Як настрой? Ужо ўпрыгожваеш ялінку, або зусім не святкуеш Каляды і Новы год? Думаеш над спісам падарункаў, або лічыш гэта марнаваннем часу і грошай?.. Разумеем, другая палова снежня тое яшчэ выпрабаванне, бо ўсе мы розныя і па-рознаму ўспрымаем святочную мітусню… Але ёсць адна рэч, што дакладна аб’ядноўвае бальшыню з нас. Так-так, тое самае традыцыйнае “падсумаванне вынікаў года”! Шчыра зычым, каб для цябе яно было ў значнай ступені пазітыўным, а нават калі не так — каб жыццёвыя выпрабаванні сталі матывацыяй, а не нагодай для смутку. Мы ж развітваемся з 2024-м падборкай уласных матэрыялаў, якія нашай маленькай камандзе падаліся найбольш адметнымі цягам гэтага года.
Спецпраекты
Даўно марыш стварыць уласны тыкток, або запісаць падкаст? То пачытай інтэрв’ю з аўтаркамі нашага кантэнту — “Гістарычны Бабёр” ды “Міфічны Бабруйск”. Магчыма, гэта натхніць цябе і пазбавіць страху пачаць.
Тыкток Гістарычны Бабёр з’явіўся на свет увесну 2023 года і ад таго часу паспеў расказаць пра безліч малавядомых старонак з гарадской гісторыі. Вось тут можаш пачытаць, што думае пра ўласную творчасць сам Бабёр! Таксама ён расказвае, якая з бабрыных скульптур у горадзе самая ўлюбёная, ці патрэбная нам кавярня з бабрамі, ці карыстаўся б попытам зефір з апілкамі, ці крыўдзіцца ён на каментары “курва бобер”, ды разважае на іншыя тэмы, пра якія цікава будзе даведацца без нашых спойлераў.
А вось падкаст “Міфічны Бабруйск” — прадукт 2024-га года. На гэты момант выйшла шэсць выпускаў: пра каралеву Цэцылію Рэнату, падземнае жыццё Бабруйска, мясцовых прывідаў, мафію, турмы, а таксама пра бабруйскіх святых. Паслухаць усе выпускі можна тут. Дарэчы, самы папулярны на сёння выпуск — акурат пра падзямеллі.
А мы прапануем пазнаёміцца з аўтаркай падкаста — Алесяй. У інтэрв’ю па гэтай спасылцы яна расказвае, як узнікла ідэя расказваць гарадскія міфы, дзе яна іх знаходзіць, і чаму для любога горада так важна — мець свае легенды, як старыя так і новыя.
Таксама раім звярнуць увагу на даследаванні гарадской прасторы, якія можна паглядзець на ютуб-канале “Падмуркі Бабруйска”. Цягам году мы расказвалі пра закінутыя рэлігійныя будынкі, гарадскі парк, грамадскія прыбіральні і дзіцячыя пляцоўкі. Разынка гэтых відэа ў тым, што там ёсць меркаванні, заўвагі і прапановы звычайных жыхароў Бабруйска, а таксама прыклады, на якія можна арыентавацца ў час праекціроўкі новых лакацыяў ці рэнавацыі старых.
Людзі
Кожны год мы стараемся даваць голас цудоўным людзям з Бабруйска, і будзем радыя, калі і ты з імі пазнаёмішся. Бо гэтыя інтэрв’ю — жывое сведчанне таго, што нашы людзі выбітныя і цікавыя, а таксама — адметныя. Больш гісторыяў бабруйцаў чытай у раздзеле “Людзі”.
Баішся, што зямлю захопяць робаты і думаеш, што аўтары “Тэрмінатара” штосьці ведалі? То чытай інтэрв’ю са Змітром Смірновым, аўтарам ТГ-канала Easy AI і сайта aieasy.pro. Ён тлумачыць, ці варта асцерагацца вайны з штучным інтэлектам, і ў чым яго карысць?
Бабруйчанка Святлана Якаўлева з дзяцінства мае інваліднасць праз рэдкую хваробу. Нягледзячы на гэта, яна вядзе актыўнае жыццё, працуе. Усё гэта немагчыма без вазка, а стары, які праслужыў шмат гадоў, псуецца. Новы вельмі дарагі. Таму бабруйчанка акрыла грашовы збор і просіць аб дапамозе ўсіх неабыякавых. Колькі сродкаў трэба сабраць, у чым асаблівасці вазка, як дапамагчы, а таксама – пра любімы Бабруйск і даступнае асяроддзе ў ім – чытай у інтэрв’ю са Святланай.
Бабруец Зміцер Завадскі працуе над ажыццяўленнем свайго вялікага праекта – маркетплейса “Kamaroŭka”. Гэта гандлёвая анлайн-пляцоўка накшталт “E-bay” ці “Amazon”, але разлічаная перадусім на беларускіх вытворцаў, рамеснікаў, выдаўцоў – ды іх пакупнікоў. Пры гэтым няважна, дзе фізічна знаходзяцца ці юрыдычна зарэгістраваныя тыя, хто прапануе тавары. Галоўная ідэя – беларусы беларусам. Падрабязней пра працу над маркетплейсам чытай па гэтай спасылцы.
Канстанцін Даўжэцкі, старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў, арганізатар спартакіяды для людзей з інваліднасцю, расказвае пра інклюзіўны спорт. Ці дастаткова магчымасцяў для гараджанаў з асаблівымі патрэбамі для фізічнай актыўнасці ў Бабруйску? З якімі праблемамі даводзіцца сутыкацца ў час правядзення спартовых мерапрыемстваў? Чытай па спасылцы.
Бабруйчанка Кацярына Ламбэк расказала, як пасля 13 год на дзяржаўным прадпрыемстве адкрыла ў Бабруйску ўласны паспяховы бізнес, а ў 2022 годзе пераехала жыць у Францыю, і за гэты час паспела там паспрабаваць сябе ў якасці гаспадыні кабінета па манікюры, праводзіць курсы анлайн, цалкам выгарэць, знайсці сябе ў трэнерстве эмацыйнага інтэлекту і нарадзіць дзіця (але працягваць весці заняткі). Для нас Кацярына – сапраўды натхняльны прыклад, з задавальненнем дзелімся яе гісторыяй з табой па гэтай спасылцы.
Амаль тры гады таму жыццё Мікалая Лазурэвіча цалкам змянілася: жонка захварэла на рак, ён сам – на COVID-19. На фоне хваробы пачаліся моцныя панічныя атакі – псіхіятр дыягнаставаў біпалярны афектыўны разлад. Мужчына страціў сяброў і працу. У сям’і – двое дзяцей. Чытай гутарку з бабруйцам пра жыццё з БАР і дзе шукаць дапамогу ў нашым горадзе па гэтай спасылцы.
Забаўляльныя матэрыялы
Многія гарады ў свеце маюць сваіх “персанажаў”: у Вроцлаве гномікі, у Берліне – мядзведзік, ну а ў Бабруйску, вядома ж – бабёр. Але, як аказалася, маем да гэтай жывёлкі сантыменыт не толькі мы. Пра гарады-паБАБРАцімы, геральдыку, мемы і не толькі – чытай па гэтай спасылцы.
Неяк у наш інстаграм даслалі відэа з старонкі hroniki.brodiag. У ім – уражанні вандроўнікаў з Украіны пра бабруйскі касцёл, уваходная частка якога была ў савецкія часы перабудаваная ў “каробку”. “Бобруйск и так город мем, а тут еще этот костел” – зазначылі аўтары відэа. І нам стала цікава, з якімі менавіта мемамі асацыюецца сёння наш горад у мясцовых ды іншагародніх? І атрымалі цікавыя адказы – ад згадак пра “олбанский йезыг” да анекдотаў пра габрэяў. Ці Бабруйск сапраўды горад-мем? Чытай па спасылцы!
Не ўсе бабруйцы даходзілі да крэпасці (і такое бывае, ага), але што ўсім нам ёсць, што прыгадаць з наведвання гарадскога парка – факт. Для кагосьці з нашых суразмоўнікаў(іц) гэта выключна пазітыўныя ўспаміны, звязаныя з дзяцінствам, атракцыёнамі і салодкай ватай, а для іншых – прыгоды рознага кшталту, і часам вельмі небяспечныя. Чытай успаміны пра гарадскі парк – цёплыя, вясёлыя, а таксама вусцішныя – па гэтай спасылцы.
У пачатку гэтага года быў сапраўдны бум на 80-я і 90-я! Калі ў тыктоках дзесяцігодак гучаў Рык Эстлі і Кейт Буш, крамы былі заваленыя цішоткамі “Blondie” і “Kiss”, сацсеткі абмяркоўвалі “Слова пацана”, а ў моду вярнуліся кашулі ў клетку і футры. Таксама мінулай зімой у беларускім інстаграм быў сапраўдны бум на фотасесіі ў рэтра-футрах і шапках, які, у асноўным, пазначалі хэштэгамі “ссср”, “звенитянварскаявьюга” і падобнымі. Падавалася, сумесь моды мінулых дзесяцігоддзяў накрыла ўсё – і вызначыць, дзе там “савецкае”, а дзе звыкла-імпартаванае, і чаму наагул усё гэта вярнулася, нам дапамаглі Ірына Калаткова, імідж-стылістка, ды Сяргей Календа – культуролаг і пісьменнік.
Культура і гісторыя
А ты ведаеш, што паглядзець у Бабруйску на тэму рэлігійнага турызму? Менавіта яму быў прысвечаны сёлетні кастрычнік Міністэрства спорту і турызму Беларусі, каб прыцягнуць увагу да спадчыны розных веравызнанняў у нашай краіне. З гэтай нагоды пагутарылі з гідам і намеснікам старшыні іудзейскай рэлігійнай абшчыны ў Бабруйску Алегам Красным. Чытай інтэрв’ю па гэтай спасылцы.
Кіраўніца менскага “Клубу аматараў вандровак”, суаўтарка экспазіцыі Мазырскага краязнаўчага музея, прысвечанай знакамітаму ювеліру Ізраілю Рухамоўскаму Соф’я Вертліб ужо некалькі гадоў марыць пра адкрыццё музея пісьменніка, рэжысёра і сцэнарыста Эфраіма Севелы ў ягоным родным Бабруйску. Гутарку са спадарыняй Соф’яй пра тое, якая дапамога патрэбная, каб мара пра музей спраўдзілася – чытай па гэтай спасылцы.
У старым цэнтры Бабруйска захаваліся некалькі кварталаў драўлянай забудовы. Сярод на першы погляд звычайных дамоў ёсць каштоўныя сваёй гісторыяй ды эстэтычнымі якасцямі. Гісторык архітэктуры, мастацтвазнаўца, выкладчык Дэпартаменту гуманітарных навук і мастацтва ЕГУ Сяргей Харэўскі сцвярджае – бабруйскія дамы ўнікальныя і адрозныя ад тых, што будаваліся ў іншых рэгіёнах Беларусі. У чым іх каштоўнасць і ці трэба іх захоўваць? Шукаем адказы разам з экспертам па гэтай спасылцы.
Высокія столі, цішыня, прыгожыя віды і адсутнасць рамонту: якое яно – жыццё ў старых камяніцах Бабруйска? Чытай па гэтай спасылцы.
Адразу пытанне: а колькі бабруйскіх мастакоў(чак) ты ведаеш, і наагул – што можаш расказаць сябрам, якія прыехалі ў госці, пра мясцовае мастацтва? Калі з гэтым узніклі цяжкасці – чытай наш гайд па гэтай спасылцы.
Дыскусія
Неяк у інстаграм чарговы раз абмяркоўвалі непрыемную сітуацыю: на вуліцы дзеці знялі пакрыццё з гульнявой пляцоўкі. І ў каментарах адразу з’явіліся людзі, якія абвінавацілі ва ўсім “шматдзетныя сем’і”. Пры гэтым каментатары(кі) звыкла прыроўнівалі такія сем’і да сацыяльна-небяспечных. І нягледзячы на сведчанні мясцовых, якія кажуць, што ў руйнаванні пляцоўкі ўдзельнічалі дзеці са звычайных сем’яў, такія думкі паўтараліся цягам абмеркавання. Але чаму яны так моцна ўкараніліся ў нашым жыцці? Пра тое, што думаюць на гэты конт бабуля і дзядуля чацвярых унукаў(чак), а таксама бабруйцы, што самі раслі ў шматдзетных сем’ях, чытай па гэтай спасылцы.
“Ну ты і дзед!” — кажуць 20-гадовыя 30-гадовым. Але калі пачынаецца гэтая “грамадская старасць”? Як звяртацца да людзей сталага веку, і чаму мы баімся сталець (і старэць)? Чытай па гэтай спасылцы.
Заставайся з намі ў 2025-м! І абавязкова пішы ў наш інстаграм, пра якія тэмы табе хацелася б пачытаць на 1387.io