На фота: місіянеры ў Тыве. Усе фотаздымкі ў публікацыі з асабістага архіва Юрася Шчалакова.
Пра пакліканне
Ужо некалькі год я працую ў галіне перавозак. Зараз – на таксі ў Бабруйску, дагэтуль займаўся грузавымі перавозкамі, меў ІП. Адзначу, тады было нашмат прасцей, бо калі працуеш на сябе, ні ад каго не залежыш.
Для душы – місіянерская дзейнасць. Гэта паездкі, дапамога ў арганізацыі, каардынаванне ды іншыя пытанні. У гэты час, вядома, я не працую – бяру адпачынак, дамаўляюся з кіраўніцтвам.
Тое, што місіянерства – маё пакліканне, я ведаў даволі даўно.
Бо маю пэўныя здольнасці да гэтага: камунікабельны, лёгка знаёмлюся, для мяне не праблема пачаць размаўляць з кімсьці на вуліцы. Апроч таго, не маю праблемаў з замежнымі мовамі, магу за два-тры тыдні авалодаць мовай мясцовасці, у якой знаходжуся, і спакойна ёй карыстацца. Як хрысціянін, я арыентуюся ў духоўных пытаннях, маю ўнутраны боль за пэўных людзей… І ўсё гэта складаецца ў адну мазаіку, якая дала мне разуменне свайго шляху і місіі.
Справа гэта даволі не танная, я не атрымліваю заробак, усё на добраахвотных пачатках, усё сам.
На фота: падарункі ад місіянераў — вугаль. Юрась — на фота ў цэнтры.
Місія ў Тыве
Мая першая сур’ёзная паездка была ў студзені бягучага года. Мы ляталі ў Тыву. Там людзі топяцца вуглём, бо не маюць газ. Вельмі бедны народ. І маскоўская царква на ахвяраванні закупіла для іх 60 тон вугля і дзіцячыя калядныя падарункі.
Мы паляцелі туды разам з камандай з сямі чалавек ад Зеленаградскай баптысцкай царквы, развозілі вугаль і падарункі па дамах. Расказвалі дзецям, што такое Раство.
Асноўная рэлігія ў Тыве – будызм, сумешчаны з шаманізмам. Для многіх мясцовых інфармацыя пра хрысціянства, гэта штосьці зусім новае, пра што раней не чулі. Адзначу, што тывінцы ад нас моцна адрозніваюцца менталітэтам, у іх іншае стаўленне да часу, да духоўнага свету. Шаманізм шчыльна ўплецены ў жыццё, для іх ён – рэальны.
На нашы гутаркі рэагавалі па-рознаму. Хтосьці слухаў на паўвуха, кшталту: “Давайце, хутчэй выгружайце вугаль, ды сыходзьце”. А іншыя шчыра цікавіліся. Немагчыма выдзеліць нейкую адну рэакцыю.
Адзначу, што гэта не была паездка з мэтай прапаганды хрысцінянства, хоць мы, як вернікі, важную ролю аддаем дабравесцю і распаўсюду слова пра Бога. Але, у першую чаргу, мы хацелі толькі паслужыць людзям, выказаць ім сваю любоў. Бо на той час шахта зачынілася на зімовыя канікулы, а мясцовыя і так атрымліваюць няшмат. Напрыклад, заробак у 20 000 расійскіх, а на ацяпленне на месяц трэба страціць 10 000. І, калі ўключыць сюды камуналку, ежу ды іншае, больш нічога не застаецца. Многія суразмоўцы казалі нам, што ім даводзіцца абіраць – ці вугаль, ці ежа. Таму мы не рабілі нейкую безсэнсоўную справу.
Калі я толькі туды прыехаў, падумаў: “Дапаможам бедным”. А, насамрэч, былі дамы, у якія мы прыязджалі і даведваліся, што людзі па тры дні жывуць без ацяплення… Там было на той час -25 і -30 градусаў марозу.
Тывінцы адзначалі, што гэта анамальна цёплая зіма, бо звычайна там -50. І вось у такія маразы яны сядзяць па некалькі дзён без цяпла! Некаторыя развозяць дзяцей па больш заможных сваяках, каб іх малыя не мерзлі, бо сем’і там вялікія. То бок, падарункі, якія мы прывезлі, гэта не той выпадак, калі даводзіцца думаць, куды ж іх ужыць, бо непатрэбныя. Не. Наадварот. Для іх гэта было жыццёва неабходна.
Таму мэтай было дапамагчы і патлумачыць, чаму мы гэта робім. Бо нам не плацяць за місіянерства, мы свае грошы трацілі, каб туды паляцець. І гэта немалая сума, бо адлегласць вялікая. Дзеля чаго мы гэта робім? Таму што Бог выказаў любоў да нас, а мы хочам быць падобнымі да Яго і рабіць дабро.
Пра планы
Зараз мы плануем новую паездку – на Паўночны Каўказ.
Ёсць сусветная арганізацыя “Моладзь з місіяй”, я сябрую з хлопцамі з растоўскага аддзялення. А пазнаёміўся з імі выпадкова, калі займаўся грузаперавозкамі. Мы тады ездзілі з Сяргеем Арловым, якога многія ведаюць у Бабруйску (Сяргей – місіянер, відэограф, аўтар стужкі “Выпадковы місіянер” – 1387.io), і ён напісаў у сацсетках: “Можа ў каго ёсць знаёмыя ў Растове?” І так мы пазнаёміліся з гэтымі людзьмі ды іх місіянерскім цэнтрам.
Разам з імі мы і прыдумалі вялікі межканфесійны праект, у якім возьмуць удзел каля 150 чалавек. Маршрут будзе такі: Паўночная Асеція, Кабардзіна-Балкарыя, Абахзія, Дагестан, і аднадзённыя паездкі ў Інгушэцію, Чачню.
Запланаваны вялікі спектр дзейнасці. Натуральна, вулічнае дабравесце, бо гэта ў асноўным мусульманскія краіны. Але там жывуць так званыя “людзі міра”, якія будуць прымаць нас, там ёсць невялікія памесныя цэрквы. Будзем арганізоўваць дзіцячыя летнікі, займацца прыборкай тэрыторый, бо ў многіх рэгіёнах ёсць праблемы з вывазам смецця. Напрыклад, мае сябры-місіянеры нядаўна былі ў Арменіі, дзе прыбіралі стадыён, і ў працэсе да іх далучаліся мясцовыя, наладжваліся знаёмствы.
Вяртаючыся да нашай паездкі – будзем наведваць хворых і маламаёмасных людзей, арганізуем харчаванне для бяздомных на вуліцы, дапаможам будаваць царкву ў адным з рэгіёнаў. Гэта дастаткова розная дзейнасць, таму пад яе збіраецца шмат людзей, каб у кожнага былі магчымасці скарыстаць свой досвед.
Паездка будзе з 3 па 16 чэрвеня, спачатку пяць дзён тэорыі – кароткі курс увядзення ў місіялогію, удзельнікам патлумачаць як і што працуе, раскажуць пра культуру рэгіёнаў. Паралельна мы перазнаёмімся і падзелімся на каманды. А пасля выправімся, каб несці сваю службу. У апошні дзень вернемся ў Растоў-на-Доне, падвядзем вынікі і раз’едземся па хатах.
Пра навучанне
У маіх планах няма задачы стаць пастарам, бо маю іншае пакліканне. У Зеленаградзе я навучаюся на праграме агульнамоладзевага служэння. Гучыць і сапраўды вельмі агульна, бо гэта шырокае паняцце. Для сябе я знайшоў нішу – місіянерства.
У мяне такое бачанне жыцця: што я некуды паеду на доўгі тэрмін, на пару год. Ці дапамагчы нейкай царкве, якая ёсць у пэўным рэгіёне, ці заснаваць новую.
Але пакуль гэта толькі на ўзроўні разумення свайго шляху, канкрэтных варыянтаў пакуль няма.
Навучаюся ў Маскоўскай семінарыі евангельскіх хрысціянаў. Проста цяпер я знаходжуся на трэцяй сесіі, летам будзе заключная. А праз год мы, выпускнікі, плануем місіянерскую паездку. Меркаваныя варыянты – Камбоджа ці Руанда.
На фота: Юрась з аднагрупнікамі.
Пра сям’ю
Да маіх планаў і місіянерскіх паездак жонка ставіцца з разуменнем. Бо ў нас хрысціянская сям’я, Аля наведвае царкву, яна разумее, што такое пакліканне і наканаванне. Яна ведае, што гэтая справа – не дзеля самасцвярджэння, а важная для вечнасці і Бога. Таму ёсць разуменне.
Мы ажаніліся, калі нам было па 18 год. Аляксандра з Магілёва, пазнаёміліся на хрысціянскай канферэнцыі, калі нам было па 15. Я тады ўжо амаль тры гады жыў адзін, працаваў, меў дарослае жыццё, і мазгамі быў не проста школьнік. Таму ўжо на той момант у мяне не было на мэце “проста пасустракаліся і разышліся”. Літаральна тры сустрэчы і я сказаў: “Мы ці ажэнімся, ці давай спыняцца”. Вырашылі жаніцца.
Хацелі яшчэ ў 17 год гэта зрабіць і планавалі ісці ў ЗАГС. Але гэта магчыма ці з дазволу бацькоў, ці згодна з судовым рашэннем аб эмансіпацыі, ці з даведкай з кансультацыі – па цяжарнасці. І мы падумалі, што суд – надта доўга, цяжарнасць да шлюбу для нас, як для хрысціянаў, непрымальная. І так вырашылі чакаць яе 18-годдзя. Праз тры дні, як Аля стала поўнагадовай, мы ажаніліся.
У нас двое дзяцей. Сын Герман, яму 7 год, першакласнік, і дачка Кіра – 5 год.
Мы разам 11 год, і ў пэўны момант нашай сям’і давялося прайсці праз выпрабаванне. Так, мы ўсе людзі, таму неідэальныя. І, недзе мой эгаізм пачаў браць верх, быў момант, калі я сышоў з сям’і. Вырашыў, што недзе штосьці недаатрымаў з-за ранняй жаніцьбы. Мяркую, сваю ролю адыгралі траўмы дзяцінства – не хапіла любові, бо бацькі разышліся, уласна таму я і пачаў падлеткам жыць адзін. Я сышоў з царквы і пайшоў у адрыў. Вырашыў, што ўсё неістотна. Мне хапіла каля трох месяцаў, каб я зразумеў, што ўсё больш і больш занураюся ў лайно. Мой унутраны “я” пратэставаў, мне рабілася толькі горш, але адначасова было адчуванне нібыта не магу супраціўляцца. У той момант у мяне адбыўся момант шчырага пакаяння перад Богам.
Дагэтуль, я заўсёды лічыў сябе добрым хлопцам – не піў, не курыў, такі малайчына! І таму, думаў я, Бог не так ужо і шмат для мяне зрабіў. І калі Ён праз такія абставіны паказаў, наколькі я “нядрэнны”, я – унутрана зламаны і знішчаны – зразумеў, як Бог мне патрэбны.
І цалкам асазнана пакаяўся. Папрасіў прабачэння ў жонкі. Вядома, вяртанне не прайшло лёгка, пару год у нас былі стасункі з нацяжкай, ёй было складана прабачыць мне, і я гэта абсалютна разумею. Той перыяд, калі я пакаштаваў іншае жыццё, даў мне ўсвядоміць, што я памыляўся. Шкадую, што так адбылося, але як напісана ў Бібліі: “Веруючым усё ідзе на карысць”. І я разумею, што гэтая сітуацыя шмат у чым мяне змяніла, я вынес з яе карысць.
Пра шлях да Бога
Мой шлях да Бога даволі пакручасты. Калі быў маленькі, бацькі наведвалі пяцідзясятніцкую царкву. Але пасля яны разышліся, і калі я застаўся адзін, хоць і не хадзіў нейкі час у царкву, хрысціянскі светапогляд быў мне прышчэплены. Я ведаў, што Бог ёсць, і пачаў Яго шукаць. Адзін год наведваў бабруйскі касцёл, пасля прыйшоў у іншую царкву, якую наведвалі сябры майго старэйшага брата. Гэта быў музычны гурт “K+fa”, з яе выраслі “NUTEKI”. Яны запрасілі да сябе, і я знайшоў там аднадумцаў. Царква, у якой я сёння, вырасла з баптысцкай на вуліцы МАПРа, гэта яе моладзевае адгалінаванне – “Замірэнне”, там я служу.
Пра пытанне: “Чаму Бог дазваляе войны?”
Я не разумею, як можна жыць без Бога сёння, у такія складаныя часы. У мяне, як у верніка, ёсць надзея, што нават калі мяне не стане, вечнае жыццё будзе і надалей. А калі няма гэтай надзеі, цябе можа з’есці страх, паніка…
Я абсалютна не падтрымліваю агрэсію з боку Расіі. У свае часы я пяць год быў вайскоўцам, і цяпер, як вернік з місіянерскім бачаннем, часта думаю, што вайскоўцам не хапае ведаў пра тое, што Бог ёсць. Таму што зараз людзі як ніколі маюць патрэбу ў веры. Менавіта таму я нікуды не хачу з’язджаць, таму што бачу – людзям тут патрэбная падтрымка.
А што тычыцца пытання: “Чаму Бог дазваляе войны?” Па-першае, не зусім правільна саджаць Бога на лаву падсудных, а па-другое, ёсць Божыя прынцыпы, што запісаныя ў Бібліі, і людзі імі абсалютна не кіруюцца.
Людзі жывуць, як ім хочацца. Але як толькі нешта адбываецца не па іх плане – пачынаюць пытаць з Бога. А як вы можаце з Яго пытаць, калі вашае жыццё не мае ніякага да Яго дачынення?
Веруючыя не задаюць такія пытанні. Гэта, хутчэй, пачуеш ад тых, хто не знаёмы з Хрыстом. Трагічныя падзеі адбываюцца не таму, што Ён хоча паздеквацца з людзей, а таму што людзі грэшныя і робяць няправільны выбар.
Бог не стварыў “робацікаў”, якія выконваюць загады. Ён настолькі моцна любіць нас, што даў нам волю абіраць свой шлях. І Ён дае нам магчымасць убачыць, да чаго мы можам дайсці, калі жывем без Яго.