў і шмат іншага», – дзялілася ўражаннямі ад Brest Stories Guide філосаф Вольга Шпарага.

Tsesler’s World: выстава Уладзіміра Цэслера ў віртуальнай прасторы

У 2023 годзе з’явілася онлайн-экспазіцыя «Tsesler’s World». Гэта прыклад выкарыстання сучасных тэхналогіяў у экспанаванні і захаванні твораў мастацтва.

«Tsesler’s World» – гэта віртуальная прастора, выкананая ў выглядзе выставачнай залі ці музею, дзе знаходзіцца экспазіцыя працаў мастака і дызайнера Уладзіміра Цэслера. У праекце ёсць элементы гейміфікацыі – карыстальнік можа выбраць сабе персанажа, перасоўваць яго, у ягонай асобе хадзіць па залах і знаёміцца з творамі Цэслера.

На кампутары экспазіцыю можна праглядзець з любога браўзера. З iPhone – з браўзера альбо прыкладання Spatial (App Store). З Android – толькі праз прыкладанне. Націсніце на спасылку, на старонцы адразу з’явіцца спасылка на прыкладанне.

Скрыншот віртуальнай экспазіцыі Уладзіміра Цэслера.

 

Архіў захавання культурнай спадчыны ICOMOS: распавесці не толькі пра спадчыну, але і пра яе абаронцаў

Беларускі ICOMOS (прадстаўніцтва Міжнароднай рады па помніках і мясцінах) на пачатку лета 2023 года распачаў амбітны праект – Архіў захавання культурнай спадчыны.

«Што вы ведаеце пра гісторыю захавання культурнай спадчыны ў Беларусі? Хто стаяў за яе захаваннем і аднаўленнем? Хто першым загаварыў пра яе? Як ствараліся музеі? Як зараджалася беларуская рэстаўрацыя? Хто прасоўваў асноўныя законы і ахоўныя статусы для галоўных беларускіх помнікаў?» – задавалі сябры ICOMOS пытанні беларусам, анансаваўшы пачатак збору архіву.

Беларускі ICOMOS вырашыў захаваць памяць не толькі пра самі аб’екты спадчыны, але пра гісторыю аховы культурнай спадчыны ў Беларусі. На думку ініцыятараў ідэі архіву, у нашай краіне вельмі не хапае цэласнага ўяўлення пра тое, як у Беларусі нараджалася ахова і рэстаўрацыя помнікаў. Ёсць шмат фотаздымкаў у розных месцах, тэкстаў, але няма адзінай пляцоўкі, з якой можна даведацца з першых вуснаў, хто стаяў за нараджэннем аховы беларускай спадчыны.

ICOMOS хоча, каб у стварэнні музею паўдзельнічалі самі беларусы, таму абвесціў кампанію па зборы дакументальных сведчанняў гісторыі захавання спадчыны. Дасылаць такія сведчанні можа кожны ахвочы. Гэта могуць быць фотаздымкі рэстаўрацыйных прац, археалагічных раскопак, даследчых экспедыцыяў, дакументы, асабістыя ўспаміны, артыкулы з часопісаў, эскізы нерэалізаваных праектаў і неапублікаваныя даследаванні.

«Збіраючы такі архіў, мы хочам паказаць працу пакаленняў беларускіх спецыялістаў. Іх спадчыну асабліва важна вывучаць сёння, яна – крыніца натхнення для ўсіх, хто неўзабаве будзе «рухаць горы» захавання нацыянальнай спадчыны. Бо ўсё калісьці пачыналася!», – тлумачылі ініцыятары праекту.

Усе дакументы архіву будуць аблічбоўвацца і выкладацца на сайце. Каб падзяліцца матэрыяламі альбо інфармацыяй, важнай для архіву, трэба звязацца з арганізатарамі праз форму.

Nonument: архітэктура і помнікі ў тэкстах, фотаздымках, вуснай гісторыі, 3D-мадэляванні, VR i AR

Як прыклад пераасэнсавання і захавання спадчыны ХХ стагоддзя хочам прывесці славенскі праект «Nonument». Гэта даследчая ініцыятыва, прысвечаная пераасэнсаванню ролі архітэктурнай спадчыны, помнікаў, публічных мясцінаў і прастораў ХХ стагоддзя. Для іх стваральнікі праекту прыдумалі назву – нанумент. На адмысловым сайце прадстаўленая калекцыя фотаздымкаў помнікаў і прастораў у розных еўрапейскіх гарадах, распрацаваная метадалогія па іх дакументаванні і захаванні, а таксама лічбавы архіў для картаграфавання гарадскіх ландшафтаў.

Аўтамабільны парк, TGH-48, Любляна. Фота: Janez Kališnik (monografija Savin Sever arhitekt)

 

Nonument стварала каманда MoTA – Музею пераходнага мастацтва Любляны. Сайт Nonument – частка міжнароднага праекту MAPS. Лічбавы архіў дапамагаюць ствараць шэсць арганізацыяў з розных краінаў – Чэхіі, Аўстрыі, Сербіі, Славеніі, Балгарыі, Кіпру.

«Нашае даследаванне архітэктуры, помнікаў, публічных прастораў і інфраструктурных аб’ектаў ХХ стагоддзя базуецца на мульцідысцыплінарнай метадалогіі, аб’ядноўваючы даследчыя тэксты, фотаздымкі, вусную гісторыю, 3D- сканаванне і мадэляванне, стварэнне VR i AR атачэнняў», – распавядаюць пра праект ягоныя стваральнікі.

Аб’екты, якія фіксуе праект – гэта архітэктурныя аб’екты, помнікі, публічныя прасторы, якія страцілі альбо ў якіх змянілася сімвалічнае значэнне ў выніку палітычных і сацыяльных змяненняў. Нанументы могуць больш не адпавядаць уяўленню таго, што такое грамадская прастора сёння, але яны звязаны з калектыўнымі ўспамінамі і ўбудаваны ў індывідуальныя гісторыі. Архіў Nonuments шчыльна звязаны з вуснай гісторыяй – з асабістымі ўспамінамі людзей, якія мелі дачыненні з аб’ектамі, уключанымі ў праект.

Склады заводу па апрацоўцы ражковага дрэва Zygi. Кіпр. Фота: Elia Neophytou/MAPS

 

Мэта архіву – лепшае разуменне ўплыву ўрадавых змяненняў на выкарыстанне грамадскай прасторы, спосабу разумення прасторы і архітэктуры і ролі, якую палітыка прасторы адыгрывае ў стварэнні дамінуючых у грамадстве наратываў.

 

25.07.2023 0 comments
1 FacebookTwitterTelegram
Афіша

Анлайн-курс, прысвечаны музычным тэхналогіям і гуку

by Bagouka 25.07.2023

Для каго: музыкі, кампазітары, саўнд_дызайнеры.

Калі: з 29 ліпеня.

Запрашаюць на 4 майстар-класы, звязаныя з гукавымі практыкамі:

1.Апрацоўка музычных дадзеных і генерацыя сімвалічнай музыкі

Майстар-клас прысвечаны генераванню сімвалічнай музыкі з выкарыстаннем нейронавых сетак.

2.Нейронныя сеткі для сінтэзу гуку і генерацыі музыкі

Запрашаюць даследаваць дасягненні сінтэза музыкі і штучнага інтэлекту.

3.Свет стварэння джазу з 1960-х па цяперашні час

Гэты майстар-клас даследуе гукі і ідэі авангардных музыкаў-імправізатараў з 1960-х гадоў да нашых дзён.

4.Навукова-тэхнічны падыход да даследаванняў у галіне электроннай музыкі

Варкшоп пазнаёміць з метадалогіямі, якія дапамагаюць размяшчаць электронныя музычныя інструменты ў іх гістарычным і сацыяльна-палітычным кантэксце.

Дэдлайн падачы заяўкі: 28 ліпеня.
Фармат: анлайн

Мова курса: англійская

👉Падаць заяўку.

25.07.2023 0 comments
0 FacebookTwitterTelegram
Афіша

Як стварыць мурал? — анлайн-курс

by Bagouka 18.07.2023

Курс складаецца з 10 лекцый па 75 хвілін. Праграма прадугледжвае дыскусіі з Дзімам Каштальянам, Сяргеем Русаком, Vadik Fin і Hutka Smachna. Будзе магчымасць паказаць свае праекты, эскізы, ідэі спікерам і ўдзельнікам і атрымаць адваротную сувязь.

Для каго: маладыя мастакі і арт-менеджары.

Калі: 1-14 жніўня па панядзелках і серадах, 19.00 па Мінску.

Праграма курса:

– Што такое плэйсмэйкінг і як стварыць устойлівы праект у гарадской прасторы

– Сацыяльная роля стрыт-арту на прыкладзе Бразіліі і Беларусі

– Як рэалізаваць мурал у горадзе

– Фандрайзінг: як знайсці грошы на мурал ці іншы праект.

Глядзі поўную праграму ў форме рэгістрацыі.

Спікер_кі: Міла Котка, Гоша Заборскі, Надзея Ількевіч, Вольга Кавальская, Ірына Лукашэнка.

Дэдлайн: 1 жніўня.

Падаць заяўку.

18.07.2023 0 comments
0 FacebookTwitterTelegram
Новыя публікацыі
Старыя публікацыі

Афіша

  • Что, где и когда: новогодние праздники в Бобруйске

    27.12.2023
  • 27 апреля — открытие весенне-летнего сезона в городском парке культуры и отдыха

    23.04.2024
  • «Включи себя»: онлайн-коворкинг для профессионального развития и роста людей старше 30 лет

    27.03.2023
  • 30 жніўня – канцэрт арганнай музыкі ў касцёле

    27.08.2024
  • 30 лістапада — містычная драма ў двух дзеях «Пан Твардоўскі»

    20.11.2024
  • Facebook
  • Instagram
  • Youtube
  • Telegram
  • Tiktok
Footer Logo

© 2023 - Пра Бабруйск і бабруйцаў. Калі вы хочаце ўзяць матэрыял з нашага сайту, захавайце, калі ласка, загаловак і тэкст бяз зменаў і дайце наўпроставую працоўную гіперспасылку.


НАВЕРХ
Пра Бабруйск і бабруйцаў
  • Contact us