«Трыгерам для развіцця хваробы стаў ковід». Як жыць з біпалярным афектыўным разладам у Бабруйску?

Два гады таму жыццё Мікалая Лазурэвіча цалкам змянілася: жонка захварэла на рак, ён сам – на COVID-19. На фоне хваробы пачаліся моцныя панічныя атакі – псіхіятр дыягнаставаў біпалярны афектыўны разлад. Мужчына страціў сяброў і працу. У сям’і – двое дзяцей. Гутарым з бабруйцам пра жыццё з БАР і дзе шукаць дапамогу ў нашым горадзе.

Мікалай Лазурэвіч з жонкай Настай. Фота: Мікалай Лазурэвіч / Instagram

Гісторыя працягласцю ў жыццё

Мікалай перакананы, што перадумовы для развіцця біпалярнага афектыўнага разладу склаліся ў яго яшчэ ў дзяцінстве.

«Гісторыя маёй хваробы – гэта гісторыя працягласцю ў жыццё, – кажа мужчына. – Калі глядзець на навуковыя дадзеныя, то ролю граюць генетычная абумоўленасць і наваколле – сям’я, харчаванне. У мяне сышліся ўсе фактары».

На БАР хварэў дзядуля Мікалая, толькі тады гэты дыягназ гучаў інакш – маніякальна-дэпрэсіўны псіхоз.

«Калі я цяпер бачу свой стан і прыгадваю дзядулю, я разумею, што ў мяне тыя ж сімптомы. Таму атрымліваецца, што гэта магло мне перадацца з генамі», – зазначае наш суразмоўца.

З 6-7-гадовага ўзросту Мікалай пачаў адчуваць моцны страх смерці, здараліся панічныя атакі, таксама стала заўважнай дыстымія – лёгкая дэпрэсія. Акрамя таго, у дзяцінстве мужчына перажыў сексуальныя дамаганні з боку сваяка.

«На гэтым фоне я тады страціў сацыяльныя сувязі, перажыў булінг з боку аднакласнікаў, у мяне амаль не было сяброў, я кепска вучыўся, скончыў школу з сярэднім балам 3», – распавядае мужчына.

Тым не менш, Мікалай атрымаў спецыяльнасць відэамантажора, ажаніўся, у сям’і нарадзіліся двое дзяцей. На працягу даволі доўгага тэрміну дыстымія ніяк не перашкаджала бабруйцу ў жыцці.

Каронавірус б’е па слабых месцах

Мікалай Лазурэвіч. Фота: асабісты архіў Мікалая Лазурэвіча

У 2021 годзе жонка Мікалая Наста захварэла на рак, праходзіла цяжкае лячэнне. У гэты перыяд мужчына клапаціўся пра яе, пра дзяцей. Але потым, у 2022 годзе сам захварэў. Усё пачалося з моцных прыступаў панічных атак, з якімі Мікалая забірала хуткая дапамога. Падчас аднаго з такіх эпізодаў бабруйцу зрабілі тэст на ковід, які выйшаў станоўчым, хоць ніякіх прастудных праяваў не было, зазначае Мікалай.

«Я спачатку не разумеў, што са мной адбываецца, чаму ціск падымаецца, я думаў, што зараз памру. Падчас аднаго з выклікаў хуткай дапамогі мне параілі схадзіць да псіхіятра. І я адразу пайшоў, як толькі з’явілася магчымасць, калі адбыў каранцін па каронавірусе. Мне было вельмі кепска тады і не хвалявала, хто што падумае», – прыгадвае мужчына.

«Гісталогія паказала, што ў мяне другая стадыя раку, то бок – адразу аперацыя. Падчас яе знайшлі метастазы, а гэта ўжо трэцяя стадыя». Бабруйчанка расказала, як змагаецца з ракам

Аднак правільны дыягназ паставілі не адразу. Спачатку лекар вырашыў, што ў Мікалая цяжкая дэпрэсія. І толькі праз 3-4 месяцы, калі здарыўся маніякальны пад’ём, дыягназ змянілі на БАР.

«Псіхіятр неяк сказаў, што каронавірус б’е па слабых месцах, і цалкам магчыма, што ў мяне ён справакаваў рэзкае развіццё БАР, – прыгадвае мужчына. – Праяўлялася гэта ўсё панічнымі атакамі – я адчуваў моцны страх смерці, у мяне падымаўся ціск, была моцная трывога, я страціў сон, потым пачаліся дэпрэсіўныя эпізоды, калі ты пастаяннап ляжыш, табе нічога не хочацца, акрамя як заплюшчыць вочы і не прачнуцца».

Хвароба перавярнула ўсё да гары нагамі ў жыцці Мікалая. Ён страціў магчымасць працаваць.

«За апошнія два гады я працаваў у суме месяцы 3-4, бо гэтая хвароба моцна ўплывае на інтэлект. Ты перастаеш хутка разумець, думкі становяцца як жавальныя гумкі. Таксама бывае дэрэалізацыя, калі ўсё здаецца нерэальным, і цяжка рабіць нават простую фізічную працу», – распавядае наш суразмоўца.

Група ўзаемападтрымкі

Мікалай Лазурэвіч. Фота: асабісты архіў Мікалая Лазурэвіча

Абвастрэнне моцна паўплывала на сацыяльныя сувязі – Мікалай застаўся без сяброў.

«Я нікому не пісаў, не тэлефанаваў, быў толькі дома з жонкай і дзецьмі, часам мама ў госці прыязджала. З іншымі людзьмі я перастаў камунікаваць», – дзеліцца мужчына.

Змянілася разумення жыцця і сябе, давялося прыняць уласную слабасць і абмежаванасць.

«Біпалярны разлад можа быць двух тыпаў. Пры другім тыпе назіраюцца працяглыя эпізоды дэпрэсіі. У мяне як раз ён, – тлумачыць Мікалай. – Маніякальных фазаў – пад’ёмаў – у мяне было няшмат – за два гады мо 4-5 разоў. Цягнуліся яны нядоўга – каля двух тыдняў. Гэта былі перыяды, калі я мог устаць і рабіць справы, працаваць. У астатні час была пераважна дэпрэсія».

«Біпалярачка» – гэта не модна і не рамантычна». Бабруйчанка – пра жыццё з БАР і групы самадапамогі

Калі Мікалай зразумеў, што з ім адбываецца,  пачаў чытаць літаратуру па сваёй хваробе, шукаў кнігі па самадапамозе. Медыкаменты, якія прызначыў псіхіятр, падышлі не адразу – давялося паспрабаваць розныя схемы лячэння, і толькі нядаўна Мікалаю стала сапраўды лепш.

У спробах дапамагчы сабе наш суразмоўца знайшоў групу ўзаемападтрымкі Вольгі Карнеевай – мы раней распавядалі гісторыю жанчыны і як яна цяпер дапамагае людзям з БАР. Аднак онлайн-фармат сустрэчаў не падышоў Мікалаю – яму хацелася б жывой, офлайнавай камунікацыі. Таму яны з Вольгай вырашылі паспрабаваць зрабіць такую групу ў Бабруйску. Аднак пакуль што ніхто не адгукнуўся, не выказаў жаданне далучыцца, кажа Мікалай:

«Я разумею, як можа быць цяжка адкрыта казаць перад іншымі пра сваю хваробу, як гэта б’е па самаацэнцы, як увогуле цяжка камунікаваць пры БАР. Аднак калі ў Бабруйску ўсё ж ёсць такія людзі, якім патрэбная дапамога, запрашаю далучацца».

«40% «біпалярнікаў» робяць спробу суіцыду»

Група ўзаемападтрымкі – вельмі добры інструмент на шляху лячэння ад БАР, зазначае мужчына:

«Я некалькі разоў у дэпрэсіўным эпізодзе ляжаў у лякарні і мне падабалася размаўляць з людзьмі, якія ляжаць з тым жа дыягназам, бо ў такіх людзей ты знаходзіш разуменне. Таму што ні здаровы чалавек, ні нават лекар не змогуць да канца зразумець цябе, твае пачуцці. Таму група падтрымкі, калі збірацца людзі з аднолькавай праблемай, і дзеляцца, камунікуюць, вельмі моцна дапамагае. Ты знаходзіш разуменне, і гэта важна, бо часта яго няма нават сярод блізкіх людзей».

Мікалай Лазурэвіч з жонкай Настай. Фота: Мікалай Лазурэвіч / Instagram

Мікалай пачаў весці блог у Інстаграме, у якім распавядае пра сваю хваробу, жыццё з ёй, схемы лячэння, што працуе, а што – не. Мужчыне пачалі пісаць іншыя людзі, распавядаць пра падобныя сімптомы ў сябе ці блізкага чалавека. Мікалай размаўляе з імі, калі бачыць сур’ёзную сітуацыю, раіць ісці да лекара.

Паводле бабруйца, у Беларусі моцны дэфіцыт інфармацыі пра БАР.

«Усё яшчэ застаецца нейкае савецкае мысленне, савецкія шаблоны пра псіхічныя захворванні. Калі людзі чуюць пра такія дыягназы, адразу ўяўляюць лякарню і чалавека ў ізаляцыі. А вось што з разладамі можна паспяхова жыць у грамадстве, большасць ўявіць не можа. Не хапае інфармацыі, асветы па гэтай тэме. Часта даводзіцца чуць пра гісторыі, калі сябар, сяброўка нечакана сканчае жыццё самагубствам. У чалавека была дэпрэсія, сімптомы, але чалавек не ведаў, не разумеў, што з гэтым рабіць. Паводле статыстыкі, каля 40% «біпалярнікаў» робяць спробу суіцыду. І прыкладна ў 20% выпадкаў уратаваць не паспяваюць. Гэта сусветная статыстыка. У Беларусі ж няма адкрытых лічбаў па колькасці людзей з БАР, рэцыдываў, выздараўленняў, і суіцыдаў таксама».

Далучыцца можна з любога кутка свету. Онлайн групы ўзаемападтрымкі: каму дапамагаюць і як

«У мяне была панічная атака, а сябар пытаўся – чаго ты баішся, усё ж добра?»

Праз недахоп інфармацыі ў людзей могуць быць дзве скрайнасці, зазначае Мікалай. Хтосьці сам сабе ставіць дыягназ «біпалярны афектыўны разлад», бо дзесьці штосьці прачытаў у сацсетках, калі сутыкаецца са змяненнямі настрою, у той час як у іх выпадку гэта абсалютна нармальна – часам адчуваць сум, а ў іншых абставінах – радасць. Адначасова ў сапраўды сур’ёзных сітуацыях чалавек можа не разумець, што з ім адбываецца, спісваць усё на настрой ды характар, не лячыцца, што можа прывесці да кепскіх наступстваў.

«Людзі не разумеюць, што такое БАР. Яго праявы яны лічаць лянотай, удаваннем, безадказнасцю, – кажа Мікалай. – Неяк, калі ў мяне была панічная атака, сябар, які быў побач, пытаўся – чаго ты баішся? Усё ж добра. Як яму растлумачыць, што панічная атака здараецца ў незалежнасці ад таго, усё добра ці не? Яна можа адбыцца цалкам на роўным месцы. Таму я стаў менш камунікаваць у тым ліку з блізкімі».

Мікалай Лазурэвіч. Фота: асабісты архіў Мікалая Лазурэвіча

Тым не менш, растлумачыць чалавеку, які ніколі не перажываў эпізоды БАР, хоць цяжка, але магчыма, кажа бабруец. З  гэтай мэтай ён даваў сябрам і блізкім адмысловую літаратуру. Таксама Мікалай раіць групы падтрымкі для сваякоў людзей, хворых на псіхічныя разлады.

«Гэта насамрэч складана – жыць, мець адносіны з хворым нестабільным чалавекам, – зазначае мужчына. – Таму сваякам патрэбная падтрымка, разуменне асаблівасцяў хваробы. Хацелася б больш масавай асветы, бо насамрэч людзей, хворых на псіхічныя разлады, больш, чым здаецца».

У Бабруйску няма псіхатэрапеўта, які працуе з БАР

Мікалай раіць быць уважлівымі да сябе, заўважаць станы пераддэпрэсіі – страту апетыту, праблемы са сном і калі гэта пачынае ўплываць на паўсядзённае жыццё – працу, мысленне, стасункі, ісці да лекара і не думаць, што само пройдзе.

«На жаль, яно можа не прайсці, а развівацца далей, – падкрэслівае мужчына. – Так, калі ў чалавека пад’ём, гіпаманія, я па сабе ведаю, тады шмат сілаў, табе мора па калена, ты гатовы ўсё вырашаць, рабіць, у такім стане табе добра, і хутчэй за ўсё, да лекара ты ў ім не пойдзеш, калі цябе пад руку не завядуць блізкія. З часам, аднак, такі стан можа стаць вастрэйшым, і гэта небяспечна».

Мікалай Лазурэвіч з жонкай Настай. Фота: Мікалай Лазурэвіч / Instagram

Біпалярны эфектыўны разлад лечаць медыкаментамі і псіхатэрапіяй. Схемы лячэння трэба падбіраць, не кожная падыходзіць з першай спробы. Таблеткі зусім не танныя, распавядае Мікалай:

«Лекі, якія я мушу прымаць штомесяц, каштуюць 350 рублёў. Цяпер я ў чаканні МРЭК у Магілёве, бо буду рады любой сацыяльнай дапамозе ці пенсіі».

«Каб у нашых ахвярадаўцаў засталася часцінка нас». Бабруйчанка, якая змагаецца з анкалагічнай хваробай, стварыла мерч з малюнкамі дачкі

Да псіхатэрапеўта Мікалай пакуль не ходзіць – не можа знайсці ў Бабруйску адмыслоўца, які б працаваў з БАР.

«Хоць я разумею, што псіхатэрапеўт патрэбны. Спадзяюся знайсці спецыяліста ў кагнітыўна-паводзінавай тэрапіі, бо яна добра дапамагае пры біпалярным эфектыўным разладзе, – кажа мужчына. – Але гэта нятанна – мінімум 50-70 рублёў за сеанс. Яшчэ можна звяртацца да клінічнага псіхолага, але такога ў Бабруйску я таксама не ведаю».

«Прыйшлося навучыцца адкрыта казаць пра сваю хваробу і не перажываць, што падумаюць»

У Беларусі не хапае фінансавага фонду, які мог бы дапамагаць людзям з псіхічнымі разладамі, падтрымліваць, пакуль яны не выйдуць у рэмісію, перакананы Мікалай.

«У нас у жонкі рак, інваліднасць, яна дагэтуль працягвае лячэнне. Двое дзяцей, я не магу працаваць. Нам вельмі цяжка ў гэтай сітуацыі, дапамагаюць неабыякавыя людзі», – кажа бабруец.

Мікалай Лазурэвіч з сям’ёй. Фота: Наста Лазурэвіч / Instagram

Прызнаць патрэбу ў дапамозе аднак было цяжка, зазначае Мікалай:

«Асабліва мужчыне гэта цяжка – зразумець, што ты не можаш утрымліваць сям’ю, як раней, што ты ў патрэбе. Мне прыйшлося гэта зрабіць, а таксама навучыцца адкрыта казаць пра сваю хваробу і не перажываць, што пра гэта падумаюць іншыя людзі».

Мікалай спрабуе працягваць працу пры любой магчымасці, калі стан дазваляе – яны разам з жонкай займаюцца відэамантажом, мантуюць вяселлі. Тым не менш, сям’я будзе ўдзячная за любую дапамогу, у тым ліку, калі будуць прапановы па працы. Мікалай зазначае, што лепш, калі гэта будзе здзельная праца – разавыя замовы.

Звязацца з Мікалаем Лазурэвічам можна праз ягоную старонку ў Інстаграме.